962-гі дзень вайны. Вайскоўцы з КНДР будуць ваяваць на баку Расіі?

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Фота УСУ

Фота УСУ

Расійскія акупанты працягваюць прасоўвацца ў Данецкай вобласці і, паводле звестак аналітыкаў DeepState, змаглі дасягнуць поспехаў каля чатырох населеных пунктаў.

«Вораг прасунуўся каля Наваградаўкі, Новааляксандроўкі, Сухой Балкі і ў Астроўскім», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле паведамлення Генеральнага штаба УСУ, за мінулыя суткі зафіксавана 169 баявых сутыкненняў.

У прыватнасці, на Пакроўскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы спынілі 20 штурмавых і наступальных дзеянняў агрэсара ў бок населеных пунктаў Круты Яр, Міралюбаўка, Мірнаград, Лісоўка, Селідава. Найбольшая канцэнтрацыя нападаў была паблізу Селідава і Лісоўкі.

Найбольшая колькасць нападаў была адбітая Сіламі абароны Украіны на Курахоўскім кірунку, усяго там спынена 32 атакі расійцаў. Актыўна акупанты спрабавалі прасунуцца наперад у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Кацярынаўка і Вадзяное. Таксама яны атакавалі ў раёнах Наваселідаўкі, Максімільянаўкі, Ізмайлаўкі, Гарняка, Заранога, Курахава, Жэланнага Другога, Цукурына, Курахоўкі, Антонаўкі.


Глядзіце таксама

Сёння ноччу ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдар па складзе гаруча-змазачных матэрыялаў у раёне горада Ровенькі на часова акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці, паведамляе Генштаб УСУ.

Адзначаецца, што на тэрыторыі аб'екта фіксуецца пажар. Вынікі ўдакладняюцца.

«На гэтай базе захоўваліся нафта і нафтапрадукты, якія пастаўляліся ў тым ліку і для патрэб расійскага войска», — паведамляюць у Генштабе.

Удар нанесены сіламі і сродкамі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны.

Таксама ў Генштабе паведамляюць, што раней гэтая нафтабаза ўжо падвяргалася паражэнню ўкраінскай зброяй.

Раней у сацсетках мясцовыя жыхары паведамлялі, што ў Ровеньках гарыць нафтабаза пасля атакі БПЛА. Пасля спадарожнікавыя здымкі пацвердзілі пажар у раёне нафтабазы ў акупаваных Ровеньках.


Глядзіце таксама

Расійцы 10 кастрычніка актывізавалі контрнаступленне ў Курскай вобласці, з мэтай максімальна выцесніць ўкраінскія войскі з гэтай тэрыторыі да пагаршэння ўмоў надвор'я восенню-зімой. Як пішуць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), расійскія войскі адначасова актывізавалі контратакі ў Глушкаўскім раёне, на левым флангу галоўнага ўкраінскага выступу ў Карэнеўскім раёне і на правым флангу галоўнага ўкраінскага выступу ў Суджанскім раёне.

Расійскія ваенкары сцвярджалі, што расійскія сілы атачылі да двух украінскіх батальёнаў у Карэнеўскім раёне, аднак аналітыкі ISW гэтага не пацвярджаюць. Таксама расійцы сцвярджаюць, што выціснулі ўкраінскія сілы з большай часткі Глушкаўскага раёна 10 і 11 кастрычніка, хоць ISW яшчэ не назіраў візуальных пацверджанняў гэтых меркаваных расійскіх наступаў.

Як адзначаюць аналітыкі, узмоцненыя расійскія контратакі могуць пераследаваць дзве асноўныя мэты. Па-першае, яны, верагодна, накіраваныя на тое, каб выцесніць украінскія сілы з Курскай вобласці да таго, як дрэннае надвор'е восенню і зімой прывядзе да абмежавання манеўраў на поле бою. «Расійскае вайсковае камандаванне можа быць занепакоенае тым, што дрэнныя ўмовы надвор'я восенню 2024 года і ў пачатку зімы 2024-2025 гадоў будуць спрыяць пазіцыйным баям у Курскай вобласці і дадуць украінскім сілам больш часу для замацавання на сваім галоўным выступе і ўмацавання існых пазіцый і яшчэ больш ускладняць намаганні Расіі ў адцісканні ўкраінскіх войскаў праз мяжу», — пішуць аналітыкі.

Акрамя таго, адзначаюць у ISW, расійскае вайсковае камандаванне, імаверна, імкнецца хутка выцесніць украінскія сілы з Курскай вобласці, каб вызваліць баявую моц для прыярытэтнага наступу ў Данецкай вобласці.

«Расійскае ваеннае камандаванне, верагодна, спадзяецца, што, хутка ліквідаваўшы ўкраінскае ўварванне ў Курскую вобласць, яно зможа перакінуць сілы з Курскай вобласці ў Данецкую вобласць, паскорыць кульмінацыю свайго наступу і дасягнуць сваіх аператыўных мэтаў па захопу Пакроўска і ліквідацыі больш шырокага ўкраінскага выступу на захадзе Данецкай вобласці», — заяўляюць у ISW.


Глядзіце таксама

Паводле паведамленняў паўднёвакарэйскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў, жаўнеры з КНДР ужо ваююць ва Украіне, а таксама праходзяць падрыхтоўку ў Расіі для магчымага будучага разгортвання разам з расійскімі вайскоўцамі. Як пішуць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, спасылаючыся на прадстаўніка ўкраінскай выведкі, паўночнакарэйскія афіцэры назіраюць за расійскімі войскамі і вывучаюць поле бою на акупаванай тэрыторыі Украіны, аднак пакуль не назіраецца паўночнакарэйскіх падраздзяленняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны.

«Украінскі чыноўнік дадаў, што некалькі тысяч паўночнакарэйскіх пяхотнікаў праходзяць падрыхтоўку на тэрыторыі Расіі і што расійскае вайсковае камандаванне можа накіраваць іх на фронт ва Украіне да канца 2024 года або ў памежныя раёны Расіі, каб вызваліць рэзервы для вядзення баявых дзеянняў», — гаворыцца ў справаздачы.

Адзначаецца, што памеры паўночнакарэйскай групоўкі войскаў, якую Расія можа разгарнуць на фронце, пакуль няясныя, аднак гэта дасць Расіі магчымасць прыцягнуць дадатковыя сілы для прыярытэтных наступальных аперацый ва Украіне і падоўжыць свой летні наступ.

У той жа час, адзначаюць аналітыкі, разгортванне паўночнакарэйскіх войскаў таксама можа «стварыць магчымасці для выкарыстання Украінай гэтай сітуацыі», у залежнасці ад якасці, структуры сіл, размяшчэння і іх аператыўнай сумяшчальнасці.

На мінулым тыдні стала вядома пра гібель на Данбасе шасці афіцэраў арміі КНДР. Яны нібыта назіралі за вучэннямі расійскіх пяхотнікаў на палігоне, калі туды прыляцелі ўкраінскія ракеты.

Пры гэтым, паводле звестак The Guardian, цяпер дзясяткі паўночнакарэйскіх вайскоўцаў знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі Украіны, дапамагаючы расійцам працаваць з выдадзенымі ракетнымі ўстаноўкамі.


Глядзіце таксама

Індыя стала другім па велічыні пастаўшчыком крытычных падсанкцыйных тэхналогій у Расію, такіх як мікрачыпы, мікрасхемы і станкі. Пра гэта паведамляе Bloomberg, спасылаючыся на заявы амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.

Так, індыйскі экспарт мікрачыпаў, мікрасхем і станкоў перавысіў 60 мільёнаў долараў у красавіку і траўні, што прыкладна ўдвая больш, чым у папярэднія месяцы гэтага года, і вырас да 95 мільёнаў долараў у ліпені. Па гэтым паказчыку Індыю апярэджвае толькі Кітай.

«Паводле слоў чыноўнікаў, паводле апошніх звестак, амаль пятая частка сакрэтных тэхналогій, якія паступаюць у расійскі вайскова-прамысловы комплекс, трапляе туды праз Індыю», — піша выданне.

Як адзначае Bloomberg, экспарт большасці тавараў падвойнага прызначэння наўпрост у Расію забаронены, таму яна вымушаная купляць іх у трэціх краінах — часам у даччыных кампаній заходніх фірмаў або сетак пасярэднікаў.

Пры гэтым па меры таго, як заходнія саюзнікі спрабуюць абмежаваць некаторыя з гэтых маршрутаў праз Турцыю і ААЭ — з'яўляюцца новыя цэнтры. Да іх, паводле слоў абазнаных крыніц, адносяцца Індыя, Малайзія і Тайланд. Паводле слоў чыноўнікаў, ключавым фактарам гэтага зруху з'яўляецца велізарны запас рупій, назапашаны Расіяй ад продажу нафты.

Такое ўзмацненне супрацоўніцтва з Расіяй зрабіла Індыю ў апошнія месяцы аб'ектам увагі санкцыйных агенцтваў Еўрапейскага саюза і ЗША. Так, у ліпені намеснік міністра фінансаў ЗША Уолі Адэема напісаў ліст высокапастаўленым чыноўнікам Канфедэрацыі індыйскай прамысловасці, у якім папярэдзіў аб санкцыйных рызыках для індыйскіх кампаній і банкаў, якія вядуць бізнес з расійскім ВПК.