Дзяржсакратар ЗША: праз расійскую агрэсію Трамп адмовіўся ад сустрэчы з Пуціным
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа заявіў, што дзеянні Расіі, накіраваныя супраць Украіны ў Керчанскім праліве былі адзінай прычынай адмовы прэзідэнта Дональда Трампа ад сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у кулуарах саміту G20, які праходзіць у Буэнас-Айрэсе, піша Радыё Свабода.
У суботу, 1 снежня, у інтэрв'ю карэспандэнту CNN Вольфу Бліцэру Пампэа падкрэсліў, што Трамп адмовіўся ад чаканай сустрэчы «таму, што паводзіны расіян супярэчаць міжнароднаму праву».
Пры гэтым Пампэа падкрэсліў, што Расія мусіць вярнуць Украіне караблі і маракоў — і толькі пасля гэтага пытанне аб сустрэчы Трампа і Пуціна вернецца на парадак дня. «Трамп спрабуе знайсці спосаб рухацца наперад у адносінах з Расіяй», — заўважыў, тым не менш, Майк Пампэа.
Напярэдадні саміту ў Аргентыне прэзідэнт ЗША адмяніў сустрэчу з Пуціным з прычыны канфлікту ў Керчанскім праліве і паведаміў пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Twitter.
«Улічваючы тую акалічнасць, што Расія не вярнула караблі і маракоў Украіне, я вырашыў, што для ўсіх зацікаўленых бакоў будзе лепш адмяніць маю сустрэчу з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у Аргентыне. Але я буду рады такой сустрэчы, як толькі гэтая сітуацыя вырашыцца», — паведамлялася у блогу прэзідэнта ЗША.
Сустрэчу Трампа і Пуціна меркавалася правесці ў кулуарах саміту G20, які стартаваў 30 лістапада ў Буэнас-Айрэсе. Пасля інцыдэнту ў Керчанскім праліве Трамп заявіў, што дапускае магчымасць адмены сустрэчы, падкрэсліўшы, што яму «не падабаецца гэтая агрэсія».