«Эміграцыя — не страта, а станоўчы вопыт, які спатрэбіцца ў Беларусі»
Адна з першых звольненых за абарону студэнтаў выкладчыца БДМУ Юлія Матусевіч распавяла «Новаму Часу» пра эміграцыю ў ЗША, працу ў сістэме догляду за пажылымі і досвед, які можа спатрэбіцца ў Новай Беларусі.
«Мы за свабоду слова і выкананне законаў, мы супраць гвалту», сказала ў відэароліку-звароце да студэнтаў БДМУ 21 верасня 2020 года выкладчыца лабараторыі практычнага навучання Юлія Матусевіч. Потым яна хадзіла ў рэктарат падтрымаць студэнтаў, якіх адміністрацыя і пракурор раёна адчытвалі за сядзячы страйк. 2 кастрычніка яе папрасілі звольніцца. Праз два гады пасля звальнення з БДМУ Юлія апынулася ў ЗША.
Працу знайшла праз 20 дзён пасля прыезду
— Пасля звальнення з БДМУ я не засталася без даходаў, працягвала працаваць у грамадскіх арганізацыях і як ІП, — распавядае Юлія. — Але я разумела, што наўрад ці змагу жыць у той Беларусі, у якую ператваралася краіна, гэта станавілася непрымальным для мяне. Таму ў кастрычніку 2020 года я падалася на «зялёную карту» і ў траўні 2021 года даведалася, што выйграла. Мы з мужам пачалі рыхтавацца да пераезду. У гэты час пачаліся праблемы з грамадскай арганізацыяй, з якой я супрацоўнічала, арыштавалі кіраўніцу «Геному» Дар'ю Царык, што вельмі моцна на мяне паўплывала. Я разумела, што прыйдуць за кожным, хто неяк праявіў грамадзянскую пазіцыю. Гэта ўсё толькі ўмацоўвала жаданне з'ехаць. У ліпені 2022 года мы спачатку выехалі ў Польшчу, а 5 кастрычніка прызямліліся ў Дэнверы, штат Каларада.
Паводле звестак Юліі Матусевіч, разам з ёй у той год «зялёную карту» выйграла каля 1700 беларусаў, 850 з якіх паспяхова прайшлі сумоўе і атрымалі амерыканскую візу, у тым ліку некаторыя беларускія лекары. «Зялёная карта» дае права на пастаянны від на жыхарства ў Амерыцы на 10 гадоў, то-бок эмігранты атрымліваюць усе правы грамадзян ЗША, толькі не могуць удзельнічаць у выбарчым працэсе.
— На руках у мяне быў дыплом медсястры, трэнера па кінестэтык. Ангельскую мову я вучыла і практыкавала падчас працы ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа, але праз ковід доўгі час не мела моўнай практыкі, таму спачатку мне было страшна. Але ў Амерыцы пачынаеш хутка размаўляць, бо выбару няма. Я адаптавала сваё рэзюмэ і размясціла на платформе indeed.com. Падавала на пасаду сядзелкі або памочніцы па догляду. Як медсястра я тут не магу адразу працаваць, для гэтага трэба пацвярджаць свой дыплом, атрымліваць ліцэнзію на ажыццяўленне медыцынскай дзейнасці і здаваць моўны экзамен. Літаральна ў першыя суткі пасля публікацыі рэзюмэ я атрымала каля 7 званкоў на сумоўе. Я схадзіла на тры і выбрала тую працу, што бліжэй да дома.
Зараз у Юліі два кліента, да якіх яна выязджае на дом.
— Шмат часу аддаецца на камунікацыю з пацыентамі, на падтрымку іх ментальных функцый, што я рэдка бачыла ў Беларусі. Мы абмяркоўваем кіно, спорт, гуляем у настолкі. Таксама я кантралюю прыём лекаў, суправаджаю кліента ў перамяшчэнні па хаце, на шпацырах, дапамагаю з гігіенай, гатаваннем ежы. Змена — 12 гадзін, ёсць начныя дзяжурствы. Можна працаваць больш, за даплату. Як і ва ўсім свеце ў ЗША недахоп спецыялістаў па догляду за пажылымі і цяжка хворымі людзьмі. Таму так хутка і атрымалася знайсці добрую працу, — тлумачыць Юлія.
Цікава, што шукаць працу можна не толькі праз інтэрнэт-платформы. Да гэтага часу працуе метад «хадзіць нагамі», то-бок чытаць аб'явы, развешаныя каля крам, рэстаранаў, дамоў-інтэрнатаў і інш.
Арэнда кватэры — $1300, за ката таксама трэба даплачваць
Каб была фінансавая падушка ў першы час у чужой краіне, сям'я прадала машыну. Але аказалася, што запас грошай сышоў за месяц. У тым ліку з-за асаблівасцяў арэнды жылля ў Амерыцы.
Месяц сям'я здымала гараж, перароблены пад студыю, каля 25 «квадратаў» за $2100, што дорага нават для амерыканцаў. Гэтую кватэру яны знайшлі праз Airbnb, іншыя варыянты адпалі, бо ў сям'і не было ні крэдытнай гісторыі, ні працы. Нармальную кватэру ўдалося зняць ужо калі ў Юліі з'явілася праца. Гэта двушка каля 46 «квадратаў» за $1300 штомесяц. Але паколькі сям'я нядаўна ў Амерыцы, гаспадары папрасілі ўнесці грошы за тры месяцы арэнды — 3900$. Па даных Юліі, гэта яшчэ нармальная сума, у іншых штатах могуць папрасіць адразу $20 тысяч на дэпазіт. Яшчэ, як правіла, кватэры тут без мэблі, што трэба таксама закласці ў выдаткі.У суму арэнды ўключана ўся камуналка, акрамя электрычнасці, яна аплачваецца асобна, каля 100 долараў. Інтэрнэт абыходзіцца ў 60 долараў, мабільная сувязь яшчэ 80 долараў.
Юлія перавезла ў ЗША свайго ката. Аказалася, што за яго таксама трэба плаціць: на дэпазіт $300 долараў у год і $25 штомесяц. Але! Калі ката аформіць як тэрапеўтычнага, які аказвае дапамогу ў лячэнні, то гэтыя 300 долараў вернуць, а ў ката будуць льготы на паслугі для жывёл! Афармленне такога статусу каштуе $175.
Па словах Юліі, яе зарплаты хапае, каб пакрываць усе выдаткі, медыцынскую страхоўку, купляць вопратку, харчавацца, нармальна жыць.
У Дэнверы, распавяла Юлія, ужо ёсць беларускае кам'юніці, у чаціку каля 18 беларусаў, якія нядаўна эмігравалі.
У многіх — кіслародныя канцэнтратары, электрычныя інвалідныя каляскі
Эміграцыя з Беларусі далася нялёгка, прызнаецца Юлія, але яна не разглядае гэта як выгнанне або страту.
— Для мяне — гэта новыя досвед, магчымасці, веды, развіццё ва ўсіх планах. Я рада, што пайшла не ў бальніцу, а працую на даму і бачу, як жывуць звычайныя амерыканцы, як працуе сістэма па хатнім доглядзе, паліятыўная служба. Я ў Беларусі таксама займалася падобнай дзейнасцю і цяпер магу параўноўваць сістэмы, аналізаваць, думаць, што можна ўзяць для паляпшэння службаў у Беларусі.
Напрыклад, тут без праблем прадастаўляюць кіслародны канцэнтрат цяжкім паліятыўным пацыентам. У Беларусі з гэтым было складана, а тут прыязджае тэхнік, прывозіць балоны з кіслародам, падключае і чалавек карыстаецца. Незалежна ад даходу пажылыя тут лепш забяспечаны: на вуліцах бачу небагатых людзей на электрычных інвалідных калясках. І гэта не ва ўсіх пакрываецца страхоўкай, многія атрымліваюць бясплатную дапамогу па ўзросту. Магчыма, у мяне атрымаецца вывучыць сістэму грамадскай аховы здароўя, каб зразумець, як тут усё працуе, і што можна ўзяць для Беларусі.
Я сачу за нашай павесткай. Вельмі ўзрадавалася, што выйшлі студэнты з калоній. Вельмі знервавалася з-за рэанімацыі Марыі Калеснікавай. Яна ў мяне на экране тэлефона з 2020 года. Але я веру, што ўсё будзе добра, хоць многім цяпер здаецца, што не будзе. Я бачу, што сістэма сама сябе зломіць, яна такой вечна быць не можа. Потым будзе доўгі працэс аднаўлення і выздараўлення.
Фота з архіва Юліі Матусевіч.