Глабальная Вейшнорыя

Стварэнне віртуальных дзяржаў накшталт Вейшнорыі — вельмі папулярны ў свеце трэнд, здольны, на думку экспертаў, змяніць звыклыя дэфініцыі паняццяў «дзяржава» і «грамадзянства».

vejsznhorijacz.jpg

Піянерам у гэтай галіне, калі верыць інтэрнэту, можна лічыць Марціна Хармана — уладальніка брытанскага вострава Ландзі. Прыблізна сто гадоў таму яму прыйшла ў галаву думка абвясціць сябе каралём той самай выспы. Праўда, існавала каралеўства нядоўга праз выклік у суд за выраб манетаў, на якіх Марцін выяўляў сябе, і штрафам памерам у 5 фунтаў стэрлінгаў.

Нягледзячы на пакаранне «караля» Ландзі, у яго знайшлося шмат паслядоўнікаў. Больш за тое, на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя абвяшчэнне віртуальных дзяржаў — або, як іх называюць па-англійску, «micronations» — ператварылася ў сапраўдную моду. Аналізуючы гісторыю з’яўлення падобных фармацый, можна паспраба­ваць вылічыць, што штурхае людзей на дзяржаўнае будаўніцтва.

Найбольш папулярны матыў, натуральна, — ідэалагічныя забабоны. Напрыклад, аўтары «Хрысціяніі» (квартала хіпі ў Капенгагене) марылі стварыць зону, дзе пануе дух камуны і братэрства. А вось тыя, хто абвяшчаў у 2004-м у Аўстраліі Каралеўства геяў і лесбіянак, хутчэй за ўсё, жадалі выказаць пратэст супраць дыскрымінацыі сексуальных меншасцяў. Некаторымі рухала жаданне пажартаваць. Напрыклад, пасля таго, як улады Фларыды ў 1982 годзе закрылі на рамонт дарогу, мясцовыя комікі стварылі там незалежную рэспубліку Conch Republic. Першае, што зрабіла новая рэспубліка, — абвясціла вайну ўраду ЗША.

І, натуральна, нельга не ўзгадаць пра асабістыя амбіцыі. Інакш цяжка зразумець учынак аўстралійскага фермера Леанарда Кестлі, які абвясціў сябе герцагам Леапольда Першым. Дарэчы, яго герцагства — самая вялікая неіснуючая дзяржава ў свеце, якая займае тэрыторыю прыкладна ў 600 квадратных кіламетраў.

З часоў Ландзі і стаўленне да такога кшталту праектаў у дзяржаўных структурах змянілася. Цяпер яны амаль не рэагуюць на практыку друку грошай, марак або сувеніраў з сімволікай неіснуючых краінаў, не звяртаюць увагу на гучныя заявы іх каралёў, герцагаў і прэзідэнтаў. Рознага кшталту «Хрысціяніі» разглядаюцца хутчэй як нейкі атракцыён, здольны прыцяг­нуць турыстаў і папоўніць бюджэт. Хаця мелі месца і канфлікты, асабліва калі «micronations» парушалі права прыватнай уласнасці.

Абсалютна новую старонку ў руху віртуальных дзяржаваў адкрыў інтэрнэт, дзе пачалі стварацца анлайн-дзяржавы. Першым зразумеў перавагі сеціва амерыканец Роберт Бен Мэдзісан, які ў 1979-м яшчэ ва ўзросце 14 гадоў прыдумаў Каралеўства Талоса, і з часам — нават яго мову. Пра існаванне каралеўства доўгі час ведалі выключна родныя і сябры Роберта. Аднак у 1995-м той уцяміў стварыць старонку Каралеўства Талоса ў інтэрнэце. Дзякуючы віртуалізацыі, яго каралеўства атрымала некалькі соцень фанатаў. Як следства, слоўнік мовы, на якой размаўляюць у Каралеўстве Талоса, на цяперашні дзень пашырыўся да 30 тысяч адзінак.

Сёння нават зафіксаваныя першыя войны паміж анлайн-дзяржавамі. У 2009 годзе мела месца вайна паміж Каралеўствам Фінісмунд і Рэспублікай Радэзія. Радэзія прапанавала Фінісмунду дамову, паводле якой усе землі Фінісмунда адыходзілі Радэзіі. Фінісмунд па недаглядзе дамову падпісаў, але потым адмовіўся яе выконваць. У адказ Радэзія арганізавала некалькі хакерскіх нападаў на сайт Фінісмунда. Паколькі Фінісмунд і Радэзія лічаць сябе антарктычнымі дзяржавамі, той канфлікт некаторыя называюць першай у гісторыі вайной у Антарктыдзе.

Аднак значна цікавей тое, што ў межах пашырэння інтэрнэту і глабалізацыі камунікацыі паўстаюць новыя ідэнтычнасці. Людзі ўсё часцей пачынаюць ідэнтыфікаваць сябе з сябрамі нейкай інтэрнэт-супольнасці. Праз гэта такая з’ява, як прыдуманыя дзяржавы, набывае новы фармат. Яны ўсё часцей нагадваюць правобразы нейкай дзяржавы, дзе «грамадзяне» паслядоўна выконваюць свае абавязкі — плацяць грошы на падтрымку праекта, удзельнічаюць у выбарах выканаўчых структур, ствараюць нейкія касы ўзаемнай дапамогі. Прычым робіцца гэта без прымусу. Такі высокі ўзровень адказнасці лёгка зразумець. Грамадзянамі анлайн-дзяржавы становяцца добраахвотна, і таму больш адказна выконваюць грамадзянскія абавязкі.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці не будуць з часам віртуальныя дзяржавы патрабаваць афіцыйнага прызнання? Паводле тэорыі, дзяржава як суб’ект міжнароднага права павінна адпавядаць наступным крытэрам: мець сталае насельніцтва, пэўную тэрыторыю, урад, здольнасць уступаць у міжнародныя адносіны. Існуючыя на цяперашні дзень віртуальныя дзяржавы імітуюць, як правіла, толькі некаторыя з гэтых патрабаванняў. Аднак нейкі рух у гэтым накірунку ёсць.

У 2008 годзе адзін брытанскі студэнт, які лічыць сябе імператарам каралеўства Аўстэназія, дамогся праз дэпутата ад сваёй акругі, каб брытанскі МЗС даслаў яму афіцыйны ліст. У тым лісце былі выкладзеныя крытэры, якія павінна выканаць Аўстэназія або іншая дзяржава для таго, каб мець дыпламатычныя адносіны з урадам Яе Вялікасці. Напачатку нашага стагоддзя іншая анлайнавая дзяржава — Фрыдонія — паспрабавала набыць тэрыторыю ў адной з самаабвешчаных дзяржаваў, якія паўсталі на месцы фактычна неіснуючай сёння Самалі. У такім ракурсе дэвіруталізацыю віртуальных дзяржаў у будучым выключаць нельга. Не дай Божа, але раптам калі-небудзь чарга дойдзе і да Вейшнорыі?