Ці можна прадказаць землятрус?
Магутны землятрус, што адбыўся ў Турэччыне і Сірыі, прымусіў шмат каго паставіць пытанне: а ці існуе магчымасць прадказваць моцныя землятрусы, каб загадзя правесці неабходныя мерапрыемствы (эвакуацыю насельніцтва, напрыклад) і пазбегнуць хаця б гібелі вялікай колькасці людзей?
Гэта цікавіць і беларусаў: хоць і лічыцца, што мы жывём у рэгіёне, дзе землятрусаў амаль няма, пытанне для нас усё ж з’яўляецца акутальным. Сярод загінулых падчас землятрусу ў Турэччыне ёсць і грамадзяне Беларусі. І кожны з нас можа трапіць як турыст, чалец сям’і ці ў іншай якасці ў тыя мясціны, дзе сейсмічная актыўнасць знаходзіцца на высокім узроўні. Тады, канечне, для нас будзе вельмі істотна ведаць пра наяўнасць пагрозы апынуцца не ў тым месцы не ў той час.
Што прыводзіць да землятрусаў?
Каб зразумець, ці існуе пагроза стыхійнага бедства, варта ведаць, што прыводзіць да ягонага ўзнікнення. Землятрусы бываюць рознага паходжання: напрыклад, вулканічныя, карставыя (пры абвалах у падземных пустэчах) ці выкліканыя дзейнасцю чалавека. Але самыя разбуральныя — гэта тэктанічныя землятрусы. Іх падставы трэба шукаць у нетрах планеты. Літасфера Зямлі, якая, як мы памятаем са школьных заняткаў па геаграфіі, уключае цвёрдую зямную кару і больш пластычны верхні слой мантыі, складаецца з гэтак званых літасферных (тэктанічных) пліт — буйных платформаў плошчай да дзясяткаў мільёнаў квадратных кіламетраў. Існуюць пліты выключна акіянічныя (іх зямная кара з’яўляецца дном акіянаў) і тыя, дзе мацерыковая кара і акіянская злучаны разам. На такіх размешчаны кантыненты. Межы паміж плітамі завуцца разломамі, якія цягнуцца на сотні, тысячы і дзясяткі тысяч кіламетраў.
Гэтыя пліты знаходзяцца ў пастаянным адносным руху паміж сабой (гэтак званы дрыфт кантынентаў, хуткасць якога сувымяральная з хуткасцю росту пазногцяў — па некалькі сантыметраў у год), што прыводзіць да розных формаў іх узаемадзеяння ў раёне разломаў. Калі пліты рухаюцца адна адносна адной у розных кірунках, разлом паміж імі завецца «дывіргентным». У выніку такога руху паміж Афрыканскай і Аравійскай плітамі ўзнікла Чырвонае мора. Калі адна з пліт «падпаўзае» пад іншую, разлом завецца «канвергентным». На месцы такіх разломаў найчасцей з’яўляюцца высокія горныя масівы (Гімалаі) і глыбокія падводныя жолабы (Марыянскі). Калі ж пліты рухаюцца «ўздоўж» адна адной, тады разлом завецца «трансформным».
Паколькі краі пліт на разломах не з’яўляюцца гладкімі, тыя ў працэсе руху чапляюцца адна за адну. А паколькі рух няспынны, у гэтых месцах пачынае ўзрастаць напружанне, пакуль «выступ», які руху замінае, не зламаецца. Вось у гэты момант і адбываецца землятрус.
Землятрус у Турэччыне і Сірыі адбыўся ў раёне Усходне-Анаталійскага разлому, дзе ідзе сутыкненне трох пліт: адносна невялічкай Анаталійскай і вялікіх Афрыканскай і Аравійскай. У выніку Анаталійская пліта (на якой знаходзіцца асноўная частка тэрыторыі Турэччыны) пад ціскам з боку Аравійскай змяшчаецца на захад. Усходне-Анаталійскі разлом мае трансформны тып, адсюль і гарызантальныя змяшчэнні на зямной паверхні, якія прывялі да ўтварэння «разрываў» у некалькі метраў на чыгуначных шляхах і аўтамабільных дарогах.
Ці дапаможа прадказанням перыядычнасць землятрусаў?
Штодзённа па ўсёй планеце адбываюцца сотні і тысячы землятрусаў. Але большую іх частку зафіксаваць магчыма толькі дзякуючы навуковым прыборам. За год навукоўцы чакаюць у сярэднім 16 моцных землятрусаў, з якіх 15 будуць мець магнітуду 7 (землятрус у Турэччыне і Сірыі меў магнітуду 7,5) і адзін — 8 ці болей (максімальнай лічыцца магнітуда 9,5). Гэтыя чаканні вынікаюць з аналізу ўсёй інфармацыі, атрыманай пра землятрусы з 1900-га, калі пачалі збірацца адпаведныя даныя.
Такім чынам, навукоўцы могуць казаць, колькі чакаць моцных землятрусаў (прыблізна, канечне). Могуць (таксама прыблізна) казаць, дзе іх чакаць: пераважна ў месцах сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. То-бок у месцах сутыкнення разломаў канвергентнага і трансформнага тыпаў. Дзе, уласна, землятрусы звычайна і адбываюцца. Застаецца толькі высветліць, дзе дакладна, у які момант і з якой магутнасцю.
Назіранні паказваюць, што землятрусы ў адным і тым жа месцы адбываюцца з нейкай перыядычнасцю. Падаецца, было б лагічным вылічыць гэтую перыядычнасць, каб мець уяўленне, калі прыблізна чакаць землятрус, каб на падставе некаторых папярэдніх прыкмет ягонага набліжэння зрабіць больш дакладны прагноз. І навукоўцы такім метадам карысталіся.
Адзін з самых вядомых выпадкаў прымянення гэтага метаду — спроба прадказаць моцны землятрус у раёне горада Паркфілд у Каліфорніі (ЗША). Гэты горад разешчаны над знакамітым разломам Сан-Андрэас, які з’яўляецца месцам сутыкнення Ціхаакіянскай пліты з Паўночна-Амерыканскай. Тут рэгулярна адбываюцца моцныя землятрусы з магнітудай вышэйшай за 5,5. Навукоўцы падлічылі, што перыядычнасць такіх землятрусаў складае, у сярэднім, 22+4 гады. Паколькі апошні на той момант адбыўся ў 1966-м, дык навукоўцы зрабілі прагноз, што наступны моцны землятрус адбудзецца, з вялікай ступенню верагоднасці (навукоўцы давалі 95%), у перыяд з 1988-га па 1993-ці (сам прагноз быў зроблены ў 85-м). Напружанне (не ў тэктанічным разломе, а сярод публікі) расло ў геаметрычнай прагрэсіі па меры набліжэння «верхняй планкі» прагназаванага перыяду. Але прайшоў 93-ці… Потым — 94-ты… 95-ты... — цішыня! Бабахнула ў 2004-м, калі ўжо ўсе расслабіліся. Такім чынам, пляваць прырода хацела на ўсе часавыя заканамернасці, выведзеныя людзьмі.
А вось сама прырода заканамернасці, бывае, любіць. 19 верасня 1985-га горад Мехіка быў разбураны землятрусам магнітудай 8,0. Наступствы былі катастрафічныя — загінулымі абвясцілі 5 000 чалавек. І гэта — толькі тыя, чые целы былі знойдзены. Адкапаць усіх у тых грудах будаўнічага смецця, у які ператварыліся кварталы Мехіка, было немагчыма (ацэнкі колькасці ахвяр вагаюцца ад 10 да 45 тыс.). І цяпер жыхары Мехіка старэйшага пакалення падзяляюць падзеі на «да» і «пасля» таго землятрусу. Дык вось, роўна праз 32 гады — 19 верасня 2017-га — у Мехіка зноў адбыўся моцны землятрус (магнітудай 7,1), які разбурыў больш за 40 будынкаў і забіў 370 чалавек. Праходзіць яшчэ роўна 5 гадоў, і 19 верасня 2022 года адбываецца новы землятрус магнітудай 7,7. Праўда, горад Мехіка ад яго моцна не пацярпеў. Ну вось і хто быў бы ў стане не проста спрагназаваць такія падзеі, але элементарна паверыць уласным прагнозам?
Адказнасць за прагноз. І за ягоную адсутнасць…
А тут трэба ж не толькі паверыць, але і іншых пераканаць. А гэта — гіганцкая адказнасць. Бо калі ты даў прагноз, тыя ж улады мусяць рэагаваць. Хаця б арганізаваць эвакуацыю. А гэта — шалёныя грошы (маўчу ўжо пра ўсе астатнія фактары). Але і сам прагноз можа, як сведчыць гісторыя, прывесці да вялікіх выдаткаў.
Быў такі Браян Брэйдзі — амерыканскі фізік, які ў 1976-м абвясціў, што ў перыяд з 1981-га па 1988-мы ў Перу адбудзецца разбуральны землятрус. Для насельніцтва краіны, якая яшчэ не забыла землятрус 1970-га, калі загінула да 70 000 чалавек, гэта было моцным шокам. У 1978-м Брэйдзі ўдакладніў, што землятрус адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе 1981-га, і прадказаў ягоны катастрафічны характар (магнітуда 9). Ужо ў 1981-м ён зноў удакладніў, што землятрус можа адбыцца 6 ліпеня, 18 жніўня ці 24 верасня. Яшчэ да гэтага пачалася падрыхтоўка да землятрусу, прычым на міжнародным узроўні — гэтую праблему абмяркоўвалі прадстаўнікі Перу і ЗША. Што перажывалі жыхары тых раёнаў, якім быў вынесены «вырак», апісаць цяжка. Але ўсе прадказаныя даты прайшлі ціха і спакойна. Праведзены пазней падлік прадэманстраваў, што «прагнозы» Брэйдзі прывялі да эканамічных страт на суму ў 100 млн долараў.
Былі і адваротныя выпадкі. Як бы там ні было, а навукоўцы ўсё роўна адсочваюць магчымыя прыкметы набліжэння землятрусаў. Калі нешта выклікае іх сур’ёзнае падазрэнне, яны абавязаны распавесці пра гэта мясцовым уладам. А тыя — прыняць адпаведныя меры. Калі гэтага не адбудзецца, народ прыцягне вінаватых да адказу. А народ гэтую справу ведае і любіць.
Італія. Горад Л’Аквіла. 6 красавіка 2009-га. Землятрус магнітудай 6,3 разбурае сам горад і навакольныя вёскі. Гінуць мінімум 308 чалавек. Пасля гэтага шэсць навукоўцаў і адзін чыноўнік паўстаюць перад судом за «ненаўмыснае забойства». Іх абвінавачваюць у тым, што яны давалі «недакладную, няпоўную і супярэчлівую» інфармацыю адносна штуршкоў зямлі, якія адбыліся напярэдадні асноўнага ўдару 6 красавіка. Маўляў, у выніку людзі не атрымалі папярэджання, якое ў такіх умовах абавязаны былі зрабіць навукоўцы, адсюль такая колькасць ахвяр. Нягледзячы на тое, што сур’ёзныя вучоныя і аўтарытэтныя навуковыя выданні (такія, як часопіс «Nature») заступіліся за італьянскіх сейсмолагаў (гучалі нават намёкі на сярэднявечныя вогнішчы, якія зноў спрабуе распаліць італьянская феміда), усе падсудныя атрымалі вырак у шэсць гадоў турэмнага зняволення. Праўда, праз два гады апеляцыйны суд гэтае рашэнне адмяніў.
Паспяховыя прагнозы (насамрэч — не)
Няўжо за ўсю гісторыю так і не было аніводнага паспяховага прагнозу? Былі. У выпадку з землятрусам у Мехіка навукоўцы прадказвалі ягоную магчымасць у прамежку з 1984-га па 1990-ты. Логіка будавалася на той жа часавай перыядычнасці: папярэднія моцныя землятрусы адбываліся за 5-11 гадоў да гэтага. Але як можна падрыхтавацца да прадказанай з дакладнасцю ў -1+5 гадоў падзеі? Найбольш рэальны варыянт — узвядзенне такіх будынкаў, якія могуць вытрываць моцныя падземныя ўдары. Але Мексіка (асабліва ў той час) — краіна не тое каб моцна багатая, каб будаваць такія дамы для насельніцтва мегаполіса. Калі я там жыў некаторы час у новым (пабудаваным ужо пасля 1985-га) доме, мяне здзівіла таўшчыня сцен. Яна літаральна была ў палову цэглы.
На маё пытанне, наколькі такая канструкцыя будзе ўстойлівай пры моцным землятрусе, мясцовыя са смехам адказвалі: а гэта не дзеля ўстойлівасці, а каб потым прасцей адкопваць было. Зразумела, што за трываласць гэтага і падобных будынкаў адказваў моцны каркас, але неяк усё роўна не тое што прыхінацца — нават падыходзіць да гэтых сценак было страшна (бо жыў я на 20-м паверсе).
Італьянец Джампаўла Джуліяні сцвярджаў, што ён прадказваў землятрус у Л’Аквіле за месяц да 6 красавіка. Ён рабіў гэта на падмурку аналізу выхаду з зямлі радону — радыеактыўнага газу, падвышэнне ўзроўню якога, сапраўды, лічылася прыкметай набліжэння землятрусу. Але Джуліяні не паверылі, а цяпер і навука прызнае, што сувязі паміж аб’ёмамі выхаду радону і набліжэннем землятрусаў няма.
Самы ж паспяховы прагноз меў месца ў Кітаі. У лютым 1975-га землятрус магнітудай 7,5 ударыў па горадзе Хайчэн. Але людзі адтуль былі загадзя эвакуяваны. Гэта адбылося, як сцвярджалі афіцыйныя кітайскія крыніцы, праз паспяховы прагноз, здзейснены навукоўцамі на падставе ўліку шматлікіх фактараў. Канечне, такі поспех сацыялістычнай кітайскай навукі зацікавіў навукоўцаў з іншых краін. У 1976-м у Кітай прыехала група амерыканскіх сейсмолагаў, адмыслова для вывучэння хайчэнскага досведу. З’ехалі яны адтуль расчараванымі. Бо пазнаёміліся з «метадам» і прыйшлі да высновы, што своечасовая эвакуацыя перад землятрусам — не больш чым супадзенне.
Кітайцы, канечне, абурана адстойвалі сваіх навукоўцаў. Але прырода, паглядзеўшы на гэта, казала «Ды ладна!» і ў ліпені таго ж 1976-га нанесла ўдар па горадзе Таншань. Магнітуда была «ўсяго» 7,6, але разбуральная сіла знішчыла 85% дамоў. Па афіцыйных даных, загінулі 242 769 чалавек, але неафіцыйныя крыніцы даюць лічбу да 655 000, што робіць гэты землятрус адным з самых смертаносных у гісторыі. І пры гэтым не было нават намёку на ягоны прагноз.
А вось японцы з усёй сур’ёзнасцю падышлі да справы прагнозу землятрусаў. У раёне Токіа ёсць разлом Такаі, які ўжо не аднойчы выклікаў разбуральныя землятрусы з вялікай колькасцю ахвяраў. Яшчэ ў 1969 годзе. была прадказана магчымасць моцнага землятрусу (з магнітудай 8) у гэтым рэгіёне. У 1978-м японскі ўрад выдаў адмысловы «Закон па процідзеянні маштабнаму землятрусу». У адпаведнасці з ім была распачатай праца па назіранні за сейсмічнай актыўнасцю ў мэтах кароткатэрміновага прадказання гэтай падзеі. Была распрацавана і сістэма ўзаемадзеяння навукоўцаў з органамі ўлады. А прырода, паглядзеўшы на гэтыя высілкі, казала: «Я вас малю!» І землятрус стукнуў на паўночны ўсход ад Токіа — у прэфектуры Міягі, дзе яго асабліва не чакалі. 11 сакавіка 2011 года там адбыўся Вялікі ўсходне-японскі землятрус магнітудай 9,1 (чацвёрты па моцы ў свеце за ўсю гісторыю, на хвіліначку). Вынік — больш за 20 000 ахвяраў і ўцечка радыеактыўных матэрыялаў на атамнай станцыі Фукусіма.
Ёсць сваё прадказанне і ў землятрусу ў Турэччыне. 3 лютага навуковец з Нідэрландаў Франк Хохербец у сваім твітары папярэдзіў, што «рана ці позна адбудзецца землятрус магнітудай 7,5 у рэгіёне Паўднёва-Цэнтральнай Турэччыны, Іарданіі, Сірыі, Ліване». Бачым, што дакладнасці тут няма — як па часе, так і па лакацыі. Так што з практычнага пункту гледжання ягоны прагноз не меў аніякай каштоўнасці. Тым больш, гэты чалавек вядомы тым, што на 28 траўня 2015-га прадказваў землятрус у Каліфорніі магнітудай 8,8. Залішне казаць, што анічога падобнага не адбылося. Але «прадказанне» Хохербеца набыло вялікую папулярнасць у сусветным сеціве. Дарэчы, на бліжэйшыя тры дні (10-13 лютага) ён прагназуе землятрус у паласе ад расійскага Прымор’я да заходняга ўзбярэжжа Аўстраліі. Так што ёсць магчымасць праверыць.
Акрамя пералічаных вышэй прыкладаў, існуе маса іншых сведчанняў, што прадказанне землятрусаў — справа на дадзены момант безнадзейная. Сучасная навука не можа з дакладнасцю казаць, дзе, калі і якой моцы адбудзецца землятрус.
Ну а калі адрынуць навуку? Існуюць жа разнастайныя экстрасэнсы, ведзьмакі, варажбіты на картах таро ды іншыя улюбёнцы публікі. Ды што там людзі — вунь, яшчэ старажытныя грэкі заўважылі, што жывёлы,птушкі, змеі пачынаюць паводзіць сябе дзіўна напярэдадні катаклізмаў. Што цікава, у гэтым сучасныя навукоўцы пагаджаюцца з старажытнымі грэкамі. Яны лічаць, што эвалюцыя магла закласці ў жывёлах здольнасць прадчуваць катастрофы. Ці заўважаць іхняе набліжэнне па нейкіх невядомых чалавеку прыкметах. Дык, можа, у гэтым і ёсць вырашэнне праблемы? Можа, калі небудзь, мы навучымся будаваць такія прыборы, якія будуць здольныя «счытваць» самыя незаўважныя, але дакладныя прадчуванні, механізм якіх закладзены не толькі ў жывёлах, але і ў людзях? І тады мы здолеем з дакладнасцю прадказваць час, месца і моц землятрусу?
Але нешта падказвае (прадчуванне, можа?), што прырода на гэта адкажа: «Ой, фсё!» І нанясе нам такі ўдар, што той, хто ацалее, будзе яшчэ доўга стаяць, разявіўшы рот, у шоку ад яе настолькі непрадказальнай фантазіі.Хоць, канечне, гэта зусім не павінна быць падставай для таго, каб перастаць падарожнічаць, знаёміцца з іншаземцамі і новымі мясцінамі і радавацца жыццю. Іначай давядзецца прыгадаць, што і хатні побыт можа несці ў сабе пагрозу. Праз пераяданне, напрыклад.