Амерыканскія СМІ: Абама і Пуцін вырашаюць лёс Украіны без удзелу самой Украіны
У мінулую пятніцу прэзідэнты ЗША і Расіі абмеркавалі ў тэлефоннай размове сітуацыю ва Украіне. Праз некалькі дзён у Парыжы ўкраінскі крызіс ужо абмяркоўвалі дзяржсакратар ЗША Джон Кэры і кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў.
Фота: zerohedge.com
"Адміністрацыя Абамы настойвае, што не будзе абмяркоўваць будучыню Украіны з Расіяй праз галаву украінскага боку. Але, мяркуючы па ўсім, нешта вельмі падобнае на гэта адбываецца пасля
тэлефоннай размовы Пуціна і Абамы", — піша "Washington Post".
Пасля гэтага дзяржсакратар Кэры тэрмінова вылецеў у Парыж для сустрэчы з міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым. Пры гэтым, прадстаўнікі Украіны на гэтыя перамовы запрошаныя не
былі.
Аднак пасля Кэры зноў заявіў, што ніякага рашэння без удзелу Украіны адносна яе лёсу прымацца не будзе.
Між тым, як піша Гары Каспараў для “Time”, у прэс-рэлізах Белага дома і Крамля па выніках размовы Абамы і Пуціна ні разу не згадваецца слова "Крым".
"Такое ўражанне, што пытанне аб Крыме больш не ставіцца і Абама дазваляе Пуціну змяніць тэму перамоваў — пераключыцца на пытанне ўварвання Расіі на іншыя ўкраінскія
тэрыторыі", — піша Каспараў.
"Перамовы, дзе ў якасці закладу прапануецца тэрыторыя іншай дзяржавы, маюць доўгую традыцыю. Найбольш відавочны прыклад — калі ў 1938 Гітлер міласэрна падахвоціўся не захапляць ўсю Чэхаславакію ўзамен на атрыманне Судзецкай вобласці без скаргаў з боку Вялікабрытаніі і Францыі", — піша Каспараў.
Між тым, як піша “USA Today”, зараз Пуцін паслабіў свой ваенны наступ на Украіну, перайшоўшы затое ў дыпламатычны наступ.
"Гэта спрытны ход Пуціна, — піша выданне — Скінуўшы хуткасць, ён зніжае трывогу — і рэдкае яднанне Захаду — справакаванае маланкавым захопам Крыма, а з ёй і пагрозу санкцый. Цяпер агрэсар выдае сябе за міратворца".
Паводле інфармацыі “5 кнала”