Як знішчалі жыхароў савецка-польскага памежжа
У перадваенны час бальшавікі правялі жорсткую зачыстку памежнага пасу ад усіх «непажаданых» для іх элементаў. У выніку тысячы жыхароў заходніх раёнаў БССР былі расстраляныя ці дэпартаваныя ў глыб СССР.
Бальшавіцкая «вітрына» на Захадзе
У міжваенны час значная колькасць жыхароў Беларусі па абодва бакі кардону трапляла ў поле зроку як польскай, так і савецкай выведкі. Другі аддзел Галоўнага штабу Войска Польскага (выведкі) шукаў сярод жыхароў БССР інфарматараў, давераных асобаў для сваіх агентаў, кур’ераў. Савецкі бок таксама актыўна распрацоўваў памежны пас на польскім баку мяжы. І Другая Рэч Паспалітая, і СССР выкарыстоўвалі кроўныя сувязі, якія былі паміж жыхарамі падзеленай «рыжскай мяжой» Беларусі. Да таго ж не варта забывацца і на эканамічны фактар. У Заходняй Беларусі «за польскім часам» існавала праблема з працай, што прымушала людзей займацца кантрабандай ці ісці на супрацу з польскай выведкай. У савецкай Беларусі «працадні», якія ставілі ў калгасны табель, таксама не давалі магчымасць беларускім сялянам жыць па-чалавечы. У выніку і савецкія грамадзяне вымушаныя былі шукаць «падпрацоўку».
Памежная рэспубліка, якой была БССР, павінна была стаць вітрынай бальшавіцкай сістэмы на мяжы з варожым капіталістычным светам. У пачатку 1930-х гадоў на савецка-польскай мяжы ў Беларусі Крэмль пачаў ствараць польскі этнічны раён — «Дзяржыншчыну». Гэта не выклікала вялікага энтузіязму з боку кіраўніцтва БССР, дзе ўсё яшчэ працягвалася «беларусізацыя» грамадска-палітычнага жыцця. У выніку ў 1930 годзе, паводле савецкіх дадзеных, на тэрыторыі «польскага нацыянальнага раёна» жылі 2,2 палякаў, 37,5 тысячы беларусаў, 4,1 тысяча габрэяў. Нягледзячы на гэта ў савецкай Беларусі з’явілася 9 «польскіх» сельсаветаў. Былі адкрытыя каля сотні польскіх школ, выдавалася польскамоўная газета «Orka». Карацей, бальшавікі правялі працу па стварэнні, так бы мовіць, «сацыялістычнай Польшчы» на мяжы з «фашысцкай», як яе часта называлі ў даваенных беларускіх савецкіх газетах, Другой Рэччу Паспалітай.
Зачыстка пачынаецца
Разам з тым, у пачатку 1930-х гадоў адбылося «згортванне» беларускай нацыянальнай палітыкі ў БССР, а шматлікіх прадстаўнікоў культурных і палітычных эліт пачалі арыштоўваць і рэпрэсаваць. Чысткі адбываліся не толькі ў даваенным Мінску, але і па ўсёй рэспубліцы, і асабліва ў памежнай зоне. Яшчэ ў 1928–1929 гадах з памежнай зоны ў аддаленыя раёны РСФСР было выселена больш за дзве тысячы чалавек. Значная колькасць жыхароў памежжа была арыштаваная.
Восенню 1929 года ў Заслаўе выклікалі жыхара хутара Навінкі Язэпа Ліпеня. Аднаногага ветэрана Вялікай вайны 1914–1918 гадоў у райцэнтр павёз яго сын, таксама Язэп. «Ён быў нашым гаспадаром, жанаты быў ужо, у яго дзіцё было. Бацьку выклікалі і арыштавалі. Брат прыехаў дадому і кажа: “Бацьку пакінулі на маленькі допыт”. Прайшло некалькі дзён. Брат паехаў у Заслаўе, а там кажуць: “Бацьку твайго перавялі ў іншую турму”. І ўсё. А праз некалькі дзён прыехала ў сельсавет цэлая група людзей, каб раскулачваць нас», — узгадвала тыя часы дачка рэпрэсаванага Ганна. Пастанаўленнем «тройкі» ДПУ ад 29 лютага 1930 года Язэп Васільевіч Ліпень быў расстраляны як «польскі шпіён».
30 студзеня 1930-га была прынята дырэктыва ЦК ВКП(б) «Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах усеагульнай калектывізацыі». Ужо 2 лютага таго ж года Сакрэтна-аператыўныя часткі памежных атрадаў у БССР атрымалі загад пра «знішчэнне кулацкага актыву». Рабілася гэта яшчэ і таму, што савецкія вайсковыя ўлады рыхтаваліся распачаць будаўніцтва доўгатэрміновых умацаванняў у памежнай зоне.
Пад рэпрэсіі трапілі гаспадары хутароў, якія знаходзіліся на кардоне. Сярод іншых у студзені 1930 года быў арыштаваны жыхар хутара Вяснінка Заслаўскага раёна Мікалай Петрашкевіч. Яго абвінавацілі ў супрацы з польскімі выведвальнымі органамі.
Пазней «тройка» прысудзіла Мікалая Петрашкевіча да расстрэлу. Дарэчы, у гэты пазасудовы орган, якія складаўся з трох асоб, акрамя супрацоўнікаў ДПУ і пракуратуры ўваходзіў і прадстаўнік акруговага камітэту ВКП(б).
У лютым таго ж года ў рукі савецкіх рэпрэсіўных органаў трапіў гаспадар хутара Калеснікава Заслаўскага раёна Васіль Розум. Селяніна абвінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным 64-м артыкулам Крымінальнага кодэксу БССР: «Узброенае паўстанне ці ўварванне ў контррэвалюцыйных мэтах на савецкую тэрыторыю ўзброеных банд, захоп улады ў цэнтры ці на месцах у тых жа мэтах, і ў прыватнасці, з мэтай адарваць ад Саюза ССР асобную саюзную рэспубліку, якую-небудзь частку яе тэрыторыі, ці скасаваць заключаную Саюзам ССР з замежнымі дзяржавамі дамову».
23 лютага 1930 года Васіля Розума расстралялі. Разам з ім арыштавалі і яго брата Аляксея, жыхара хутара Пральня. Апошняга абвінавацілі ў сувязі з польскай выведкай і прысудзілі да «вышэйшай меры сацыяльнай абароны».
«Людзі сумуюць па вайне»
Масква баялася, што Варшава можа ўмяшацца ў сітуацыю. Таму ў сакавіку 1930 года Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло пастанову «Аб Беларусі і Украіне», у якой, у прыватнасці, памежнікам загадвалася павялічыць аператыўны склад і манеўровыя групы памежных атрадаў да колькасці, дастатковай для падаўлення любога ўзброенага выступлення.
У Варшаве ведалі, што ў памежных зонах БССР і УССР адбываюцца рэпрэсіі. Польскія газеты і радыё спрабавалі інфармаваць грамадскасць Другой Рэчы Паспалітай аб трагічнай сітуацыі жыхароў савецкіх Беларусі і Украіны. «Перад мікрафонам польскага радыё 2 красавіка прачыталі два лісты палякаў, якія жывуць у Расіі (у 1930-я гады польскія выданні часта выкарыстоўвалі акрэсленне «Расія», калі пісалі пра падзеі ў Беларусі або ўвогуле ў СССР. — І.М.). Гэта трагічная карэспандэнцыя. [...] Яшчэ раз даведваемся пра беднасць сялян за нашай усходняй мяжой. “Не пішыце нам, дзеля Бога”, — просіць адзін з няшчасных. Чалавек, які атрымаў ліст з Польшчы, з’яўляецца палітычна падазроным. Часта гэтага дастаткова, каб страціць свабоду. Доказы сфабрыкуюць непасрэдна перад судовым працэсам. Савецкія чыноўнікі ведаюць, як гэта рабіць. Аб тым, наколькі цяжка жывецца гэтым людзям, сведчыць факт, што ў сваіх лістах яны часта выказваюць сум па вайне. Усё роўна з кім, усё роўна ў імя якой ідэі. Вайна ў іх разуменні — гэта змены, а ўсялякія змены будуць лепшымі ад існуючага становічша рэчаў», — падкрэслівалася ў адной з польскіх газет.
Пра рэпрэсіі ў дачыненні да насельніцтва памежных раёнаў БССР выдатна ведаў і Другі аддзел Галоўнага штаба Войска Польскага. «У раёнах, дзе пабудаваныя фартыфікацыі на заходняй мяжы і на Далёкім Усходзе, цывільнае насельніцтва было заменена на падраздзяленні войскаў, маючых тэрытарыяльны характар», — падкрэслівалася ў адной са справаздач польскай выведкі. «У Капыльскім раёне адбыліся масавыя арышты мясцовага насельніцтва, якое раней было прызначана да высялення ў іншыя раёны СССР. Арыштаваных трымалі ў мясцовым касцёле. Потым іх накіроўвалі на станцыю Слуцк. Арышт галоў сямей ажыццяўлялі жаўнеры памежнага атрада і міліцыя», — адзначалася ў іншым паведамленні Экспазітуры №1 Другога аддзела Галоўнага штаба польскага войска.
«На працягу некалькіх гадоў савецкія ўлады з вялікай энергіяй праводзілі высяленне з памежных тэрыторый (БССР і заходнія раёны УССР) ненадзейных элементаў. Высялялі насельніцтва цэлых вёсак, вывозілі яго ў глыб Расіі спецыяльнымі эшалонамі. Было даведзена да таго, што неаднаразова ў вёсках, якія налічвалі некалькі соцень жыхароў, заставалася літаральна толькі некалькі сямей аўтахтонаў, а іншыя вывезены. На іх месца прывозілі калгаснікаў, лаяльных савецкай уладзе», — падкрэслівалася ў Бюлетэні кіраўніцтва КАП «Ахова польска-савецкай мяжы» ў 1936 годзе.
Інфармацыю пра высяленне жыхароў савецка-польскага памежжа пацвярджалі і польскія дыпламаты, якія працавалі ў сталіцы БССР. У Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы захоўваецца ліст консула Польшчы ў Мінску Вітальда Аконьскага ад 13 жніўня 1935 года, у якім, у прыватнасці, адзначаецца: «Генеральнае консульства Польшчы інфармуе, што ў апошнія тыдні павялічылася колькасць выселеных прадстаўнікоў польскага насельніцтва з памежных раёнаў, а таксама людзей, якія маюць сваякоў у Польшчы і падтрымліваюць з імі кантакт. Гэтых людзей высяляюць этапам у глыб Расіі».
Варшава нічога не магла зрабіць, каб дапамагчы гэтым людзям. Дый самі рэпрэсаваныя, за рэдкім выключэннем, паслухмяна ішлі ў турмы памежных атрадаў, каб потым апынуцца ў камерах «Валадаркі» ці «Амерыканкі» і пачуць прысуд аб «вышэйшай меры сацыяльнай абароны».
Арышты і дэпартацыі адбываліся ўвесь час на працягу 1930-х гадоў. Увесну 1933 года з Замежнага аддзела ў 8-е (польскае) аддзяленне Асобага аддзела АДПУ сталі дасылаць зводкі аб узмацненні дзейнасці польскай выведкі ў польскіх нацыянальных раёнах БССР і УССР, а таксама ў памежных з Польшчай тэрыторыях. У адказ бальшавікі зноў узмацнілі рэпрэсіўную палітыку.
У лютым 1933 года памежнікі пагрукалі ў дом старшага агранома Заслаўскай Машынна-трактарнай станцыі (МТС) Івана Новікава. «Тройка» абвінаваціла яго ў працы на польскую выведку і па рашэнні ад 8 траўня 1933 года ён быў расстраляны. «“Вы арыштаваныя”, — кажуць. І пагналі ў Заслаўе, у раён. Сагналі ў свіран. А там ужо людзей нагналі столькі, што ой. Брата майго дадому адпусцілі, а мяне сюды.[…] Былі пры Заслаўскім памежатрадзе. Тут гэты свіран стаяў. […] Нас сагналі больш за 300 чалавек», — узгадваў жыхар вёскі Варашылы Вінцэнт Вольскі-малодшы. Яго сям’ю дэпартавалі ў 1935 годзе. Галаву сям’і Вінцэнта Цэзар’евіча Вольскага прысудзілі да смерці і расстралялі ў Мінску, а яго блізкіх накіравалі ў Комі АССР.
«Антыпольская аперацыя»
У 1936 годзе ў 9 памежных раёнах толькі за сувязь з жыхарамі замежжа 125 чалавек былі выселеныя ў глыб СССР. Аднак сапраўдны жах грамадзян БССР чакаў наперадзе. У чэрвені 1937 года на XVI з’ездзе КП(б)Б прагучалі заклікі рашуча разабрацца з нацыянал-фашысцкімі шпіёнамі, трацкістамі, шкоднікамі і дыверсантамі, якія «атабарыліся» ў памежнай рэспубліцы. «Выбарачнае абследаванне 154 хутароў, якія размяшчаліся ў 7,5-кіламетровым пасе Заслаўскага, Мінскага, Уздзенскага раёнаў, што было праведзена ў 1937 годзе, выявіла: 75 двароў мелі родных у Польшчы, а гаспадары 118 двароў складаюць контррэвалюцыйны актыў, які вядзе антыкалгасную працу. […] Асаблівае значэнне маюць хутарскія гаспадаркі ў справе падрыхтоўкі польскай выведкай паўстанцкіх груп і іх арганізацыі на момант вайны паміж Польшчай і СССР», — падкрэслівалася ў адным з дакументаў НКУС.
11 жніўня 1937 года быў выпушчаны аператыўны загад НКУС №00485 аб барацьбе супраць «фашысцка-паўстанцкай, шпіёнскай, дыверсійнай, паражэнчай і тэрарыстычнай дзейнасці польскай выведкі ў СССР», у сувязі з чым у БССР распачалася сумна вядомая «антыпольская аперацыя НКУС», якая ў значнай меры тычылася менавіта жыхароў памежных з Польшчай тэрыторый савецкай Беларусі.
«У 15-м памежным атрадзе я быў восенню 1937-га. […] Там драўляная турма была. Доўга там не трымалі. Следчы аддзел быў у атрадзе. А потым у дзяржбяспеку, у Мінск», — узгадваў тыя жудасныя часы былы савецкі памежнік Уладзімір Валовік.
У пачатку публікацыі мы ўзгадалі помнік у вёсцы Касачы. З таго населенага пункта было вельмі блізка да кардону з Польшчай. Побач знаходзіліся савецкая памежная застава «Чыравічы». У кастрычніку 1937 года менавіта памежнікі, якія служылі на ёй, арыштавалі старшыню мясцовага калгаса Уладзіміра Розума. Відавочна, у чэкістаў не хапіла доказаў, каб абвінаваціць гэтага чалавека ў супрацы з польскай выведкай. У выніку, ён «пайшоў» па 72-м артыкуле Крымінальнага кодэкса БССР — антысавецкая агітацыя, за што атрымаў 10 гадоў лагераў і ў лістападзе 1941 года памёр у Кулайлагу НКУС. А вось Дзяніса Рака з той жа вёскі назвалі «агентам польскай выведкі». Супрацоўніка калгасу «Шлях праўды» арыштавалі 24 жніўня 1937 года. Суд адбыўся 9 лістапада 1937 года, а ўжо 25 лістапада яго расстралялі ў Оршы.
Сярод тых, хто 1937 годзе трапіў у рукі НКУС, быў ураджэнец вёскі Касачы, жыхар вёскі Кальсберг Васіль Стасевіч. Яго абвінавацілі ў тэрарыстычных намерах і таксама расстралялі.
Праз год «зялёныя фуражкі» завіталі ў хату іншага жыхара вёскі Касачы Рамана Мамчыца. 15 кастрычніка 1938 года селяніна абвінавацілі ў супрацы з польскай выведкай і 6 лістапада 1938 года расстралялі. Не абмінулі рэпрэсіі і Пятра Мамчыца, якога расстралялі 29 лістапада 1938 года.
Як бачым, сялян вёскі Касачы арыштоўвалі аднаго за другім. Відавочна, НКУС імкнулася стварыць выгляд выкрыцця «польскай шпіёнска-дыверсійнай банды». Хутчэй за ўсё, пад катаваннямі адзін агаворваў другога, за што чапляліся следчыя НКУС і «раскручвалі справу».
Ці былі гэтыя людзі польскімі шпіёнамі? Напэўна, не. Разам з тым, можна дапусціць, што некаторыя з ахвяр НКУС наўмысна ці выпадкова маглі стаць інфарматарамі польскай выведкі. Нехта меў сувязь са сваякамі «за кардонам», іншыя маглі зарабляць кантрабандай. Гэтыя чыннікі дазвалялі польскім выведвальным органам маніпуляваць і карыстацца жыхарамі памежных раёнаў БССР.
Трэба, аднак, заўважыць, што Другі аддзел польскага Генштабу ў асноўным невысока ацэньваў выведвальны патэнцыял жыхароў польскіх нацыянальных раёнаў. «Польскія сельсаветы маюць невялікую карысць як цэнтры дзейнасці нашай выведкі. Невысокая вартасць мясцовых палякаў для нашай дзейнасці тлумачыцца тым, што ў сваёй большасці яны слаба адукаваныя, і, што самае галоўнае, нацыянальна слаба свядомыя, а савецкая апрацоўка ўвогуле пераставіла іх на рэйкі настрояў супраць “панскай” Польшчы», — падкрэслівалася ў лісце кіраўніка аддзела «Усход» капітана Ежы Незбжыцкага да кіраўніка выведкі КАП маёра Яна Гурбскага.
Каток «антыпольскай аперацыі НКУС» прайшоўся па ўсёй Заслаўшчыне. Сярод пакараных былі не толькі мужчыны. У снежні 1937 года НКУС арыштавала жыхарку хутара Пятроўшчына Заслаўскага раёна Ядвігу Філіповіч. Да арышту яна працавала ў калгасе імя Пушкіна. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна з’яўлялася агентам польскіх выведвальных органаў, і 28 лютага 1938 года расстралялі ў Мінску. У верасні 1937 года ў рукі НКУС трапіла супрацоўніца калгасу «Ударнік 2-й пяцігодкі», жыхарка вёскі Дзічкі Сафія Радзько. У лістападзе таго ж года яе расстралялі ў Оршы.
Аднак у асноўным ахвярамі сталінскіх рэпрэсій на памежжы станавіліся галовы сямействаў, сяляне, якія проста хацелі жыць і працаваць на сваёй зямлі.
У «яжовыя рукавіцы» траплялі не толькі шараговыя калгаснікі. У снежні 1937 года НКУС «завітала» ў дом старшыні заслаўскага раённа-выканаўчага камітэта Васіля Ганіна. Следства па яго справе працягвалася да лета 1938 года, а 28 чэрвеня Васіля Ганіна расстралялі ў Мінску.
29 лістапада 1937 года быў арыштаваны супрацоўнік Заслаўскага раённага аддзела міліцыі Пятро Радзько. 13 красавіка 1938 года міліцыянера расстралялі ў Мінску.
Тады ж арыштавалі і дырэктара Заслаўскай МТС Марка Сукача. У лістападзе 1937 года яго расстралялі ў Мінску. Амаль усіх пералічаных вышэй жыхароў Заслаўшчыны абвінавацілі ў супрацоўніцтве з польскай выведкай.
За «шпіянаж на карысць Польшчы» ўзмацнялі пакаранне і тым, хто ўжо знаходзіўся ў месцах зняволення ці быў дэпартаваны. Так, у 1938-м да 10 гадоў зняволення быў прысуджаны спецпасяленец Вінцэнт Вольскі, які за тры гады да гэтага быў дэпартаваны ў Комі АССР. У жніўні 1937 года быў паўторна арыштаваны ўраджэнец хутара Валоўшчына Франц Шаблоўскі. 29 верасня 1937 года яго расстралялі ў Оршы.
«Польскае насельніцтва асабліва інтэнсіўна пераследуецца»
Ці ведалі ў Польшчы, што адбываецца на іх мяжы з БССР і на ўсёй тэрыторыі савецкай Беларусі ў 1937–1938 гадах? Так.
«У канцы ліпеня бягучага года перастала выходзіць адзіная польская газета на тэрыторыі Беларусі – “Orka”. Памяшканне, якое займала рэдакцыя, апячатанае. Галоўны рэдактар Рагінскі, разам з некалькімі памочнікамі, быў арыштаваны і абвінавачаны ў дыверсійнай дзейнасці. [...] Рагінскі, як і большасць персаналу рэдакцыі, былі палітычнымі перабежчыкамі з Польшчы. [...] Ліквідацыя палякаў-камуністаў, якія паходзілі з-за мяжы, ахапіла, галоўным чынам, дзяржаўныя і культурныя ўстановы ў Мінску. [...] Правінцыя яшчэ не ахопленая гэтымі падзеямі», — адзначалася ў лісце кіраўніка аддзела «Усход» капітана Ежы Незбжыцкага, дасланага кіраўніку выведкі КАП маёру Яну Гурскаму ў жніўні 1937 года.
Адзначым, што яшчэ 9 сакавіка 1936 года Палітбюро ВКП(б) выдала пастанаўленне, у якім, у прыватнасці, адзначалася: «У сувязі з тым, што на тэрыторыі СССР сабралася вялікая колькасць палітэмігрантаў, частка з якіх з’яўляецца прамымі агентамі выведвальных і паліцэйскіх органаў капіталістычных дзяржаў, — даручыць Камінтэрну сумесна з НКУС у трохмесячны тэрмін правесці поўны пераўлік палітэмігрантаў, якія прыбылі ў СССР па лініі МАДР, ВККІ Профінтэрна». Зразумела, што пасля «пераўліку» савецкія рэпрэсіўныя органы, пачалі «зачыстку» замежных камуністаў.
«Паведамляю, што паводле нашай інфармацыі і на падставе назіранняў трэба падкрэсліць, што арышты як цывільнага насельніцтва, так і вайскоўцаў працягваюцца. Назіраем, як арыштаваных вядуць вуліцамі пад вайсковым канвоем.[…] Польскае насельніцтва асабліва інтэнсіўна пераследуецца», — паведамляў у сакавіку 1938 года ў лісце, накіраваным у Амбасаду Польшчы ў Маскве кіраўнік Генеральнага Консульства Польшчы ў Мінску Вітальд Аконьскі.
Аднак дапамагчы гэтым людзям польскія чыноўнікі не спяшаліся. Больш за тое, кожная заява ад савецкіх грамадзян на выданне польскай візы ці пашпарту разглядалася ў Генконсульстве вельмі марудна. Разам з тым, варта падкрэсліць, што бальшавіцкія ўлады максімальна абмяжоўвалі доступ да польскай дыпламатычнай установы ў сталіцы савецкай Беларусі. Сам факт кантакту з польскім дыпчыноўнікам мог стаць падставай для арышту таго, хто пажадаў гэта зрабіць.
Усе сямейнікі і сваякі арыштаваных і рэпрэсаваных падчас польскай аперацыі дэпартаваліся ў глыб СССР. Па стане на 10 верасня 1938 года на тэрыторыі Савецкага Саюза было асуджана 103 489 чалавек, з якіх 84 471 расстралялі. На тэрыторыі Беларусі ў перыяд ад жніўня 1937 па студзень 1938 года было арыштавана 12 052 «польскія шпіёны», са студзеня па красавік 1938 года — 3 689 чалавек, з красавіка па кастрычнік 1938 года — 5 666 грамадзян БССР. Усяго ж, паводле дадзеных НКУС БССР, падчас «антыпольскай аперацыі» на тэрыторыі савецкай Беларусі было рэпрэсавана 21 407 чалавек. Сярод арыштаваных было 10 120 беларусаў і 9 196 палякаў. Большая частка ахвяр «антыпольскай аперацыі» паходзіла менавіта з памежных раёнаў. Колькі ж усяго ў 1920–1930-я гады было рэпрэсавана жыхароў савецка-польскага памежжа ў Беларусі, сказаць цяжка.
Сёння пра тую трагедыю на былой даваеннай мяжы амаль нічога не нагадвае. Між тым, варта было б у Заслаўі, на месцы былога памежнага атрада, паставіць памятны знак, каб сучасныя жыхары Беларусі ведалі пра злачынствы сталінскай сістэмы.
Фота з архіва аўтара
Ігар Мельнікаў рыхтуе да выдання кнігу-альбом «На мяжы цывілізацый. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардону ў Беларусі», у якой будуць падрабязна асветленыя розныя аспекты гісторыі мяжы, што амаль дваццаць гадоў падзяляла нашу краіну.