ААН расследуе паведамленні аб пахаваннях пад Данецкам
24 верасня факт пахаванняў у шахце «Камунарскай» пацвердзілі супрацоўнікі місіі АБСЭ.
![oon.jpg oon.jpg](/img/v1/news/full/oon.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Маніторынгавая місія Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) ва Украіне вырашыла правесці расследаванне паведамленняў аб масавых пахаваннях пад Данецкам. Пра гэта паведамляе ИТАР-ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара УВКПЧ Равіна Шамдасані.
«Няяснымі застаюцца вялікая колькасць пытанняў — хто адказны за гэта, колькі дакладна целаў. Нашая каманда плануе правесці расследаванне», — заявіла Шамдасані.
Прэм'ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Аляксандар Захарчанка заявіў, што каля 40 целаў мірных жыхароў былі знойдзеныя ў трох брацкіх магілах пад Данецкам. Паводле яго слоў, дакладная колькасць брацкіх магіл пакуль невядомая. У адным з трох знойдзеных пахаванняў ляжаць целы мірных жыхароў, а ў двух іншых — целы палонных апалчэнцаў і ўкраінскіх салдат.
24 верасня факт пахаванняў у шахце «Камунарскай» каля пасёлка Ніжняя Крынка пацвердзілі супрацоўнікі місіі АБСЭ.