Эксперт: Беларусь становіцца часткай ядзернага стрымлівання Расіі
Масква зможа ўжываць ядзерную зброю супраць няядзерных дзяржаў, у тым ліку для абароны Беларусі. Гэта дэманструе, што Расія будзе гатовая пайсці на любыя меры, каб захаваць кантроль над Беларуссю.
Паводле новайядзернай дактрыны, РФ цяпер зможа ўжываць ядзерную зброю ў тым ліку для абароны Беларусі. Зрэшты, і раней у межах Саюзнай дзяржавы такія абавязкі па абароне былі. Нашто цяпер Беларусь вырашылі асобна прапісаць у дакуменце? Што гэта значыць для краіны, высвятляла DW.
На пасяджэнні пастаяннай нарады Савета
Бяспекі па ядзерным стрымліванні Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква пакідае за
сабой права на прымяненне ядзернай зброі супраць няядзерных дзяржаў, у тым ліку
ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. «З беларускім бокам усе гэтыя пытанні
ўзгодненыя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае
крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту», — сказаў Пуцін.
Крыху пазней кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што да 25-годдзя ўтварэння Саюзнай дзяржавы (СД) Мінск і Масква плануюць падпісаць дамову аб гарантыях бяспекі, у якой адным з пунктаў будзе палажэнне аб ядзернай зброі.
Што азначае ўключэнне Беларусі ў ядзерную дактрыну РФ, улічваючы, што на тэрыторыі Беларусі ўжо ёсць расійская ядзерная зброя, і Мінск выступае галоўным саюзнікам Масквы ўвайне ва Украіне, — разбіралася DW.
РФ пойдзе на любыя меры, каб захаваць кантроль над Беларуссю
Гарантыі бяспекі, дагавор аб якіх Мінск і Масква збіраюцца хутка падпісаць, і так ужо існуюць. Яны прапісаныя ў ваеннай дактрыне Саюзнай дзяржавы, прынятай у 2021 годзе. У ёй адзначаецца, што члены СД разглядаюць «любыя дзеянні з ужываннем ваенны сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаў, як замах на СД у цэлым і будуць прадпрымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў».
У дзеючай на даны момант ядзернай канцэпцыі Расіі ад 2020 года таксама ёсць пункт аб абароне саюзнікаў, у тым ліку з магчымасцю прымянення ядзернай зброі.
Цяпер жа Беларусь будзе асобна прапісаная ў дакуменце. Уключэнне РБ у ядзерную дактрыну Расіі сведчыць аб пэўнай дэсуверэнізацыі Беларусі і азначае, што краіна ўключаная ў расійскую нацыянальную стратэгію бяспекі, мяркуе эксперт Фінскага інстытута міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў.
«Гэта значыць, Беларусь цяпер з'яўляецца часткай расійскай вайсковай, вайсковапалітычнай і замежнапалітычнай дактрыны. Праз ланцужок дагавораў Расія паказвае, што лічыць Беларусь ужо сваёй часткай — такім своеасаблівым суб'ектам Федэрацыі з асаблівым статусам. Гэта таксама дэманструе, што Расія будзе гатовая пайсці на любыя меры, каб захаваць кантроль над Беларуссю», — кажа Ніжнікаў.
Адказваючы на пытанне, навошта спатрэбілася змена ядзернай канцэпцыі менавіта цяпер, Ніжнікаў нагадвае, што Пуцін ужо раней казаў, што стратэгію трэба мадэрнізаваць: «А як мадэрнізаваць? Ну, вось можна дадаць Беларусь, таму што іншых сур'ёзных зменаў там няма — Крэмль і раней пагражаў Захаду ядзернай зброяй».
Ядзернай дзяржавай Беларусь на Захадзе не лічаць
Словы Уладзіміра Пуціна аб змене ядзернай канцэпцыі не ўспрымаюць на Захадзе як нешта новае, тлумачыць літоўскі вайсковы эксперт Дарус Антанайціс, бо аб магчымасці ядзернага ўдару ў выпадку нападу на Расію Пуцін казаў і да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
З'яўленне Беларусі ў ядзернай канцэпцыі эксперт тлумачыць тым, што Лукашэнка, верагодна, запатрабаваў ад Масквы нейкіх гарантый, улічваючы, што з пачаткам вайны ва Украіне Беларусь аддала значную частку сваіх узбраенняў Расіі.
«Лукашэнку ж усё роўна патрэбныя нейкія гарантыі, вось і прывезлі ядзерную зброю (аб размяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусі стала вядома ў сакавіку 2023 года. — Рэд.). Аднак сама Беларусь яе выкарыстоўваць не можа — і атрымліваецца, што з новай канцэпцыяй Беларусь становіцца часткай ядзернага стрымлівання Расіі», — адзначае Антанайціс.
Эксперт таксама падкрэслівае, што наяўнасць ядзернай зброі ніяк не робіць Беларусь ядзернай дзяржавай, бо трэба яшчэ мець права ім карыстацца. «Вядома, прысутнасць ядзернай зброі ў Беларусі для нас-яшчэ адна задача аб тым, як трэба будзе абараняцца ў выпадку вайны. Але на Беларусь, ды і на Расею, бо ніхто нападаць не збіраецца, каб чакаць дзеянняў у адказ».
Расія дэ-факта атрымала ваенную базу ў Беларусі
Ваенны аналітык Аляксандр Алесін, які часта выступае з каментарамі ў дзяржСМІ, не лічыць, што ўключэнне Беларусі ў ядзерную канцэпцыю Расіі неяк прымяншае суверэнітэт краіны, — на яго думку, гэта толькі вызначае парадак прымянення ядзернай зброі.
«Прынцыпова нічога не мяняецца, бо ядзерная зброя на тэрыторыю Беларусі ўжо завезеная і вызначаны парадак яе прымянення». Па сцвярджэнні Алесіна, для прымянення ядзернай зброі дзейнічае прынцып «двух ключоў», які прадугледжвае ўхваленне і Уладзіміра Пуціна, і Аляксандра Лукашэнкі.
Алесін нагадвае, што ў траўні 2024 года адбыліся вучэнні, на якіх адпрацоўвалася прымяненне ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі ў рамках расійскіх вучэнняў тактычнай ядзернай зброі.
«Ёсць меркаванне ў нашых польскіх суседзяў, што Пуцін блефуе, і на тэрыторыі Беларусі ніякай ядзернай зброі няма. Але я так не думаю — занадта вялікая для Пуціна цана гэтага блефу. Усе баявыя часткі ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі і прыведзеныя ў стан, прыдатны для ўжывання ў выпадку неабходнасці», — лічыць аналітык.
У наяўнасці ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не сумняваецца і Рыгор Ніжнікаў. Ён падкрэслівае, што ніякай новай інфармацыі пра зброю пакуль няма. «Галоўнае, што мы павінны адзначыць у гэтай сувязі, — Расія нарэшце атрымала дэ-факта сваю вайсковую базу ў Беларусі, ад чаго Мінск доўгі час адбіваўся. Масква лічыць гэта сваім стратэгічным аб'ектам».
Лукашэнка не можа сказаць «не» ваенным планам Крамля
Уключэнне Беларусі ў ядзерную дактрыну Расіі можна разглядаць таксама і ў кантэксце ўзмацнення ваеннага супрацоўніцтва краін. Па некаторых даных, ужо ў канцы 2024 — пачатку 2025 года ў Беларусі пройдуць сумесныя з Расіяй стратэгічныя вучэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў «Захад».
У 2022 годзе вучэнні «Захад» у Беларусі прыводзіліся напярэдадні пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, што некаторыя каментатары расцанілі як прыкрыццё падрыхтоўкі да нападу. Адказваючы на пытанне аб тым, ці можа Расія і гэтым разам выкарыстоўваць Беларусь для эскалацыі ва Украіне, Алесін кажа, што ў бягучых умовах нечаканы напад з тэрыторыі Беларусі ўжо немагчымы.
«На беларуска-ўкраінскай мяжы вельмі дрэнная мясцовасць, багністая. А там, дзе можна прайсці, Украіна пабудавала фартыфікацыйныя збудаванні. Украіна гатовая да нападу, і я думаю, што Расія не будзе кідаць свае сілы на верную пагібель», — мяркуе Алесін.
У сваю чаргу Рыгор Ніжнікаў кажа, што ад ядзернай вайны свету яшчэ дакладна далёка, і Расія ўсур'ёз не рыхтуецца ўжываць ядзерную зброю. Разам з тым ён падкрэслівае, што пакуль нельга прадказаць, як будзе ісці вайна ва Украіне ў 2025 годзе.
«Я не думаю, што Расія будзе зноў задзейнічаць тэрыторыю Беларусі, сітуацыя ўсё ж змянілася, і ў гэтых адносінах Маскву задавальняе статус-кво. Але трэба выразна прагаворваць, што ў выпадку чаго Лукашэнка не зможа сказаць «НЕ» і не ўдзельнічаць у расійскіх вайсковых планах. Сёння яго выкарыстоўваюць як застрашванне для Захаду, а заўтра, хто ведае, могуць і наўпрост выкарыстоўваць ва Украіне», — лічыць Ніжнікаў.