Германія закрые ўсе генконсульствы Ірана ў адказ на пакаранне грамадзяніна ФРГ
У Германіі будуць закрытыя ўсе тры іранскія генеральныя консульствы ў адказ на пакаранне ў Іране грамадзяніна ФРГ Джамшыда Шармахда.
Пра гэта абвясціла міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербок, паведамляе meduza.io са спасылкай на Tagesschau.
Закрытыя будуць консульствы ў Франкфурце, Мюнхене і Гамбургу. Пасольства Ірана ў Берліне працягне працаваць.
Як паведамляе Tagesschau, 32 супрацоўнікі консульстваў павінны будуць пакінуць Германію ў тым выпадку, калі ў іх няма нямецкага грамадзянства.
29 снежня ў МЗС Германіі выклікалі паверанага ў справах Ірана ў Берліне. «Мы выказалі рашучы пратэст супраць дзеянняў іранскага рэжыму і пакідаем за сабой права прыняць далейшыя меры», — заявілі ў нямецкім міністэрстве.
Хто такі Джамшыд Шармахд?
Джамшыд Шармахд меў падвойнае грамадзянства Германіі і Ірана, а таксама від на жыхарства ў ЗША.
Паводле версіі Ірана, ён узначальваў «тэрарыстычную» групоўку «Тондар» і «кіраваў з Амерыкі ўзброенымі і тэрарыстычнымі актамі ў Іране».
Улады Ірана абвясцілі аб затрыманні Шармахда ў жніўні 2020 года. Яго абвінавацілі ў датычнасці да выбуху ў мячэці ў Шыразе 12 красавіка 2008 года, у выніку чаго загінулі 14 чалавек і больш за 200 атрымалі раненні.
Афіцыйны Тэгеран сцвярджаў, што «Тондар» планаваў некалькі іншых «маштабных аперацый», якія праваліліся. Іранскія СМІ паведамлялі, што групоўка нібыта планавала тэракт у генконсульстве Расіі. У Дзярждэпартаменце ЗША тады заявілі, што Іран даўно затрымлівае іранцаў і замежнікаў «па ілжывых абвінавачваннях».
Паводле звестак МЗС ФРГ, іранскія спецслужбы выкралі Шармахда ў Дубаі, дзе ён рабіў перасадку, у 2020 годзе.
Вярхоўны суд Ірану прысудзіў яго да смяротнага пакарання ў 2023 годзе.
Затрыманаму не далі магчымасць абараніць сябе падчас судовага працэсу, паведаміў прэм'ер-міністр Германіі Олаф Шольц.
28 кастрычніка 2024 года прысуд прывялі ў выкананне.
Кіраўнік урада Германіі «рашуча асудзіў» пакаранне Джамшыда Шармахда і выказаў спачуванні яго сям'і.
Аналена Бербок заявіла, што нямецкія дыпламаты неаднаразова папярэджвалі Тэгеран, што пакаранне Шармахда «будзе мець сур'ёзныя наступствы».
Пакаранне смерцю Шармахда таксама асудзіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. «ЕС рашуча выступае супраць смяротнага пакарання ў любы час і пры любых абставінах. Яна парушае права на жыццё і ў корані адмаўляе чалавечую годнасць», — заявіў Барэль.
Лідар Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Германіі Фрыдрых Мерц назваў пакаранне Шармахда «цяжкім злачынствам» і заклікаў нямецкі ўрад выслаць пасла Ірана ў ФРГ.
Пасля пакарання Шармахда на адрас нямецкага ўрада пасыпаліся абвінавачванні
Пасля таго, як у панядзелак у Іране быў пакараны Джамшыд Шармах, пасля чатырох гадоў зняволення па абвінавачванні ў тэрарызме, многія еўрапейцы прыйшлі ў жах, адзначае euronews.com.
У Берліне людзі выйшлі на дэманстрацыю перад будынкам Міністэрства замежных спраў ФРГ у памяць аб 69-гадовым Джамшыдзе Шармаху, які нарадзіўся ў Тэгеране, але правёў дзяцінства і юнацтва ў Германіі.
Дачка Шармахда Газель, якая пражывае ў ЗША, абвінаваціла Берлін і Вашынгтон у тым, што яны кінулі яе бацьку «на ўсіх перамовах аб вызваленні закладнікаў», піша Deutsche Welle. Яна запатрабавала вяртання цела яе бацькі ў ЗША, каб сваякі маглі з ім развітацца.
Джамшыд Шармахд, які на працягу многіх гадоў вёў кампанію ў падтрымку іранскай апазіцыі, пераехаў у Лос-Анджэлес у 2003 годзе. Падчас прыпынку ў Дубаі ў 2020 годзе ён быў выкрадзены прадстаўнікамі іранскага рэжыму. Шармахд правёў некалькі месяцаў у адзіночнай камеры ў Іране, быў прызнаны вінаватым у тэрарыстычнай дзейнасці і прысуджаны да смяротнага пакарання ў 2023 годзе.
Аналена Бербок раней заявіла, што нямецкія дыпламаты неаднаразова папярэджвалі Тэгеран, што пакаранне Шармахда «будзе мець сур'ёзныя наступствы».