«Звычайнай з'явай былі масавыя рэпрэсіі». Да 17 верасня прапаганда спрабавала дэманізаваць палякаў, а ў выніку зрабіла чарговы самастрэл

Да так званага «Дня народнага адзінства» афіцыйная прапаганда падрыхтавала традыцыйныя пужалкі з жыцця «пад польскімі панамі». Што праўда, гучаць гэтыя радкі на дзіва сучасна, калі замяніць «польскія» на «лукашэнкаўскія», а «паланізацыю» на «русіфікацыю».

Ілюстрацыйная выява: dialog.ua

Ілюстрацыйная выява: dialog.ua

Так званы Дзень народнага адзінства быў уведзены 7 чэрвеня 2021 года адпаведным указам Лукашэнкі. Дзень, калі, у выніку дамовы паміж Сталіным і Гітлерам, часткі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, прапаганда прасоўвае як «трыюмф гістарычнай справядлівасці».

«Жорстка пераследавалася беларуская прэса. Часта праводзіліся судовыя палітычныя працэсы...»

У сваёй традыцыйнай вераснёўскай тырадзе Лукашэнка заявіў: «17 верасня 1939 года здзейснілася адвечнае імкненне беларусаў жыць на сваёй тэрыторыі адзінай сям'ёй у міры і згодзе. З тых часоў мы засвоілі ісціну: каб заставацца незалежнымі, трэба быць моцнымі эканамічна, палітычна і духоўна»/ Мяркуючы па тым, што краіна пад ягоным кіраўніцтвам трапіла ў поўную «эканамічную, палітычную, духоўную» залежнасць ад Масквы – «ісціну» засвоілі не надта добра.

Прапагандысты агенцтва Белта не забыліся нагадаць з нагоды «свята» пра жахі жыцця «пад палякамі». Што праўда, гучаць гэтыя радкі на дзіва сучасна, калі замяніць «польскія» на «лукашэнкаўскія», а «паланізацыю» на «русіфікацыю». Чытаем: «У адносінах да беларусаў польскія ўлады праводзілі палітыку паланізацыі і асіміляцыі. Яны не дазвалялі выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, забаранялі беларускія школы. З 400 беларускіх школ, што існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да польскай акупацыі, у 1934 г. засталося толькі 16, а ў 1939 г. не засталося ніводнай».

Шаноўныя аўтары, вядома, не раскажуць пра татальную маргіналізацыю беларускай мовы пры Лукашэнку. Што да школ – паводле звестак зборніка «Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь у лічбах за 2022 год», толькі 9,5% беларускіх школьнікаў навучаліся на беларускай мове.

А далей зусім ужо дзівосныя падабенствы: «Жорстка пераследавалася беларуская прэса. Калі ў 1927 годзе легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1932-м іх стала 8, да 1937 года засталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. У Заходняй Беларусі не было беларускіх тэатраў і музычных установаў. Улады знаходзілі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні». Ну проста ўсё як у сённяшняй Беларусі. Асцярожна, спадары прапагандысты, такімі відавочнымі алюзіямі можна збіць з панталыку самых зацятых сваіх прыхільнікаў.

Глядзіце таксама

«Галоўным метадам кіраўніцтва польскага ўрада было прымус, а часта і тэрор. Звычайнай з'явай былі масавыя рэпрэсіі паліцыі ў стаўленні насельніцтва падчас карных экспедыцый па ўціхамірванні сялянскіх паўстанняў. Часта праводзіліся судовыя палітычныя працэсы. Для ізаляцыі грамадска небяспечных элементаў» выкарыстоўваліся турмы».

Нямая паўза, цяжкі ўздых. Для пратакола толькі пазначым, што у сённяшняй, лукашэнкаўскай Беларусі, за кратамі па палітычны матываваных абвінавачваннях знаходзяцца як мінімум 1349 чалавек. А ад пачатку пратэстаў 2020 года праз карную сістэму прайшлі прынамсі 65 000 беларусаў (паводле дадзеных праваабаронцаў ПЦ «Вясна»).

Прапагандысты не спыняюцца: «Беларускі народ ніколі не мірыўся са сваім прыгнечаным становішчам. На працягу 20 гадоў ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, якая ў розны час прымала розныя формы, але ніколі не спынялася». Святыя словы, толькі памыліліся з лічбамі. Наш народ вядзе барацьбу не 20, але больш за 200 гадоў, пачынаючы ад паўстання Касцюшкі ў 1794 годзе і сканчваючы сённяшнім змаганнем, якое не цягнецца ўжо прынамсі 4 гады, прымаючы, як вы трапна адзначылі, розныя формы.

Байцы інфармацыйнага фронту Лукашэнкі робяць адчайныя спробы дэманізаваць не толькі тагачасную, але і сённяшнюю Польшчу. Адыёзны «кандыдат гістарычных навук» Вадзім Гігін не спыняецца пэцкаць сваю рэпутацыю на старонках СБ: «Кіруючыя колы Польшчы самі павялі наступленне не толькі на нашу гістарычную памяць, але і на саму дзяржаўнасць Беларусі. Штораз афіцыйная Варшава падтрымлівала розныя антыдзяржаўныя кампаніі. На польскай тэрыторыі былі створаны падрыўныя прапагандысцкія рэсурсы. «…» Мяжа была пяройдзена ў 2020 годзе. Варшава стала адным са фундатараў і завадатараў спробы дзяржаўнага перавароту. Больш за тое, там разглядалася пытанне аб прамым узброеным умяшанні», – адкравенна хлусіць Гігін.

У той жа час, як запэўнівае Белта, «МЗС Беларусі сабрала па ўсім свеце віншаванні з Днём народнага адзінства». Кажуць, што «відэапаштоўкі прыйшлі з больш як 35-ці краін», у ліку якіх нібыта ЗША, Францыя і Польшча. Чамусьці самі «відэапаштоўкі» простаму люду не дэманструюць, прапануюць верыць на слова. А «віншаванне» з Польшчы паглядзець было б вельмі цікава.

Глядзіце таксама

Свята адзінства з Гітлерам

Супрацы з Гітлерам прапагандысты Белта не хаваюць, але робяць няўцямныя спробы за гэта апраўдацца. Прадставіць такую супрацу як быццам лагічную, адзіна правільную. А вінаватыя ва ўсім, паводле прапагандыстаў, як нескладана здагадацца, «вядучыя еўрапейскія краіны». Не верыце? Глядзім па тэксце:

«У канцы 1930-х гадоў пагроза вайны, якая зыходзіла ад нацысцкай Германіі, навісла над усёй Еўропай. Каб прадухіліць яе, патрэбны былі сумесныя дзеянні вядучых краін Заходняй Еўропы і СССР. Разумеючы гэта, Савецкі Саюз у другой палове 1930-х гадоў распачаў шэраг спроб стварыць сумесна з Вялікабрытаніяй, Францыяй і іншымі заходнімі краінамі антыгітлераўскую кааліцыю. Аднак вядучыя еўрапейскія дзяржавы адмовіліся ад такога саюза, употай імкнучыся накіраваць гітлераўскую агрэсію на ўсход. Савецкі Саюз апынуўся перад выбарам: або прадоўжыць супрацьстаянне сам-насам з Германіяй, якая набірае ваенную моц, або зрабіць спробы дыпламатычным шляхам адвесці ад сябе пагрозу. У такіх умовах СССР заключыў з Германіяй Дагавор аб ненападзе, які быў падпісаны 23 жніўня ў Маскве».

Ужо праз 3 тыдні пасля такой «дыпламатыі», і праз 16 дзён пасля Гілера, саветы радасна ўвайшлі ў Польшчу. А 22 верасня 1939 савецкія і нямецкія войскі адзначылі заваёву Польшчы сумесным ваенным парадам у Брэсце. Дык ці варта святкаваць падобнае адзінства?