Дасье ў карыкатурах: Вайна вакцын
Кітай, ЗША, Еўропа і Расія знаходзяцца на фінальных стадыях тэставання сваіх вакцын супраць Covid-19. Свет, затаіўшы дыханне, чакае збаўлення ад хваробы, карпарацыі — вялікіх грошай, палітыкі — магчымасці ўзняць папулярнасць, а мастакі — новых сюжэтаў для карыкатур.
Вакцыну ад віруса чакалі даўно. У тым ліку і палітычныя лідары, рэйтынгі якіх з-за каранціну рэзка ўпалі. Для некаторых гэта стала сапраўднай катастрофай. Напрыклад, Дональд Трамп, якому яшчэ на пачатку гэтага года ўсе прадказвалі пераабранне на пасаду прэзідэнта з-за добрых індыкатараў эканамічнага росту. Аднак неўзабаве ў Штаты прыйшоў вірус і абрынуў усю гаспадарку. Магчыма, сітуацыю магла выратаваць вакцына, але да дня галасавання 3 лістапада яе так і не прыдумалі. На малюнку выдання CGTN Трамп спрабуе паскорыць лабараторныя выпрабаванні, націснуўшы на турба-кнопку.
Першай аб стварэнні вакцыны супраць COVID-19 праінфармавала Расія. 11 жніўня Уладзімір Пуцін падчас нарады з урадам заявіў аб тым, што зарэгістравана расійская вакцына пад назвай Sputnik-5. Хоць у цяперашні час больш за 50 краін зрабілі заяўку на гэты прэпарат, многія заходнія медыя выказваюць сумневы ў яго эфектыўнасці як мінімум да заканчэння выпрабаванняў. Сярод скептыкаў і карыкатурыст выдання Counterpoint. Ён лічыць, што Sputnik-5 — гэта нейкі гатунак славутай атруты «Новичок».
Затое на Захадзе адразу паверылі заяве амерыканскай і нямецкай кампаній Pfizer і Moderna. 9 лістапада тыя абвясцілі, што трэці этап выпрабаванняў іх вакцыны прайшоў паспяхова, а яе эфектыўнасць — вышэй за 90%. На Захадзе навіна выклікала надзею на хуткі выхад з крызісу. Ілюстрацыйны малюнак мастака часопісу The Week.
Між тым 20 лістапада выбухнуў скандал. Аказваецца, топ-менеджары Pfizer прадалі часткі сваіх пакетаў акцый кампаніі роўна ў той момант, калі фірмы абвясцілі аб паспяховых выпрабаваннях вакцыны, і біржавыя паперы ўзляцелі ў кошце. Аналагічныя прэтэнзіі СМІ агучылі і да кіраўніцтва кампаніі Moderna. Усё гэта ўздымае пытанне аб эфектыўнасці прэпаратаў ад Pfizer і Moderna, адказу на якое пакуль няма.
Аднак самае цікавае толькі пачынаецца. Калі лічыць пасярэдняму (20 долараў на вакцыянаванне аднаго чалавека), то гаворка ідзе пра рынак мінімум у 100 млрд долараў. За такія грошы, асабліва ў час эканамічнага крызісу, можна на многае пайсці. Ужо пайшлі чуткі пра тое, што для ўезду ў Шэнген кіраўніцтва ЕС можа запатрабаваць ад турыстаў даведку аб прышчэпцы вакцынай, якая зробленая выключна ў ЕС і можа каштаваць каля 100 у.а. Бітва ўладальнікаў вакцын за рынкі збыту — тэма малюнка кіпрскага выдання Ekatherlmereni.
І толькі канкурэнтнымі войнамі не абыдзецца. Па ходзе эпідэміі многія людзі па ўсёй планеце страцілі давер да сваіх урадаў і мераў, якія тыя прымаюць, у тым ліку, вакцынацыі. Ёсць папулярны забабон, што вакцынацыя — гэта нейкі брудны карупцыйны бізнес і нават спроба знішчыць або падпарадкаваць чалавецтва. Напрыклад, у Францыі палова насельніцтва не збіраецца рабіць прышчэпку. Аднаго такога скептыка адлюстраваў рэсурс Cartoon Mоvement. Зрэшты, напэўна ўсе будзе залежаць ад першых вынікаў вакцынацыі. Калі прэпараты пакажуць эфектыўнасць, то армія тых, хто збіраецца сабатаваць прышчэпкі, будзе не такой масавай. Але нават у выпадку пазітыўнага сцэнару істэрыка наконт вірусу наўрад скончыцца раней восені 2021-га.