«Я звыкся са сваім цыганскім жыццём». Адам Міцкевіч у выгнанні

Геній, Прарок, вялікі майстар слова і аўтар неўміручых твораў… Акрамя нашэння гэтых гучных «тытулаў», Адаму Міцкевічу выпала яшчэ і быць эмігрантам. Ён падзяліў лёс тысяч выгнаннікаў з роднага краю з-за палітычнага пераследу.

00_vokladka_3.jpg


24 снежня 1798 года на вігілію Нараджэння Божага нарадзіўся Адам Міцкевіч. Паэт, які стаў класікам літаратуры з сусветным імем. У сваіх творах ён праслаўляў і ўвекавечваў сваю Літву, але жыў ён у родным краі ўсяго 25 год з адведзеных 56 зямных гадоў. Справа філаматаў, арышт, высылка, бадзянне па гарадах імперыі і, урэшце, — эміграцыя…
Выгнанне з радзімы — сімвал цяжкага ХІХ стагоддзя (дый не толькі!), і Міцкевіч таксама прыняў гэты крыж, як і тысячы яго землякоў з Літвы і Польшчы. У вуалі прыхарошаных фактаў з афіцыйных біяграфій, якія робяць «ідэальнага» Міцкевіча, — Прарок не можа быць заганным! — губляецца чалавек, звычайны чалавек, які выехаў на чужыну. А якім быў гэты чалавек, раскрываюць яго лісты.

Чаканне, зборы і імклівы выезд

01_adam_mickevicz_u_pecjarburhu__salon_valkonskaj.jpg

Адам Міцкевіч у Пецярбургу, салон Валконскай

Вырвацца за межы Расійскай імперыі было надзвычай складана. Яшчэ ў 1828 годзе Міцкевіча наведала думка выехаць з імперыі, каб паправіць здароўе. Ужо мінула досыць шмат часу ад «справы філаматаў», але паэт усё роўна быў пад пільным наглядам паліцыі. Такі лёс! Калі ты аднойчы выступіў супраць імперыі, імперыя будзе сачыць за табой заўжды і трымаць пад падазрэннем.

Адам Міцкевіч, 1828 год (Ю. Аляшкевіч).

Адам Міцкевіч, 1828 год (Ю. Аляшкевіч).

Міцкевіч рызыкнуў. Ён падаў хадайніцтва на дазвол зладзіць замежную паездку, а каб улады ўпэўніліся ў яго лаяльнасці, нават падаў прашэнне аб залічэнні на службу ў Дзяржаўную калегію замежных спраў. Цягнуліся месяцы. Не без дапамогі ўплывовых сяброў справа была вырашана станоўча. Зялёнае святло на выезд было запалена!

 Кранштадт, 1820-я., калі Міцкевіч пакідаў Расію

 Кранштадт, 1820-я., калі Міцкевіч пакідаў Расію

І вось, надышло 27 мая 1829 года — дзень ад’езду. На кватэры сябра-філамата Францішка Малеўскага збіралі Адама ў дарогу. Прысутны таксама там Антоні Эдвард Адынец апісаў гэтыя зборы і атмасферу развітання.
Па ўсіх кутах кватэры гарэлі свечы, па сярэдзіне пакоя на стале стаяла дарожная сумка Адама, вакол — яго рэчы і бялізна, якія ўладкоўваў Малеўскі, а Мар’ян Пясецкі ўкладваў. Міцкевіч у гэта не ўмешваўся, вёў гутарку. Усё рабілася ў спешцы, бо час адыходу парахода перанеслі, трэба было рабіць усё хутчэй. Паспелі. Напачатку сёмай усе ўжо былі над Нявой. Тыя сябры, якія ведалі аб ад’ездзе, развітваліся з Адамам са слязьмі, лодка несла яго на карабель. Потым Міцкевіч стаяў на палубе парахода Георг IV, агаліў галаву і махаў хусткай на развітанне. З некаторымі — назаўжды.

Францішак Малеўскі

Францішак Малеўскі

Але ж не з усімі ў той спешцы Міцкевіч паспеў развітацца! Адразу на параходзе Адам ужо пісаў знакамітай піяністцы пані Марыі Шыманоўскай: «Няхай вам распавядуць, як так здарылася, што я не мог развітацца нават з вамі. Колькі я потым пакутаваў! Бывайце ж здаровы…»  

Марыя Шыманоўская

Марыя Шыманоўская

На перадзе Міцкевіча чакала замежжа. Ён ехаў вандраваць, а застаўся назаўжды.

«Я здаровы і вясёлы». Першыя лісты дамоў

Як толькі Міцкевіч прыбыў у Гамбург, адразу 2 чэрвеня 1829 года даслаў ліст Францішку Малеўскаму.

Свайму сябру Міцкевіч бадзёра рапартуе, што ён здаровы і вясёлы. «Аб тым, у якім стане я з’ехаў, — піша Адам, — ты, напэўна ведаеш: галаўны боль катаваў мяне яшчэ 24 гадзіны, але потым вярнуліся здароўе і настрой». І далей у лісце пазначана, што вандроўка ацаліла хваробу вачэй, ад якой пакутаваў перад ад’ездам Міцкевіч.

Наогул пан Адам быў задаволены сабой, і не дзіва! У карэспандэнцыі ён апісвае, як бавіў час на караблі: «На параходзе садралі 30 дукатаў, бо ў другім класе размяшчацца было нельга з-за кепскага стала і нязручнасці, а за стол і тыя, хто піў штодзённа шампанскае і рэйнскае віно, і тыя, хто піў толькі мядок, як я, плацілі амаль аднолькава».

І сапраўды, чаму б гэта не прыйсці ў добры гумор пад мядок!

Спачатку паглядзець свет

Як толькі Міцкевіч сышоў з карабля, ён адразу ж стаў пільна вывучаць наваколле, падрабязна знаёміцца з жыццём еўрапейскіх гарадоў. Звяртаў увагу і на славутасці. І як сапраўдны пісьменнік вёў дзённік вандроўкі.

Канешне, Еўропа спачатку яго ўразіла. Малеўскаму ён пісаў: «Падарожжа мяне забаўляе, усё навокал знаходжу прыемным, прыгожым, цікаўным». У замежжы Міцкевіч ў добрым настроі, шчаслівы і лёгкі. Здаецца, ён сам сабе дзівіцца, што тут перамяніўся. Ён хваліцца сябру: «Я непаваротлівы, які не любіць нічога шукаць, без жадання ні аб чым клапаціцца, бегаў тры гадзіны ў пошуках коней, гандляваўся, лічыў маркі і шылінгі, рабіў абмен грошай з усёй стрыманасцю банкіра». Вось што бывае, калі чалавек вырываецца з лапаў імперыі…  

Гэты было лета, а ў снежні 1829-га Міцкевіч быў ужо ў Італіі. А дагэтуль — Германія, Швейцарыя… Фларэнцыя, Венецыя, Рым… Калыска Рэнесансу яго неймаверна ўражвала! «Па музеях я пакуль толькі хутка прамаршыраваў, кідаючы туды-сюды позірк», — піша ён Малеўскаму. Адам з вялікай зацікаўленасцю аглядае Апалона і Лаакоана, захапляецца класічным Дыскаболам. Купал Святога Пятра зацямніў усе помнікі… 

Наогул жа, напачатку свайго падарожжа Міцкевіч быў натхнёны, як прызнаецца сам пан Адам, «я сапраўдны турыст». Але характар у Міцкевіча не такі, каб яму ўсё заўжды падабалася. Нават у замежжы, якое так уражвала, у ім прачынаўся буркун і зануда…

Жыццё ў Берліне сумнае, а ў Рыме не зайздроснае. «Што напісаць вам пра Берлін?» — задаецца пытаннем ў лісце да пані Шыманоўскай турыст Міцкевіч. І адразу ж адказвае: «Тутэйшыя славутасці наводзяць на мяне страшэнную нуду». У Берліне Адама сустрэлі толькі нуда, непрыемнасці і глупствы. Яшчэ 2 чэрвеня ён быў захоплены вандроўкай, а 10-га яго ў сваіх чэпкіх лапах трымаў сум.
І не дзіва, калі столькі непрыемнасцей здарылася ў Берліне! Спачатку не было коней, цэлы тыдзень непагадзь, холад, дажджы, складаны пошук кватэры… І да ўсяго, у Міцкевіча цяжка скруціла страўнік: аб’еўся, небарака, вустрыц. Канечне, пры такіх абставінах хмурны і саркастычны Міцкевіч перамог Міцкевіча, захопленага вандроўкай і прыгодамі. Берлін паэта не ўразіў.

Рым, 1820-я.

Рым, 1820-я.

Наракаў Міцкевіч і на Рым, той самы Рым, які нахвальваў за неверагодныя славутасці. Купал Святога Пятра, канечне, прыгажосць сваю не страціў, а вось клімат пана Адама страшэнна даймаў! Францішку Малеўскаму ён скардзіцца ў лісце: «Маразоў у нас тут, праўда, няма, але пастаянная халодная сырасць, вечны дождж і непагадзь, які перамешваецца са снегам, не дазваляюць выглянуць на свет Божы». Пагана было Адаму не толькі на вуліцы, але і ў доме: «Тут вечная зіма, два месяцы сяджу захутаны ў каптан, хатні халат і плашч». Холад выбіў паэта з каляіны, муза пакінула яго… «Да вясны не толькі пісаць, але і думаць не буду дужы», — пісаў Адам.
У лісце да Малеўскага Міцкевіч робіць агульную выснову: добра там, дзе нас няма. У гаму настрою сталі прабівацца фарбы настальгіі…  

Першыя ноткі тугі па Радзіме

Але падарожжы Міцкевіча працягваліся! Сіцылія, Неапаль, Жэнева, Мілан, Парма… 1830-ты год прайшоў у раз’ездах, а на зімоўку пан Адам зноў прыехаў у Рым. Дарэчы, вандраваў ён не адзін, а ў пачэснай кампаніі Эдварда Адынца, які не толькі забаўляў Міцкевіча размовамі, але і дапамагаў яму практычна: не прыстасаванаму да побыту Міцкевічу Адынец збіраў і ўкладваў дарожныя рэчы, а таксама расплачваўся па рахунках.

Міцкевіч і Адынец на Везувіі

Міцкевіч і Адынец на Везувіі

І вось з Рыма Адам зноў піша сябру Францішку. У гэтым лісце ўжо ў Міцкевіча з’яўляюцца сур’ёзныя ноткі суму і тугі па родным краі. Штуршком для з’яўлення такіх эмоцый стала, як ён піша, радасная сустрэча з земляком Генрыкам Жавускім. «Ён ажывіў мяне традыцыямі, анекдотамі, шляхецкім стылем! — піша Міцкевіч, і дадае — Як бы я хацеў забыць усе мовы, на час закінуць замежныя кнігі і ў пакаянні замкнуцца ў якой-небудзь нашай бібліятэцы…».

Генрык Жавускі

Генрык Жавускі

На поўначы Міцкевіч сумаваў па поўдні, а там, на поўдні, яго дрэнчыла туга па снягам і лясам. Ох, з якой жа ён асалодай, ледзь не са слязьмі, сустрэў у Альпах зялёную траву і елкі!  

Гэты ліст быў напісаны 20 лістапада 1830-га, а літаральна праз дзесяць дзён на радзіме ўспыхне вызвольнае паўстанне. Гэтыя падзеі крута зменяць лёс Міцкевіча: з падарожніка ён пераўтворыцца ў выгнанніка.

Міцкевіч адгаворвае Дамейку вяртацца

Уначы з 29 на 30 лістапада 1830 года на землях Рэчы Паспалітай пачалася барацьба за вызваленне. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне, Міцкевіч спрабаваў выехаць на радзіму, але на некалькі месяцаў затрымаўся ў Дрэздэне. Да таго часу галоўныя сілы паўстанцаў пацярпелі паразу, рухаліся да мяжы…Пачалася вялікая эміграцыя.

Вялікая эміграцыя

Вялікая эміграцыя

Сярод тых паўстанцаў, каму пашчасціла і хто трапіў за мяжу, а не на расійскую катаргу, апынуўся даўні сябар Адама Міцкевіча па Віленскім універсітэце і «справе філаматаў» Ігнат Дамейка.

Сярод вымушаных мігрантаў былі розныя настроі, шмат хто не мог змірыцца з выгнаннем і разлічваў на міласць імперыі, спадзяваўся вярнуцца назад. Многія ўпакорыліся лёсу быць выгнаннікамі і чакалі… Працягу барацьбы, дапамогі еўрапейскіх краін, вайны супраць Расійскай імперыі. Але найперш чакалі вяртання.

 Ігнат Дамейка

 Ігнат Дамейка

Канечне, перад такім выбарам паўстанцы вагаліся, вагаўся і Дамейка. Яму ў студзені 1832-га пісаў ліст Міцкевіч з Познані (тады гэта была Прусія), дзе намагаўся даць сябру годныя парады.

Ліст Міцкевіча да Дамейкі — лаканічны, але ж які ёмісты! Колькі ўсяго ён раскрывае з душы Міцкевіча ў віры падзей пачатку 1830-х. Адам піша: «Твой намер вярнуцца не надта разумею, але не асуджаю. Пасля столькіх гадоў бадзянняў я ўжо звыкся з цыганскім жыццём, аднак разумею, якім цяжкім яно можа быць для пачаткоўца». Міцкевіч добра разумее, што адчуваў у той час Дамейка, але ж і разумее, наколькі небяспечна вяртацца, таму і абураецца: «Але ж вярнуцца, бачыць, што там робіцца!»

А на радзіме рабілася сапраўды многае. Пераслед, арышты, суды, высылкі, пакаранні катаргай і смерцю… Літву і Польшчу на гады ахутала атмасфера страху, перасцярогі, падазронасці.

Шлях на катаргу

Шлях на катаргу

Далей Міцкевіч прызнаецца, як яму б хацелася стаць у паўстанцкія шыхты: «Смуткую, што мне не давялося хоць бы на імгненне пабыць з вамі [паўстанцамі], і вечна буду вам зайздросціць».
Ігнат Дамейка паслухаў сябра і застаўся поруч з Міцкевічам на выгнанні. Іх чакаў Парыж…  

«Заўтра маё вяселле, нікому не кажы аб гэтым»

13_paryz__1840_ja.jpg

 Парыж, 1840-я


Парыж 1830-х стаў прытулкам для тысяч выгнаннікаў з Рэчы Паспалітай. У грамадскае жыццё, якое там бурліла, з галавой пагружаецца і Міцкевіч. Ён піша адозвы, рыхтуе публіцыстыку, віруе паміж рознымі палітычным групоўкамі эмігрантаў. Мэта адна — вяртанне і перамога, адраджэнне сваёй дзяржавы.

Але час ішоў. Дапамога замежных урадаў паўстанцам на выгнанні змяншалася, вайну Расіі ніхто не аб’яўляў, дый і ў колах эміграцыі адбываўся раскол, розныя палітычныя групоўкі варагавалі паміж сабой. Імпульс узброенай барацьбы вычарпаўся, усіх заглынула руціна. А для Міцкевіча гэты час быў досыць плённы: у Парыжы за досыць кароткі час ён напісаў «Пана Тадэвуша».

1834 год… Жарсці ў колах міграцыі прыціхлі, справа з «Панам Тадэвушам» перайшла ў стадыю нуднай карэкціроўкі… Карацей, жыццё — багна. Чуллівы Міцкевіч, якому, дарэчы, ішоў ужо 36-ты год, пачынаў хварэць на меланхолію і абыякавасць. І тут пан Адам жэніцца!

 Цэліна Міцкевіч (Шыманоўская)

 Цэліна Міцкевіч (Шыманоўская)

Хоць Міцкевіча цягам жыцця і атачалі розныя жанчыны, суправаджалі рамантычныя — узаемныя і не зусім — стасункі, усё ж быць на самоце, асабліва на чужыне, — цяжка. Аб тым, што ў жыццёвым балоце выгнання ў летуценнага Міцкевіча з’явілася прага завесці сям’ю, бо так лягчэй выносіць нягоды, сведчаць яго ж словы з ліста да Адынца, які нядаўна ажаніўся сам: «Усё ж ты больш шчаслівы за астатніх, бо ў сваім статусе мужа і ў сваіх рэлігійных пачуццях ты знойдзеш абарону і суцяшэнне».

І вось, таму ж Адынцу ў ліпені 1834 года Адам піша: «Я жанюся з Цэлінай Шыманоўскай. Прыйшлося б доўга пісаць аб тым, як мне самотна было ўвесь гэты час і як прыгнятаў мяне цяжар жыцця. Пабачым, ці будзе лягчэй». А Дамейку Міцкевіч 21 ліпеня 1834 году напісаў: «Заўтра маё вяселле. Табе трэба будзе апрануць фрак. Нікому не кажы аб гэтым і пастарайся не спазніцца».

Якар кінуты, карабель Міцкевіча зайшоў у гавань. Пасля гэтага эпізоду і павароту жыцця пачынаецца зусім іншы Адам Міцкевіч.