Газавая вайна: погляд з Украіны
З пануючых у эфіры расійскіх медыя мы ўсе ведаем пра тое, што каварная Украіна крадзе ў Расіі газ, прымушае замярзаць Еўропу, зрывае перамовы з «Газпрамам». А якія аргументы ва ўкраінскіх палітыкаў? Журналіст «НЧ» Алег Новікаў піша з Кіева.
З пануючых у эфіры расійскіх медыя мы ўсе ведаем пра тое, што каварная Украіна крадзе ў Расіі газ, прымушае замярзаць Еўропу, зрывае перамовы з «Газпрамам». А якія аргументы ва ўкраінскіх палітыкаў? Журналіст «НЧ» Алег Новікаў піша з Кіева.
Дастаткова акрэсленай пазіцыі ўкраінскай палітычнай эліты адносна прыроды і вытокаў цяперашняй газавай вайны не праглядаецца: палітычны клас нашай паўднёвай суседкі моцна падзелены на фракцыі: адміністрацыя прэзідэнта, урад Юліі Цімашэнка, больш дробныя акцёры кшталту некаторых ведамстваў. У мясцовай прэсе пішуць, што на транзіце газу таксама грэюць рукі камерцыйныя структуры, звязаныя з тым ці іншым палітыкам, якія лабіруюць іх інтарэсы. Такія абвінавачанні былі высунутыя, напрыклад, супраць Віктара Юшчанкі. Кіраўнік краіны ў адказ быў вымушаны заявіць, што ў будучым такія інсінуацыі закончацца для іх аўтараў позвай у суд. Да таго ж усе згаданыя палітычныя гульцы знаходзяцца ў стане перманентнага канфлікту. Часам узнікае такое ўражанне, што галоўная стаўка для ўкраінскага палітыкуму — не прымальны кошт на расійскі газ, а захаванне шансаў у барацьбе за прэзідэнцкае крэсла на выбарах наступнага года. Так, перадавы артыкул друкаванага органа Юліі Цімашэнка, газета «Вечєрні Вісті» за мінулую сераду пачынаецца наступнай тырадай: «Палітыка прэзідэнта прывяла да таго, што ў самы разгар зімы краіна пагружаецца ў холад. Няма цяпла ў школах, дзіцячых садках, бальніцах, прыпыняюць працу прадпрыемствы. Украіна ідзе да катастрофы сямімільнымі крокамі, аднак гарант наш, як вядома, дамовіцца з Расіяй не здольны». Медыя, падкантрольныя «Нашай Украіне», адказваюць на напады Цімашэнка падобнай манетай. Шмат хто лічыць, што гучная антыгазпрамаўская навагодняя заява прэзідэнта і прэм’ера была падпісана Цімашэнка з-за пагрозы канчаткова страціць электарат Заходняй Украіны. Быццам спачатку яна хацела згуляць на тым, што каманда Юшчанкі не здолела дамовіцца з Масквой, асабіста накіравацца ў Белакаменную і прывезці адтуль доўгачаканы кантракт аб пастаўках газу. І быццам, калі ўсё было гатова да адлёту, Юліі паклалі на стол дадзеныя апошніх апытанняў папулярнасці палітычных сілаў. Адпаведна ім, БЮТ вельмі моцна страціў у рэйтынгу, асабліва на Заходняй Украіне. Сама Цімашэнка ў выпадку выбараў магла разлічваць толькі на 17 працэнтаў (два гады таму яе БЮТ сабраў 28 працэнтаў). Прычына — карозія электаральнай базы БЮТ, які апошнім часам спрабуе знайсці падтрымку таксама на Усходняй Украіне. Апошняе прымушае Цімашэнка больш мякка ставіцца да Расіі, што не падабаецца нацыяналістычнаму электарату. Давялося Цімашэнка быццам рэабілітавацца ў вачах заходніх украінцаў і падтрымаць Юшчанку. Так ці інакш, у прынцыпе негатыўнай пазіцыі супраць забабонаў Мілера трымаюцца ўсе партыі аранжавага лагеру, аднак, здаецца, кожны з суб’ектаў кааліцыі Майдану жадае набраць сабе ў гэтай сітуацыі як мага больш палітычных пунктаў. Партыя «Наша Украіна», якая відавочна робіць стаўку на галасы нацыяналістаў, апошнім часам сапраўды заняла абсалютна радыкальную пазіцыю. Яе сябры дагаварыліся да таго, што раскрылі цэлую змову Масквы супраць Кіева. Адпаведна словам палітыкаў, якія выкрылі планы Крамля, галоўнай задачай Пуціна было праз газавы канфлікт справакаваць у Данбасе сапраўднае сепаратысцкае вайсковае паўстанне. Узначаліць мяцеж мусілі быццам бы камуністы. Гледзячы на сытыя і задаволеныя твары бонз кампартыі, што даўно інтэграваная ў схемы раздзелу дзяржаўных сродкаў (адзін з сяброў КПУ займае пасаду віцэ-міністра ва ўрадзе Цімашэнка), ад такіх словаў хочацца смяяцца. КПУ відавочна не зацікаўленая ў выхадзе сітуацыі з-пад кантролю. Ёй як партыі Зюнагава ў Расіі ўтульна ў нішы галоўнай левай апазіцыйнай сілы, якая прыносіць ім стабільныя месцы ў Радзе і хабары ад алігархаў за правільнае галасаванне ў парламенце. Што да галоўнай апазіцыйнай партыі краіны — «Партыі Рэгіёнаў», яна спрабуе скарыстацца момантам і вельмі гучна патрабуе адстаўкі Цімашэнка і імпічменту Юшчанкі. Праўда, для тых, хто нешта разумее ва ўкраінскай палітыцы, відавочна, што гэта пусты лямант на публіку. «Рэгіёны» не маюць большасці ў парламенце і іх пагрозы абсалютна бяспечныя для аранжавых. Аднак нават калі б Януковіч і кампанія і дабіліся свайго — скінулі аранжавы кабінет — наўрад ці яны вырашыліся задаволіць патрабаванні «Газпраму» аб перадачы ўкраінскага газавага транзіту ў арэнду Расіі, або плаціць па 450 долараў за тысячу кубаметраў. Якой б знішчаючай рыторыкай Януковіч не атакаваў урад, задаволіць апетыты Масквы ён не можа. Пры ўсіх катаклізмах ва ўкраінскай грамадскай думцы дамінуе незалежніцкая пазіцыя. Галоўны аргумент Украіны ў канфлікце дасюль выглядае дастаткова салідным: Расія аднабакова парушыла пункты мемарандуму пра графік росту коштаў на газ. Адпаведна яму, у гэтым годзе максімум росту мусіў быць прыблізна 210 долараў за тысячу кубаметраў. Сума 450 долараў, якую патрабую Масква, проста фантастычная. Такіх грошай не плацяць «Газпраму» нават самыя развітыя краіны Еўропы.
Што далей? У любым выпадку большасць экспертаў прагназуюць, што ў бліжэйшы час сітуацыя захаваецца. Украіна мае запасы газу, дастатковыя, каб пратрымацца ў газавай блакадзе прыблізна год. Відавочная агрэсіўная палітыка Масквы, якая адкрытым тэкстам кажа, што хоча працаваць з іншым украінскім урадам, дазваляе Кіеву неяк маральна кансалідаваць насельніцтва. У сваю чаргу, Масква зацікаўленая фармальна заставацца ў канфлікце з Кіевам на час крызісу расійскай эканомікі, каб гульнёй у нацыяналістычную карту кампенсаваць насельніцтву матэрыяльныя праблемы.