Памаранчавая Вольная Дзяржава праіснавала амаль 50 гадоў. Дзе знаходзілася незалежная краіна з незвычайнай назвай?

Гісторыя гэтай дзяржавы зьвязаная перадусім з ангельцамі, галяндцамі і мясцовым насельніцтвам. Запрашаем вас у падарожжа ў сярэдзіну ХІХ стагодзьдзя на самы поўдзень афрыканскага кантынэнту.

Дакумэнт Памаранчавай Вольнай Дзяржавы

Дакумэнт Памаранчавай Вольнай Дзяржавы

Як усё пачыналася

Пачатак ХІХ стагодзьдзя ў паўднёвай Афрыцы быў пэрыядам значных узрушэньняў: перасоўваньня карэнных народаў, прыбыцьця і пасяленьня эўрапейскіх калянізатараў. Сярод эўрапейскіх пасяленцаў буры (што на нідэрляндзкай мове значыла «фэрмеры») — нашчадкі галяндзкіх, нямецкіх і французскіх пасяленцаў — імкнуліся ўладкаваць сваё існаваньне чым далей ад адміністрацыйнай дасяжнасьці брытанскай калёніі на Поўдні.

Брытанская імпэрыя ўзмацніла кантроль над Капскай (сёньняшняя назва галоўнага гораду — Кэйптаўн) калёніяй. Брытанія навязвала палітыку, якая супярэчыла перакананьням і ладу жыцьця бурскіх пасяленцаў. Сярод гэтага вылучаецца адмена рабства ў 1833 годзе. Зьява была вельмі спрэчнай, што выклікала глыбокае пачуцьцё бяспраўя сярод бураў. У іх вачох брытанскае панаваньне стала сінонімам недапушчальнага замаху на іхныя свабоды і традыцыі.

У 1833 годзе буры распачалі Вялікі паход. Гэтая масавая міграцыя прывяла іх у глыб Афрыкі, дзе яны стварылі некалькі супольнасьцяў. Яны шукалі самавызначэньня, грамадзтва, дзе іхныя каштоўнасьці, мова і вера маглі б квітнець бяз зьнешняга кантролю. Адна такая супольнасьць узнікла вакол Памаранчавай ракі, у рэгіёне, які пазьней пераўтварыўся ў незалежную Памаранчавую Вольную Дзяржаву.

Стварэньне Памаранчавай Вольнай Дзяржавы ў 1854 годзе стала магчымым пасьля Блумфантэйнскай канвэнцыі. Гэтая дамова з брытанцамі прызнавала незалежнасьць бурскіх пасяленцаў у рэгіёне і акрэсьлівала межы новай рэспублікі.

Межы краіны

Межы краіны

Новаўтвораная Памаранчавая Вольная Дзяржава з руплівасьцю ўзялася за нацыянальную пабудову. Абапіраючыся на рэспубліканскія ідэалы, што натхнілі іхны зыход, пасяленцы стварылі канстытуцыю, якая замацавала прынцыпы дэмакратыі і правоў асобы. Структура кіраваньня была распрацаваная так, каб адлюстроўваць каштоўнасьці бурскай супольнасьці з акцэнтам на мясцовую аўтаномію і калектыўнае прыняцьце рашэньняў.

У ейных межах квітнела культура, якая характарызавалася глыбокай сувязьзю з зямлёй, пратэстанцкай кальвінісцкай верай і мовай — афрыкаанс (дыялект нідэрляндзкай мовы, на якой размаўлялі буры), якая стала сымбалем адметнасьці іхняй супольнасьці.

Росквіт дзяржавы

Падмуркам эканамічнага посьпеху Памаранчавай Вольнай Дзяржавы была сельская гаспадарка, галіна, якая з розумам выкарыстоўвала прыродныя магчымасьці ўрадлівага рэгіёну. У прыватнасьці, авечкагадоўля стала звышпрыбытковай. Дзякуючы велізарным статкам, якія пасьвіліся па ўсёй тэрыторыі, поўсьць і мяса забясьпечвалі росквіт рэспублікі. Гэтая сельскагаспадарчая шчадрота стала значным элементам экспарту, што ўключала новую дзяржаву ў сусьветны гандаль.

Але галоўнае адкрыцьцё адбылося крыху пазьней. Калі знайшлі алмазы і золата напрыканцы ХІХ стагодзьдзя, гэта зьмяніла ўсё. Памаранчавая Вольная Дзяржава выйшла на міжнародную арэну. Прывабнасьць гэтых каштоўных рэсурсаў прыцягвала шукальнікаў прыгодаў, шахцёраў і прадпрымальнікаў з усяго сьвету. Гарады ўзьнікалі вакол месцаў здабычы карысных выкапняў. Эканоміка расла на вачох.

Грошы Памаранчавай Вольнай Дзяржавы

Грошы Памаранчавай Вольнай Дзяржавы

Адносіны з іншымі дзяржавамі

Паміж Памаранчавай Вольнай Дзяржавай і брытанскімі калёніямі адносіны ахоплівалі як супрацоўніцтва, так і спрэчкі. З аднаго боку, эканамічныя і гандлёвыя інтарэсы часта патрабавалі пэўнай ступені супрацоўніцтва, а з другога, увесь час навіслы прывід брытанскай экспансіі кідаў цень на гэтыя ўзаемадзеяньні.

Адкрыцьцё алмазаў і золата абвастрыла напружанасьць, бо брытанцы імкнуліся ўсталяваць кантроль над гэтымі прыбытковымі рэсурсамі. Больш за тое, стратэгічнае значэньне Памаранчавай Вольнай Дзяржавы як буфэрнай зоны паміж брытанскай Капскай калёніяй і багатай золатам дзяржавай Трансвааль азначала, што ейная незалежнасьць была прадметам пільнай цікавасьці брытанцаў, якія самі тую незалежнасьць прызналі раней. Нічога асабістага, толькі бізнэс.

На паўночны ўсход ад Памаранчавай Вольнай Дзяржавы ляжала магутнае Каралеўства Зулу. Адносіны з зулу характарызаваліся асьцярожнасьцю, пэўнай павагай, ну і таксама, як паміж суседзямі здараецца заўжды — пэрыядамі ваеннай актыўнасьці.

Грошы Памаранчавай Вольнай Дзяржавы

Грошы Памаранчавай Вольнай Дзяржавы

Найбольш шчыльныя адносіны Памаранчавай Вольнай Дзяржавы былі зь яе сястрой, іншай бурскай рэспублікай Трансвааль, якую мы ведаем сёньня пад назвай Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Злучаныя культурнымі сувязямі і агульнай гісторыяй супраціву брытанскаму каляніялізму, дзьве дзяржавы знайшлі агульную мову ў сваім імкненьні да абароны незалежнасьці. Гэтая сувязь была яшчэ больш умацаваная пактамі аб узаемнай абароне і эканамічнымі пагадненьнямі, што стварала адзіны фронт супраць зьнешняга ціску.

Альянс паміж Памаранчавай Вольнай Дзяржавай і Трансваалем быў галоўным элементам іх вонкавай палітыкі. Гэтае партнэрства мела вырашальнае значэньне падчас Другой ангельска-бурскай вайны, дзе дзьве рэспублікі разам выступілі супраць Брытанскай імпэрыі ў адважнай, хоць і няўдалай, барацьбе за суверэнітэт.

Канец Вольнай Дзяржавы

Паміж Брытанскай імпэрыяй і бурскімі рэспублікамі нарастала напружанасьць, абумоўленая кантролем над прыбытковымі залатымі капальнямі ў Трансваалі. Для Памаранчавай Вольнай Дзяржавы вайна была пытаньнем прынцыпу і выжываньня. Калі Брытанская імпэрыя імкнулася ўмацаваць свой кантроль над поўднем Афрыкі, вернасьць Памаранчавай Вольнай Дзяржавы свайму хаўрусьніку Трансваалю і справе незалежнасьці бураў няўмольна вяла яе да вайны.

Апошні прэзідэнт Марцінус Тэўніс Стэйн

Апошні прэзідэнт Марцінус Тэўніс Стэйн

Памаранчавая Вольная Дзяржава рашуча ўступіла ў вайну, мабілізаваўшы сваіх грамадзянаў ваяваць разам са сваімі трансваальскімі суседзямі. Пад кіраўніцтвам апошняга прэзідэнта Марцінуса Тэўніса Стэйна дзяржава выдаткоўвала на канфлікт усе свае рэсурсы.

Нягледзячы на пачатковыя посьпехі, бурскія рэспублікі сутыкнуліся з ворагам, які пераўзыходзіў іх колькасьцю, рэсурсамі і мелі глябальную імпэрыю за сьпінай. Брытанцы праводзілі палітыку выпаленай зямлі, яны зьнішчалі бурскія фермы, забівалі жывёлу і спальвалі пасевы.

Былі створаныя канцэнтрацыйныя лягеры, дзе тысячы людзей загінулі ад хваробаў і недаяданьня, што стала змрочнай старонкай брытанскай імпэрскай гісторыі.

Другая бурская вайна працягвалася з 1899 па 1902 год і завяршылася падпісаньнем Фэрыніхінгскай дамовы ў траўні 1902 году. Гэтае мірнае пагадненьне паклала канец незалежнасьці бурскіх рэспублікаў, калі Памаранчавая Вольная Дзяржава і Трансвааль былі анэксаваныя Брытанскай імпэрыяй.

Дамова 1902 году

Дамова 1902 году

Раней незалежная рэспубліка была пераўтвораная ў калёнію Памаранчавай ракі пад уладай Вялікай Брытаніі. Праз восем гадоў калёнія разам зь яшчэ трыма брытанскімі ўладаньнямі ўтварыла новы дамініён пад уладай караля Вялікай Брытаніі — Паўднёва-Афрыканскі зьвяз. І толькі ў 1960 годзе гэты дамініён атрымаў незалежнасьць.

Пад назвай Правінцыя Памаранчавай Вольнай Дзяржавы былая краіна ўваходзіла ў склад Паўднёвай Афрыкі да 1994 году. Пасьля гэтага яна стала называцца правінцыя Фры Стэйт, што ў перакладзе азначае ўсю тую ж Вольную Дзяржаву.

Няхай толькі на словах.

Вайскоўцы Памаранчавай Вольнай Дзяржавы ў 1900 годзе

Вайскоўцы Памаранчавай Вольнай Дзяржавы ў 1900 годзе