Францыя забароніць пластыкавы посуд з 2020 года

Вытворцы змогуць выпускаць такую прадукцыю толькі з біяраскладальнага матэрыялу.

6682c3be_d5b7_4449_a519_4425dbc1262f.file


Улады Францыі прынялі закон, які забараняе продаж пластыкавага аднаразовага посуду з 2020 года. Да гэтага часу вытворцы павінны будуць утылізаваць усе існуючыя пластыкавыя вырабы і надалей змогуць выпускаць такую прадукцыю толькі з біяраскладальнага матэрыялу. Як піша Associated Press, дадзены закон прыняты з экалагічных меркаванняў, а таксама для скарачэння выдаткаў электраэнергіі на перапрацоўку пластыкавых адходаў.

Акрамя таго, з 2017 года крамы ў Францыі будуць выдаваць пакупнікам толькі папяровыя пакеты і сумкі з тканіны.

Супраць дадзенай меры выступіла асацыяцыя еўрапейскіх вытворцаў упакоўкі Pack2Go Europe. На думку прадстаўнікоў асацыяцыі, забарона парушае прававыя нормы Еўрасаюза, а таксама можа мець негатыўныя наступствы, паколькі насельніцтва будзе наўмысна пакідаць біяраскладальныя пакеты і посуд на прыродзе, лічачы, што яны хутка раскладуцца ў натуральных умовах.

Таксама закон раскрытыкавала міністр экалогіі Францыі Сегален Руаяль, адзначыўшы, што такая ініцыятыва ўдарыць у першую чаргу па малазабяспечаным сем'ям, якія часта карыстаюцца аднаразовым посудам.

Як адзначае выданне Pourquoi Docteur, штогод у Францыі выкідваюць 4,73 мільярда пластыкавых шкляначак, прычым перапрацоўцы падвяргаецца толькі 1% ад гэтай колькасці.

 

www.radyjo.net