Гвалт павінен быць пакараны. Гістарычны судовы працэс у Перу: вайскоўцаў судзяць за масавыя згвалтаванні
На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў мірнае насельніцтва Перу цярпела ад урадавых войскаў і тэрарыстаў: абодва бакі трымалі людзей у страху, забівалі, гвалцілі, катавалі. Цяпер, праз сорак гадоў пасля падзей, жанчыны, якія сталі ахвярамі згвалтаванняў, агучылі страшную праўду і дамагаюцца справядлівасці ў судзе.
У Перу падыходзіць да завяршэння судовы працэс супраць вайскоўцаў, якія абвінавачваюцца ў згвалтаваннях жанчын і дзяўчынак у 1980-х і 1990-х гадах, падчас узброенага супрацьстаяння ўрада і баевікоў ультралевых тэрарыстычных арганізацый. Першыя пацярпелыя, чыя справа дайшла да суда, — дзевяць жанчын. Усяго, паводле афіцыйных звестак, ахвярамі сэксуалізаванага гвалту з боку салдат і афіцэраў у гэтыя гады сталі каля чатырох з паловай тысяч перуанак.
Як расказалі ў арганізацыі па абароне правоў жанчын DEMUS, якая прадстаўляе інтарэсы трох з дзевяці пацярпелых, ахвяры гвалту вайскоўцаў ніколі не атрымлівалі падтрымкі ад дзяржавы. І нават цяпер Міністэрства абароны Перу робіць усё, каб сабатаваць судовы працэс і не прадастаўляць запытаную інфармацыю, піша тэлеканал «Настоящее время».
Пры гэтым абвінавачанне разглядае сэксуалізаваны гвалт не як адзінкавыя выпадкі, а як распаўсюджаную практыку і злачынства супраць чалавечнасці. На лаве падсудных — трынаццаць былых вайскоўцаў, у тым ліку экс-камандзір антытэрарыстычнага батальёна і начальнік вайсковай базы акругі Манта, дзе жылі пацярпелыя жанчыны.
Ахвяры «эпохі тэрарызму»
З 1980 па 2000 год Перу перажывала адзін з самых крывавых перыядаў у сваёй найноўшай гісторыі, вядомы як «эпоха тэрарызму» і «страчаныя дзесяцігоддзі». Увесь гэты час у краіне ішоў узброены канфлікт паміж урадам і ўльтралевымі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Галоўная з іх — «Зіхатлівы шлях» (Sendero Luminoso), які адкалоўся ад Камуністычнай партыі Перу і быў узначалены ўніверсітэцкім выкладчыкам філасофіі Абімаэлем Гусманам. Ідэалагічна Гусман арыентаваўся на камуністычны Кітай, куды некалькі разоў ездзіў, каб асвоіць метады партызанскай барацьбы. Ён лічыў гвалт і тэрарызм умовамі, неабходнымі для захопу ўлады ў краіне. У яго народнай паўстанцкай арміі налічвалася каля 55 тысяч байцоў. Больш за ўсё «Зіхатлівы шлях» тэрарызаваў андыйскія рэгіёны і Ліму.
Забівалі любых прадстаўнікоў улады, заможных сялян, прадпрымальнікаў, землеўладальнікаў, нават настаўнікаў — усіх, каго Гусман лічыў прыхільнікамі феадалізму і капіталізму. У захопленых населеных пунктах у сялян забіралі частку ўраджаю на карысць паўстанцкай арміі, мужчын прымушалі змагацца за «Зіхатлівы шлях». Калі мясцовыя жыхары аб'ядноўваліся і давалі адпор тэрарыстам, байцы паўстанцкай арміі здзяйснялі крывавыя вылазкі. Дзеля застрашвання яны забівалі ўсіх запар: жанчын, старых, дзяцей. У Ліме прыхільнікі Гусмана ладзілі тэракты супраць палітыкаў, прадпрымальнікаў, паліцэйскіх і вайскоўцаў.
Урад устанавіў на тэрыторыі краіны некалькі зон надзвычайнага становішча, забіраючы населеныя пункты пад свой кантроль. Уся ўлада ў іх перадавалася вайскоўцам. Так для мясцовых жыхароў тэрор «Зіхатлівага шляху» змяніўся армейскім. Выкарыстоўваліся тыя ж самыя метады: масавыя затрыманні, катаванні і пазасудовыя пакаранні смерцю. Існуюць розныя ацэнкі колькасці ахвяр «эпохі тэрарызму» ў Перу. Створаная ўрадам у 2001 годзе «Камісія праўды і прымірэння» (Comision de la Verdad y Reconciliacion – CVR) і яе члены ацэньвалі колькасць загінулых і зніклых без вестак ад 23 969 да 77 552 чалавек. Пры гэтым да 40% ахвяр памерлі ад рук вайскоўцаў і паліцэйскіх. Пікі гвалту прыйшліся на перыяды з 1983 па 1985 год і з 1989 па 1992 год.
Паралельна з пазасудовымі пакараннямі як баевікі, так і вайскоўцы практыкавалі згвалтаванні жанчын, прычым гэтыя злачынствы насілі масавы характар. У фінальным дакладзе «Камісіі праўды і прымірэння» сказана, што 83% такіх злачынстваў учынілі вайскоўцы і паліцыянты: «У выпадку з прадстаўнікамі ўлады практыка сэксуалізаванага гвалту ў дачыненні да жанчын была шырока распаўсюджанай». Паводле даных Адзінага рэгістра ахвяр Савета па кампенсацыях, з 1980 па 2000 год ахвярамі сэксуалізаванага гвалту сталі 5507 чалавек. 98% з іх — жанчыны і дзяўчынкі ва ўзросце ад 11 да 30 гадоў. Зафіксаваныя выпадкі групавога згвалтавання, у якіх бралі ўдзел да дваццаці мужчын. Часцей за ўсё ахвярамі аказваліся дзяўчынкі-падлеткі ва ўзросце 14-15 гадоў. Нярэдка згвалтаванні выкарыстоўваліся ў якасці катаванняў для атрымання інфармацыі. Больш за ўсё нападаў было здзейснена ў перыяд з 1984 па 1988 год. У выніку згвалтаванняў нарадзіліся не менш за 207 дзяцей. Акруга Манта ў цэнтральнай частцы перуанскіх Андаў лічыцца адной з найбольш сур'ёзна пацярпелых ад злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці.
Марылія з Манты
Манта размешчана на вышыні больш за тры з паловай тысяч метраў над узроўнем мора. Там дагэтуль няма ні электрычнасці, ні вадаправода. Насельніцтва — менш за тысячу чалавек. У асноўным гэта сяляне, якія размаўляюць на кечуа — мове, распаўсюджанай на тэрыторыі былой імперыі інкаў, многія з іх з цяжкасцю разумеюць іспанскую. У 1983-м акругу кантралявалі баевікі «Зіхатлівага шляху», у сакавіку 1984 года ў Манту ўвайшлі салдаты. Дзеля застрашвання мясцовых жыхароў у першы ж дзень яны спалілі некалькі дамоў. Пастаянны гарнізон размясціўся на створанай у акрузе ваеннай базе.
Праваабарончая арганізацыя DEMUS, якая прадстаўляе ў судзе інтарэсы трох з дзевяці пацярпелых ад сэксуальнага гвалту жыхарак Манты, апублікавала даклад з падрабязнымі аповедамі сваіх падабаронных.
Самай малодшай з іх, Марыліі, у 1984 годзе было ўсяго 14 гадоў. Неяк увечары дзяўчынка разам з пляменніцай, якая была старэйшая за яе на два гады, рабіла дома ўрокі пры свечках, калі раптам хтосьці нагой адчыніў дзверы. Марылю павалілі на ложак, яе пляменніцу адвялі ў суседні пакой. Марыля крычала і спрабавала супраціўляцца. «Заткніся, тэрарыстка!» — прыгразіў салдат, хапаючыся за зброю, пасля чаго згвалціў дзяўчынку. «Я адчувала боль, страх, паніку, смерць. Маё жыццё ў той момант была страчана», — згадвала Марылія. Праз тры дні яна расказала пра тое, што здарылася, маці. Жанчына паплакала і вырашыла захоўваць усё ў сакрэце, баючыся помсты вайскоўцаў.
«І гэта быў не адзіны раз, калі мяне згвалцілі», — працягвае Марылія. У студзені 1985 года яна пайшла ў краму купіць запалак, хлеба і цукру. На выхадзе з пасёлка, каля могілак, на дзяўчынку напалі двое вайскоўцаў: «Памятаеш, як я цябе ў мінулы раз ашчаслівіў? Хочаш паўтарыць?» — гэта быў той жа салдат. «Ён згвалціў мяне проста на дарозе, скарыстаўшыся тым, што нікога не было паблізу. Вакол было ціха. Я нікому не расказала. Прайшлі месяцы, перш чым у мяне пачаў расці жывот». Аднакласнікі сталі цурацца Марыліі. Пра згвалтаванне ведалі толькі маці і брат. Іншыя члены сям'і пагарджалі дзяўчынай, суседзі называлі яе «салдацкай подсцілкай».
Стаўшы маці ў 16 гадоў, Марылія была вымушана пакінуць школу. Аніякай радасці ад нараджэння сына яна не адчувала. Неўзабаве Марыля сышлася з мужчынам, нарадзіла яшчэ адно дзіця і з'ехала жыць у горад Уанкаё, пакінуўшы старэйшага сына з бабуляй. Яна час ад часу наведвала яго. Калі пасталелы хлопчык стаў настойліва пытацца пра бацьку, Марыля не ведала, што адказваць. І яна была не адзінай. Паводле афіцыйных даных, да 1986 года ўлады Манты зарэгістравалі трыццаць два немаўляці, маці якіх не маглі назваць ні імёнаў, ні прозвішчаў «бацькаў». Максімум — мянушкі, пазыўныя, званні мужчын з ваеннай базы.
«Я не любіла дачку, яна нагадвала мне пра згвалтаванне». Марыя і Тэрэса
Сярод гэтых маці была і Марыя, якой яшчэ не споўнілася 18 гадоў, калі яе згвалціў вайсковец. Аднойчы ўвечары дзяўчына вяла дадому карову. Па дарозе да Марыі падышоў узброены салдат і прымусіў ісці з ім на ваенную базу. Калі яны дабраліся, было каля дзявятай гадзіны вечара, на базе гучала музыка. Туды ж прывялі яшчэ дзвюх дзяўчат. Іх прымусілі танцаваць і піць лікёр, у які дадалі нешта белае: «Танцуй, танцуй, тэрарыстка! Давай пі!» Марыя страціла прытомнасць. Прачнулася яна каля чацвёртай гадзіны раніцы ў кладоўцы, дзе захоўвалі рыс і цукар. Расколвалася галава, і «балелі інтымныя часткі цела». З адзення на дзяўчыне была толькі футболка. Яна пачала плакаць. «Уставай, ідзі і не шумі, а то па новай з цябе здзекуюцца. Усё-ўсё, проста як уначы», — сказаў салдат, які ўвайшоў у каморку. У той момант на базе было не менш за трыццаць вайскоўцаў, дакладна невядома, ці ўсе яны ўдзельнічалі ў згвалтаванні.
Наступны раз Марыю разам з яе цёткай прымусілі гвалтам зайсці на базу, калі яны прасілі ў вайскоўцаў пісьмовы дазвол на паездку ў горад Уанкаё. Без яго пакінуць пасёлак і прайсці блокпост было немагчыма. Марыю збіў і згвалціў п'яны унтэр-афіцэр, пасля чаго крыкнуў: «У чаргу!» Дзяўчыну і яе цётку замкнулі ў пакоі, праз акно яны бачылі, як салдаты пашыхтаваліся ў дзве шарэнгі па пятнаццаць чалавек. Зайшоў першы, Марыя пачала крычаць:
— Калі ласка, не рабі мне нічога, малю цябе! Я цябе ведаю, я ведаю, хто ты.
— Я раблю тое, што хачу.
«Ён схапіў мяне, сарваў адзенне і згвалціў. "Я ўсё! Наступны", — крыкнуў ён, выходзячы з пакоя», — згадвала Марыя. Другім быў пастаўшчык харчавання для базы, трэцім — кірпаты салдат з высокім, падобным да жаночага, голасам. Цётку Марыі гвалцілі ў іншай частцы пакоя, за фіранкай. Праз месяц двое вайскоўцаў зноў напалі на жанчын у іх дома. Марыя да таго моманту ўжо была цяжарная.
«Я не любіла сваю дачку. Яна нагадвала мне пра згвалтаванне», — прызнаецца Марыя. Калі дзяўчынцы было ўжо больш за год, у дом да іх зноў уварваўся вайсковец: «Ён згвалціў мяне проста перад дачкой. Так я зацяжарыла другі раз». Даведаўшыся пра гэта, бацька Марыі выгнаў яе з дзіцём з хаты. Яны бадзяліся, галадалі. Калі дзяўчынцы споўнілася тры гады, Марыя вярнулася ў Манту і пакінула яе бабулі. Зноў жанчына ўбачыла дачку ўжо пятнаццацігадовай. Тая заплакала і адмовілася з ёй размаўляць.
Трэцяя жанчына —Тэрэса — была першай жыхаркай Манты, якая ў 2006 годзе расказала праваабаронцам сваю гісторыю. Калі вайскоўцы ўпершыню з'явіліся ў яе родным пасёлку, Тэрэсе было 17 гадоў. Яе згвалцілі ў першую ж ноч чацвёра патрульных. Пасля гэтага маці кожную ноч хавала Тэрэсу, а пазней адправіла ў горад Уанкаё, дзе жыў яе брат з сям'ёй. У ліпені 1985 года Тэрэса ненадоўга вярнулася ў Манту, каб наведаць маму, па якой вельмі сумавала, і каб забраць дакументы з мясцовай школы. Пакінуць пасёлак без дазволу вайскоўцаў было немагчыма. На базе яе зноў згвалцілі. Там жа маладая жанчына стала сведкай здзеку вайскоўцаў з дзяўчынкі — паводле слоў Тэрэсы, пацярпеламу дзіцяці было 12 гадоў.
«Кажуць, што мы ў іх закахаліся па ўласнай волі»: як праходзіць суд
Што ў сваю абарону кажуць вайскоўцы? Як расказалі «Настоящему времени» праваабаронцы з DEMUS, у абвінавачаных ёсць некалькі стратэгій: адны сцвярджаюць, што не знаходзіліся ў Манце ў той час, калі жанчыны былі згвалтаваныя; другія кажуць, што падтрымлівалі з пацярпелымі рамантычныя стасункі; трэція скардзяцца на праблемы з памяццю. «А цяпер яны робяць выгляд, што ні ў чым не вінаватыя. Кажуць, што мы ў іх закахаліся па ўласнай волі. Кажуць, што яны не выходзілі за межы ваеннай базы, што яны павінны былі абараняць нас. І як яны нас абаранялі? Гвалтуючы?» — пытала пасля аднаго з пасяджэнняў суда Марыя. Ні адзін з трынаццаці падсудных не прызнаў віну. Пры гэтым адзін са сведкаў абароны, былы вайсковец, пацвердзіў словы пацярпелых.
Судовы працэс доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Самі пацярпелыя жанчыны давалі паказанні ў закрытым рэжыме па відэасувязі (гэта адбывалася падчас пандэміі каронавіруса). Яны размаўлялі на мове кечуа, адказваючы на пытанні суду, адвакатаў і пракурора праз перакладчыкаў. Мінімум дзве з іх назвалі гвалтаўніком «Руці», або «унтэр-афіцэра Руці» – падсуднага Сабіна Валянціна Руці. Большасць пацярпелых жанчын бачылі сваіх гвалтаўнікоў не па адным разе, многія ведалі іх па імёнах, прозвішчах, пазыўных або званнях: на ваеннай базе адначасова было каля 30 чалавек, і ратацыі адбываліся не вельмі часта. Акрамя ўласна згвалтаванняў, падсудным ставяцца ў віну групавыя згвалтаванні і «прымус да мацярынства».
Усе жанчыны прызнаюцца, што здзейснены над імі гвалт нанёс ім псіхалагічныя траўмы, ад якіх яны так і не змаглі акрыяць. Яны былі вымушаныя нарадзіць і выхоўваць дзяцей ад гвалтаўнікоў, цярпець знявагі ад суседзяў і сваякоў. Пакутаваць ад начных кашмараў і панічных атак, змагацца з думкамі пра самагубства. Цяпер, амаль праз сорак гадоў, жанчыны Манты хочуць аднаго: каб іх крыўдзіцелі нарэшце аказаліся за кратамі. Пракурорка запытала для абвінавачаных ад шасці да дваццаці гадоў турмы. Прысуд плануюць вынесці да канца 2023 года.