Шматвектарная дыпламатыя, або Давайце жыць дружна

Арыентацыя рэжыму на Расію прывяла нас да вайны і міжнароднай ізаляцыі, а разлік дэмсіл на ЕС і санкцыі таксама не дае чаканага выніку. Выглядае на тое, што беларусам дапаможа толькі нейтралітэт.

horad__kz_scjah_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg

Спярша, як у п'есе, прадстаўленне дзеючых асоб. 

Унутры краіны, зразумела, толькі адзін палітычны актар, а вось за мяжой ад імя Беларусі, акрамя Аляксандра Лукашэнкі і яго дыпламатыі, выступае Святлана Ціханоўская з дэмакратычнымі сіламі.

Цяпер пра нацыянальныя інтарэсы. Яны патрабуюць ад знешнепалітычнага курсу фармальна няшмат: забяспечваць бяспеку, суверэнітэт і дабрабыт, а таксама спрыяльныя ўмовы для развіцця Беларусі і беларусаў ва ўсіх станоўчых сэнсах, піша Павел Мацукевіч у сваім ТГ-канале. Для гэтага знешняя палітыка павінна ўлічваць асаблівасці Беларусі. Спіс галоўных асаблівасцей можна звесці да геаграфіі, эканомікі і грамадскага запыту. 

Праклятае месца?

Геаграфічная асаблівасць — ключавая. Яна дае падставу згадаць былога міністра замежных спраў Сяргея Мартынава і яго фармулёўку місіі нацыянальнай знешняй палітыкі: Геаграфія была ў гісторыі Беларусі праклёнам з-за шматлікіх чужых войнаў, і задача дыпламатыі ў тым, каб ператварыць гэты праклён у дабраславенне, таму што, з іншага боку, геаграфічнае становішча Беларусі дае масу магчымасцей.

Гаворка пра тое, што геаграфічнае становішча адводзіць Беларусі важную ролю, напрыклад, у глабальным праекце Кітая «Адзін пояс, адзін шлях». Калі б Лукашэнка ў 2020 годзе прыняў волю народа і сышоў на пенсію або ў апазіцыю, то індустрыяльны парк «Вялікі камень», які з'яўляецца самай буйной замежнай зонай эканамічнага развіцця Кітая, меў бы шанцы стаць кітайскімі варотамі ў Еўропу. І гэта ў інтарэсах Беларусі. 

Палітыка дзеючых уладаў канкрэтна гэтыя інтарэсы не забяспечвае, а лінія дэмсіл на санкцыйны ціск — пагатоў.


Глядзіце таксама

Санкцыі ў прынцыпе супярэчаць нацыянальным інтарэсам. Тым не менш, з Аб'яднанага пераходнага кабінета гучыць настойлівы заклік да Польшчы перакрыць чыгуначныя зносіны з Беларуссю з (наіўным) разлікам падключыць Кітай да ціску на Мінск. Праз Брэст праходзіць адзін з ключавых кантэйнерных чыгуначных маршрутаў з Кітая ў Еўропу. На яго долю прыпадае прыкладна 2-3% агульнага гадавога тавараабароту паміж КНР і ЕС.

А яшчэ праз Беларусь праходзяць два з дзесяці еўрапейскіх транспартных калідораў, два транскантынентальныя нафта- і газаправоды, якія вядуць з Расіі ў Еўрапейскі Саюз — нафтаправод «Дружба» і газаправод «Ямал-Еўропа». У беларускіх інтарэсах, каб усе гэтыя артэрыі ажылі. Ад Беларусі ў гэтай справе цяпер як быццам мала што залежыць, хоць як сказаць — можна гуляць на павышэнне канфрантацыі паміж Захадам і РФ, а можна шукаць магчымасці для зніжэння. Варыянт яднання з Расіяй, які рэалізуюць улады, ці наадварот з ЕЗС, які дэкларуюць дэмсілы, задачу не развязвае.

Паласа непераадольных перашкод

Адметнасць беларускай эканомікі, з якой павінна лічыцца дыпламатыя, заключаецца ў тым, што яна арыентуецца на экспарт і таму надзвычай залежыць ад замежных рынкаў. Гэта азначае, што ў інтарэсах Беларусі мець максімальна спрыяльныя ўмовы для гандлю з усімі, без выключэння, партнёрамі. Такімі ўмовамі з'яўляюцца інтэграцыя ў сусветную эканоміку, бесперашкодны доступ на рынкі замежных дзяржаў.

Канфлікт з усімі суседзямі, акрамя Расіі — відавочна не тое, што забяспечвае гэтыя ўмовы і нацыянальныя інтарэсы. А гэта прамы вынік дзеянняў уладаў. Страчаныя ўсе выхады да мора, акрамя расійскіх, і нават супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі пастаўлена ў залежнасць ад беларуска-расійскіх адносінаў. 

Дэмсілы зрабілі стаўку на еўраінтэграцыю, якая ў выпадку рэалізацыі можа прывесці да канфрантацыі з Расіяй, а значыць, калі працягваць лагістычную тэму, да страты доступу да транзітных магчымасцей РФ. Што таксама балюча і таксама не ў інтарэсах Беларусі. Выходзіць, што і тут па нулях.

Хоць, вядома, парты краін Балтыі больш выгадныя для Беларусі: забяспечваюць больш кароткае транспартнае плячо ў параўнанні з РФ і прыстасаваныя для перавалкі асноўных экспартных пазіцый лепш за расійскія.


Глядзіце таксама

Аднак спектр магчымых праблем з Расіяй не вычэрпваецца лагістычнымі. Калі расійскі рынак змог кампенсаваць Беларусі еўрапейскі, то ў адваротны бок схема замяшчэння аўтаматычна не спрацуе. Праблема ў тым, што практычна ўвесь беларускі прамысловы і сельскагаспадарчы экспарт у РФ непраходны на еўрапейскі рынак і без нейкіх надзвычайных мер падтрымкі і льгот наўрад будзе там канкурэнтным. 

Беларусь уваходзіць у дваццатку найбольш энергазалежных краін свету. Гэта азначае, што знешняя палітыка павінна забяспечваць выбар крыніц паставак энергарэсурсаў. Улады такога выбару не маюць — імпартуюць толькі расійскія, праўда, па кошце ніжэй за рынак, і спрабуюць дамагчыся яшчэ лепшых цэнавых умоў (смаленскіх коштаў).

Еўрапейскі выбар дэмсіл патэнцыйна як быццам вырашае праблему некаторай дыверсіфікацыі, можа адкрыць дарогу да даўніх мар накшталт Балта-Чарнаморскага калектара. Магчыма, нават атрымаецца зняць палітычны байкот на куплю электраэнергіі Беларускай АЭС, які ўвялі краіны Балтыі. Аднак верагоднай цаной усіх гэтых выгод стане адмова ад расійскіх энергарэсурсаў. Між тым, РФ па многіх крытэрыях (дастаўка, кошт, інфраструктура) з'яўляецца самай аптымальнай крыніцай нафты і газу для Беларусі, і захаванне доступу да яе разам з альтэрнатывамі — у нацыянальных інтарэсах. Так што зноў па нулях.

Раскоша мяняць партнёраў

Адпаведнасць знешняй палітыкі грамадскаму запыту ацэньвае нядаўні даклад «Якую Беларусь хочуць беларусы?». Выснова такая: ні Лукашэнка, ні дэмакратычны рух не ў стане прапанаваць дружалюбных адносінаў з Захадам і Расіяй, якіх жадаюць беларусы. 

Вайна, як паказваюць сацапытанні, не змагла кардынальна змяніць грамадскую думку ў Беларусі, што трэба развіваць абодва вектары. Тым не менш, яна (вайна) падштурхнула дэмсілы вызначыцца са сваім. Хоць замена расійскага вектара на еўрапейскі, пра што ў гэтым выпадку гаворка, не кампенсуе ўсе выдаткі сыходу Беларусі ад Расіі, не санкцыянаванага Крамлём. Не кажучы пра рызыкі ваеннага ўварвання.

Само па сабе наладжванне адных адносінаў коштам іншых — такі сабе варыянт дыпламатыі. Для Беларусі гэта і зусім недазваляльная раскоша. Нават улады, чые дзеянні ўжо прывялі да вельмі адчувальнай страты адносінаў з Украінай, ЕС і не толькі, разумеюць гэта. Таму не хочуць адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Захадам і рэгулярна дэкларуюць зацікаўленасць. Праўда, яны не робяць пры гэтым ніякіх крокаў, каб гэтае супрацоўніцтва размарозіць, разлічваючы, мабыць, што заходнія партнёры адумаюцца і першымі прыйдуць за перамоўны стол.

Разлік не сказаць каб беспадстаўны. Ужыванне ранейшых інструментаў ціску дало сумнеўны эфект: узмацніла залежнасць ад Расіі, паставіўшы пад пагрозу незалежнасць Беларусі. Хтосьці ўскладае ўсю віну за гэта на Лукашэнку, лічачы, што ў яго ёсць выбар, і фармальна ён у яго сапраўды ёсць: пайсці на саступкі і праз гэта пачаць нармалізацыю адносінаў з Захадам. 


Глядзіце таксама

Аднак у беларускіх прадпрыемстваў і галін, якія трапілі пад санкцыі, такога выбару няма. Яны ў закладніках улады, якая не жадае мяняць палітыку, і дэмсіл, якія асацыююць дзяржпрадпрыемствы, асабліва флагманы, з рэжымам. У гэтых умовах прадпрыемствы (і дзяржаўныя, і прыватныя) вырашаюць задачу, як выжыць за кошт Расіі і альтэрнатыўных рынкаў, а таксама абыходу санкцый, дзе ён магчымы.

У інтарэсах Беларусі, каб альтэрнатыўныя рынкі і шчыліны захоўваліся, інакш адбудзецца поўнае замыканне на Расіі. Якая ад гэтага карысць дэмакратычнай справе і беларускім інтарэсам — незразумела. 


Глядзіце таксама

Лукашэнка, зноў жа, не спяшаецца пад ціскам карэктаваць сваю лінію, каб коштам нязначных саступак (вызвалення палітвязняў, напрыклад) змякчыць санкцыйныя ўмовы. Аднак улады дапамагаюць прадпрыемствам з пошукам альтэрнатыў і лагістыкай. Дэмсілы, наадварот, шукаюць магчымасці нарасціць ціск і зацыраваць санкцыйныя дзіркі. У выніку і ў гэтым усё тая ж бессэнсоўная гульня з нулявой сумай. 

Такім чынам, адказ на пытанне, чыя дыпламатыя бліжэй да нацыянальных інтарэсаў, — выходзіць, што нічыя. Адказнасць у любым выпадку на Лукашэнку. Прасоўваць нацыянальныя інтарэсы —канстытуцыйны абавязак улады. У яе руках фактычны кантроль над сітуацыяй і магчымасці праводзіць курс куды больш сугучны інтарэсам Беларусі, чым ёсць.