Аляксей Венядзіктаў: Канспіралагічныя версіі інтэрв'ю з Ціханоўскай неадэкватныя
Як піша Свабода, Аляксей Венядзіктаў пракаментаваў меркаванні адносна таго, што інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай з'явілася ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» напярэдадні падпісання «саюзных праграмаў» з мэтай ціску на Аляксандра Лукашэнку.
У эфіры праграмы «Будем наблюдать» Аляксей Венядзіктаў назваў «канспіралагічныя версіі» неадэкватнымі.
«Сам факт інтэрв'ю чамусьці ў некаторых аглядальнікаў выклікаў зусім неадэкватную рэакцыю — маўляў, хітры ход Крамля праз "газпрамаўскую" радыёстанцыю напярэдадні падпісання "дарожных мапаў" 4 лістапада. Гэта неадэкватнае разуменне. Мы ў Святланы Ціханоўскай прасілі інтэрв'ю на працягу года. Зрэшты, як у Аляксандра Лукашэнкі. Таму калі людзі займаюцца канспіралогіяй, гэта сведчыць проста аб тым, што яны наогул у прафесіі нічога не разумеюць», — пракаментаваў журналіст.
Пры гэтым ён прызнаў, што гутарку са Святланай Ціханоўскай заўважылі не толькі ў Мінску, але і ў Маскве, канкрэтна — у Крамлі. Па яго словах, яна зрабіла некалькі важных заяваў адносна расійска-беларускіх стасункаў у выпадку прыходу да ўлады апазіцыі, і гэта падалося цікавым.
Акрамя таго, галоўны рэдактар «Эха Москвы» лічыць, што Аляксандр Лукашэнка мэтанакіравана блакуе ўсе расійскія ініцыятывы ў справе «інкарпарацыі Беларусі». Пацверджаннем таму — тармажэнне з падпісаннем «дарожных мапаў», якія былі гатовыя яшчэ ў «дакавідныя часы».
«Канечне, гэта паглыбляе інтэграцыю, але там няма галоўнага: руху да адзінай валюты, адзінага энергетычнага рынку. Пераважна бюракратычныя рэчы. Аляксандр Рыгоравіч блакуе ўсё, што можа зрабіць яго ў той ці іншай частцы аб’ектам далучэння. Паралельна з гэтым у лютым ён збіраецца праводзіць рэферэндум па новай Канстытуцыі, параметры якой яшчэ не надта бачныя і яго месца там не відаць. Пры гэтым узмацняе рознага кшталту кааперацыю з сілавымі службамі. Мяркую, што гэта галоўнае», — падсуімаваў Аляксей Венядзіктаў.
Інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай выйшла ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» 26 кастрычніка. Многія аналітыкі палічылі гэта адказам Крамля на абразлівыя выказванні беларускіх прапагандыстаў у дачыненні да пазнавальнага «сусветнага лідара, які коле сабе ботакс і хаваецца ў бункеры».
Пасля гэтага стала вядома, што Уладзімір Пуцін адмовіўся ад першапачатковых планаў прыехаць 4 лістапада ў Мінск на пасяджэнне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы і абмяжуецца ўдзелам праз відэасувязь.