Дзесяць найбольш разбуральных землятрусаў у гісторыі Турцыі

У выніку землятрусу, што адбыўся раніцай панядзелка на мяжы Турцыі і Сірыі, загінулі тысячы чалавек. Але, на жаль, гэта далёка не першы такі выпадак у гісторыі. Знаходзячыся на Анаталійскай пліце, якая мяжуе з двума буйнымі разломамі — Паўночна-Анаталійскім і Усходне-Анаталійскім, гэты рэгіён зазнаў шмат падобных трагедый.

Фота  «Reuters»

Фота  «Reuters»

Землятрус у Антыёхіі, 115 год н. э.

Напэўна, адным з першых дакладна зафіксаваных у гісторыі быў землятрус, які адбыўся 13 снежня 115 года недалёка ад старажытнага горада Антыёхія.

Сучасныя даследчыкі вызначаюць яго магнітуду прыблізна ў 7.5 балаў па шкале Рыхтэра. Тады загінула не менш за 200 000 чалавек. Гэты землятрус стаў шырока вядомым яшчэ ў тыя далёкія часы, таму што ў гэты час у горадзе знаходзіўся рымскі імператар Траян.

У выніку катаклізму Антыёхія і прылеглыя раёны былі амаль цалкам спустошаны, а яго наступствы адчуваліся па ўсім Блізкім Усходзе і ва Усходнім Міжземнамор'і.

Землятрус у Антыёхіі 20-29 траўня 526 года

Магнітуда гэтага землятрусу зараз ацэньваецца прыблізна ў 7.0 балаў. У тыя дні адзначалася хрысціянскае свята Ушэсця, на якое заўжды прыязджала шмат гасцей, таму ў горадзе была вялікая колькасць народу.

Землятрус адбыўся ў другой палове дня, калі з-за спёкі шмат людзей знаходзілася ў сваіх дамах. У выніку загінула больш за 250 000 чалавек, у тым ліку патрыярх Антыяхійскі Еўфрасій.

Нават сёння гібель такой колькасці людзей будзе ўспрынята як катастрофа, а для VI стагоддзя гэта была проста жудасная лічба. Горад быў амаль цалкам разбураны. Кажуць, што нейкім дзіўным чынам ацалелі толькі дамы, пабудаваныя бліжэй да гор.

Пры гэтым шкода пераважна была выклікана не падземнымі штуршкамі, а стала вынікам жудасных пажараў, якія пачаліся адразу пасля землятрусу і не спыняліся на працягу многіх дзён. Інерцыйныя штуршкі, пасля заканчэння актыўнай фазы землятрусу, адчуваліся яшчэ некалькі месяцаў.

Серыя землятрусаў у Канстанцінопалі ў VI — ІХ стагоддзях

Некалькі моцных землятрусаў вакол візантыйскай сталіцы адбыліся восенню і зімой 557 года. Першыя штуршкі жыхары горада адчулі яшчэ 19 кастрычніка, а ў ноч на 14 снежня ў Канстанцінопалі пачалося сапраўднае пекла. У выніку вялікая частка горада фактычна ператварылася ў руіны. Паводле паведамленняў візантыйскага гісторыка Агафія Схаластыка, Канстанцінопаль быў «амаль цалкам сцёрты з зямлі».

Яшчэ адзін моцны землятрус адбыўся амаль праз 200 гадоў у 740 годзе. Горад зноў зазнаў вялікія разбурэнні. Абвалілася частка вежаў Феадосіевай сцяны, многія пабудовы былі цалкам знішчаны. Асабліва моцна была пашкоджана знакамітая на ўвесь хрысціянскі свет царква Святой Ірыны.

Яшчэ больш моцныя штуршкі адчулі жыхары горада ў 869 годзе. Яны працягваліся сорак дзён з невялікімі інтэрваламі і зноў нанеслі велізарную шкоду сталіцы імперыі. Толькі цудам захавалася перліна візантыйскага дойлідства — сабор святой Сафіі, усходняя частка якога часткова абвалілася.

Сярэднявечная гравюра з выявай землятрусу

Сярэднявечная гравюра з выявай землятрусу

Землятрус у Анатоліі і Алепа (1138 год)

Як паведамляюць сярэднявечныя арабскія летапісцы, больш за 230 000 чалавек загінулі ў выніку моцнага землятрусу. Ён адбыўся каля сірыйскага горада Алепа 11 кастрычніка 1138 года, але яго наступствы адчуваліся па ўсёй тэрыторыі Сірыі і Анатоліі. Зараз ён лічыцца адным з самых смяротных землятрусаў у гісторыі свету. Пасля яго заканчэння колькасць насельніцтва Алепа аднавілася толькі бліжэй да пачатку XIX стагоддзя, гэта значыць амаль праз 700 гадоў.

Землятрус у Канстанцінопалі 10 верасня 1509 года (малы апакаліпсіс)

Магнітуда гэтага землятрусу склала прыблізна 7.5 балаў.

У горадзе былі цалкам разбураны 109 мячэцяў, а ў большасці ацалелых былі пашкоджаны мінарэты. Больш за 1000 дамоў цалкам абваліліся. Нядаўна пабудаваная мячэць Баязіда II была моцна пашкоджана. Султан быў нават вымушаны на нейкі час перанесці сталіцу ў горад Адрыянапаль, бо разбураны Канстанцінопаль не мог выконваць гэту ролю. Страх пасля сканчэння землятрусу быў настолькі вялікім, што перажыўшыя бедства людзі назвалі яго пазней «малым апакаліпсісам», а яго наступствы адчуваліся на агромністай тэрыторыі ад Анатоліі і Егіпта да Грэцыі і Аўстрыі.

Наступствы землятрусу 1509 года на гравюры

Наступствы землятрусу 1509 года на гравюры

Смірнскі землятрус 1688 года

Ён адбыўся ў ліпені 1688 года. Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся недалёка ад аднаго з найбуйнейшых гарадоў Асманскай імперыі Ізміра (старажытнагрэчаская Смірна). Тады загінула не меней за 15-20 тысяч чалавек.

Серыя землятрусаў у ваколіцах Стамбула ў XVIII стагоддзі

Другая палова XVIII стагоддзя зноў прынесла боль і страх жыхарам асманскай сталіцы. Значныя землятрусы побач са Стамбулам адбыліся ў 1767, 1768, 1769, 1771 і 1790 гадах. Але найбольш вядомы з іх здарыўся 22 траўня 1776 года. Яго эпіцэнтр знаходзіўся ў сярэдзіне Мармуровага мора. Гэта даволі далёка ад берага, але падземныя штуршкі выклікалі моцнае цунамі ў праліве Басфор, якое і прывяло да разбурэнняў і шматлікіх ахвяр у горадзе.

Выкліканыя ім пашкоджанні былі настолькі вялікімі, што знакаміты султан-рэфарматар Селім ІІІ у 1789 годзе сваім указам увогуле спрабаваў забараніць будаваць у горадзе высокія будынкі.

Эрзурумскі землятрус 1859 года

У чэрвені 1859 года ў паўночна-ўсходняй частцы Турцыі адбыўся землятрус сілай 6.1 балаў. Гэтая трагедыя забрала жыцці каля 15 000 чалавек і разбурыла большую частку горада Эрзурум.

Землятрус у Стамбуле, 1894 год

Землятрус адбыўся 12 ліпеня. Магнітуда яго складала прыблізна 7 балаў. У выніку яго загінулі каля 1 500 чалавек. Гэта не самы вялікі паказчык ахвяр, але менавіта катастрофа 1894 года прывяла да кардынальных змен у адносінах турэцкіх улад да падобных трагедый. Нарэшце ў краіне пачалося навуковае даследаванне прычын землятрусаў, чаго раней ніколі не было.

Так, па загадзе султана Абдул-Хаміда ІІ турэцкія навукоўцы падрыхтавалі адмысловую справаздачу аб катастрофе, што адбылася. Таксама землятрус даў штуршок да стварэння першай сейсмалагічнай абсерваторыі ў Асманскай дзяржаве. У Стамбул былі запрошаны еўрапейскія эксперты па геадынаміцы, якія пачалі дзяліцца вопытам з мясцовымі спецыялістамі і ўдзельнічаць у сейсмалагічных даследаваннях.

Партрэт турэцкага султана Абдул-Хаміда II

Партрэт турэцкага султана Абдул-Хаміда II

Менавіта гэты, далёка не самы моцны ў гісторыі Стамбула землятрус, стаў першым дакладна вывучаным і даследаваным з усёй той вялікай колькасці катаклізмаў, што адбыліся ў імперыі з пачатку яе заснавання ў 1299 годзе.

Землятрус у Эрзінджане, 1939 год

Сярод землятрусаў, якія адбыліся на анаталійскіх землях, асаблівае месца займае катастрофа ў Эрзінджане, што здарылася ў снежні 1939 года. Магнітуда гэтага землятрусу складала 8 балаў. Хоць самі падземныя штуршкі працягваліся не больш за хвіліну, разбурэнні былі каласальныя. У выніку катаклізму загінула 33 тысячы чалавек, яшчэ каля 100 000 былі паранены. Гарадскі чыгуначны мост, што звязваў Эрзінджан з астатняй часткай краіны, быў разбураны, тэлеграфныя лініі разарваны, і цэлы горад на нейкі час цалкам згубіў сувязь з наваколлем.

Шкода, нанесеная Эрзінджану катаклізмам, была настолькі вялікай, што турэцкія ўлады вырашылі не аднаўляць горад, а наўпрост пабудаваць побач новы.

Наступствы землятрусу 1939 года

Наступствы землятрусу 1939 года