Зыгмунд Мінейка. Герой двух народаў
27 снежня 1925 года ў Грэцыі памёр ураджэнец Ашмяшчыны Зыгмунд Мінейка. Ён кіраваў паўстаннем 1863-1864 гадоў у Ашмянскім павеце. Збег з катаргі ў Сібіры і выправіўся за мяжу. Ганаровы грамадзянін Грэцыі, яго дачка Зоф’я — жонка прэм'ер-міністра Грэцыі Георгіяса Папандрэу-старэйшага. Унук Андрэас Папандрэу і праўнук Георгіяс Папандрэу-малодшы таксама ў розны час ачольвалі ўрад Грэцыі.
Урывак з артыкула «Лёсы паўстанцкіх камандзіраў»
Заможныя бацькі хацелі даць сыну Зыгмунту добрую адукацыю. Малады Мінейка паступіў у Пецярбургу ў адну з самых прэстыжных навучальных устаноў Расійскай імперыі — Акадэмію генеральнага штаба — і павінен быў стаць вайсковым інжынерам. Але юнак хутка далучыўся да вызвольнага руху. Прыязджаючы на вакацыі ў бацькоўскі маёнтак Балванішкі (цяпер Зялёны Бор) на Ашмяншчыне, сталічны студэнт сустракаўся з аднадумцамі, марыў пра будучае паўстанне ды імкнуўся стаць патрэбным не расійскаму войску, а паняволенай Айчыне. Хутка ён вымушаны быў пакінуць навучанне і вярнуцца ў родныя мясціны.
Пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, Зыгмунт вандраваў па вёсках: разносіў і чытаў сялянам антыўрадавыя ўлёткі. Паліцыя зацікавілася незвычайным падарожнікам, і ён, каб не трапіць пад арышт, з’ехаў за мяжу. У Італіі Мінейка пазнаёміўся з Джузэпе Гарыбальдзі, быў запрошаны выкладаць фартыфікацыю ў Генуэзскую вайсковую школу, якую заснаваў гэты знакаміты рэвалюцыянер.
Дачуўшыся, што на землях Літвы-Беларусі ўспыхнула паўстанне, Зыгмунт выправіўся на радзіму і стварыў ашмянскі аддзел ваяроў. Каланізатары добра памяталі, як гераічна змагалася за свабоду Ашмяншчына ў 1831 годзе. Тады паўстанцы занялі Ашмяны, за што потым расійскія карнікі выразалі там палову жыхароў. Баючыся страціць мястэчка і цяпер, улады паслалі супроць некалькіх дзясяткаў нашых ваяроў моцныя армейскія сілы. Змагары пацярпелі паражэнне, а іх камандзір апынуўся ў палоне.
Мінейку чакала пятля расійскага ката. Але прага Мураўёва-вешальніка да грошай была такой бязмежнай, што Зыгмунтавай маці пашанцавала выкупіць сынава жыццё за дзевяць тысяч рублёў. Павешанне замянілі на дванаццаць гадоў катаржнай працы на сібірскіх капальнях. Мінейка не скарыўся: ён уцёк з Сібіры і здолеў дабрацца да Еўропы. Яго інжынерныя веды былі высока ацэнены ў Галандыі і Францыі, Балгарыі і Турцыі, але сваёй другой радзімай былы беларускі паўстанец абраў Грэцыю.
На старажытнай грэчаскай зямлі Зыгмунт Мінейка будаваў масты і чыгункі. Ён паспяхова займаўся археалогіяй і знайшоў славуты храм Зеўса ў Дадоне. Наш суайчыннік удзельнічаў у аднаўленні Алімпійскіх гульняў. Ён рэстаўрыраваў легендарны Мармуровы стадыён у Афінах, які стаў сімвалам першых сучасных Гульняў 1896 года. За вялікія заслугі ўрад Грэцыі надаў Мінейку званне ганаровага грамадзяніна гэтай краіны.