Германія. Дабраліся да Вінету
У 1960-я гады ў заходнім кіно адбылася маленькая рэвалюцыя. Індзейцаў перасталі адлюстроўваць як вар’ятаў, што здымаюць скальпы з белых каланістаў.
Сімвалам новага трэнду стаў правадыр апачаў Вінету — герой серыі фільмаў, пастаўленых па матывах кніг нямецкага пісьменніка Карла Мая. Вінету, ролю якога выканаў французскі акцёр П’ер Брыс, вельмі талерантны, паслядоўны змагар за мір і дружбу паміж карэнным насельніцтвам Амерыкі і еўрапейскімі перасяленцамі.
Аднак аказалася, што сучасным змагарам за паліткарэктнасць гэтага мала. Супрацоўнікі нямецкай секцыі Міжнароднага інстытута амерыканскіх даследаванняў заявілі, што вобраз Вінету ў кіно зусім не актуальны і не адпавядае цяперашняму бачанню індзейцаў. У прыватнасці, таму, што правадыр выкарыстоўвае каланіяльную лексіку, дапускае, напрыклад, тэрмін «чырванаскуры».
Першай ахвярай рэвізіі стаў тэматычны парк Bad Segeberg у зямлі Шлезвіг-Гальштэйн, які эксплуатуе сюжэты і персанажаў твораў Карла Мая. Пакуль дырэкцыя супраціўляецца ціску, спасылаючыся на тое, што ў парку прадстаўлены фігуры з выдуманага свету пісьменніка.
Аднак наўрад ці актывісты пакінуць парк у спакоі. У іх ёсць важны козыр — Карл Май быў любімым пісьменнікам Гітлера.
Паводле нямецкай прэсы