Куды знікаюць беларускія спартсмены пасля завяршэння кар'еры

Камусьці шанцуе застацца ў спорце — трэнерам, спікерам або спартыўным функкцыянерам. А хтосьці сыходзіць у нікуды, нягледзячы на былую славу.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пасля канца кар'еры спартсмены часта становяцца трэнерамі — і рэгулярна расказваюць прэсе пра сваю каманду. Нярэдка атрымліваюцца з экс-атлетаў і проста «штатныя» спікеры для СМІ, якім патрэбныя аналіз і выказванні ад людзей, хто нібыта як разбіраюцца ў тэме. І шматлікім спартсменам прыемныя такія праявы увагі, як званкі і просьбы аб каментарах ад медыя.

Але ёсць і людзі, якія пасля кар'еры (а некаторыя яшчэ падчас) палічылі за лепшае схавацца ад усіх — і выцягнуць іх на размову пры ўсім жаданні атрымліваецца ну вельмі рэдка, а часам не атрымліваецца зусім. «Трыбуна» сабрала спіс тых спартсменаў, хто асабліва запомніўся сваім жаданнем залегчы на дно.

Васіль Баранаў

Нежаданне экс-футбаліста зборнай Беларусі згадваць пра свае легендарныя прыгоды выяўляецца даўно і паслядоўна: утоенасць і няўлоўнасць гамельчука нават для яго былых аднаклубнікаў стала асобнай байкай. Допіс пра пошукі кантактаў былога гульца «Спартака» ад Мікіты Мелказёрава ўвайшоў у дзясятку самых папулярных за час існавання «Трыбуны».

Першае за 12 гадоў інтэрв'ю ў футбаліста ўдалося ўзяць толькі ў 2016-м — здаецца, ён проста здзівіўся, што яму патэлефанавала дзяўчына. Але за 20 хвілін тэлефоннай размовы падчас рыбалкі Баранаў нічога феерычнага з таго, што мог бы, не расказаў, заявіўшы, што яму гэта нецікава.

З тых часоў — зноў цішыня. Застаецца згадваць пра прыгоды гульца праз аповеды тых, хто іх бачыў.

Раман Васілюк

Найлепшы бамбардзір у гісторыі ЧБ усю кар'еру славіўся негаманлівасцю. Гэта тычылася не толькі журналістаў: Васілюк у цэлым любіў маўчаць.

Пакуль Васілюк гуляў, узяць у яго інтэрв'ю было не тое каб элементарна, але рэальна. А вось пасля развітальнага матчу ў верасні 2019-га, калі форвард са слязьмі на вачах развітаўся з заўзятарамі, аніякіх выказванняў ад Васілюка не знайсці. Ён паспеў пабыць спартыўным дырэктарам «Руху», але за час на пасадзе адзначыўся ў прэсе роўна трыма словамі. Цяпер экс-футбаліст працягвае любімае ўтоенае ад старонніх жыццё ўжо ў ролі кіроўцы ў Польшчы.


Глядзіце таксама

Павел Сітко

Кар'ера ў аўтара памятнага гола ў браму зборнай Англіі атрымалася не такой магутнай, як магла б: за мяжу так і не з'ехаў, лепшыя гады правёў у салігорскім «Шахцёры», потым захацеў гуляць бліжэй да роднай Рэчыцы — некалькі сезонаў адбегаў у «Славіі» і «Гомелі». Да 32 гадоў футбаліста замучылі траўмы, і пасля сезона-2017 ён ціха завяршыў кар'еру.

Сітко вярнуўся ў родны горад як аматар рыбалкі, адкрыў рыбалоўную краму (праўда, анлайн-мапы цяпер пра такую не ведаюць) і адмаўляўся гуляць нават за аматараў. У 2019-м на просьбу паразмаўляць ён сказаў, што вельмі заняты, а на ўдакладняючае пытанне, калі яго можна распытаць пра новае жыццё, адказаў, што ніколі. З тых часоў нічога новага пра яго не чуваць.

Дзмітрый Вярхоўцаў

Яшчэ адзін былы футбаліст зборнай пасля шматгадовай гульні за «Нафтан» і легіянерскага досведу ў Расіі і Польшчы скончыў у адзін час з Сітко — пасля сезона-2017, калі ў гульні за «Нёман» атрымаў траўму галенастопа. Пасля яе 31-гадовы на той момант абаронца вырашыў не мучыцца са спробамі працягнуць у вялікім футболе, а гуляць у аматарах і прысвячаць больш часу сям'і.

У 2018-м у Верхаўцова памерла жонка. Здаецца, гэта яшчэ больш закрыла і так не самага гаваркога чалавека. У 2019-м ён адмовіўся ад прапанаванага інтэрв'ю і нават не расказаў, дзе працуе, назваўшы гэта «дзейнасцю па-за спортам».

За наступныя гады ўсё стала горш. У 2022-м аказалася, што і ў аматарах знайсці гульца не атрымаецца: вярнуліся праблемы з алкаголем, якія бывалі і падчас кар'еры.

Вольга Корбут

Унікальная гімнастка, чатырохразовая чэмпіёнка АГ ніколі асабліва не любіла прэсу — інтэрв'ю былі вельмі рэдкімі. А калі ў нейкім таблоідзе з ЗША, дзе гімнастка жыве ўжо больш за 30 гадоў, напісалі, што яна нібыта скрала прадукты, то зносіны з прэсай спыніліся зусім. А пра Корбут працягвалі пісаць — асабліва грымнула гісторыя ў 2017-м пра тое, што спартсменка прадае свае медалі, таму што нібыта даведзеная да галечы. Аднак гэтую інфармацыю абверг былы муж Вольгі, «пясняр» Леанід Барткевіч.

У 2018-м у Корбут здарылася вельмі рэдкае з'яўленне на ТБ: праз відэасувязь у перадачы расійскіх прапагандыстаў «Пусть говорят». Там яна патлумачыла, што медалі выставіла на аўкцыён, таму што яны ёй не патрэбныя, а так можна было прыцягнуць грошы на дабрачыннасць. Але самай гучнай тэмай стала паўтарэнне абвінавачання ў згвалтаванні перад АГ-1972 (Вользе было 17) на адрас трэнера Рэнальда Кныша. Той быў яшчэ жывы, і яго таксама вывелі на экран — ён пачаў крыць былую падапечную апошнімі словамі і вінаваціць у хлусні, яна трымалася карэктна, але стаяла на сваім. Пасля праграмы паднялася новая хваля цікавасці да абвінавачання, якое Корбут упершыню выставіла яшчэ ў 1988 годзе. Знайшліся іншыя былыя вучаніцы Кныша, якія заявілі пра яго даўнія дамаганні. Трэнер жа ўсё адмаўляў да самай смерці, а яго і пасля таго спрабавалі публічна апраўдаць аргументамі, якія не вытрымлівалі аніякай крытыкі.

Пра Корбут жа з 2018-га зноў нічога не чуваць.


Глядзіце таксама

Наталля Зверава

Мінчанка ў свой час была пятай ракеткай свету, а ў 1990-х рвала ў парным разрадзе, выйграўшы 18 (!) турніраў «Вялікага шлема» (плюс яшчэ два ў міксце). Але яшчэ падчас кар'еры яна адмовілася даваць інтэрв'ю. Пасля выхаду з тэніса нічога не памянялася. Толькі ў 2017-м расійскія журналісты ўгаварылі Звераву на інтэрв'ю ў гонар 25-годдзя АГ-1992 — і падавалі яго, уласна, як першае за 25 гадоў. Тады экс-тэнісістка расказала, што атрымлівае асалоду ад свайго жыцця ў Мінску, а ад усіх прапаноў адміністрацыйных пасад у белтэнісе адбілася, бо не ўяўляе сябе чыноўніцай.

З тых часоў выказвацца Звераву прымушалі толькі вялікія падзеі, якія тычыліся радзімы. У кастрычніку 2020-га былая тэнісістка заявіла, што яна супраць гвалту — тады гэта было нярэдкай пазіцыяй, бо расквітнела збіццё з боку сілавікоў Лукашэнкі. А ў самым пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, Зверава «ўмольвала сесці за стол перамоваў» расійскі і ўкраінскі бакі.

Анатоль Буяльскі

Коўч легендарнай жаночай баскетбольнай зборнай Беларусі заступаў на пасаду галоўнага трэнера тройчы. У 2016-м здарыўся і трэці сыход: чалавеку, які давёў каманду да бронзы ЧЕ, 4-га месца ЧС і 6-й пазіцыі АГ, на развітанне прад'явіў прэтэнзіі чыноўнік адміністрацыі Лукашэнкі, чамусьці пастаўлены руліць баскетболам. Выглядала яго незадаволенасць недарэчна.


Глядзіце таксама

Пасля гэтага не тое каб некамунікабельны трэнер знік з зоны доступу прэсы. У 2019-м Буяльскага ўдалося адшукаць, але ад інтэрв'ю ён адмовіўся з таямнічай прычыны: заявіў, што яго «кожны крок кантралюецца», таму ён імкнецца «зрабіць так, каб ніхто не ведаў», чым ён займаецца. Пры гэтым трэнер запэўніў, што па-ранейшаму сочыць за беларускім баскетболам і мае сваё меркаванне пра яго будні, але выказваць яго не будзе.

З тых часоў сваёй пазіцыі Буяльскі так і не выказаў — наогул ні па якім пытанні. Пры гэтым з 2021-га ён вярнуўся да трэнерства: працуе з камандай «Гарызонт-2-РЦАП», дублем «Гарызонта», якая ў мінулым сезоне заняла 9-е з 9 месцаў у ЧБ. Але аніводнага каментара ад Буяльскага на сайце клуба нават непасрэдна пра матчы яго падапечных усё роўна не знайсці.