Дасье ў карыкатурах. Самая вядомая палітычная галадоўка ў гісторыі
Ірландцы адзначаюць 40-ю гадавіну так званай Ірландскай галадоўкі — кульмінацыі пратэсту палітвязняў ірландцаў у турмах Вялікабрытаніі. Няма сумненняў, што тая галадоўка змяніла гісторыю.
У 1976 годзе брытанскі ўрад выключыў паняцце Special Category Status, якое раней надавалі палітвязням, асуджаным за дзеянні ў ходзе канфлікту ў Паўночнай Ірландыі. Менавіта за аднаўленне гэтага статусу і пачалася галадоўка ірландцаў першага сакавіка 1981 года ў турме Белфаста. Першым галадаць пачаў 26-гадовы Бобі Сэндс, член Ірландскай рэспубліканскай арміі (IRA). Кіраўніцтва турмы пратэст ігнаравала і наадварот зрабіла рэжым больш жорсткім. Ірландскае падполле ў сваіх улётках наступным чынам выяўляла ўмовы, у якіх вымушаныя былі галадаць Бобі і яго таварышы.
Па супадзенні праз 5 дзён пасля пачатку галадоўкі Сэндса ад сардэчнага прыступу памёр член ніжняй палаты брытанскага парламента ад аднаго з паўночнаірландскіх раёнаў. На абвешчаных у выніку гэтага пазатэрміновых выбарах 26 сакавіка Бобі Сэндс быў вылучаны ў кандыдаты, а 9 красавіка быў абраны ў брытанскі парламент. Вынік стаў шокам для Лондана. Упершыню аказалася, што рэспубліканцы карыстаюцца масавай падтрымкай. Не дапамагла ўраду нават агітацыя, у якой кандыдатаў ад партыі Шын Фейн (палітычная фракцыя IRA) малявалі ў якасці латэнтных баевікоў. Як, напрыклад, на гэтай карыкатуры таго часу.
Нягледзячы на наяўнасць дэпутацкага мандату ў галадоўшчыка, Маргарэт Тэтчэр, тагачасны брытанскі прэм'ер, адмовілася задавальняць патрабаванні вязняў. У гэтым яе падтрымала правая прэса, якая называла смерць ад галадоўкі вольным выбарам. А карыкатурыст Daily Mail не мог зразумець, чаму ўсе носяцца з галадоўшчыкамі, забываючы ахвяраў тэррору IRA.
У выніку Сэндс памёр 5 траўня ад знясілення, праз 66 дзён пасля пачатку галадоўкі. «Злачынца» і «тэрарыст» — так назвала нябожчыка прэм'ер. Вестка пра смерць вязня выклікала вулічныя хваляванні, а яго пахаванне 7-га траўня наведалі 100 000 чалавек.
Падзея мела глабальны рэзананс. У многіх краінах свету асудзілі жорсткае абыходжанне з палітвязнямі ў турмах Брытаніі. Далей за ўсіх пайшлі ўлады Ірана. якія назвалі вуліцу, дзе знаходзілася брытанскае пасольства, вуліцай імя Бобі Сэндса. А мясцовая прэса публікавала карыкатуры, на якіх увесь свет з плакатам з выявай Бобі дае прыкурыць Рэйгану і Тэтчэр.
У цэлым галадоўка скончылася толькі 3 кастрычніка 1981 года пасля таго, як памерлі яе дзесяць удзельнікаў. Брытанская прэса вітала заканчэнне акцыі як трыумф Тэтчэр. Большасць каментатараў на той момант лічыла такі вынік паразай рэспубліканцаў, Аднак у выніку перамога Тэтчэр аказалася піравай.
Па-першае, рэзкая антыгуманная рыторыка ў дачыненні да галадоўнікаў зрабіла Тэтчэр мішэнню нянавісці глабальных маштабаў з боку часткі брытанскага грамадства. Часам нават яе крытыкі пераходзілі мяжу. У 1983-м IRA арганізуе тэракт у Брайтане ў гатэлі, дзе спынілася Тэтчэр, якая цудам выжыла. Карыкатурысты адлюстравалі гэта як замах на дэмакратыю (гл. малюнак ніжэй). Між тым многія прадстаўнікі багемы адкрыта дазвалялі сябе шкадаваць, што прэм'ер выжыла. Адсутнасць адзінства ўнутры краіны рабіла дыялог з сепаратыстамі пытаннем часу.
Па-другое. у асобе Бобі Сэндса рэспубліканцы атрымалі постаць пакутніка, якая здолела мабілізаваць у іх шэрагі новых рэкрутаў. Ужо ў 1981-м быў зафіксаваны моцны ўсплёск гвалту. Канфлікт не скончыўся, а толькі прыняў новы размах. У выніку ў 1997 годзе брытанскі ўрад пагадзіўся падпісаць так званыя Пагадненні вялікай пятніцы, якія паклалі канец самай гарачай фазе супрацьстаяння. Між тым да гэтага часу Бобі з'яўляецца культавай фігурай рэспубліканскага руху. Сведчаннем таму — шматлікія муралы па ўсёй Ірландыі, прысвечаныя герою галадоўкі 1981 года.
Аднак галоўным наступствам апісаных вышэй падзей стала тое, што галадоўка заахвоціла Шын Фейн паступова адмовіцца ад экстрэмізму, робячы стаўку на выбары. Ужо ў 1982-м Шын Фейн выйграла пяць месцаў на выбарах у Асамблею Паўночнай Ірландыі, а ў 1983 годзе лідар партыі Джэры Адамс стаў дэпутатам парламенту Вялікабрытаніі. Дзякуючы электаральнай базе, якая аформілася падчас галадоўкі 1981-га, дэпутацкая прысутнасць Шын Фейн працягвала расці ў наступныя два дзесяцігоддзі. Цяпер гэта найбуйнейшая левая нацыяналістычная партыя ў Паўночнай Ірландыі.
Больш за тое, хуткі выхад са складу Вялікабрытаніі Шатландыі, які ўсе прагназуюць, на думку многіх, пачне адлік працэсу ўз'яднання Ірландыі. Зрэшты, калі верыць мастаку газеты The Guardian, сшыванне выспы ўжо актыўна ідзе. І, як гаворыца ў нядаўняй заяве Шын Фейн, імпульс аб’яднанню шмат у чым надаў просты вязень Бобі Сэндс, які сваёй акцыяй прыцягнуў на бок рэспубліканцаў шмат простых людзей.