«Femen» трымае марку

Французскія правыя пачалі кампанію байкоту новай паштовай маркі з  выявай Марыяны — сімвала Французскай Рэспублікі. Прычына байкоту — Марыяну малявалі з Іны Шаўчэнка, лідара руху «Femen».   



shevchenko_femen.jpg

Іна Шаўчэнка

Дасюль гісторыкі не маюць канчатковага адказу, ці сапраўды існавала Марыяна? «Так», — сцвярджае адна фракцыя і спасылаецца на архіўныя дакументы, што кажуць пра нейкую Марыяну з Эльзасу, якая была адным з лакальных вулічных лідараў у часы Вялікай Французскай Рэвалюцыі. Іншыя ж кажуць, што вобраз Марыяны ўзнік дзякуючы папулярнай песні «Garisou de Marianno», якую спявалі падчас тых жа падзей.

Нарэшце, трэція сцвярджаюць, што Марыяна стала алегорыяй рэспублікі, дзякуючы філалагічнай правакацыі — аб’яднанню імёнаў «Марыя» і «Ганна». У вачах арыстакратаў імя «Марыяна» гучала як нешта вульгарнае і прымітыўнае. Затое рэвалюцыйныя масы пабачылі ў ім сімвал замаху на стары феадальны парадак. Тое, што на прысвечанай рэвалюцыі карціне Эжэна Дэлакруа «Свабода, якая вядзе народ» (1831) у цэнтры кампазіцыі знаходзіцца менавіта жанчына ў фрыгійскім каўпаку, было цалкам зразумела сучаснікамі.

Увогуле, акрамя Марыяны былі іншыя прэтэндэнты на сімвал рэспублікі. Напрыклад, у часы Рабесп’ера і Дантона часта ў гэтых мэтах выкарыстоўвалі выяву дыядэмы або льва.

Чаму ж сімвалам стала Марыяна? Адказ на гэта пытанне звязаны з праблемай інтэр’ера адміністратыўных памяшканняў пасля абвяшчэння Трэцяй рэспублікі ў 1871 годзе. Трэба было аператыўна нешта ставіць на падстаўкі пад бюсты імператара Напалеона Трэцяга, якія можна было сустрэць на кожным кроку. Хтосьці з рэспубліканцаў згадаў пра Марыяну.

Так Марыяна пачала акупаваць візуальны вобраз краіны. Калі ў 1883 годзе французы вырашылі падараваць ЗША статую Свабоды, не было ніякіх пытанняў, вобраз каго будзе пакладзены ў аснову манумента.

Нарэшце, Марыяна дабралася і да філатэліі. Прычым фізіяномію дзяўчыны ў фрыгійскім каўпаку змясцілі не на марцы нейкай асобнай серыі.  З 1944 года Марыяна  красавалася на т. зв. timbres d'usage courant (стандартнай марцы). Стандартная марка — паштовая марка, якія выпускаюцца масавым тыражом для працяглага паўсядзённага выкарыстання.

Падчас кадэнцыі Жыскара д’Эстэна было вырашана, што кожны новы прэзідэнт краіны будзе ўводзіць свой дызайн маркі з Марыянай. Апошні раз такая цырымонія адбылася 14 ліпеня гэтага года. Франсуа Аланд урачыста прапанаваў новую версію Марыяны, якая адразу выклікала скандал.

Марка была створана двума маладымі ілюстратарамі, адзін з якіх, Давід Кавен (дарэчы, актывіст руху супраць дыскрымінацыі сэксуальных меншасцяў) прызнаўся, што яго на стварэнне малюнку натхніў вобраз лідара «Femen».

Паводле яго слоў, Іна Шаўчэнка "лепш за іншых увасабляе каштоўнасці рэспублікі, свабоды, роўнасці, братэрства, да таго ж фемінізм з'яўляецца неад'емнай часткай гэтых каштоўнасцяў". Увогуле, спачатку мастак меркаваў пакласці ў аснову вобразу Марыяны выяву нейкай мігранткі з Магрыбу або з Паўднёвай Азіі.

Выбар Іны Шаўчэнка ў якасці мадэлі Дэвіду Кавену французскія правыя не прабачылі. Не прайшло і некалькі гадзін, як лідар партыі хрысціянскіх дэмакратаў заклікаў да байкоту новых марак.

timbre_effigie_marianne_2013_david_kawena_olivier_ciappa_graphisme.jpg

Ініцыятыва адразу знайшла падтрымку, паколькі кансерватыўная частка французскага грамадства яшчэ не астыла пасля гучнай кампаніі супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў, прыхільнікамі якой была групоўка «Femen». У дадатак Іна Шаўчэнка, каментуючы выхад новай маркі, прапанавала ўсім  гамафобам з гэтага часу цалаваць сябе ў зад, калі  давядзецца клеіць на пошце новыя маркі.

Праўда, галоўны аргумент супраць новых знакаў паштовай аплаты  звязаны з тым, што жанчына, якая стала прататыпам новай Марыяны, не адпавядае прынцыпам рэспублікі. «Яна (Шаўчэнка) не паважае думкі іншых, і перш за ўсё каталіцкіх  вернікаў», — гаворыцца на сайце хрысціянскіх дэмакратаў.  Нарэшце, Шаўчэнка — іншаземка. У правых ёсць версія, што спачатку Марыяну сапраўды хацелі маляваць з францужанкі арабскага паходжання, аднак пасля вырашылі, што супольнасць да гэтага не падрыхтаваная. Вырашылі спачатку «абкатаць» на ўкраінцы.

Дасталася ад правых і асабіста Іне Шаўчэнка, якую шмат хто лічыць проста добрым маніпулятарам. Пры гэтым французскія правыя актыўна цытуюць украінскую прэсу.

Ва Украіне ніякага фурору навіна пра перамогу іх суайчынніцы ў намінацыі на Марыяну не выклікала. Тон задаюць каментары накшталт: «Гэта плявок у твар грамадзянам Украіны» або «Шось я не пойняв — а де ж цы…і?»

Контраргументацыя левых, якія падтрымалі выбар Аланда, дастаткова забаўная. Акрамя ўсяго, яны спасылаюцца на згаданае вышэй палатно Эжэна Дэлакруа. «Хіба выяўленая на карціне Дэлакруа жанчына — сімвал свабоды, з аголенымі грудзямі не падобная на актывістак«Femen»?» — піша ліберальная «Le Monde». «Liberation» смяецца з таго, як правыя носяцца з Марыянай, узгадваючы пра тое, што кансерватары  заўсёды супрацьстаўлялі Марыяну  Жанне Д’Арк, якая і ёсць, на іх думку, сапраўдны вобраз Францыі.

І, нарэшце, чаму правыя, крытыкуючы Аланда, забыліся пра конкурс Асацыяцыі мэрый? Гэта арганізацыя час ад часу абірае жанчыну, з якой лепяць бюст Марыяны, што пасля тыражуюць, каб  паставіць у адміністратыўных будынках па ўсёй Францыі.

У розны час у ролі натуршчыц выступалі Брыджыт Бардо, Мірэй Мацьё, Катрын Дэнёў. З 2012 года скульптарам пазіруе вядомая актрыса Сафі Марсо. Тая ж  Мірэй Мацьё была ледзь не пратэжэ прэзідэнта-сацыяліста Франсуа Мітэрана, аднак ніхто з правых тады не патрабаваў аспрэчыць яе права быць скульптурным  увасабленнем Марыяны.

Між тым, 22 ліпеня ўся гэтая гісторыя набыла  новы непрадказальны паварот. Іна Шаўчэнка змясціла на сваім Twitter правакацыйны пост, у якім заявіла, што ў свеце няма нічога больш ідыёцкага, чым мусульманскае свята Рамадан. Нататка выклікала эйфарыю сярод правых, як правіла, ісламафобскіх выданняў. Такім чынам, падаецца, што ў гісторыі з маркай пачынаецца новы этап. А сама гісторыя яўна будзе не поўнай, калі не згадаць, што Дэвід Кавен атрымаў шэраг смяротных пагроз, а 21 ліпеня ў Парыжы невядомымі быў арганізаваны падпал офісу «Femen».