Што знайшлі на Менцы: гісторык Малікаў супраць афіцыйнай версіі
Фігура цмока, крука, а можа… барана? У любым выпадку сенсацыйная знаходка археолагаў на гарадзішчы Менка адлюстроўвае магічную логіку нашых продкаў, якая, калі гіпотэза Яўгена Малікава слушная, захоўвалася стагоддзямі.
Ужо некалькі год археалогію Беларусі ўзбагачаюць навіны з раскопак гарадзішча на рацэ Менка, якое навукоўцамі абгрунтавана лічыцца першапачатковым месцам узнікнення горада Мінска, «прота-Мінскам», піша Мова Гомель.
Беларускія СМІ 5 ліпеня абляцела чарговая сенсацыйная навіна: разбіраючы для кансервацыі канструкцыі драўляных клецяў, знойдзеных падчас раскопак абарончага вала гарадзішча на Менцы, спецыялісты па кансервацыі дрэва гомельскага прадпрыемства «Транс-цэнтр» выявілі на адным з бярвёнаў зааморфную фігуру.
Гэтай драўлянай скульптурнай выяве — каля тысячы гадоў, і гэта сапраўды сенсацыя для Беларусі, бо такіх фігур такога часу ў краіне болей не знаходзілі.
Першым пра гэта напісала расійскае выданне SPUTNIK. Згодна яму, загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч паведаміў, што гэтая скульптура выразана на спецыяльнай частцы канструкцыі, якая як крук падпірала знешнюю сцяну клецяў і была засыпана зямлёй так, што яе ніхто не бачыў.
Таксама ён удакладніў, што «Сёння спецыялісты ў Гомелі пачалі адмываць часткі драўляных клецяў і выявілі зааморфную фігуру — гэта можа быць цмок або іншая жывёла, у якой ёсць дзюба».
У матэрыялах прыводзяцца фотаздымкі гэтай сенсацыйнай знаходкі, аднак нават пры павярхоўным іх разглядзе выклікае заканамерныя сумневы інтэрпрэтацыя археолага адносна выяўленай фігуры — «цмок або іншая жывёла, у якой ёсць дзюба».
Аднак гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў лічыць, што не трэба валодаць асаблівымі навыкамі, каб ідэнтыфікаваць выяўленую скульптуру як відавочную галаву барана, з характэрнай выцягнутай мордай і закручанымі рагамі. У версіі пра цмока археолаг, праўдападобна, выдаў жаданае за сапраўднае.
Мабыць, пры першасным аглядзе скульптуры зблізку яе закручаныя рогі, відочныя на фотаздымках, былі прыняты за круглыя вочы і адпаведна сама завостраная форма галавы барана – за дзюбу.
Цікава было б таксама даведацца, дзе менавіта і як канкрэтна было размешчана гэтае бервяно з круком — галавой барана. Спадзяемся, археолагі паспелі гэта дакладна зафіксаваць да разбору клецей па бярвёнах.
Узнікае заканамернае пытанне, навошта ж было рабіць гэтую скульптурную выяву на выключна тэхнічнай частцы ўнутранай канструкцыі землянога вала і закопваць яе ў зямлю?
Відавочнага лагічнага адказу няма, але мы маем ужо адзін падобны прыклад, агульнавядомы ў гісторыі і архітэктуры Беларусі, які знаходзіцца ўсяго ў 80 кіламетрах на паўднёвы захад ад гарадзішча на Менцы, хоць і пазнейшы за яго па часе ўзнікнення прыблізна на 500 гадоў — гэта ўсім нам добра вядомы Мірскі замак.
У час любой экскурсіі па Мірскаму замку кожны экскурсавод абавязкова паказвае на знешняй паверхні паўднёвай сцяны замка камень, які моцна выступае з яе плоскасці. Форма каменя нагадвае галаву барана, хоць і моцна пабітую выпрабаваннем часу.
Пра тое, што гэта не выпадковая будаўнічая хіба, а адмысловая задума стваральнікаў замка, сведчыць не толькі форма каменя, але і той значны аб’ём, на які ён выступае з плоскай сцяны. Фактычна гэта трохмерная скульптура, якая змешчана на абсалютна роўнай паверхні цаглянай сцяны. Іншай падобнай тэхнічнай «неахайнасці» на сценах Мірскага замка больш няма.
Мірскі замак быў узведзены ў пачатку ХVI стагоддзя (найбольш праўдападобна ў 1506-1508-я гады) з цэглы і прыродных валуноў у готыка-рэнесансным стылі як прыватнаўласніцкая рэзідэнцыя для буйнога магната Вялікага княства Літоўскага Юрыя Іллініча. Спецыфіка мацавання названага каменя-галавы барана паказвае, што ён быў змешчаны яшчэ ў час будаўніцтва замка.
Што ж мы маем па выніку?
А ў выніку мы маем тое, што на амаль адной і той жа тэрыторыі (80 км тут абсалютна не маюць значэння) у знешнюю абарончую драўляна-земляную сцяну-вал гарадзішча на Менцы Х — першай паловы ХІ стагоддзяў і ў каменную сцяну замка ў Міры пачатку ХVI стагоддзя нашы продкі ўбудоўвалі скульптурныя выявы галавы барана. Выпадковасць?
Можа быць, але падаецца, што гэта ўсё-такі сведчанне нейкіх вельмі старажытных уяўленняў нашых продкаў пра дадатковыя магічна-рытуальныя спосабы ўмацаваць свае абарончыя збудаванні. Тое, што паміж імі прыкладна 500 гадоў, розніцы па ўзросце сведчыць аб існаванні невядомых сёння нам і незахаваных да нашага часу таксама і іншых спосабаў перадачы гэтых уяўленняў, пэўнай культурна-архітэктурнай традыцыі.
Пра натуральную супрацьударную трываласць ілба бараноў здаецца лішнім казаць. Але вось пра антычную традыцыю афармляць працоўную частку сценабітных таранаў бронзавым наканечнікам у выглядзе галавы барана прыгадаць варта. Факт настолькі агульнавядомы, што нават увайшоў у ІІІ том энцыклапедычнага даведніка Бракгаўза і Эфрона, выдадзеным у 1891 годзе (с. 37): «Баранъ или таранъ — орудіе, употреблявшееся въ древнія времена для производства проломовъ въ крепостныхъ стѣнахъ. Оно состояло изъ толстаго, крѣпкаго бревна съ металлическимъ наконечникомъ, имѣвшимъ большею частью видъ бараньей головы».
Не думаю, што старажытныя жыхары цэнтральнай Беларусі добра ведалі апісанні сценабітных механізмаў у антычных аўтараў, больш праўдападобна, што яны карысталіся агульнапрынятымі ў той час уяўленнямі, якія вобразна пераасэнсоўваліся пад свае канкрэтныя патрэбы. Логіку магічнага мыслення нашых продкаў перадае вось гэты, няхай і карыкатурны, але па сваёй сутнасці вельмі дакладны малюнак з прастораў інтэрнэту.
Дарэчы, параўнанне пералічаных «скульптурных баранаў» дзейнічае ў абодва бакі: знаходка драўлянай скульптуры ў абарончай сцяне гарадзішча на Менцы цяпер не пакідае ніякіх сумневаў, што на сцяне Мірскага замка змешчана каменная скульптура галавы менавіта барана, і гэта не візуальная ілюзія, а яшчэ пазнавальны, хоць і моцна пашкоджаны часам, рэальны вобраз.