Трэшачок тыдня. У беларускім спорце вынайшлі геніяльны спосаб змагання з міжнароднай ізаляцыяй

Гэтым разам «трэшачок» абмяжуецца адным кейсам. Нам вельмі хацелася б распавесці пра Дзень агурка ў Шклове і пракаментаваць забарону Ніне Багінскай і Мікалаю Статкевічу хадзіць у казіно і кіраваць касмічнымі пепелацамі. Але ў беларускім спорце акрэслілася тэндэнцыя, якая ўсё перакрывае.

eszczanka_i_sola.jpg

Той спорт, нагадаем, праз вайну ва Украіне знаходзіцца амаль у татальнай міжнароднай ізаляцыі. Ні табе чэмпіянатаў свету і Еўропы, ні камерцыйных стартаў на Захадзе, ні — хутчэй за ўсё — Алімпіяды ў Парыжы ў 2024 годзе.

Нябачна, каб нешта істотна змянілася на фронце. Бачна, што вайна будзе доўгай. Лукашэнка па-ранейшаму гуляе партыю палітычныга лёкая Крамля, а з Беларусі працягваюць ляцець ракеты. То адкуль чакаць паслаблення санкцый увогуле і ў спорце ў прыватнасці?

Чыноўнікі, вядома, у гэтым бяды не бачаць. Са звычайным для сённяшняй перагорнутай рэчаіснасці імпэтам яны рапартуюць праз ТБ для галоўнага свайго гледача, што санкцыі зробяць спорту толькі лепш. Што чхаць яны хацелі на абмежаванні, а вось у хаўрусе з Расіяй беларускі спорт заквітнее як яблыні ўвесну. Што не пахіснуцца нашы доблесныя атлеты перад варожым Захадам. Скажуць ім спаборнічаць у Салехардзе замест Рыма ці Лондана — будуць спаборнічаць, бо правільна разумеюць дзяржаўную палітыку і цалкам яе падтрымліваюць.

Вядома, гэта лухта, разлічаная хіба на не вельмі разумных ябацек. Насамрэч, спартсмены моцна пакутуюць пра міжнародны бан і не саромеюцца аб тым асцярожна казаць у сваіх каментарах.

Аднак ва ўмовах ізаляцыі трэба неяк жыць і заставацца ў спорце. І вось, здаецца, такі спосаб вынайдзены. Пакуль толькі ў біятлоне, але дай толькі пачаць.

Нядаўна стала вядома, што адразу дзве біятланісткі беларускай зборнай сыходзяць у дэкрэтны адпачынак. Маці рыхтуюцца стаць Ганна Сола і Ірына Лешчанка. Пра гэта ўжо вядома дакладна, як і пра тое, што абедзьве дзяўчыны прапусцяць бліжэйшы сезон. Зразумела, яны спадзяюцца, што за гэты час сітуацыя са спартыўнымі санкцыямі неяк зменіцца.

Пагадзіцеся, гэта досыць практычны метад самаізалявацца ад ізаляцыі. І няма аніякіх сумневаў, что цяжарнасць біятланісткі запланавалі цалкам з улікам сітуацыі ў спорце.

Бо што там у біятлоне? Кангрэс Міжнароднай федэрацыі па рэкамендацыі выканкама арганізацыі ў верасні амаль гарантавана працягне дыскваліфікацыю беларускай і расійскіх зборных. І хлопцам з дзяўчатамі анічога не застанецца, акрамя паездак у Цюмень і Ханты-Мансійск, на прыдуманыя старты, якія ніхто ў свеце не прызнае. Уласна першыя спаборніцтвы ўжо пачаліся — летні Кубак Садружнасці, які гэтымі днямі праходзіць у Сочы.

Імпэту да такіх вычварэнскіх практык ні ў каго ў беларускай камандзе няма. Нават самая зацятая прыхільніца Лукашэнкі Дзінара Алімбекава кажа пра гэта амаль адкрытым тэкстам. Яна ў Сочы «ганяецца» (слова з лексікону біятланістаў), то пра цяжарнасць справа не ідзе. Але ці мала што будзе ў невясёлай бліжэйшай будучыні.

«НЧ» ужо пісаў пра тое, як адбіваецца на настроях беларускіх спартсменаў міжнародны бан. Лучніца Карына Казлоўская хутка пераехала ў Польшчу, дзе інтэгравалася ў мясцовыя спартыўныя ландшафты і ўжо перамагае. Перамагае і Крысціна Ціманоўская — уцякачка-лёгкаатлетка, якая патрапіла ў жорны рэжыму на Алімпіядзе ў Токіа. Ёсць у іх, вядома, пэўныя складанасці з пераадольваннем тамтэйшай бюракратыі, але гэта дробязі ў параўнанні з атлетамі, якія засталіся на радзіме ва ўладзе лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.

Днямі спіс з’ехалых ад беларускай рэальнасці папоўніўся. Трэнер зборнай па фрыстайле Дзмітрый Дашчынскі адправіўся працаваць у Аўстралію. Плюс афіцыйна пакінуў фрыстайл легендарны Мікалай Казека. Таксама нібыта сышла са спорту рэпрэсаваная пазапраўным звальненнем чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская. На гэтым на некалі фенаменальна паспяховым беларускім фрыстайле можна смела ставіць крыж.

А вось ці знойдуцца аднойчы тыя ж Казека і Раманоўская дзесьці за мяжой — пытанне адкрытае. Прынамсі цяпер анічога ўжо не трымае, а майстры такога ўзроўню на дарозе, як кажуць, не валяюцца.

Зрэшты, вернемся да нашых парадзіх. І яшчэ раз адзначым, што нарадзіць дзіця — ці не найлепшы варыянт перачакаць стагнацыю ў беларускім спорце.

Да пытання стаць мамай спартсменкі заўсёды падыходзяць вельмі ўзважана. Звычайна гэта пропуск цэлага сезону, то лепш, вядома, страціць найменш важны сезон. Часцей за ўсе выбіраюць наступны за Алімпіядай, і тут Ганна Сола з Ірынай Лешчанка падтрымалі трэнд — сышлі ў наступным спаборніцкім цыкле пасля Пекіну-2022. Аднак ці было такое ў гісторыі беларускага спорту, калі б нарадзіць вырашылі адразу дзве топавыя атлеткі з адной каманды — хутчэй за ўсё, не.

І цалкам верагодна, што мода на мацярынства будзе тут набываць моц. Вунь, напрыклад, выйшла замуж бягуха і чэмпіёнка Еўропы Эльвіра Герман. То калі, як не цяпер, думаць пра новага чальца сям’і?

Скажам жартам, у якім толькі доля жарту: нарадзіць дзіця і сысці з прафесіі на год — лепшая форма пратэсту супраць усяго трэшачку, які дзеецца ў нацыянальным спорце. Тады не трэба будзе прыдумваць прычыны, чаму не хочацца ўдзельнічаць у чарговым Гран-пры ў Архангельску ці Саранску. Хацелася б паглядзець на таго чыноўніка, якія будзе пагражаць лёгкаатлетцы альбо раварыстцы — дэкрэт толькі пасля таго, як прынясеш краіне медаль першынства Забайкалля. Зрэшты, ад міністра Сяргея Кавальчука можна чакаць чаго заўгодна.

Але ўсё ж зробім стаўку на тое, што бліжэйшым часам спорт у Беларусі будзе не столькі пра перамогі, сколькі пра дэмаграфію. І гэта толькі на першы погляд прывілею адкараскацца ад цяперашняга зашквару маюць толькі жанчыны. Дэкрэтны адпачынак для мужчын у Беларусі, здаецца, ёсць, і яго ніхто не адмяняў. Бо заробкі ў шматпакутным ізаляваным спорце імкліва зніжаюцца, і гэта ўжо не сакрэт.

То гэта добры шанц, і ім варта скарыстацца.