Рэйд УПА ў Літву

Пасля вайны ў Беларусі, Украіне і Прыбалтыцы разгарнулі дзейнасць розныя антысавецкія фарміраванні. Ва ўмовах падпольнай барацьбы ўкраінскія паўстанцы шукалі магчымасцяў аб’яднаць намаганні з літоўскімі «ляснымі братамі».



Пошук хаўруснікаў

У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў камандаванне Украінскай паўстанцкай арміі ажыццявіла некалькі рэйдаў на тэрыторыю Чэхаславакіі, Румыніі і Польшчы для перамоваў з мясцовымі антысавецкімі сіламі ў справе барацьбы за незалежнасць краін Усходняй Еўропы. Адзін з кіраўнікоў украінскага паўстанцкага руху Восіп Дзякаў пра гэта пісаў: «Шляхам нашых рэйдаў у суседнія краіны, УПА інфармуе суседзяў пра нашу вызваленчую барацьбу і пра жыццё ў СССР. Таксама рэйды актывізуюць рэвалюцыйныя супрацьбальшавіцкія сілы і ствараюць канкрэтную аснову для супрацоўніцтва народаў у адзіным антыбальшавіцкім фронце».

У перыяд з 1945 па 1947 гады ўкраінцам удалося наладзіць супрацу з польскім падполлем у так званай «Закерзоніі» (тэрыторыі ўкраінска-польскага памежжа, якая пасля Другой сусветнай вайны адышла да Польшчы). Рэйды ў Славакію прыводзілі да актывізацыі там антысавецкіх рухаў, якія ўплывалі на ход выбараў у парламент сацыялістычнай Чэхаславакіі. У 1950 годзе камандаванне УПА вырашыла наладзіць кантакт з прыбалтыйскімі атрадамі.

1_vas_l_galasa_geti_chalavek_rihtava_rejd_u_pribaltiku_logo.jpg

 Васіль Галаса

Адказваў за арганізацыю рэйда ў Літву кіраўнік краёвага провада ў паўночна-ўсходніх тэрыторыях (у тым ліку і ў беларускім Палессі) Васіль Галаса, у якога быў выдатны вопыт правядзення такіх аперацый. У 1945–1946 гадах ён падрыхтаваў некалькі груп, якія паспяхова наведалі Славакію і вярнуліся без страт. А праз год амаль тры сотні паўстанцаў пад яго кіраўніцтвам здзейснілі пераход у Заходнюю Германію.

Адозвы да братоў

Васіль Галаса разумеў, што шлях украінскіх партызан будзе ісці праз Беларусь, і гэты чыннік варта было ўлічваць. Менавіта таму, акрамя ўлётак для прыбалтаў была зроблена і адозва «Да беларускага народа».

6_zvarot_da_belarusa__logo.jpg

Адзін са зваротаў да беларусаў

Вось што ўкраінцы пісалі ў адной з адозваў да беларусаў: «Беларуская інтэлігенцыя! Станавіся галоўнай сілай барацьбы свайго шматпакутнага народа. Шмат няволі даведаўся беларускі народ. Вядзі яго ў бой за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Беларускія сяляне і працоўныя! Расійска-бальшавіцкія імперыялісты зрабілі вас нямымі нявольнікамі на вашай роднай зямлі. Уставайце на барацьбу за сваё нацыянальнае вызваленне: за зямлю, за працу, за Волю вашу і ўсяго беларускага народа». У іншым украінскім звароце да беларусаў, які датаваўся 1950 годам, адзначалася: «Беларусы: сяляне, працоўныя, інтэлігенты. Рускія бальшавікі прыгнятаюць вашу радзіму, рабуюць вашы багацці, арыштоўваюць і знішчаюць беларускіх патрыётаў. У Беларусь прывозяць рускіх чыноўнікаў, якія будуць вас прыгнятаць і русіфікаваць. Рускія бальшавікі загналі сялян у калгаснае ярмо, працоўных прымусілі за мізэрны заробак працаваць на заводах, інтэлігенцыю прымусілі служыць бальшавіцкай Маскве. Падымайцеся ўсе на барацьбу супраць сталінскіх прыгнятацеляў і эксплуататараў!». Акрамя гэтых адозваў і ўлётак украінскія партызаны ўзялі з сабой брашуры: «Ці бальшавікі вядуць да камунізму?», «Хто такія бандэраўцы, і за што яны змагаюцца?» і іншыя.

Таксама ўкраінцы ў падрыхтаваных да рэйду прапагандысцкіх матэрыялах выкарыстоўвалі малюнак Ніла Хасевіча «Воля народам! Воля чалавеку!».

7_ukra_nskaja_ljotka_dlja_zhiharo_pribaltik__logo.jpg

Украінская ўлётка для жыхароў Прыбалтыкі

А вось яшчэ тэкст адной з ўлётак (на рускай мове, як у арыгінале): «Свобода народам и человеку! Литовцы, латыши и эстонцы! Пламенно приветствуем вашу героическую борьбу за свое освобождение против русско-большевистских оккупантов! В Украине также ведется упорная освободительная борьба. Укрепляйте связи с украинским освободительным движением! Сплоченным фронтом развернем наступление против общего оккупанта! Да здравствует антибольшевистский блок народов! Откликнитесь таким самым образом на наш зазыв! Украинские повстанцы».

У іншых улётках украінцы заклікалі прыбалтаў дасылаць ва Украіну іх падпольную літаратуру, а таксама, каб прадстаўнікі прыбалтыйскі народаў наладжвалі сувязь са звычайнымі ўкраінцамі. Тычыўся гэты заклік і тых, хто знаходзіўся ў бальшавіцкіх лагерах, турмах, а таксама тых, хто служыў у Савецкай Арміі.

Дарога заблакавана

У прыбалтыйскі рэйд накіравалі невялікую мабільную групу на чале з кіраўніком провада Камень-Кашырскага раёна пад псеўданімам «Рыбак». За канчатковую падрыхтоўку групы адказваў кіраўнік Ковельскай акругі УПА Васіль Сементух (псеўданім «Яры»). Кожны член групы меў пры сябе асабістую зброю, а таксама заплечнікі з літаратурай і ўлёткамі. Па ўспамінах некаторых удзельнікаў гэтага рэйду, прыйшлося нават адмовіцца ад часткі правіянту, каб узяць больш матэрыялаў.

2_bajci_upa_logo.jpg

Байцы УПА

19 ліпеня 1950 года 12 чалавек накіравалася ў рэйд. Хутка ўкраінцы апынуліся ў Давід-гарадоцкім раёне Пінскай вобласці БССР. Іх шлях ляжаў да мяжы БССР і ЛітССР, таму ўкраінскія падпольшчыкі спрабавалі не спыняцца ў беларускіх вёсках і рухацца як мага хутчэй. Яны прайшлі праз населеныя пункты Драгічынскага, Белаазёрскага, Ружанскага, Слонімскага і Баранавіцкага раёнаў савецкай Беларусі. Аднак хутка байцы УПА зразумелі, што пра іх рэйд ведае МДБ. Падпольшчыкі некалькі разоў натыкаліся на кардоны з унутраных войскаў і міліцыі. 22 ліпеня камандзір групы вырашыў змяніць напрамак руху.

Але праз некалькі дзён украінцам стала зразумела, што ў Літву яны не праб’юцца. Тады было прынята рашэнне разгарнуць прапагандысцкую дзейнасць у беларускіх вёсках. Вось як у адной са справаздач апісваў тыя падзеі ўкраінскі партызан: «Да нас падыхо­дзіла насельніцтва з усіх канцоў вёскі. Першапачатковая гутарка пачала пераходзіць у мітынг. Гаварылі пра барацьбу на ўкраінскіх землях, пра палітычную платформу УПА і, галоўнае, пра важнасць агульнага фронту паняволеных бальшавікамі народаў. Нас уважліва слухалі каля 200 сялян. Пасля мітынгу пачалася дыскусія, падчас якой беларусы расказвалі нам пра сваё жыццё, пра калгасы, працу за працадні. Расказвалі пра савецкіх стаўленікаў, адзін з якіх паспеў збегчы ад нас. А адна старая бабуля сказала нам: «Хлопцы, ратуйце нас усіх, бо мы прападаем, бейце гэтае паскуддзе». Пасля гэтага раздаем нашу літаратуру і выходзім з сяла. Дзеці праводзілі нас да лесу». У вёсцы Слабада, Петрыкаўскага раёна ўкраінцы арганізавалі сход ля млына. Пры гэтым у сходзе ўдзельнічаў старшыня калгасу. Украінцы, як звычайна, заклікалі да аб’яднання намаганняў у барацьбе з бальшавізмам, расказвалі пра свае планы і праграму дзеяння, а калі прамова скончылася, беларускія сяляне пачалі гучна апладзіраваць гасцям з лесу і крычаць: «Жыве Украіна!».

Дайшлі да Мінска

Усяго на тэрыторыі Тураўскага і Петрыкаўскага раёнаў Палескай вобласці БССР украінцы наведалі 21 населены пункт. Паводле некаторых дадзеных, паўстанцы УПА паспелі распаўсюдзіць свае ўлёткі і выданні ў Гомелі і нават у Мінску. Калі група вярталася ва Украіну, ля ракі Ясельда яна трапіла ў савецкую засаду, але змагла з боем прарвацца.

1 жніўня 1950 года ўкраінцы перайшлі беларуска-ўкраінскую адміністратыўную мяжу і накіраваліся на Валынь.

Па меркаванні ўкраінскіх даследчыкаў, у прыбалтыйскія рэйды рыхтавалася некалькі груп байцоў УПА, аднак пасля таго, як першы атрад не змог прабіцца, было прынята рашэнне іншых не пасылаць.

3_l_to_sk_ja_ljasnija_brati_logo.jpg

Літоўскія лясныя браты

Група Васіля Сементуха, якая ўдзельнічала ў прыбалтыйскім рэйдзе, была знішчана МДБ у жніўні 1954 года ў населеным пункце Буцін, які знаходзіцца на дарозе Ковель — Брэст. Штурмаваў лагер паўстанцаў 11-ты батальён унутраных войскаў МУС УССР. Падчас бою была падпалена хата, у якой абараняліся паўстанцы. Частка падпольшчыкаў паспрабавала вырвацца з будынку, аднак усе былі забыты.

Між тым супрацоўніцтва ўкраінскіх паўстанцаў і літоўскіх лясных братоў усё ж адбылося — падчас Нарыльскага, Варкуцінскага і Кенгірскага паўстанняў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.