Алімпіяда на носе, а беларусы не гатовыя. Ці будуць у нас медалі?
Некаторым з прэтэндэнтаў на алімпійскія ўзнагароды, зрэшты, яшчэ трэба пацвердзіць сваю «нейтральнасць».
Калі два гады таму міжнародныя федэрацыі масава адхілялі белспорт у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, паўставала пытанне аб тым, ці паедзе на Алімпіяду-2024 хоць нехта з краіны. Але час ішоў, атлетаў сталі дапускаць у нейтральным статусе — і сёння ў беларускіх спартсменаў ужо 19 алімпійскіх ліцэнзій, і гэта яшчэ не ўсё.
Пры гэтым колькасць беларускіх медалёў на летніх Гульнях няўхільна зніжаецца: 14 у Пекіне, 10 — у Лондане, 9 — у Рыа, 7 — у Токіа. А колькі можа быць у Парыжы? Разбіралася «Трыбуна».
Пакуль больш за ўсё беларускіх ліцэнзій — у дужанні: адразу сем. Адбор там просты: па пяць пуцёвак у кожнай катэгорыі разыгралі на ЧС-2023, па дзве — на чатырох рэгіянальных адборах (Еўропа, Азія, абедзве Амерыкі і Афрыка з Акіяніяй) плюс яшчэ тры — на сусветным адборы, які яшчэ не прайшоў, у адрозненне ад астатніх пералічаных спаборніцтваў.
Прэтэндэнткай на медалі адназначна варта лічыць Ванэсу Каладзінскую — яна ўзяла срэбра леташняга ЧС, плюс у яе ёсць бронза мінулых Гульняў, то-бок станоўчы досвед. Клас спартсменка пацвердзіла, выйграўшы ЧЕ-2024. Вось толькі яна зʼяўляецца сяброўкай «сілавога» таварыства «Дынама», а напрыканцы 2023-га рэжымныя стужкі навін стракацелі паведамленнямі пра ўзнагароджанне Каладзінскай як інструктара ў структуры «МУС» Лукашэнкі — а значыць, па допуску да Парыжа ёсць вялікія пытанні.
Можа прэтэндаваць на медалі і Ірына Курачкіна. Так, на ЧС-2023 яна саступіла дарогу да ліцэнзіі польцы Ангеліне Лысак, але на ЧЕ-2024 узяла ў суперніцы рэванш і выйграла турнір, а потым забрала пуцёўку на еўрапейскім адборы. Плюс у Курачкінай таксама ёсць алімпійскі поспех — срэбра Токіа. Зрэшты, яна таксама належыць да «Дынама».
20-гадовы дагестанец Абубакар Хаслаханаў прайграў схватку за бронзу ЧС-2023, але ўсё ж узяў пуцёўку на АГ у дадатковым матчы, а затым забраў бронзавы медаль ЧЕ-2024. Але барэц грэка-рымскага стылю ў выпадку трапляння на Гульні зноў будзе мець справу з больш вопытнымі супернікамі, так што шанцы на медалі ацэнім ніжэй, чым у жанчын.
Яшчэ чатыры «вольнікі» прабіліся на АГ праз еўрапейскі адбор — і верагоднасць іх узнагарод выглядае малой. Так, яшчэ адзін дагестанец Магамедхабіб Кадзімагамедаў браў срэбра АГ-2020, а цяпер стаў віцэ-чэмпіёнам ЧЕ-2024 — але свежая ўзнагарода ўзятая ў больш цяжкай вазе, чым алімпійская катэгорыя спартсмена. А яшчэ ён, як і Дзяніс Храмянкоў і Аляксандр Гуштын, стаў часткай беларускага правалу на ЧС-2023. Арыян Цютрын на тым турніры не выступаў, але паспяховы адбор на АГ — яго галоўны поспех за апошнія гады.
Шанцы ў плаванні праглядаюцца ў Іллі Шымановіча. Калі ўзяць сусветны рэйтынг плыўцоў па найлепшым часе з пачатку 2023-га, то ў Шымановіча на дыстанцыі 100 м брасам, дзе ёсць ліцэнзія на АГ, атрымаецца чацвёрты вынік — а там, глядзіш, нехта памыліцца. Зрэшты, тут трэба паказаць максімум у пэўны момант і беларускаму плыўцу. У Токіа з гэтым узніклі праблемы. У жанчын верагоднасць узяць медаль прывідная: Анастасія Шкурдай у аналагічным рэйтынгу 9-я на 200 м на спіне (наўрад ці ўсе суперніцы рэзка здадуць) і толькі 33-я на 100-метроўцы тым жа стылем, а Аліна Змушко стаіць 24-й у спісе на 100 м брасам.
У цяжкай атлетыцы ёсць верагоднасць медаля ў Яўгена Ціханцова, які на АГ-2020 увогуле не справіўся са штангай у штуршку. Па выніках адбору на Гульні-2024 Ціханцоў трапіў у групу з сямі лідараў — і толькі кітаец Лю Нанхуа далёка наперадзе па кілаграмах, а найлепшыя вынікі астатніх шасцярых уклаліся ў трохкілаграмовы прамежак, таму тут усё магчыма. На Гульні таксама адабраліся Эдуард Зязюлін і Сюзана Валадзько, але іх топавыя вагі на пару дзясяткаў кг меншыя, чым у троек найлепшых у іх катэгорыях — а ёсць яшчэ і супернікі з невялікай перавагай над беларускімі прадстаўнікамі, так што тут шанец на ўзнагароды практычна адсутнічае.
Магчымы медаль у чэмпіёна АГ-2020 батутыста Івана Літвіновіча. Падпісант за рэпрэсіі для адбору ў Парыж зʼездзіў на два этапы Кубка свету — і ў абодвух выпадках браў бронзы, застаючыся ў пратаколе за топавымі спартсменамі з Кітая, у чыіх прадстаўнікоў на апошніх дзвюх Алімпіядах не атрымлівалася ў вырашальныя моманты. Збіраецца на АГ і дзяўчына Літвіновіча Віялета Бардзілоўская, але яна на КМ і ў фіналы не выходзіла — пра шанцы на ўзнагароду тут гаварыць не выпадае.
Нязвыклы медаль свеціць у тхэквандо: натуралізаваны з Расіі асяцінец Георгій Гурцыеў у 2023-м стаў віцэ-чэмпіёнам свету, а ў 2024-м прайшоў еўрапейскую кваліфікацыю. Адзначым, што пераможца Гурцыева ў фінале ЧС-2023 карэец Пэ Чжун Со на АГ не патрапіў — прайграў унутраную канкурэнцыю ў зборнай.
На гэтым спіс прэтэндэнтаў на медалі з ліцэнзіяй на АГ заканчваецца — узнагароды відавочна не «свецяць» у акадэмічным веславанні (Яўген Залаты атрымаў пуцёўку за сёмае месца ЧС-2023), кулявой стральбе (Уладзіслаў Дземеш у пісталеце з 10 метраў узяў ліцэнзію на шостым даступным для еўрапейцаў адборы, то-бок у момант, калі ўсе наймацнейшыя пуцёўкі даўно ўжо мелі) і на велашасэ (у Беларусі адно жаночае месца па не такім ужо высокім рэйтынгу краіны). Але ёсць яшчэ віды, дзе дэ-юрэ ліцэнзій яшчэ няма, а шанцы — самыя рэальныя.
У першую чаргу гэта тэніс, дзе Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка ўжо не выпадуць з топ-56 рэйтынгу на 10 чэрвеня, па якім праводзяць адбор на Гульні. Аднак незразумела, ці пусцяць тэнісістак у Парыж, а ў выпадку Азаранка — ці патрэбная ёй увогуле Алімпіяда. Аднак Сабаленка складана не лічыць прэтэндэнткай на медалі — падпісантка за рэжым усё ж трымаецца другой у сусветным рэйтынгу. Праўда, у Парыжы для яе ёсць свае цяжкасці.
У лёгкай атлетыцы ўсё яшчэ незразумела, ці пусцяць беларускіх прадстаўнікоў на АГ ці не. Але калі ўсё-ткі будзе «зялёнае святло», ёсць каму працягнуць традыцыі ў кіданні молата: Аляксандр Шымановіч ужо двойчы за заліковы для Гульняў перыяд паслаў снарад за 80 метраў — так змаглі яшчэ толькі чатыры чалавекі, трое з якіх завочна абагналі Шымановіча толькі на пару дзясяткаў сантыметраў. У астатніх з тых беларускіх лёгкаатлетаў, хто, па факце, выканаў алімпійскі нарматыў, шанцы на медалі горшыя — іх па найлепшых выніках абганяюць шэсць і больш спартсменаў.
Разам мы налічылі дзевяць патэнцыйных медалістаў, але гэта пазітыўны прагноз. У рэальнасці будзе вельмі добрым паказнікам нават паўтарэнне выніку ў сем медалёў Токіа.
У якіх яшчэ відах беларускія атлеты могуць узяць пуцёўкі на АГ?
• у пентатлоне на свежым этапе Кубка свету пятае месца заняла маладая Марыя Гнедчык — калі так пойдзе і далей, яна можа прабіцца на АГ па агульным рэйтынгу, а калі не, то трэба будзе трапіць у топ-3 на ЧС у чэрвені, тады і пра алімпійскія медалі можна будзе пагаварыць;
• 8-9 траўня пройдзе сусветны адбор у веславанні на байдарках і каноэ — беларускім спартсменам даступны два класы лодак: ліцэнзіі даюць двум найлепшым у адзіночках і толькі пераможцам у двойках, поспех будзе дастатковай заяўкай на барацьбу за пʼедэстал АГ;
• на пачатку траўня адбудуцца еўраадбор і таксама кваліфікацыйны ЧЕ па стральбе з лука — але дагэтуль незразумела, ці будуць там удзельнічаць стралкі з Беларусі, а калі так, то ці толькі індывідуальна (за большасць пуцёвак пазмагаюцца каманды з трох чалавек, якія на саміх АГ выступяць і асабіста). Зрэшты, медалі Гульняў там у любым выпадку не «свецяць»;
• напрыканцы красавіка адбудзецца еўрапейскі, а ў траўні — сусветны адбор па акадэмічным веславанні, там можа ўзяць ліцэнзію ў «адзіночцы» Таццяна Клімовіч, але гэта не прэтэндэнтка на ўзнагароды Гульняў;
• у траўні пройдзе апошні, сусветны адбор у дужанні, але хто яшчэ там здольны «дабрацца» — ужо не зусім зразумела;
• на канец траўня запланаваны другі сусветны адбор у боксе — на першым было толькі два прадстаўнікі ад Беларусі, з кваліфікацыяй яны не справіліся;
• 22-26 траўня пройдзе ЧЕ па мастацкай гімнастыцы — там магла б узяць пуцёўку на АГ Аліна Гарнасько, але падпісантку за рэжым, як і ўсіх астатніх беларускіх гімнастак, не хоча бачыць на турніры еўрапейская федэрацыя, а альтэрнатыў гэтаму шляху адбору ўжо няма.