Туск: Затрыманы беларус, які працаваў на расійцаў і замовіў забойства паплечніка Навальнага

Таксама ў Польшчы затрыманы патэнцыйны забойца прэзідэнта Зяленскага.

Дональд Туск (Фота: Francois Lenoir / Reuters)

Дональд Туск (Фота: Francois Lenoir / Reuters)

18 красавіка Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла аб затрыманні чалавека, які падазраецца ў гатоўнасьці дзейнічаць на карысьць спецслужбаў РФ. Грамадзяніну Польшчы Паўлу К. прад'яўлена абвінавачаньне.

 «У яго задачы ўваходзіў збор і перадача вайсковай выведцы Расійскай Федэрацыі інфармацыі аб бяспецы аэрапорту Жэшаў-Ясёнка.

Гэта павінна было, у тым ліку, дапамагчы расійскім спецслужбам спланаваць магчымы замах на кіраўніка замежнай дзяржавы — прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага», — паведаміла пракуратура.

Сёння, 19 красавіка, у Польшчы затрымалі двух падазраваных у нападзе на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава, паплечніка Аляксея Навальнага, паведаміла Цэнтральнае следчае бюро.

Невядомыя напалі на Леаніда Волкава 12 сакавіка каля ягонага дома ў Вільні. Волкаву ў вочы распылілі газ і білі яго малатком, перад гэтым разбіўшы шкло ў яго аўтамабілі.

Затрыманыя з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы, паведаміў прэм'ер-міністр Дональд Туск.

Леанід Волкаў пасля нападу ў Вільні. Фота Івана Жданава

Леанід Волкаў пасля нападу ў Вільні. Фота Івана Жданава

«Патэнцыйны забойца прэзыдэнта Зяленскага, паляк, які дзейнічаў у супрацоўніцтве з расійскімі службамі, быў арыштаваны 2 дні таму.

Затрыманы беларус, які працаваў на расійцаў і замовіў двум палякам забойства паплечніка Навальнага», — напісаў кіраўнік урада. 

Глядзіце таксама

Непасрэдныя выканаўцы злачынства таксама знаходзяцца пад вартай. Паводле Туска, яны звязаныя з коламі фанатаў «Ультрас» (арганізаваныя групы спартовых заўзятараў).

«Ніякай паблажлівасці для супрацоўнікаў расійскіх службаў не будзе», — падкрэсліў Туск.

«Усякую здраду і спробу дэстабілізацыі мы будзем выпальваць жалезам», — заявіў прэм'ер-міністр.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа абмеркаваў затрыманне з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай. Паводле яго слоў, затрыманых хутка перададуць уладам Літвы.