У беларускім футболе — як у балоце: на паверхні спакойна, а ўнутры бурліць

Лукашэнкаўскія «майстры» паляпшэнняў спрабуюць зрабіць айчынны футбол «вышэйшым, мацнейшым, хутчэйшым», але ўвесь час нешта ідзе не так. 

Новы «твар» брэсцкага Дынама — Аляксандр Неўдах. Фота: dynamo-brest.by

Новы «твар» брэсцкага Дынама — Аляксандр Неўдах. Фота: dynamo-brest.by

Пасля трэнерскай перастаноўкі ў брэсцкім «Дынама» змяніўся яшчэ і дырэктар, а разам з ім — і мэты клуба на сезон, і прынцыпы камплектавання (чакайце навін пра расставанне з вопытнымі і адносна высокааплатнымі гульцамі). На фоне няўдач у чэмпіянаце футбольны праект прыйшоў да новай філасофіі. «Трыбуна» расказвае, у чым заключаецца яе сутнасць.

Былі грошы і амбіцыйныя задачы, але чаканні не апраўдаліся

Клуб, які змагаўся за выжыванне ў вышэйшай лізе-2022, раптам выдаў бадзёрае і шматабяцальнае міжсезонне. Галоўным прызначылі Ігара Крывушэнку, перападпісалі лідараў – Міхаіла Гардзейчука, Эдгара Аляхновіча. Запрасілі салідных — па мерках Беларусі — пачаткоўцаў. Нават вярнулі дасведчанага паўабаронцу Сяргея Кісляка.

Усё гэта было звязана ў тым ліку з пераменамі ў Брэсцкай абласной федэрацыі футбола. Яе ў снежні 2022-га ўзначаліў Валянцін Зайчук – першы намеснік старшыні выканкама Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці, які ведаў, як дамаўляцца са спонсарамі і выбіваць дзяржаўнае фінансаванне.

Пры такім заступніку задачы ставіліся ўжо больш амбіцыйныя, чым проста застацца ў «вышцы». У Д1 «Дынама» мела намер пазмагацца за месца ў топ-5. Але з Крывушэнкам каманда выдала найгоршы старт за больш чым 20 гадоў. Праз чатыры месяцы трэнер быў звольнены, калі «Дынама» размяшчалася на 13-м месцы.

На змену быў прызначаны Аляксандр Юрэвіч, які ў той час узначальваў зборную Беларусі U-17.

Новы трэнер сітуацыю кардынальным чынам не змяніў: з ім за дзесяць тураў «Дынама» атрымала тры перамогі і адзін раз згуляла ўнічыю. Зараз пляцецца на 11-м месцы ў табліцы.


Глядзіце таксама

Новыя задачы ў сярэдзіне сезона і расстанні з лідарамі

Сітуацыя ў чэмпіянаце прымусіла клубнае кіраўніцтва прыцішыць апетыты і ў сярэдзіне лета змяніць мэты на сезон, прычым настолькі кардынальна, што гэта паўплывала на кадравую палітыку ў калектыве.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», літаральна пару тыдняў таму ў галоўнага трэнера «Дынама» адбылася размова з чыноўнікамі, якія руляць справамі ў клубе. Гаворка пра Зайчука, пра якога сказана вышэй, і начальніка ўпраўлення спорту і турызму выканкама Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Юрыя Хоміча. Чыноўнікі заявілі, што больш не спадзяюцца на першую «пяцёрку», у сувязі з чым імі прынята рашэнне далей працаваць па прыкладзе «Мінска» — гэта значыць, развіваць маладых гульцоў і даваць практыку сваім выхаванцам. Юрэвіч з такім падыходам пагадзіўся і выказаў гатоўнасць працаваць з маладымі гульцамі, тым больш ён ужо займаўся чымсьці падобным у зборнай.

Таксама на сустрэчы было абвешчана, што ў сувязі з новай канцэпцыяй развіцця клуб расстанецца з дасведчанымі гульцамі, якія атрымліваюць вялікія грошы, але пры гэтым не апраўдваюць надзей. Лукашэнкаўскія служачыя разважылі, што няма сэнсу плаціць па некалькі тысяч рублёў тым, хто не дае выніку. Паводле звестак журналістаў, пры новай канцэпцыі развіцця чыноўнікі маюць намер плаціць футбалістам клуба 2-3 тысяч рублёў у месяц.

24 ліпеня «Дынама» пакінуў нападаючы Аляксандр Макась. За паўгода ў Брэсце 31-гадовы форвард прыняў удзел у шасці матчах і выніковымі дзеяннямі не адзначыўся. Пры гэтым штомесяц атрымліваў каля 6 тысяч рублёў. Цяпер Макась блізкі да падпісання кантракту з ужо знаёмай яму «Іслаччу».

Як піша «Трыбуна», ужо на гэтым тыдні каманду могуць пакінуць 36-гадовы паўабаронца капітан Эдгар Аляхновіч, яго калега па амплуа 33-гадовы Дзмітрый Бага, а таксама 26-гадовы паўабаронца Арсень Канцадайлаў. Але ў іх сітуацыя крыху больш складаная, чым у Макася. Той пагадзіўся на датэрміновае спыненне супрацоўніцтва, таму што ўжо меў прапанову ад «Іслачы» — і яна прапаноўвала супастаўныя фінансы. А вось у трыа Аляхновіч-Бага-Канцэдайлаў варыянтаў, раўназначных брэсцкаму, пакуль няма.


Глядзіце таксама

Кіраўніцтва «Дынама» не мае намеру далей плаціць гульцам вялікія грошы. Ім ужо прапанавалі або істотна знізіць заробкі і гуляць далей у клубе, або датэрмінова скасаваць кантракты. Пры гэтым у Аляхновіча, напрыклад, пагадненне дзейнічае да канца 2024 года. У Багі і Канцадайлава — да канца 2023-га. Пры гэтым Аляхновіч у гэтым сезоне правёў 13 матчаў у чэмпіянаце і кубку, Бага — восем паядынкаў, а Канцадайлаў — 10 матчаў. Кожны зарабіў па «асісце».

З высокай доляй верагоднасці, застануцца ў калектыве два іншыя вопытныя футбалісты, піша спартыўнае выданне. Кіраўніцтва не надта задаволенае тым, што дэманструе 35-гадовы Сяргей Кісляк, ад яго чакалі большага, чым адзін гол і дзве перадачы ў 10 матчах «вышкі». Аднак ад паслуг паўабаронцы адмаўляцца няма намеру, таму што гэта ўсё ж «любімчык» заўзятараў, на яго ходзяць людзі, ды і свежае ў памяці тое, як Кісляк дапамагаў клубу выйграваць чэмпіянат у 2019-м. Таксама яму не стануць абразаць штомесячны заробак у памеры 8 тысяч рублёў.

Не чакаецца перамен і па Гардзейчуку. У яго заробак на ўзроўні Кісляка, і ў гэтым сезоне Міхаіл выглядае даволі нядрэнна: чатыры галы і два «асісты» ў 11 матчах «вышкі». У цэлым, з боку кіраўніцтва прэтэнзій да паўабаронцы няма. Гісторыя з яго ўдзелам у «трэцяй хвалі дамоваў» на гэта не паўплывала.

Новым дырэктарам клуба стаў дэлегат УНС і ўладальнік трэнерскай ліцэнзіі

Адбыліся перастаноўкі і ў офісе. 19 ліпеня новым дырэктарам «Дынама» стаў Аляксандр Неўдах. У крэсле ён змяніў Васіля Шчагрыковіча. Функцыянер выконваў абавязкі са студзеня 2022-га, а Неўдах быў у яго намеснікам. Аднак сёлета Шчагрыковіч стаў адным з вінаватых, паводле версіі чыноўнікаў, у правальным старце, таму і страціў пасаду.

Пасля прызначэння Неўдах заявіў, што для яго «Дынама» — найлепшы і самы аўтарытэтны клуб у свеце. Сам функцыянер мае намер «паляпшаць брэсцкі футбол ва ўсіх сэнсах», хоча, каб «на кожным скрыжаванні, краме і гандлёвым цэнтры радаваліся, што ў нас ёсць такі клуб». Патрыятызмам і любоўю да клуба палае і старонка Неўдаха ўа «ВКонтакте» — там вельмі шмат рэпостаў з афіцыйнай  суполкі «Дынама».

У пэўных колах функцыянер ужо агучыў ідэю вяртаць у «Дынама» з іншых клубаў выканаўцаў, якія атрымлівалі футбольную адукацыю ў Брэсце ці непасрэдна ў ФК. Гэта значыць, па сутнасці, Неўдах марыць зрабіць з «Дынама» каманду, якая будзе складзеная з брэсцкіх футбалістаў. Такая ідэя знайшла водгук у лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.


Глядзіце таксама

Да таго, як стаць намеснікам у клубе, Неўдах непасрэднага дачынення да «Дынама» не меў. Функцыянер, якому ў чэрвені споўнілася 44, нарадзіўся ў Століне і менавіта там уліўся ў футбольнае жыццё. Каля 15 гадоў працаваў дзіцячым трэнерам, з камандамі ездзіў на розныя турніры, а з 2017-га і да прыходу ў «Дынама» ўзначальваў мясцовую ДЮСШ. У 2002-м Неўдах скончыў БДУФК, некалькі гадоў таму атрымаў трэнерскую катэгорыю С.

Паспеў функцыянер папрацаваць і ў дарослым футболе. Пад яго кіраўніцтвам каманда ДЮСШ Століна ў 2021-м і 2022-м гадах выступала ў другой лізе зоны «Усход» Брэсцкай вобласці. Праўда, вынікі там былі проста катастрафічнымі. У дэбютным сезоне ў Д3 Столін заняў у групе апошняе, восьмае, месца: адна нічыя і 13 паражэнняў пры розніцы мячоў 9:71. Пры гэтым толькі адно паражэнне было тэхнічным — каманда не выбралася на апошні тур у Баранавіцкі раён. Мінулы год атрымаўся крыху лепшым: шостае месца сярод сямі ўдзельнікаў, адна перамога і дзве нічыі ў 12 турах. Розніца мячоў — 15:68.

Ёсць у кар'еры Неўдаха і палітычная старонка. У 2021 годзе ён стаў адным з 31 прадстаўнікоў спартыўнай галіны на так званым «Усебеларускім народным сходзе» (ад Брэсцкай вобласці на лукашэнкаўскі шабаш ездзілі восем чалавек). Неўдах туды трапіў як дырэктар ДЮСШ і член выканкама Брэсцкай абласной федэрацыі футбола.

Прыйшоўшы на пачатку 2022-га ў «Дынама», Неўдах заняўся шырокім спектрам пытанняў: ад спартыўнай школы да галоўнай каманды. Ну а цяпер мае намер пры падтрымцы чыноўнікаў развіваць брэсцкі футбол, робячы стаўку на мясцовых.