«Ніякіх шніцэляў для прапагандонаў!» Як гумар і сатыра разбураюць муры
Напярэдадні 35-й гадавіны падзення берлінскай сцяны гісторыкі згадваюць, якую прыкметную ролю ў тых падзеях адыграў спантанны выбух народнага гумару.
Напэўна, беларусам лягчэй за іншых уявіць, што адбывалася восенню 1989-га ва Усходняй Германіі, бо многія яшчэ не забыліся на наш 2020 год. Тады на вулічных акцыях у беларускіх гарадах хапала лозунгаў і плакатаў, у тым ліку сатырычнага характару. Памятаецца, адзін дэманстрант насіў бутэлькі белага, чырвонага і белага віна з таблічкай «Алкаголікі з народам!»
На вуліцах Берліна ў 1989 годзе было таксама шмат гумару. Наогул, нельга сказаць, што раней немцы на Усходзе не жартавалі. Берлін мае вялізную традыцыю сатырычнай культуры. Успомнім хоць бы феномен мясцовых кабарэ.
Акрамя таго, просты народ заўсёды любіў анекдоты. Вось адзін з іх, які высмейваў неадэкватнасць старога Эрыха Хонекера — тагачаснага лідара ГДР.
Двое будаўнікоў працуюць на будаўнічых лясах каля будынку кіраўніцтва краіны. Аднаму з іх тэрмінова трэба па вялікай патрэбе, але ён не можа спусціцца ўніз. Другі кажа: «Ну, тады проста зрабі гэта ў вядро». Сказана -- зроблена, але як толькі будаўнік выцірае азадак, вецер выбівае паперу з яго рук, і яна ляціць… Правільна, ляціць прама ў кабінет Хонекера. Будаўнік вырашае спусціцца ў кабінет апаратчыка і папрасіць прабачэння. Па вяртанні калега пытаецца ў яго: «Ну што Хонекер сказаў наконт паперкі?» «Ён сказаў, што ўжо яе падпісаў».
Але сапраўдны выбух народнай творчасці пачаўся восенню 1989-га. Як часта бывае, нагоду смяяцца над уладай дала сама ўлада. Усё той жа Хонекер у адным з выступаў перафразуючы біблейскую цытату, ляснуў: «Сацыялізм не можа спыніць ні вол, ні асёл».
Тым часам ГДР ужо знаходзілася ў стане эрозіі. Тысячы людзей пакідалі краіну. Гэты пасаж адразу быў інтэрпрэтаваны як праяўленне страты рэальнасці ці проста старэчай упартасці. І вядома ўсё гэта выклікала смех.
Хутка людзі пачалі смяяцца не толькі на кухнях, але і на вуліцах. Кожная дэманстрацыя ператваралася ў нейкі ўсенародны конкурс творчасці гумару і сатыры. Акрамя таго, што людзі неслі смешныя транспаранты, яны крычалі, спявалі, скандавалі. Сучаснікі пісалі, што «Берлін ніколі яшчэ не сутыкаўся з такім спантанным крэатывам. Голас народа нібы адпусцілі з павадка».
«Крыху дэмакратыі — гэта як быць крыху цяжарнай», «Давайце расхістаем чыноўнікам азадкі», «Ні вол, ні асёл не змогуць спыніць перамены!», «Прапанова на Першамай: кіраўніцтва абганяе народ ва ўцёках за мяжу», — вось некаторыя з лозунгаў таго часу.
Вельмі часта абыгрываліся прозвішчы апаратчыкаў. Так, у той час ва ўсіх на вуснах быў нехта Эдуард фон Шніцлер, прыхільнік цэнзуры на тэлебачанні. Нядзіўна, што тут жа з'явіўся жарт: «Ніякіх шніцэляў для прапагандонаў!»
Адзін з артыстаў кабарэ, спрабуючы апісаць наэлектрызаваную атмасферу на вуліцах Берліна, падкрэсліваў: «Інстынктыўна ўзнікла жаданне дэканструяваць рэальнасць. І дасягнуць вызваленчага прасвятлення за кошт гумару».
Журналісты, якія рабілі рэпартажы з берлінскіх маніфестацый, нечакана адзначылі цікавы факт. У многіх жартах усё часцей гучала слова «Кейбельштрасэ». На вуліцы Кейбельштрасэ тады знаходзілася штаб-кватэра паліцыі, якая яшчэ ўчора выклікала страх. Дзякуючы гумару страх перад паліцыяй сышоў.
Фінал гэтага фестывалю гумару быў амаль феерычны. Атмасфера вуліцы пранікла ва ўладныя кабінеты. Жартам пазней назваў свой выступ 9 лістапада ў вячэрнім эфіры ТБ партыйны бонза Гюнтэр Шабоўскі. Як звычайна бывае ў такіх выпадках, па ходзе спічу ён шмат абяцаў. У тым ліку тое, што «заяўку на прыватную паездку за мяжу можна падаць без усялякіх папярэдніх умоваў. Адабрэнні будуць выдадзены ў найкароткія тэрміны. Пастаянныя выезды могуць ажыццяўляцца праз усе пункты перасячэння мяжы з ГДР у Федэратыўную Рэспубліку Германія».
А потым, калі яму верыць — дзеля жарту, узяў і заявіў: «Наколькі я ведаю, гэта адбываецца неадкладна». Народ гэты жарт не зразумеў, рушыў у бок сцяны і ў гэтую ноч мяжа абрынулася.
Пачалася іншая эпоха з яе цяжкасцямі і праблемамі. У новай няпростай рэальнасці пераходу сацыялізму на рэйкі капіталізму многім стала не да смеху. Што ў тым ліку стымулявала настальгію па тых дзіўных часах восені 1989-га. Лепш за ўсё гэтыя пачуцці выказаў ананімны аўтар графіці, якое з'явілася на адной з берлінскіх вуліц напярэдадні чарговай гадавіны падзення Берлінскай сцяны: «Анархія 1989-га сышла. Гэта быў лепшы час».