Марыў пра адраджэнне аўтакефаліі беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквы
Архіепіскапа Варлаама сучаснікі згадвалі як «строгага манаха», «дзейнага, нястомнага і патрабавальнага да ўсіх тых, хто ўхіляецца ад праўдзівых шляхоў», які марыў пра адраджэнне аўтакефаліі беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквы. Аднак у расійскай гістарыяграфіі яго называюць «изменником отечества».
Пісьменнік, гісторык, грамадскі дзеяч Аўген Калубовіч (Каханоўскі, 1910–1987) быў асуджаны за «беларускі нацыяналізм» на пачатку 1930-х і высланы на 3 гады ў Сібір. У 1934 годзе ён вярнуўся ў Мінск, вучыўся ў педагагічным інстытуце, працаваў кансультантам-метадыстам у Наркаме асветы БССР. Пазней апісаў падзеі зняволення і ўсё тое, што адбывалася ў ягоным жыцці і навокал у 1930-х ва ўспамінах «На крыжовай дарозе», якія стаяць у нашай лагернай мемуарыстыцы побач з творамі Францішка Аляхновіча, Ларысы Геніюш, Язэпа Германовіча.
На эміграцыі ў ЗША Аўген Калубовіч (Каханоўскі) да сярэдзіны 1950-х гадоў быў актыўным дзеячам Рады БНР, а калі адышоў ад палітычных справаў, засяродзіўся на навуковай дзейнасці. Ён стаў укладальнікам зборніка «Янка Купала і Якуб Колас 1882–1982: Вянок успамінаў пра іх», аўтарам прац па беларускай гісторыі, сярод якіх «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства», «Айцы БССР і іхны лёс» і іншых.
Для ягоных публікацый вельмі важнай была ідэя захавання памяці пра асобаў ці падзеі, знакавыя для беларускай гісторыі. У часопісе «Беларуская думка» (Саўт-Рывер) у 1973–1974 гадах быў апублікаваны артыкул Аўгена Калубовіча (Каханоўскага) пра ўжо на той момант даволі мала вядомага дзеяча рэлігійнай гісторыі Беларусі архіяпіскапа Варлаама (Шышацкага), таго самага, што некалі прысягнуў Напалеону. Гэтая асоба і сёння застаецца на маргінэсе нашай рэлігійнай гісторыі, таму, перадрукоўваючы тут артыкул амаль 40-гадовай даўніны (з захаваннем правапісу арыгіналу), мы аддаём даніну памяці і яго аўтару, і герою.
У арыгінальнай публікацыі было багата спасылак на гістарычныя крыніцы, якія тут мы апускаем. Зацікаўленыя даследчыкі могуць знайсці ў беларускіх бібліятэках арыгінал артыкулу, каб спраўдзіць звесткі, на якія абапіраўся аўтар.
Наталля Гардзіенка
3 ліпеня 1813 г. у перадсьвітальных прыцемках із Магілёва таропка выяжджала закрытая карэта. Горад яшчэ спаў, калі із архірэйскага замку жандар і сьвятар вывелі трэцяга й зараз-жа фурману загадалі ад’яджджаць. Калі карэта ўехала на Быхаўскі тракт, узяўшы кірунак на поўдзень, той трэці ў вапошні раз аглянуўся назад і, наколькі гэтаму дазваляла маленькая шыба, глянуў на горад, на цёмныя сілуэты царкоўных галоў, тануўшых у пашырэлым небе, і перахрысьціўся.
Хто-ж гэта трэці? Куды вяла ягоная дарога?
Ім быў архіяпіскап Магілёўскі й Віцебскі Варлаам (Шышацкі, 1749–1823), а дарога ягоная вяла ў ссылку. Пра яго, незаслужана намі забытага, гэты артыкул.
…Пачыналася напалеонаўская вайна.
Агромністая армія эўрапейскай кааліцыі ў раёне Коўні перайшла мяжу Расейскай імпэрыі — Нёман. Палову гэтай Вялікай арміі (як яна мянуецца ў гісторыі) складалі французы; другую палову (болей за 200.000 жаўнераў) — фармацыі Прусіі, Аўстрыі, Італіі, Саксоніі, Баварыі, Вэстфальскага каралеўства, Вялікага гэрцаргства Варшаўскага і іншых краёў. Гэта была армія, што гаварыла на 16 мовах.
Па простай лініі яна йшла на Вільню, нідзе не спатыкаючы ніякіх азнакаў супраціву.
На чале арміі стаяў францускі імпэратар Напалеон Банапарт, які добра ведаў, што нутраная адсталасьць і дэспатызм Расеі зусім ня спынялі яе ад захопу ўсё новых і новых тэрыторыяў. 15.VIII.1811 г. у Цюільрыйскім палацы ў Парыжы на ўрачыстым прыйме дыпляматаў расейскаму паслу Куракіну ён публічна сказаў: «Я не хачу вайны… але вы самі хочаце далучыць да Расеі гэрцарства Варшаўскае й Данцыг. Пакуль тайныя намеры вашага двара ня стануцца адкрытымі, я буду павялічваць армію, каторая стаіць у Нямеччыне». Вы разьлічваеце на саюзьнікаў, але дзе яны? Ці ня Аўстрыя, у якой вы адабралі ў Галіцыі 300 тысяч душ? Ці ня Прусія, якая памятае, як у Тыльзіце ейны добры саюзьнік Аляксандар адабраў у яе Беластоцкую акругу? Ці ня Швэцыя, якая памятае, што вы напалову яе зьнішчылі, адабраўшы ў яе Фінляндыю? Усе гэтыя крыўды ня могуць быць забытыя, усе гэтыя абразы адпомсьцяцца — цэлы кантынэнт будзе супраць вас!
Таму, калі 3.V.1812 г. ён высылаў у Вільню для перамоваў з Аляксандрам I гэнэрал-лейтэнанта графа Нарбона (былога міністра Людовіка XVI), ён даручыў яму добра выведаць і пра палітычныя настроі ў гістарычнай Літве, толькі 17 год перад тым канчальна зруйнаванай і таксама далучанай да Расеі.
Увайшоўшы ў Вільню на чацьвёрты дзень і спатканы там зь вялікай пашанаю, Напалеон не марудзіў: 1 ліпеня 1812 году, на стараньні беларускіх патрыётаў Солтанаў, Сапегаў, Ельскіх, Храбтовічаў і іншых, зь ягонае згоды было абвешчана аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага, незалежнага ад гэрцарства Варшаўскага (паўсталага ў 1807 г.).
Калі 20 ліпеня корпус маршала Даву набліжаўся да сьценаў Магілёва, тут ужо ведалі пра падзеі ў Вільні. Ведалі, што пад кіраўніцтвам тымчасовага ўраду з графам С. Солтанам на чале, хоць і ўва ўмовах вайны, пачалася хуткая адбудова адроджанай дзяржавы.
Магілёў, які пад расейскай акупацыяй быў даўжэй за Вільню (40 год), яшчэ з большай сілай прагнуў вырвацца із пашчы жорсткага заваёўніка. Гэтым і тлумачыцца, што прыход Вялікай арміі ён спаткаў із сьветлымі надзеямі. Напярэдадні, калі горад яшчэ не пакінуў расейскі губэрнатар Талстой, тут зь ініцыятывы Быхаўскага паветавага маршалка П. Крогера паўстала камісія для спатканьня саюзьніцкай арміі. І маршал Даву, пры ўезьдзе ў Шклоўскую браму, быў урачыста вітаны. Галава магістрату Р. Груша й бурмістар І. Пушкарэвіч на белым хлебе паднесьлі жаданаму госьцю залаты й срэбраны ключы ад гораду. З натоўпу крычалі: «Віват, Напалеон!».
З увагі на тое, што актам 1.VII.1812 г. Вялікае Княства Літоўскае абыймала Віленскую, Горадзенскую, Менскую губэрні й Беластоцкую акругу, для Магілёўскай губэрні (як і Віцебскай і Смаленскай) адразу-ж была створана асобная беларуская адміністрацыя — часовае цывільнае кіраўніцтва, 18 жнівеня пэрсанальна абноўленае й зацьверджанае Напалеонам. У кіраўніцтва ўваходзілі: судзьдзя Юры Лускіна — старшыня, губэрнскі маршалак Іван Цеханавецкі, б. войскі Іван Галынскі, рагачоўскі паветавы маршалак Пузына, граф Струцінскі — сябры й судзьдзя Мількевіч — гэнэральны сакратар. Цывільнае кіраўніцтва зарганізавала ў губэрні лякальныя органы ўлады; з дабраахвотнікаў паклікала Нацыянальную Гвардыю ў Магілёве (400 гвардзейцаў) і ўва ўсіх паветах; распачала фармаваньне Магілёўскага палка рэгулярнае арміі, у дадатак да 5-ці палкоў кавалерыі й 4-ох пяхоты, якія фармаваў вайсковы міністар Вялікага Княства кн. Аляксандар Сапега.
Беларускае нацыянальнае жыцьцё аднаўлялася.
Архіяпіскап Варлаам — адна із самых яркіх асабістасьцяў у Магілёве ў тым часе. Паходзіў ён з Чарнігаўшчыны й сваю духоўную кар’еру пачынаў на Ўкраіне. Ад 1787 г. ён — ігумен Віленскага Сьвятадухаўскага манастыра й старэйшы над 8 іншымі, прыпіснымі да яго, манастырамі. У 1794–1795 гг. — архімандрыт Спасаўскага манастыра ў Дзятлаве каля Наваградка. 12(23) красавіка 1795 г. быў хіратанізаваны на япіскапа Жытомірскага вікарыяту Менскай эпархіі, скуль у 1805 г. пераведзены на япіскапскую катэдру ў Магілёў, дзе ў 1808 г. узьведзены на архіяпіскапа. Біёграфы ягоныя адзначаюць у ім высокую багаслоўскую й філязофскую эрудыцыю, «бліскучыя адміністрацыйныя й пэдагагічныя здольнасьці».
Архіяпіскап Варлаам адразу й поўнасьцю перайшоў на бок адроджанага Вялікага Княства Літоўскага й Напалеона, на вернасьць каму прысягнуў і загадаў прывесьці да прысягі ўсё падначаленае яму духавенства. Ён актыўна супрацоўнічаў із часовым цывільным кіраўніцтвам, падпісаўся пад дэклярацыяй аб прылучэньні Магілёва да рэшты Вялікага Княства.
Самае-ж галоўнае: уладыка марыў пра адраджэньне аўтакефаліі беларуска-украінскай праваслаўнай царквы. У Магілёве, які ў XVII–XVIII стст. быў сталіцаю праваслаўнае царквы на ўсю Беларусь, а ад 1712 г. (па скасаваньні Луцка-Астроўскай эпархіі) і адзінай япіскапскай катэдрай у цэлай Рэчы Паспалітай, — у 1812 г. зьявілася гэтая ідэя, і архіяпіскап Варлаам захапіўся ёю. Паводля сьведчаньняў сучасьнікаў і аднадумцаў, а ў тым і магілёўскага летапісца ігумена Арэста, тады сябры Магілёўскае кансысторыі, які быў ня толькі простым сьведкам магілёўскіх падзеяў, а і саўдзельнікам і фактычным супольнікам і памочнікам Варлаама ў цэлым шэрагу справаў (а пазьней падзяліў і лёс ягоны), — архіяпіскап Варлаам, яшчэ будучы ігуменам Віленскага Сьвятадухаўскага манастыра, ведаў, што Сойм Рэчы Паспалітай схіляўся да ўнезалежненьня царквы ад расейскага Сыноду, некананічна ў 1686 г. яму падпарадкаванай. Ведаў таксама, што 26.III.1790 г. Сойм прыняў пра гэта пастанову й што тады-ж дыскутаваўся праект асобнай патрыярхіі. Мінула ўсяго 21 год ад часу, калі з благаславеньня Канстантынопальскага патрыярха 15.VI — 2.VII.1791 г. у Пінску адбыўся царкоўны сабор, які вырашыў выйсьці з-пад улады кіеўскага мітрапаліта, расейскага Сыноду і аднавіў аўтакефалію свае царквы… але, на ультыматум расейскага пасла Булгакава у наступным годзе па акупацыі войскам расейскім усёй Беларусі, правабярэжнай Украіны і ўсходняй Польшчы царква прымусова была зноў вернутая пад расейскую юрысддыкцыю. Ігумен Арэст і іншыя сучасьнікі сьведчаць, што ў 1812 г. Варлаам няраз прыгадваў тыя падзеі й выказваў цьвёрдую веру ў стварэньне па вайне беларуска-украінскай патрыярхіі, на галаву якой сам мажліва быў кандыдатам.
Усё, здавалася, варажыла на ўдачу. Аднак 19 кастрычніка кола гісторыі павярнулася назад: на загад Напалеона саюзьніцкая армія пакінула Маскву й вырушыла на захад.
Навіна гэтая ашаламіла і Беларусь, і ўсю Эўропу.
17 лістапада армія мінула Смаленск, а ўжо 24-га Магілёў быў заняты расейскім войскам. І хоць у загадзе расейскага камандаваньня 26.XI.1812 гаварылася, «чтобы Белорусским жителям не чинить притеснений и упреков», а ў вадозве гэнэрала А. Ажароўскага, заняўшага Магілёў, — «само собой разумеется, что в клятве принужденной… нет ни малейшей святости и что оная совершенно уничтожается», a «каждый сын отечества с душевным удовольствием да внидет в пределы своих законных обязанностей», — на самай справе, як гэта было ўжо ня першы й не апошні раз, супраць усіх г. зв. «изменников отечества», а ў тым і супраць архіяпіскапа Варлаама, неадкладна пачаліся «суд и расправа».
У нашых руках «Сборник Императорскаго русскаго историческаго общества», т. 139 (СПб, 1912). У ім асобным разьдзелам — судовая справа архіяпіскапа Варлаама (94 дакумэнты).
На ўступе да іх Расейскае гістарычнае таварыства даволі блізка да праўды раскрывае акалічнасьці справы. Яно сьцьвярджае, што «перад прыходам Вялікай арміі ў межы Беларусі й Літвы тут усё было падрыхтавана да спатканьня ворага расейскага народу з пакланеньнем і адданасьцю.. Насельніцтва не магло, вядома, выявіць таго патрыятычнага ўздыму, які так зырка ўспыхнуў у чыста-расейскіх губэрнях», і не рабіла «партызанскіх нападаў на французаў... Тут пануючы стан і ўсё тое, што цягнулася да яго з матар’яльных меркаваньняў, было на баку ворага Расеі — Напалеона… Ці ня гэтая асаблівасьць беларускага краю й стварыла глебу для зьяўленьня такой асобы, як Варлаам Шышацкі, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе».
Пачатак справы — загад цара Аляксандра I з 5(17).XII.1812 г. у якім ён «находя нужным удалить от управления Епархиею Витебского и Могилевского Архиепископа Варлаама, повелевает» Сыноду «произвесть на месте … изследование о поступках Варлаама во время нашествия врага и, с мнением Святейшаго Синода, представить» яму. «Святейший Правительствующий Синод… для должного и непременного по сему Имянному Высочайшему Указу исполнения» 9(21).XII.1812 г. «приказали... Синодальному Члену, Преосвященному Феофилакту, Архиепископу Рязанскому... по прибытии его... в Могилев и по объявлении о сем Высочайшем повелении Архиепископу Варлааму», каб (у дадатак да царскага загаду) «не оставлено было разсмотреть
и о том, что, ежели, и кроме его, Архиепископа Варлаама, из принадлежащих к Епархии Могилевской духовного звания людей окажутся в подобных поступках виноваты, то бы и о таковых, по удалении их от должностей и по определению на места их других, произведено было подобное изследование».
Магілёўскі архіяпіскап бярэцца «под стражу», а разанскі распачынае сьледзтва.
11(23).VIII.1813 г. «Всеподданейший Рапорт Синода» ўжо паведамляе цару, што «по Имянному Вашего Императорского Величества Высочайшему Указу, состоявшемуся минувшего мая 1(13)-го дня, на подносимом от Синода докладе» — «Консисторский Секретарь, приказные служители и прочие светскаго звания, находящиеся в ведомстве Могилевской Епархии, отосланы в тамошнее Губернское Правление для размострения и суждения вместе с подобными им по гражданскому ведомству», а архіяпіскап Варлаам «отправлен в Чернигов», дзе ён публічна дэгрэдаваны да простага манаха й сасланы ў пажыцьцёвае «заточение» ў Ноўгарад-Северскі Спаскі манастыр. Ігумену манастыра загадана «иметь за ним наблюдение, чтобы он, Варлаам, ни с кем из стороны не имел никакого сношения и переписки».
У дакумантах ёсьць апісаньне й таго зьдзеклівага абраду дэградацыі, але паўней і больш жывы абрад гэты, поўны хвалюючага драматызму, узноўлены па ўспамінах сьведкі, былога Чарнігаўскага сэмінарыста І. Кулжынскага.
11 ліпеня ў катэдральны сабор, запоўнены «монастырскими настоятелями», «градским духовенством», цывільнымі ўрадоўцамі, сэмінарыстамі, у асысьце Чарнігаўскага архіяпіскапа Міхала быў уведзены архіяпіскап Варлаам. Ён быў у поўным архірэйскім адзеньні і спатканы «со славою». Пры «гробовой тишине» сакратар Чарнігаўскай кансысторыі «посред церкви» прачытаў «Высочайшее конфирморавонное определение Синода», пасьля чаго пратадыякан Юстын зьняў з архіяпіскапа мітру, панагію, амафор, сакас і іншыя адзеньні. Яму падалі расу й клобук. Варлаам хутка зышоў з амбону, праз бакавыя дзьверы ўвайшоў у алтар і папрасіў вады. Чарнігаўскі ўладыка «плакаў горкімі сьлязамі і пазьней, па сасланьні Варлаама, у часе літургіі заўсёды плакаў».
У афіцыйных расейскіх публікацыях (і прыжыцьцёвых, і пазьнейшых) Варлаам малюецца як «отъявленный злодей, крамольник и гордый честолюбец, погибший из желания быть патриархом».
«Але ня тое мы чуем зь іншае крыніцы, на якую ніхто яшчэ не зьвярнуў ніякае ўвагі. Крыніца гэтая — публічная апінія, — пісаў у вабарону Варлаама прат. А. Хайнацкі з Валыні. — Наўсуперак усім друкаваным «толкам и пересудам» грамадзкая апінія ня толькі не асуджае Варлаама, але ўважае яго за міжвольную ахвяру, паўшую не дзеля «крамолы и честолюбия», а ў няроўным змаганьні з акалічнасьцямі». Прывабную атэстацыю мужнай і трагічнай асобе нашай гісторыі даў ведамы беларускі лексікограф і фальклярысты І. Насовіч (які ў 1808–1812 гг. быў студэнтам Магілёўскай духоўнай сэмінарыі, жыў у архірэйскім замку і ў 1812 г. сам прымаў жывы ўдзел у падзеях таго часу). У сваіх успамінах ён характарызуе Варлаама як «строгага манаха», «дзейнага, нястомнага й патрабавальнага да ўсіх тых, хто ўхіляецца ад праўдзівых шляхоў. Ён любіць праўду, ня зносіць хітрасьці й лісьлівасьці, асабліва ў духоўных асобах». Наагул-жа, у асяродзьдзі беларусаў і ўкраінцаў павага, пашана й сымпатыі заўсёды былі на баку Варлаама.
Мо ў сувязі із усім гэтым хадзілі чуткі, што цар Аляксандар нібы xацеў «памілаваць» яго і нават вярнуць яму адабранае архіяпіскапства, ды Варлаам ад міласьці царскай адмовіўся, застаўшыся ў ссылцы, у сваёй нязвычайнай кельлі — над манастырскай брамаю пад званіцай.
Пакутаваў там 10 год. Згубіў здароўе і зусім асьлеп. Некаторыя настаўнікі Ноўгарад-Северскай гімназіі й духоўнай школы, не зважаючы на строгую забарону Сыноду, вечарамі хадзілі да яго чытаць, і ён гадзінамі слухаў. Яны працягнулі таксама вяроўку паміж уваходам, які вёў у ягоную кельлю, і манастырскай царквой. Брація манастырская бачыла, як, трымаючыся за вяроўку, нядужы й сьляпы манах-вязень, былы Магілёўскі й Віцебскі архіяпіскап, мажлівы кандыдат на патрыярха беларуска-украінскай праваслаўнай царквы, павольна пасоўваўся ў кірунку манастырскай царквы на кожную Божую Службу.
Аднаго дня ў 1823 годзе вяроўка была знятая. У той дзень (устанавіць яго нам не ўдалося) Варлаама паклікаў да Сябе Бог.
Падрыхтавала да публікацыі Наталля Гардзіенка