Эрдаган: Пуцін хоча наладзіць вытворчасць «Байрактараў» у Расіі

Рэджэп Таіп Эрдаган распавёў, што Уладзімір Пуцін хоча супрацоўнічаць з Турцыяй — рабіць знакамітыя беспілотнікі «Байрактар» у Расіі.

Фота bm.ge

Фота bm.ge

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з турэцкім лідарам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам прапанаваў наладзіць вытворчасць ўдарных беспілотнікаў "Байрактар" у РФ, паведаміла ўкраінская служба РБК са спасылкай на TRT Haber.

Сёння, 26 ліпеня, Рэджэп Таіп Эрдаган на пасяджэнні Цэнтральнага Выканаўчага савета Партыі справядлівасці і развіцця абвясціў, што ў "Байрактараў" з'явіліся новыя кліенты. Нібыта на сустрэчы ў Тэгеране расійскі кіраўнік выказаў жаданне супрацоўнічаць з Турцыяй у вытворчасці баявых беспілотнікаў. Акрамя таго, Эрдаган падкрэсліў, што ААЭ таксама прапанавалі пабудаваць завод кампаніі Baykar на сваёй тэрыторыі.


Адметна, што раней выканаўчы дырэктар Baykar Makina Халук Байрактар (які, дарэчы, з’яўляецца зяцем турэцкага прэзідэнта), заявіў, што ніколі не дазволіць продаж "Байрактараў" у Расію. Паводле яго слоў, прычына — падтрымка ўкраінскай барацьбы за незалежнасць.

Завод, дзе наладзяць выпуск турэцкіх беспілотнікаў, плануюць пабудаваць і ва Украіне. Днямі ўрад Украіны казаў пра тое, што накіруе ў Вярхоўную Раду законапраект аб ратыфікацыі пагаднення паміж Украінай і Турцыяй у сферы высокіх тэхналогій, авіяцыйнай і касмічнай галінах. Гэта дазволіць пабудаваць ва Украіне завод па вытворчасці беспілотнікаў «Байрактар».