Росквіт сучаснай дэмакратыі: рыцары і гараджане на роўных у парлямэнце з 1265 года

Парлямэнт 1265 года ў Англіі стаў рэвалюцыйным. У яго склад упершыню ў гісторыі ўвайшлі не толькі шляхта і духавенства, але і прадстаўнікі гарадоў і мястэчак – мяшчане. Дзякуючы французу Сымону дэ Манфору Англія і сусьветная дэмакратыя атрымалі тое, чым жывуць і сёньня, праз амаль 760 гадоў. 

Сымон дэ Манфор

Сымон дэ Манфор

Значэньне парлямэнту Сымона дэ Манфора заключаецца збольшага не ў яго непасрэдных палітычных выніках, але ў трывалай спадчыне. Прынцыпы прадстаўніцтва і падсправаздачнасьці, якія мы сёньня часта прымаем як належнае, могуць прасачыць свае зародкавыя формы да менавіта гэтай асамблеі далёкага ХІІІ стагодзьдзя.

Што ж там адбылося ў сярэднявеччы?

Англія пры каралі Генрыху III была клясычнай феадальнай сярэднявечнай дзяржавай. Нагадаем, на нашых землях толькі-толькі ўзьнікла Вялікае Княства Літоўскае, гэта быў час Міндоўга (нашага першага і адзінага караля дзяржавы), яго сына Войшалка і ўласных інтрыгаў.

Глядзіце таксама

У Англіі ж Генрых III узышоў на трон у дзевяцігадовым узросьце пасьля Першай баронскай вайны, якая была выкліканая спрэчным кіраваньнем яго бацькі, караля Джона, і наступным падпісаньнем Вялікай хартыі вольнасьці ў 1215 годзе. Гэты гістарычны дакумэнт заклаў фундамэнтальныя канцэпцыі абмежаванай манархічнай улады і вяршэнства закона.

Працяглае праўленьне Генрыха (а гэта цэлая эра 1216 – 1272 гадоў) было адзначана серыяй сур’ёзных канфліктаў. Яго амбіцыйныя праэкты былі азмрочаныя дрэнным кіраваньнем фінансамі каралеўства і вечнай праблемай людзей на чале дзяржавы — фаварытызмам адносна замежных сваякоў і хаўрусьнікаў. Гэта прывяло да росту незадаволенасьці ангельскіх баронаў, якія пакутавалі ад цяжкіх падаткаў, несправядлівага правасуддзя і, як меркавалася, адсутнасьці зацікаўленасьці караля ў вырашэньні штодзённых справаў каралеўства.

Генрых ІІІ шукае падтрымкі французскака караля Людовіка ІХ

Генрых ІІІ шукае падтрымкі французскака караля Людовіка ІХ

У гэтым коле незадаволенасьці ўзьнік Сымон дэ Манфор — асоба, якая сур’ёзна зьменіць ход ангельскай гісторыі. Дэ Манфор, які нарадзіўся ў Францыі ў 1208 годзе, паходзіў з роду французскай шляхты. Яго бацька, якога таксама звалі Сымон дэ Манфор, быў вядомы сваёй адважнай роляй у крыжовых паходах. Сымон-малодшы быў засяроджаны на нутраных справах Англіі.

Яго ўласнае жыцьцё ў Англіі зьмянілася пасьля яго шлюбу з Элеанорай, сястрой караля Генрыха III, у 1238 годзе. Гэты зьвяз узвысіў яго ў найвышэйшыя шэрагі ангельскай арыстакратыі, кароль надаў яму тытул графа Лэстэра. Але праз кароткі час адносіны дэ Манфора з каралём пачалі псавацца праз пытаньні кіраваньня і вонкавай палітыкі. З кожным годам рос уплыў Манфора, які ўзмацняўся трывалай непапулярнасьцю караля. Бароны, расчараваныя няздольнасьцю Генрыха прытрымлівацца прынцыпаў Вялікай хартыі вольнасьці і яго фінансавых патрабаваньняў, знайшлі ў Манфоры асобу, якая магла б сфармуляваць іх крыўды і кінуць выклік уладзе кароны.

Элеанора, сястра караля, жонка дэ Манфора

Элеанора, сястра караля, жонка дэ Манфора

Гэтая незадаволенасьць атрымала палітычнае разьвіцьцё у 1258 годзе: так званымі Оксфардзкімі палажэньнямі. Гэты дакумэнт, навязаны каралю Генрыху ІІІ групай баронаў на чале з Сымонам дэ Манфорам, стаў крокам да канстытуцыйнага кіраваньня. Ён прадугледжваў стварэньне рады баронаў, каб кансультаваць караля і сачыць за тым, каб яго адміністрацыя прытрымлівалася пэўных стандартаў кіраваньня. Палажэньне таксама патрабавала, каб парлямэнт зьбіраўся тры разы на год для кантролю за выкананьнем каралём гэтых правілаў.

Палажэньні Оксфарда 1258 года можна разглядаць як папярэдніка парлямэнта 1265 года. Яны ўяўлялі сабой відавочны адыход ад абсалютнага манархічнага кіраваньня ў бок больш кансультатыўнай і падсправаздачнай формы кіраваньня.

Нарастаньне супрацьстаяньня

У наступныя гады пасля Оксфардзкага Палажэньня паміж каралём і баронамі вялася барацьба, калі Генрых спрабаваў вярнуць сабе аўтакратычную ўладу, а бароны на чале з Манфорам змагаліся за захаваньне Палажэньняў. Роля Манфора ў гэтых падзеях стала вырашальнай. Яго дзейнасьць актывізавала справу баронаў. Ён стаў фактычным лідэрам апазыцыі, якога паважалі і падтрымлівалі тыя, хто імкнуўся да рэформаў.

Генрых ІІІ

Генрых ІІІ

Сітуацыя перарасла ў адкрыты канфлікт, кульмінацыяй якога стала бітва пры Люісе ў 1264 годзе, дзе войскі Манфора разьбілі каралеўскую армію. Гэтая перамога дала Манфору і яго хаўрусьнікам кантроль над урадам і магчымасьць склікаць парлямэнт. Манфор убачыў як фундамэнтальна рэфармаваць спосаб кіраваньня каралеўствам. Яго ідэя аб скліканьні ў 1265 годзе парлямэнта, у які ўвайшлі не толькі шляхта і духавенства, але і простыя людзі з гарадоў і графстваў была рэвалюцыйнай. Гэта было прызнаньне таго, што кіраваньне каралеўствам павінна ахопліваць больш шырокі спектр грамадзтва. А такая канцэпцыя была радыкальнай для таго часу.

Як правіла, сярэднявечныя рады і асамблеі ў Англіі былі сходамі галоўных арандатараў караля, галоўным чынам з мэтай даць парады або згоду на падаткаабкладаньне. Гэтыя сходы, хоць і істотныя, былі абмежаваныя па маштабе і прадстаўніцтве.

Парлямэнт 1265 года

Асамблея, якая адчынілася 20 студзеня 1265 года, разглядала цэлы шэраг пытаньняў, ад разгляду скаргаў да абмеркаваньня нацыянальнай палітыкі і рэформаў кіраваньня.

Адна з ключавых дыскусій была засяроджаная вакол выкананьня Палажэньняў Оксфарда, якія ўсталявалі прынцып сумеснага кіраваньня паміж каралём і радай баронаў. Парлямэнт імкнуўся ўзмацніць гэтыя палажэньні і забясьпечыць іх выкананьне. Акрамя таго, парлямэнт разглядаў пытаньні мясцовага і агульнадзяржаўнага значэньня, у тым ліку тое, як адбываецца правасуддзе, кіраваньне каралеўскімі фінансамі і вядзеньне замежных справаў.

Наступствы

Непасрэдныя наступствы скліканьня парляменту 1265 года былі адзначаныя працягам канфлікту і трагічным лёсам самога Сымона дэ Манфора. Сьмелыя рэформы парлямэнту і выклік, які ён кінуў каралеўскай уладзе, не былі ўспрынятыя ўсімі прыхільна, што прывяло да далейшых беспарадкаў у дзяржаве.

Трыюмф Сымона дэ Манфора быў нядоўгім. У жніўні 1265 года, усяго праз некалькі месяцаў пасля працы парлямэнту, дэ Манфор сутыкнуўся з сіламі караля Генрыха III у бітве пры Іўшэме. Гэтая бітва апынулася для яго сьмерцю. Дэ Манфор быў пераможаны і забіты.

Сьмерць Манфора ў бітве пры Іўшэме

Сьмерць Манфора ў бітве пры Іўшэме

Нягледзячы на гэта, парлямэнт 1265 года зрабіў працяглы ўплыў на разьвіцьцё структураў кіраваньня не толькі ў Англіі, але і ў больш шырокім кантэксце дэмакратычнай эвалюцыі Эўропы.

Канцэпцыі падсправаздачнасьці і прадстаўніцтва, якія ляжалі ў аснове парлямэнту 1265 года ўплывалі на разьвіцьцё парлямэнцкіх сістэмаў у іншых частках сьвету. Кантроль над каралеўскай уладай, неабходнасьць згоды ў падаткаабкладаньні і прадстаўніцтва простых людзей ва ўрадзе былі ідэямі, якія знайшлі адлюстраваньне у розных формах у далейшай гісторыі.

Яшчэ ў 1965 годзе ў Вялікай Брытаніі з удзелам маладой каралевы Лізаветы ІІ шырока адзначалася 700-годдзе парлямэнту Сымона дэ Манфора. Ніжняя палата ангельскага, а потым і брытанскага парлямэнту бярэ свой пачатак менавіта ў тых падзеях 1265 года.

А паглядзіш на так званыя выбары ў так званы парлямэнт так званай улады ў Беларусі – і бачыш стан, які блізкі да часоў Міндоўга, але ніяк да часоў ХХІ стагодзьдзя.