Азербайджан. Існаванне НДА пад пагрозай

18 лютага Інстытут свабоды і бяспекі журналістаў (ІСБР) Азербайджана прыняў адмысловую заяву ў сувязі са зменамі ў заканадаўства пра НДА. Папраўкі былі прынятыя парламентам Азербайджана 15 лютага, і хутка іх павінен ухваліць прэзідэнт краіны.



azer.jpg

ІСБР заклікаў Ільхама Аліева ўстрымацца ад падпісання законаў у новай рэдакцыі, паколькі яны істотна абмяжоўваюць дзейнасць незалежных НДА і будуць пагражаць самому іх існаванню.

  
”Рэпрэсіі з боку ўладаў працягваюцца, усё менш і менш НДА гатовыя працаваць па пытаннях, звязаных з дэмакратыяй і правамі чалавека. Гэтыя папраўкі могуць стаць апошнім цвіком у вечка труны для незалежнай грамадзянскай супольнасці ў Азербайджане ", — сказаў дырэктар ІСБР Эмін Хусэйнаў. Ён разглядае гэтыя папраўкі як спробу глабальнай зачысткі палітычнага поля напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Азербайджане.

ІСБР  таксама заклікаў міжнародную супольнасць, у прыватнасці Савет Еўропы і АБСЕ, заняць больш рашучую пазіцыю і аказваць большы ціск на ўлады Азербайджана ў справе выкання міжнародных абавязацельстваў па правах чалавека.

Папраўкі, прынятыя парламентам Азербайджана, прадугледжваюць змены ў закон аб грантах, закон аб свабодзе веравызнання і закон аб НДА. Паводле новай рэдакцыі гэтых законаў, за несвоечасовае прадстаўленне ў Міністэрства юстыцыі справаздачы пра атрыманы грант, юрыдычныя асобы і кіраўнікі НДА могуць быць аштрафаваныя на суму ад 2500 і да 7 тысяч манатаў. За атрыманне гранта без рэгістрацыі ў Мінюсце рэлігійныя арганізацыі будуць штрафавацца на суму да 15 тысяч манат (было 8 тысяч), а кіраўнікі грамад на 5 тыс. (было 2500), з канфіскацыяй маёмасці.

Павялічана таксама колькасць формаў справаздачнасці, якія НДА павінны прадстаўляць у Міністэрства юстыцыі і іншыя структуры. З прыняццем новай рэдакцыі законаў НДА абавязаны рабіць справаздачы ў 19 розных формах.

54 азербайджанскія грамадскія арганізацыі выступілі з заявай пратэсту з нагоды прынятых Мілі Меджлісам (парламентам Азербайджана) паправак і дадаткаў у заканадаўства.

"Аўтары змен законапраектаў тлумачылі свае дзеянні намерам павялічыць празрыстасць у дзейнасці грамадскіх арганізацый, аднак насамрэч НДА змушаны будуць спыніць сваю дзейнасць, бо выплата такіх штрафаў ім не па сілах. Акрамя таго, прыняцце гэтых паправак і змен без уліку меркавання НДА супярэчыць мясцоваму і міжнароднаму праву", — адзначаюць аўтары заявы.

Кіраўнікі НДА запрашаюць уладныя структуры да дыялогу для абмеркавання сітуацыі, што склалася вакол дзейнасці грамадскіх арганізацый.

"На працягу апошні 5 гадоў улады штогод на заканадаўчым узроўні ўзмацняюць жорсткасць умоваў дзейнасці НДА, спрабуючы пазбавіць іх фінансаванні і знішчыць. Прычына гэтага ў тым, што ўсе парушэнні правоў і свабодаў грамадзян, нормаў дэмакратыі і факты карупцыі расследуюцца менавіта гэтымі НДА. Знішчыўшы іх, улады спадзяюцца спыніць бясконцыя выкрыцці сваіх незаконных дзеянняў", —  адзначае агенцтва "Туран".