На крыж памяці герояў Слуцкага збройнага чыну вярнуўся герб «Пагоня»

Актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак устанавілі шыльду з гербам Пагоня на крыж памяці герояў Слуцкага збройнага чыну ў Грозаве.

104096171_558585991685381_1220877722387112349_n.jpg

«Некалькі год таму з крыжа знік герб "Пагоня" — магчыма, гэта праца вандалаў, магчыма з-за агульнага стану крыжа герб адваліўся ад яго, а пасля нехта забраў яго сабе. Мы вырашылі аднавіць таблічку, што і было зроблена. Але калі мы прыехалі на месца, то пабачылі, што крыж атрымаў новыя пашкоджанні — з шасціканцовага ён пераўтварыўся ў чатырохкутны. Мы даведаліся, што тут віна не вандалаў, а надвор'я — моцныя вятры. Частка крыжа была сарваная ветрам і праз старасць дрэва назад яе ўжо паставіць не атрымалася. Таму зараз крыж з мемарыяльнай таблічкай і гербам, але сам крыж варта замяняць цалкам», — адзначыў Ігар Случак, які ўстанаўліваў «Пагоню» на крыж.

104182543_798409514050907_240224655831698322_n.jpg

У 2020 годзе спаўняецца 100 з год з пачатку Слуцкага збройнага чыну — барацьбы жыхароў Случчыны за незалежную Беларусь. Разам з тым, на сённяшні дзень ў Беларусі толькі два памятных знака аб гэтых падзеях — крыжы ў Семежава і Грозаве — месцах Першага і Другога Слуцкага палка адпаведна. Быў яшчэ крыж у Чырвонай Слабадзе (гістарычня назва — Вызна), але ён быў знішчаны вандаламі.
«27 лістапада — дата для Беларусі не менш важная, чым абвяшчэнне БНР. Бо калі б не было Слуцкага Збройнага Чыну, нельга было б казаць, што БНР сапраўды была дзяржавай. Бо важны элемент дзяржавы — войска, што можа яе абараняць. Часовая Рада Случчыны, як орган мясцовага самакіравання БНР, абвясціла, што будзе абараняць сваю зямлю супраць любых акупантаў са зброяй у руках. Народ Случчыны арганізаваў войска памерам 10-15 тысяч чалавек, два палкі, што абаранялі дзяржаву.

Пра гэта вельмі важна памятаць і цяпер. Неабходна аднавіць крыж у Чырвонай Слабадзе, цалкам замяніць матэрыял крыжа ў Грозаве, паставіць помнік у Слуцку і іншых месцах Беларусі. Бо Слуцкі Збройны Чын — гэта падзея не толькі Случчыны, але і ўсёй Беларусі. У 1920 годзе людзі паказалі, што варта, калі табе не падабаецца нешта, браць справу ў свае рукі і дзейнічаць, не задумваючыся. Паказалі, што трэба рабіць з ворагамі — знешнімі і ўнутранымі. У Беларусі таксама сёння не ўсё добра — незалежнасць пад пагрозай, правы людзей парушаюцца. Нам усім варта браць прыклад з герояў Случчыны і дзейнічаць дзеля захавання незалежнасці Беларусі, павагі нашых правоў — палітычных, эканамічных, культурных», — адзначыла Аліна Нагорная, ініцыятарка аднаўлення на крыжы ў Грозаве герба «Пагоня».

104170237_346873852964042_876434644608539873_n.jpg

На старонках ініцыятывы «Часовая Рада Случчыны» ў фэйсбуку і ўкантакце пачалася кампанія #СЗЧ100. Ужо цяпер можна падпісаць петыцыю за ўстаноўку ў Слуцку помніка героям Случчыны.
Варыянты макета помніка можна пабачыць на адмысловым сайце, там жа можна прагаласаваць за любы з іх.
На старонках Часовай Рады Случчыны будуць з'яўляцца прыклады індывідуальных зваротаў зваротаў за ўшанаванне памяці герояў Слуцкага Збройнага Чыну. Акрамя гэтага будзе размяшчацца і іншая цікавая інфармацыя, датычная 100-гадовага юбілею Слуцкага Збройнага Чыну. Падпісвайцеся на старонкі Часовай Рады Случчыны, каб не прапусціць!

104378251_819696925223919_4982548931221880222_n.jpg

Кампанія #СЗЧ100 праходзіць у межах кампаніі «Зробім лепш!» пры падтрымцы Асабмлеі НДА.
Паводле прэс-рэліза