Прымусовая праца: галоўны рухавік сталінскай эканомікі

У другой палове 1930-х гадоў БССР з’яўлялася адным з актыўных пастаўшчыкоў працоўнага «кантынгенту» ГУЛАГу для будоўляў на тэрыторыі Расіі. 

Жаночая будаўнічая брыгада Белбалтлаг, 1932 год. Фота з архіва таварыства «Мемарыял»

Жаночая будаўнічая брыгада Белбалтлаг, 1932 год. Фота з архіва таварыства «Мемарыял»

Па даных архіва КДБ Беларусі, толькі ў 1935 годзе з БССР «канфіскавана крымінальна-дэкласаванага і сацыяльна-шкоднага элемента — 18 653 чалавекі»...

Прымусовая праца ў савецкай дзяржаўнай сістэме была не тое што важнай, а неад’емнай яе часткай. Яна была складнікам савецкай ідэалогіі, згодна з якім сацыяльная дзяржава — дзяржава толькі для працоўных, а непрацуючыя ліквідуюцца — знішчаюцца, ізалююцца або перавыхоўваюцца.
Пры гэтым прымусовая праца не толькі лічылася найбольш эфектыўнай формай перавыхавання, але і была значным фактарам савецкай эканомікі: давала краіне самую танную працоўную сілу, якую можна было выкарыстоўваць, перш за ўсё, на непапулярных, «брудных» і цяжкіх работах.

Тэма выкарыстання прымусовай працы ў савецкі час у гісторыкаў непапулярная, таму дазволю сабе расказаць пра яе больш падрабязна. Асабліва карысна ведаць, як гэта было, каб зразумець, як можа быць. Сумна знакаміты Дэкрэт №3, які атрымаў у народзе назву «дармаедскага», — толькі цьмяны водгалас працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі ў 1930-я гады.

Царская Расія: толькі для крымінальнікаў

У пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, прымусовая праца была формай пакарання за крымінальныя злачынствы, звязаныя з пазбаўленнем волі, і называлася катаргай. Катаржныя турмы, як правіла, знаходзіліся ў Сібіры і былі разлічаны на ўтрыманне ўсяго некалькіх тысяч чалавек. На катарзе зняволеныя (акрамя палітычных) абавязаны былі працаваць. Аднак у Сібіры з-за малой колькасці насельніцтва, адсутнасці шляхоў зносін у турэмных майстэрнях не было ніякага эканамічнага сэнсу.

Пасля 1905 года змясціць усіх рэпрэсіраваных сібірская катарга ўжо не магла (там знаходзілася на той час 6143 чалавекі), таму стала практыкавацца адбыццё пакарання «па месцы жыхарства» — у павятовых турмах або часовых катаржных турмах. У 1909 годзе, настойваючы на захаванні і развіцці катаргі, Савет міністраў меркаваў выкарыстаць «магчымасць шырокага развіцця ў Сібіры ў недалёкай будучыні знадворных работ, якія там ужо ажыццяўляюцца, і затым магчымасць выкарыстання працы катаржных пры пабудове Амурскай чыгункі і другой каляіны Сібірскай». У царскай Расіі, аднак, гэтага выканаць не змаглі.

Пасля 1917 года разам з існуючай сістэмай месцаў зняволення на тэрыторыі Расіі і ў Беларусі пачала фарміравацца сетка новых карных устаноў — лагераў прымусовых работ, або, як іх часам называлі ў афіцыйных (!) дакументах, канцэнтрацыйных.

4b61ea027d59cf83.jpeg


Канцлагеры. Пачатак

У Наркамаце ўнутраных спраў быў створаны аддзел прымусовых работ. У красавіку 1919 года Прэзідыум УЦВК выдаў пастанову аб арганізацыі лагераў прымусовых работ, падпісаную Міхаілам Калініным, помнік якому да гэтага часу стаіць у Мінску.

Першапачаткова лагеры ствараліся ва ўсіх губернскіх гарадах у вызначаныя асаблівай інструкцыяй тэрміны. Змяшчаць лагеры павінны былі не менш за 300 чалавек. Адказнасць за выкананне інструкцыі ўскладалася на губернскія ЧК.

У лагер змяшчаліся непрацуючыя, за выключэннем толькі «асоб, якія пакутуюць на хранічныя хваробы і арганічныя недахопы, што робяць іх зусім няздольнымі да працы». Непрацаздольнасць вызначалася кіраўніцтвам лагера паводле заключэння ўрача.

Спачатку ў адзін лагер з мужчынамі змяшчаліся жанчыны, а таксама дзеці. Пасля для кожнай «катэгорыі» былі створаны свае лагеры.

Кадр з фільма «Соловки».

Кадр з фільма «Соловки».


Утрыманне лагера і адміністрацыі акуплялася працай зняволеных. Лагеры не павінны былі нічога каштаваць дзяржаве. Усе зняволеныя «неадкладна па паступленні ў лагер» назначаліся на работы і павінны былі «займацца фізічнай працай на працягу ўсяго часу іх знаходжання там». Род работ вызначаўся адміністрацыяй. Спачатку замена фізічнай працы разумовай дапускалася толькі «для некаторых асоб з дазволу мясцовых аддзелаў кіравання». Зняволеныя працавалі 8 гадзін на дзень, дапускаліся звышурочныя і начныя працы.

Узнагароджанне за працу кожнага зняволенага вызначалася па стаўках прафсаюзаў у канкрэтнай мясцовасці. Аднак працоўнаму з заробку заставалася толькі чацвёртая частка, астатняе ішло на пакрыццё расходаў лагера. За адмову ад працы зняволены караўся — характар кары і яе памер вызначаўся інструкцыяй і цалкам залежаў ад кіраўніцтва лагера.


Лёгкае вырашэнне кадравага пытання

Ужо ў 1919 годзе недахоп кваліфікаваных служачых у савецкіх установах стаў досыць адчувальным. 17 снежня Малы СНК пад кіраўніцтвам Уладзіміра Леніна прыняў дэкрэт «Аб парадку накіравання зняволеных на працы ў савецкія ўстановы». Згодна з ім, спецыялістаў, якія адбывалі пакаранне ў лагерах, днём прывозілі працаваць ва ўстановы, а на ноч вярталі ў лагер. Дэкрэт адкрываў новыя гарызонты — з дапамогай прымусовай працы можна было вырашаць любыя эканамічныя праблемы дзяржавы. Стваральнікі дакумента ўсведамлялі непапулярнасць прынцыпова новай магчымасці выкарыстання працы савецкіх людзей і таму аднагалосна вырашылі дэкрэт публічна «не друкаваць».

З заканчэннем НЭПа ў Папраўча-працоўны кодэкс БССР, прыняты ў 1926 годзе, былі ўнесены змены і дапаўненні, якія больш дакладна рэгламентавалі парадак адбыцця пакарання. Асуджаныя да прымусовай працы на тэрмін да 6 месяцаў адбывалі пакаранне па месцы сваёй працы — вядома, з меншым заробкам. У 1934 годзе ППК БССР дапоўнены пунктам аб парадку адбыцця пакарання членамі сельгасарцеляў: асуджаныя да 6 месяцаў адбывалі пакаранне ў калгасах.

Структура савецкіх папраўча-працоўных устаноў БССР называлася «аддзелы месцаў зняволення» (АМЗ). Яна ўключала папраўча-працоўныя калоніі, дамы заключэння, ізалятары, бюро папраўчых работ. Тут знаходзіліся асуджаныя на тэрміны да 5 гадоў. Асуджаныя да пазбаўлення волі больш чым на 5 гадоў накіроўваліся ў папраўча-працоўныя лагеры за межы БССР — на стратэгічна важныя будоўлі СССР.

Мапа ГУЛАГа

Мапа ГУЛАГа


На службе ў ГУЛАГа

На пачатку 1935 года АДПУ ўвайшло ў сістэму Наркамата ўнутраных спраў, у якую ўключылі і Дзяржаўнае ўпраўленне лагераў і месцаў зняволення — знакаміты ГУЛАГ. Разам з месцамі зняволення пад кантроль НКУС перадаваліся і вытворчыя аб’екты, якімі ён курыраваў — ад найбуйнейшых будоўляў (БАМ, канал Масква — Волга) да дробных сельгаспрадпрыемстваў пры калоніях. НКУС, такім чынам, стаў буйным гаспадарчым наркаматам.

АМЗ БССР з’яўляліся тэрытарыяльнымі органамі Дзяржаўнага кіравання ўсімі месцамі зняволення СССР. Яны займаліся ў асноўным сельскагаспадарчымі работамі і выпускам тавараў шырспажывання, большай часткай для лагерных патрэб. Асноўнай працай для зняволеных, якія знаходзіліся ў Беларусі, з’яўляліся «контрагенцкія працы» па замовах розных наркаматаў і ведамстваў, саветаў усіх узроўняў, партыйных органаў. Зняволеныя, напрыклад, працавалі на Віцебскім цагляным заводзе, на торфараспрацоўцы, на будаўніцтве дарог і будынкаў.

Найбольш поўныя звесткі пра колькасць людзей, занятых прымусовай працай у БССР, утрымліваюцца ў Дзяржаўным архіве ФСБ Расіі. Цяпер яны маладаступныя для беларускіх даследчыкаў. Даныя, якія захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, урывачныя.

Я знайшла звесткі, напрыклад, што ў лютым 1933 года ў БССР (у Віцебску, Магілёве, Гомелі, Оршы, Бабруйску, Полацку, Слуцку і Мінску) змяшчалася каля 23,5 тысяч зняволеных. Пры гэтым «планавая» колькасць месцаў складала 6293. Зняволеныя «звыш ліміту» накіроўваліся ў распараджэнне Масквы, на будоўлі ГУЛАГа.

У дакладной запісцы НК юстыцыі БССР, накіраванай у ЦК КП(б)Б 11 лютага 1933 года, указвалася: «Па лініі АДПУ БССР атрыманы 3 нарады на 6300 асоб для адпраўкі ў канцлагеры, з якіх першая партыя ў 1300 асоб падрыхтавана і будзе адпраўлена 15.02, а другая партыя ў 3000 асоб падрыхтавана да адпраўкі да 20.02. Трэцяя партыя ў 2000 асоб будзе таксама адпраўлена прыблізна каля 25.02».

У архіве КДБ маюцца няпоўныя даныя аб накіраваных у ГУЛАГ. У 1936 годзе ў тэлеграме ў Маскву наркам БССР Ляплеўскі пісаў: «ГУЛАГам дадзены нарад на 1000 чалавек для Бамлага тэрмінам адпраўкі 22 красавіка. У сувязі з вашай тэлеграмай прымаю ўсе неабходныя захады, каб адпраўку 1000 чалавек скончыць не пазней за 10 красавіка». У маі 1936 года была накіравана чарговая тэлеграма, у якой паказвалася, што рэспубліка на май 1936 года атрымала нарад ГУЛАГа на 700 чалавек. На чэрвень нарад — таксама на 700 чалавек.

У БССР тэрытарыяльнае ўпраўленне ГУЛАГа было адкрыта ў 1934 годзе ў Мінску на базе УЖ-15 і праіснавала да 1960 года. Па даных НКУС БССР, накіраваных у Маскву 20 красавіка 1935 года, фактычная колькасць зняволеных у сістэме НКУС БССР складала: у «закрытых» месцах зняволення — 8331 чалавек, у калоніях — 3930 чалавек. Колькасць зняволеных беларусаў, якія працавалі ў БССР у 1937 годзе — 10 994 чалавекі, у 1939-м — 5147 чалавек, у 1941-м — 8544 чалавекі.

3_53.jpg


Прамысловасць рукамі зняволеных

Выкарыстанне прымусовай працы для вырашэння пытанняў эканомікі было нераўнамерна размеркавана па тэрыторыі СССР. Грунтуючыся на праграме 1929 года, звязанай з каланізацыяй раёнаў Далёкага Усходу з дапамогай зняволеных, лагеры будаваліся ў асноўным там і на Поўначы. У цэнтральных раёнах Саюза лагеры ствараліся толькі для абслугоўвання пэўных аб’ектаў і зачыняліся, калі патрэба ў гэтым абслугоўванні знікала.

У БССР будоўляў, якія б стала патрабавалі вялікую колькасць працоўных, у другой палове 1930-х гадоў не было, таму тут і спецыяльных лагераў не стварылі.

За гады другой пяцігодкі пачалі працаваць буйныя прадпрыемствы: Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Быхаўскі ацэтонавы, Магілёўскі трубаліцейны, Бабруйскі гідролізны заводы, Гомельскі тлушчавы камбінат, была ажыццёўлена рэканструкцыя 80 іншых буйных прадпрыемстваў рэспублікі. На гэтых будоўлях выкарыстоўвалася, у асноўным, праца зняволеных, якія атрымалі тэрмін да 5 гадоў.

Аднак беларускія прадпрыемствы стратэгічнага значэння пры неабходнасці маглі атрымаць пэўную колькасць рабочай сілы па нарадах ГУЛАГа. Так, у маі 1936 года па распараджэнні кіраўніцтва ГУЛАГа на Віцебскі цагельны завод было накіравана 165 чалавек.

На тэрыторыі БССР былі і асобныя аб’екты, якія ўваходзілі ў сістэму ГУЛАГа. У 1938 годзе ў 54 гарадах СССР знаходзіліся мэблевыя прадпрыемствы ГУЛАГа, у тым ліку ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Бабруйску. Як правіла, гэтыя прадпрыемствы, як і іншыя, выпускалі тавары шырокага спажывання і размяшчаліся на тэрыторыі калоній. Якасць прадукцыі, зразумела, не была высокай.

2_73.jpg


Пастаўшчык працоўнай сілы

У другой палове 1930-х гадоў БССР з’яўлялася адным з актыўных пастаўшчыкоў працоўнага «кантынгенту» ГУЛАГу для будоўляў на тэрыторыі Расіі. Звесткі аб вывезеных з БССР людзях недакладныя і ўрывачныя. Па даных архіва КДБ Беларусі, толькі ў 1935 годзе з БССР (Дакладная запіска «Пра вынікі барацьбы з крымінальнай злачыннасцю за 1935 год») «канфіскавана крымінальна-дэкласаванага і сацыяльна-шкоднага элемента — 18 653 чалавекі».

Акрамя гэтага ажыццяўлялася высяленне з памежнай паласы. Выслана было 2000 сем’яў — 9877 чалавек. Высланыя былі накіраваны ў Паўночны край (1400 сем’яў) і ў Паўночны Казахстан (600 сем’яў).

У 1936 годзе, згодна з дакладной запіскай «Аб выніках барацьбы з крымінальнай злачыннасцю за 1936 год», асудзілі 19 977 чалавек. Былі высланы 1779 сем’яў з памежных абласцей. У 1937 годзе (да 20 кастрычніка), па даных НКУС, пры ачыстцы памежнай паласы было рэпрэсіравана: па 1 катэгорыі — 1210 сем’яў (4483 чалавекі, з якіх 2498 былі дзецьмі да 15 гадоў) і па другой катэгорыі — 2066 сем’яў (7623 чалавекі, з іх 4212 чалавек — дзеці). Вядома, што расстралялі 1210 чалавек, астатнія былі адпраўлены ў лагеры.

У 1937–1938 гадах право­дзіліся аперацыі па ізаляцыі антысавецкіх элементаў, выяўленых «па нацыянальнай прыкмеце». Па трох аперацыях — польскай, латышскай і нямецкай — у БССР з верасня 1937 года па снежань 1938 года былі асуджаны, адпаведна, па польскай — 20 940 чалавек, па нямецкай —1459 чалавек, па латышскай — 563 чалавекі. Па «польскай аперацыі» расстралялі 14 034 чалавекі, па астатніх — больш за 1500 чалавек. Такім чынам, у лагеры было адпраўлена каля 7,5 тысяч чалавек. Акрамя таго, з памежнай паласы выслалі ў гэты год яшчэ 3100 чалавек.

З 1939 года да мая 1941-га ў Заходняй Беларусі былі праведзены аперацыі па «ізаляцыі» «леснікоў» і «асаднікаў». За гэты перыяд былі асуджаны 56 320 чалавек (расстраляны з іх 3903 чалавекі), высланы — 101 726 чалавек плюс 1 эшалон (каля 800 чалавек).

il._ncz_stranica_2.jpg


Дзе працавалі беларусы?

Па нарадах ГУЛАГа зняволеныя з БССР з 1936 года накіроўваліся ў лагеры: Дзмітлаг, Бамлаг, Дальлаг, Свірлаг, Белбалтлаг, «Севвостлаг» (Паўночна-Усходні папраўча-працоўны лагер), «Ухтпечлаг» (Ухцінска-Пячэрскі папраўча-працоўны лагер), Карлаг, Волгалаг, Цемлаг, Прорвлаг, АМЗ (аддзелы месцаў зняволення) Карагандзінскага абласнога ўпраўлення Паўночнага краю, Узбекскай АССР і іншыя.

Згодна з даведнікам «Сістэма папраўча-працоўных лагераў у СССР», у Дзмітраўскім ППЛ зняволеныя з БССР працавалі на будаўніцтве канала Масква — Волга, рэканструкцыі канала ракі Яўза і Істынскай плаціны, Цэнтральнага аэрадрома імя Фрунзэ ў Маскве, на будаўніцтве Сталінскай вадапомпавай станцыі, лесанарыхтоўках, торфараспрацоўцы.

У Бамлагу ажыццяўлялася будаўніцтва БАМа на ўчастках Тында — Камсамольск, грамадзянскае будаўніцтва па трасе БАМа, падрыхтоўчыя і праектна-разведачныя работы на ўчастках Тахтамыгда — Тында, Вапнавы — Ургал, Ургал — Камсамольск, Тайшэт — Падун, Тында — Зея, Камсамольск — Саўгавань.

У Дальлагу (Хабараўск) вяліся лесанарыхтоўкі, здабыча золата на востраве Аскольд, здабыча каменнага вугалю на рудніках «Арцём» і «Райчыха», дарожнае будаўніцтва, у тым ліку чыгуначных ліній Бірабіджан — Блюхерава і Валачаеўка — Камсамольск, лоўля і перапрацоўка рыбы, вырошчвалася сельгаспрадукцыя, узводзіліся збудаванні на рацэ Сяданка для водазабеспячэння Уладзівастока, вяліся работы па паглыбленні ракі Амур, будаваліся цэментавы і цагляны заводы каля Хабараўска і Уладзівастока, грузіліся вагоны на Усурыйскай чыгунцы, будаваліся «спецкропкі Наркамсувязі».


Дасягненні зэкаў

У сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны з 15 мая па 6 лістапада 1941 года ў падпарадкаванні аддзела папраўча-працоўных калоній НКУС БССР знаходзіўся Белакаровіцкі лагер, які дыслацыраваўся ў Жытомірскай вобласці Украінскай ССР. Галоўнай задачай лагера была распрацоўка трох каменных кар’ераў, а з пачаткам ваенных дзеянняў — капанне процітанкавых равоў, акопаў. Камяні здабываліся таксама для будаўніцтва аэрадромаў на тэрыторыі БССР.

27 сакавіка 1941 года было арганізавана Галоўнае ўпраўленне аэрадромнага будаўніцтва НКУС СССР. У складзе НКУС саюзных рэспублік былі створаны ўпраўленні або групы аэрадромнага будаўніцтва — УАСы. Начальнікамі УАСаў сталі кіраўнікі НКУС рэспублік, якія адначасова з’яўляліся ўпаўнаважанымі на месцах па будаўніцтве аэрадромаў. Да 15 чэрвеня 1941 года ў СССР было пачата будаўніцтва 254 аэрадромаў, з іх у БССР — 61. 156 будоўляў абслугоўвалі зняволеныя, асуджаныя да папраўча-працоўных работ без утрымання пад вартай (51920 чалавек), да папраўча-працоўных калоній (199674 чалавекі) і лагераў (44490 чалавек). Пастановай ЦВК і СНК СССР ад 3 сакавіка 1936 года, акрамя зняволеных, на будоўлі дазвалялася прыцягваць сельскае насельніцтва «на ўмовах непасрэднай бясплатнай асабістай працы» на працягу шасці дзён у годзе вясной і восенню.

Асаблівае значэнне для эканомікі Беларусі мела дзейнасць НКУС па будаўніцтве дарог — стратэгічных і мясцовых. Пастановай ЦВК і СНК СССР ад 28 кастрычніка 1935 года ў падпарадкаванне НКУС СССР было перададзена Цэнтральнае ўпраўленне шашэйных і грунтавых дарог і аўтамабільнага транспарту, якое займалася будаўніцтвам, рамонтам і эксплуатацыяй дарог краіны. У студзені 1936 года паступіў загад зняць з аб’ектаў усіх вольнанаёмных, а для работ выкарыстоўваць людзей з адмыслова створаных для кожнага аб’екта калоній у сістэме тэрытарыяльных АМЗ. Галоўнымі былі названы найбуйнейшыя аўтадарожныя будоўлі: шаша Масква — Мінск і шаша Масква — Кіеў. Для абслугоўвання гэтых будоўляў у сістэме ГУЛАГа былі арганізаваны лагеры — Вяземскі і Калужскі.

Будаўніцтва 695-кіламетровай шашы Масква — Мінск ажыццяўлялася зняволенымі Вяземскага ППЛ, які размяшчаўся ў Вязьме Смаленскай вобласці. Колькасць зняволеных пастаянна змянялася — ад 12 да 50 тысяч чалавек.

Будаўніцтва дарог стратэгічнага значэння курыравалі асабіста наркамы, як саюзныя, так і рэспубліканскія. 26 чэрвеня 1936 года наркам унутраных спраў БССР Ізраіль Ляплеўскі дакладаў наркаму ўнутраных спраў СССР Генрыху Ягоду аб праведзеным з 15 па 25 чэрвеня «дэкадніку па будаўніцтве дарог мясцовага і стратэгічнага значэння»: «Цяпер асабліва націскаем на заканчэнне будаўніцтва мастоў, на вывазку жвіру, на зборку мясцовага каменю. Націскаем, каб тэмпы работ па будаўніцтве стратэгічных дарог, узятыя ў стаханаўскай дэкадзе, захаваць на дасягнутым узроўні». Усяго да гэтага часу было зроблена 896 кіламетраў мясцовых дарог (планавалася зрабіць 751 кіламетр), пабудавана 6714 пагонных метраў новых мастоў, план азелянення выкананы на 140,9%.

Будаўніцтва шашы Масква — Мінск да пачатку вайны не было завершана. Вясной 1941 года па рашэнні СНК будаўніцтва 200 кіламетраў, якія засталіся, было перанесена на восень 1942 года. У лютым 1941 года работы былі спынены, зняволеныя перакінуты на будаўніцтва аэрадромаў. Дарогі, пабудаваныя зняволенымі, засталіся да сёння. У іх ёсць адна адметная рыса: месцы, дзе пастаянна здараюцца аварыі. Старыя людзі казалі, што ў гэтых месцах ляжаць тыя, хто памёр падчас будоўлі і быў закапаны прама ў траншэях.

Можна доўга пералічваць аб’екты, дзе выкарыстоўвалася прымусовая праца беларускіх людзей. Для гэтага не хопіць аднаго артыкула.

0_74b88_48aed11d_orig.jpg


ГУЛАГ як рухавік эканамічнага цуду

У сакавіку 1940 года Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў і калоній НКУС СССР падрыхтавала справаздачу, у якой былі падведзены вынікі дзейнасці ГУЛАГа. Дакумент быў складзены для ўнутранага карыстання і меў грыф «Цалкам сакрэтна». Ён вялікі па аб’ёме, займае 183 аркушы, забяспечаны рознымі табліцамі, з’яўляецца найбольш поўнай комплекснай характарыстыкай ГУЛАГа і яго дасягненняў.

Усяго праз ГУЛАГ да сакавіка 1940 года прайшло амаль 8 мільёнаў чалавек — такая колькасць картак змяшчалася ў цэнтральнай картатэцы ГУЛАГа. З іх 36 тысяч з’яўляліся «спецыялістамі» — інжынерамі, тэхнікамі, лекарамі, планавікамі, эканамістамі... «Паўнавартаснай рабочай сілай» (так напісана ў справаздачы) з’яўляліся 75–80% кантынгенту зняволеных.

Праз 162 прыёмнікі-размеркавальнікі ГУЛАГа прайшлі 952834 падлеткі. Ва ўсіх 50 дзіцячых калоніях былі арганізаваны прадпрыемствы, якія займаліся металаапрацоўкай, дрэваапрацоўкай, абутковай і трыкатажнай вытворчасцю.

Да пачатку 1940 года гаспадарчая дзейнасць ГУЛАГа ахоплівала прамысловасць, сельскую гаспадарку і будаўніцтва найбуйнейшых індустрыяльных комплексаў. Прамысловасць ГУЛАГа мела 17 галін. Напярэдадні вайны доля прадпрыемстваў НКУС у агульным аб’ёме народнай гаспадаркі СССР складала: па вытворчасці нікелю — 46,5%, кобальту — 40%, хромавай руды — 40,5%, лесаматэрыялаў — 25,3%. Аб’ём лагернай вытворчасці каляровых металаў складаў 40% ад аб’ёму прадукцыі, што выпускалася прадпрыемствамі галіны. Вугальныя басейны НКУС далі краіне ў 1940 годзе 4,3 млн. тон вугалю. У склад Ухцінскага камбіната НКУС уваходзіла прадпрыемства па вытворчасці радыю — адзінае ў СССР. 83 цагляныя заводы НКУС штогод выраблялі 206 млн. штук цэглы, на фабрыках рабілі абутак, трыкатаж, алюмініевы посуд, мэблю, скабяныя вырабы, конскую збрую. 11% капітальных укладанняў СССР асвойвалася НКУС.

Як правіла, выселеныя за межы БССР у Беларусь ужо не вярталіся. Тыя, хто выжыў, засталіся ў Расіі. БССР яшчэ да Другой сусветнай вайны панесла вялікую cтрату працоўных рэсурсаў. Крэдыты, якія атрымлівала Беларусь ад Расіі ў першыя дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя — далёка не поўная плата за прымусовы ўнёсак беларусаў у развіццё расійскай эканомікі.