Беларусы Берліна правялі акцыю салідарнасці ля амбасады
Сёння на чарговую нядзельную акцыю салідарнасці ў Берліне прыйшлі не толькі прадстаўнікі беларускай дыяспары (RAZAM Verein I. G.), але і лідары партыі BÜNDNIS 90 / DIE GRÜNEN — спадарыня Ланг, спадарыня Ліберыка і спадарыня Шэфер.
Акцыя прайшла насупраць беларускай амбасады Берліна, размешчанай побач з Трэптаў-Паркам. У сувязі з падтрымкай афіцыйнай амбасадай РБ палітыкі нелегітымнага дыктара, беларусы Берліна адкрылі праз дарогусваю альтэрнатыўную "Амбасаду Свабоднай Дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь" і паднялі над ёй бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг. Цяпер сцяг прыспушчаны у сувязі з жалобай па забітым карнікамі тры дні таму Раману Бандарэнку.
Нямецкія палітыкі ад Bündnis 90 / Die Grünen выказалі сваё захапленне мужнасцю беларусаў і беларусак у барацьбе за дэмакратыю, нязломнай упартасцю мірных пратэстаў на працягу вось ужо больш за трымесяцы. Яны выказалі спачуванне ахвярам зверскіх рэпрэсій і запэўнілі ў сваёй далейшай падтрымцы. На іх думку, неабходна ў першую чаргу пастаянна распаўсюджваць інфармацыі аб падзеях у Рэспубліцы Беларусь нетолькі ў Германіі, але і ў палітычных арганізацыях ЕС, аказваць дапамогу рэпрэсаваным грамадзянам, адлічаным за грамадзянскую пазіцыю студэнтам, спрашчаць візавы абмен і аказваць эканамічны ціск нарэжым дыктатара.