Катарсіса ў Катары не будзе? Неўзабаве пачнецца самы дзіўны чэмпіянат свету па футболе

Вайна вайной, рэпрэсіі рэпрэсіямі, але футбольны чэмпіянат свету ніхто не адмяняў. Ён пачнецца ўжо 20 лістапада ў Катары, і лёс яго прадвызначаны загадзя: гэта будзе самы дзіўны ЧС у гісторыі. Чаму — тлумачым.

1_621.jpg

Зімовы чэмпіянат у цёплай краіне

Футбол афіцыйна лічыцца летнім відам спорту, але чаго не зробіш дзеля астранамічна багатых катарскіх шэйхаў. ЧС-2022 пачнецца позняй восенню, а скончыцца ў снежні — раней такога не было ніколі. Раней заўсёды гулялі ў чэрвені-ліпені.
У Катары ўлетку празмерная спякота, менавіта таму Міжнародная федэрацыя футбола (ФІФА) пагадзілася на варыянт пераносу тэрмінаў на пяць месяцаў наперад. На берагах Персідскага заліва, зрэшты, і цяпер гарачыня, таму мясцовыя ўлады вырашылі абсталяваць стадыёны магутнымі кандыцыянерамі, каб тэмпература на іх не павышалася больш за 27 градусаў.

Будавалі не толькі стадыёны, а і цэлыя гарады

2_574.jpg


Фінал чэмпіянату свету пройдзе 18 снежня на «Нацыянальным стадыёне», які пабудавалі адмыслова для ЧС у горадзе Лусаіл, які, у сваю чаргу, таксама пабудавалі нядаўна на месцы аднайменнай вёскі. Грошай уклалі, канешне, столькі, што хапіла б на гадавы бюджэт для невялікай краіны, але калі нафта цячэ ракой, то чаго скнарнічаць?
Мяркуецца, што ў Лусаіле будуць жыць прыпяваючы пад паўмільёна жыхароў. Інфраструктура, жыллёвыя ўмовы і ўсё іншае — класа лакшэры. У 2015 годзе ў горадзе праходзілі матчы гандбольнага ЧС, у якім сярод іншых удзельнічалі і беларусы. Цяпер вось надышла чарга футбола.


Агулам чэмпіянат пройдзе на васьмі арэнах у пяці гарадах — сталіцы Досе, Лусаіле, Эль-Хаўры, Эр-Раяне, Эль-Вакры. Большасць са стадыёнаў былі пабудаваныя адмыслова да чэмпіянату свету, некаторыя прайшлі праз генеральную рэканструкцыю. Напрыклад, арэну «Ахмед бін Алі» і Эр-Раяне мадэрнізавалі так. Спачатку, у 2015-м, маральна састарэлы папярэдні варыянт знеслі пад нуль, каб духу яго не засталося. А потым на яго месцы за пару гадоў адбудавалі новенькі 44-тысячнік. Хто скажа, што гэта не рэканструкцыя, хай першы кіне камень у бок усходніх мільярдэраў.

На будоўлях загінулі тысячы гастарбайтараў

3_513.webp


Акрамя таго, што Катар — адзін з буйнейшых у свеце экспарцёраў нафты і газу, гэта яшчэ і абсалютная манархія, і мусульманская краіна. То не дзіўна, што з правамі чалавека там не ўсё ў парадку. Але мясцовыя там пачуваюцца выдатна: у іх шмат грошай у гаманцах, суперскія аўтамабілі і «ролексы» на запясцях. Сярод 2,8 мільёна жыхароў большасць складаюць імігранты — выхадцы з Пакістана, Індыі, Ірана ды іншых краін. Уласна, яны і працуюць у эканоміцы, і вось іх правы не надта абароненыя.
Чэмпіянат свету па футболе — кірмаш ганарыстасці і вогнішча амбіцый, катарцы вельмі хочуць уразіць свет сваёй шчодрасцю і размахам. Менавіта з гэтай мэтай да ЧС разгарнулі вялізную будоўлю ўсялякай інфраструктуры найвышэйшага гатунку. Грошай не шкадавалі, на ўзвядзенне новых аб’ектаў запрасілі безліч гастарбайтараў. Але бракавала часу, таму хуткасць паставілі ў прыярытэт — за кошт, вядома, бяспекі працы.
Праз гэта падчас будоўлі фіксаваліся шматлікія няшчасныя выпадкі. Паводле некаторых даных, загінулі ажно 6,5 тысяч рабочых, і ў гэтым сэнсе турнір варта было б называць чэмпіянатам на крыві. Праваабаронцы білі ў званы, за дрэннае абыходжанне з замежным пралетарыятам Катар крытыкавалі палітыкі і грамадскія дзеячы…
Але гэта ні на што не паўплывала. Бо лес сякуць — трэскі ляцяць. А цагліна на галаву можа ўпасці і ў дэмакратычнай краіне. Таму, паважаныя заходнікі, не рабіце нам нервы. Лепей прыязджайце да нас на футбол. Пабачыце ўсю гэтую прыгажосць і зразумееце, што яна каштавала ахвяр.

«Сухі закон» паабяцалі адмяніць у якасці выключэння

4_477.jpg


Упершыню футбольны мундзіяль пройдзе ў краіне з мусульманскай большасцю насельніцтва. Па гэтай прычыне ў Катары існуюць цяжкасці з тым, каб выпіць і закусіць. Алкаголь прадаецца толькі ў нешматлікіх барах-рэстаранах ды ў гатэлях, дый яго яшчэ не кожнаму дазваляюць набыць.
Ну а які ж футбол без таго ж піваса? Асабліва пасля перамогі ўлюбёнай зборнай і перажытага стрэсу? Як той казаў, гэта нібыта шлюбная ноч без нявесты. У Досе гэта цудоўна разумеюць. І не могуць дапусціць, каб праз строгія правілы і «сухі закон» ад вандроўкі на ЧС адмовіліся дзясяткі тысяч заўзятараў з усяго свету. Таму, здзейсніўшы намаз, папрасіўшы прабачэння на Каране, мясцовыя ўлады ўсё ж паабяцалі дазволіць алкагольныя напоі ў грамадскіх месцах. Але не паўсюль, а толькі ў спецыяльна абсталяваных фан-зонах. Такі вось кампраміс паміж духоўным і матэрыяльным. Паміж сваімі прынцыпамі і чужымі пячонкамі.

Гамафобны скандал, які ФІФА вырашыла «не заўважыць»

5_443.jpg


Яшчэ адна тонкая тэма для мусульманскага Катара — правы прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. ФІФА праводзіць палітыку талерантнасці і выступае супраць любой дыскрымінацыі, але моцны ўдар па такой стратэгіі нанёс на пачатку лістапада афіцыйны амбасадар ЧС і былы катарскі футбаліст Халід Салман.
У інтэрв’ю нямецкаму тэлеканалу «ZDF» ён сказаў: «Каго толькі не будзе на чэмпіянаце... Давайце пагаворым пра геяў. Галоўнае, што яны могуць сюды прыехаць, іх прымуць, але яны павінны выконваць нашы правілы. Гэта — харам. Вы хочаце ведаць, чаму гэта забаронена? Я не самы прававерны мусульманін, але гомасексуальнасць прыносіць шкоду душы, прыводзіць да памутнення розуму».
На гэтым месцы, аслупянеўшы ад такой рыторыкі, карэспандэнты адразу перарвалі інтэрв’ю, але джын з бутэлькі ўжо вылецеў. Узнік буйны гамафобны скандал. Было шмат крытыкі ў еўрапейскіх медыя, заклікі байкатаваць ЧС, каля офіса ФІФА ў швейцарскім Цюрыху прайшлі акцыі пратэсту.
І што ў выніку? Нічога. ФІФА абрала за лепшае не рэагаваць на інцыдэнт. Пры гэтым раней Міжнародная федэрацыя футбола запэўніла, што аніякай дыскрымінацыі ЛГБТ-актывістаў у Катары не будзе. Нават вясёлкавыя сцягі дазволяць разгортваць, праўда, не на трыбунах стадыёна, а дзе-небудзь побач. Таксама капітаны некаторых еўрапейскіх каманд паабяцалі падчас гульняў насіць «антыдыскрымінацыйныя» павязкі з надпісам «One love» («Адно каханне»).


У Беларусі матчы чэмпіянату па ТБ не пакажуць



musorki_glavnaya.jpg


Здавалася б, дзе той Катар, а дзе злачынствы рэжыму Лукашэнкі — а вось табе і на: матчы чэмпіянату свету на Беларусь трансліравацца не будуць. Як правільна здагадаліся, прычыны ў санкцыях. Прапагандысцкая «Белтэлерадыёкампанія» — а менавіта яна была сталым бродкастарам вялікага футболу — спачатку (яшчэ ў 2021 годзе) была выключана з «Еўрапейскага вяшчальнага саюзу», а пасля пачатку вайны наўпрост папала пад абмежаванні. У выніку беларускія заўзятары не бачаць на канале ні Лігі чэмпіёнаў, ні іншага элітнага футбола.
Усё ідзе да таго, што не ўбачаць і трансляцый з Катара. Хаця нейкі адсотак на тое, што гульні ўсё ж пакажуць, варта пакінуць. Бо ці мала як будзе — вунь у Расіі на «Матч ТБ» матчы трансліраваць будуць. То, можа, і беларусам нешта перападзе. Бо надта ж вялікая гэта ганьба: увесь свет будзе заліпаць перад тэлевізарам, і толькі ў Беларусі ў праграме на гэты час пазначаны серыялы.
Але што рабіць беларускаму заўзятару, калі ЧС не пакажуць? Усё проста і складана адначасова: шукаць пірацкія трансляцыі ў сеціве. ФІФА, канешне, актыўна змагаецца за выкананне сваіх аўтарскіх правоў, але ў пэўным сэнсе гэта сізіфава праца: пірат заўсёды на крок наперадзе праваўладальніка. Таму чэмпіянат з Беларусі можна будзе глядзець — у дрэнненькай якасці, з рэкламай і завісаннем карцінкі… Але ж выбіраць у краіне позняга лукашызму не даводзіцца.

Лебядзіная песня Крышціяну Раналду і Месі



7_230.jpg


Ну і колькі слоў пра, уласна, футбол. У чэмпіянаце возьмуць удзел 32 зборныя. Ад дзеючых чэмпіёнаў свету — французаў, грунтоўных немцаў і запальных іспанцаў да паўднёва-амерыканскіх топаў бразільцаў і аргенцінцаў. Можна было б сказаць, што з’едуцца ўсе мацнейшыя, але нельга. Бо, напрыклад, дзеючыя чэмпіёны Еўропы, італьянцы, на мундзіяль не адабраліся — правалілі кваліфікацыю.
Не будзе ў Катары і шэрагу выбітных гульцоў. Не, гэта не байкот — гэта траўмы, без якіх у футболе не бывае. Так, Францыя не далічылася Поля Пагба і Н’Гола Кантэ, Партугалія — Дыега Жоты, Нідэрланды — Джарджыньё Вейналдума, Германія — Ціма Вернера… І гэта толькі частка з вялікага спісу страт.
Аднак колькасць футбольных селебрыці ўсё роўна будзе ў Катары зашкальваць. Адныя толькі Крышціяну Раналду і Ліанэль Месі чаго каштуюць — найлепшыя гульцы апошніх гадоў у сусветным футболе. Пры гэтым абодва ў гадах: для 37-гадовага партугальца КрыРо і для 35-гадовага аргенцінца Леа ЧС-2022 з вялікай верагоднасцю стане апошнім у кар’еры. То спяшайцеся іх убачыць — а разам з імі і іншых, бо кепскіх чэмпіянатаў свету па футболе проста не бывае.