Магда: Ёсць адзін момант, які робіць візіт Зяленскага ў ЗША гістарычным
Украінскі палітолаг, дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда расказаў «Филину», чаму сустрэча ў Вашынгтоне адбылася менавіта цяпер.
— Уладзімір Зяленскі ўпершыню з моманту ўварвання Расіі выправіўся з замежным візітам. Чаму менавіта цяпер? З’явіліся спрыяльныя для гэтага ўмовы альбо проста паўстала такая неабходнасць, бо немагчыма адкладваць?
— Па-першае, час напярэдадні Раства — гэта найбольш спрыяльны момант для таго, каб прасіць дапамогі. Калядная традыцыя ахвяраванняў даволі моцная, яна працуе на падсвядомым узроўні.
Другі момант — прайшлі трыста дзён з моманту шырокамаштабнага ўварвання. І відавочна тое, што Расія не здольная дасягнуць поспеху.
Зяленскі перад гэтым наведаў Бахмут і ўжо адтуль праз тэрыторыю Польшчы накіраваўся за акіян. Таксама відавочны і сімвалічны момант: першы візіт быў зроблены ў ЗША — да нашага асноўнага на сённяшні дзень стратэгічнага партнёра.
— Ці падзяляеце вы думку пра тое, што гэта гістарычны візіт, пэўны паваротны момант у гэтай вайне?
— Візіт Зяленскага ўжо параўналі з візітам Чэрчыля ў ЗША ў 1941 годзе. Але той візіт быў пасля атакі на Пёрл-Харбар, ролі ўдзельнікаў сустрэчы былі трошкі іншымі.
Гэта не першая сустрэча Зяленскага і Байдэна, іншая справа, што абставіны цяпер больш драматычныя. Украінскі прэзідэнт нават ляцеў у ЗША на самалёце амерыканскіх ваенна-паветраных сіл.
Цяжка ацаніць любы візіт як гістарычны ці негістарычны факт. Гістарычнымі могуць быць яго наступствы, вынікі. Казаць жа, што менавіта гэтая сустэча, гэты поціск рук носяць гістарычны характар, досыць складана.
Зрэшты, удакладню. ЗША зрабілі адзін крок да таго, каб гэта быў гістарычны візіт. Яны прынялі рашэнне перадаць Украіне батарэю супрацьракетнага комплексу «Patriot». Гэта ўжо трэці этап. Першы быў вясной, калі нам перадалі гаўбіцы калібру 155 мм. Летам былі РСЗА «Himars».
І вось цяпер мы спадзяёмся ў найбліжэйшы час атрымаць «Patriot». У гэтым плане так, гэта гістарычны візіт.
— Амерыканская прэса паведамляе пра адмову Мінабароны ЗША даваць Украіне перадавое ўзбраенне, у прыватнасці, танкі M1 «Abrams». Таксама гаворка ідзе пра некалькі сцэнарыяў мірнага плана, якія гатовы ўхваліць у Вашынгтоне. Адзін з іх прадугледжвае пакіданне Крыма ў складзе Расіі. Ці не стала для Кіева нечаканасцю такая пазіцыя амерыканскіх улад?
— Гэта дастаткова прадказальная пазіцыя Вашынгтона, няма ў ёй нічога асабліва новага. Злучаныя Штаты, зважаючы на іх статус дзяржавы-лідара дэмакратычнага свету, не могуць бразгаць зброяй і весці агрэсіўную рыторыку. Таму нічога дзіўнага ў гэтым няма. Думаю, гэта абсалютна нармальны працэс.
Танкі — гэта адчувальны момант для многіх краін, у тым ліку і для Нямеччыны, і для ЗША. І таму я думаю, гэта адбудзецца, напэўна, у наступным годзе. Але гэта можа адбыцца не так хутка, як бы нам гэтага хацелася.
— То-бок пытанне паставак танкаў не выглядае безнадзейным?
— Скажу так: пра «Himars» і гаўбіцы 155-га калібру таксама шмат казалі, што ўкраінцам спатрэбіцца шмат часу на іх асваенне. Абаронцамі Украіны рухае жаданне як мага хутчэй перамагчы. І не трэба лічыць, што абаронцы Украіны менш здольныя, чым грамадзяне ЗША, Нямеччыны і любой іншай краіны, у якой на эксплуатацыі знаходзіцца гэтая тэхніка.
Таму такое тлумачэнне, на мой погляд, непрымальнае. Непрыемна, што ЗША выкарыстоўваюць падобную аргументацыю. Я думаю, што справа тут у іншым.
Думаю, Злучаныя Штаты асцерагаюцца (не баяцца, а менавіта асцерагаюцца) таго, што ў выніку перамогі Украіны Расія разваліцца. І частка яе апынецца пад кантролем Кітая, што даволі хутка ўзмоцніць яго эканамічна. Таму Вашынгтон і займае такую пазіцыю.
— На фоне сустрэчы ў Вашынгтоне прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у чарговы раз выказаўся пра неабходнасць гарантый бяспекі для Расіі па выніках вайны. Як вы лічыце, чаму яго ніяк не адпусціць гэтая ідэя?
— Паміж Францыяй і Расіяй існуюць асаблівыя адносіны, якім ужо больш за два стагоддзі. І Макрон з’яўляецца закладнікам гэтых адносін. Калі ён хоча асабіста даваць Расіі гарантыі бяспекі, то ён можа іх аб’яўляць.
Але гэта парадокс: калі прэзідэнт ядзернай дзяржавы Францыя прапануе гарантыі ядзернай дзяржаве Расія, якая выступіла ў ролі агрэсара супраць краіны, якая адмовілася ад ядзернай зброі. Гэта называецца паставіць з ног на галаву.
Гэта не ўпрыгожвае Макрона. Гэта паказвае, што ён занадта шмат думае пра ўласную палітычную будучыню, а не пра тое, каб спыніць беспрэцэдэнтную агрэсію, якая працягваецца ва Украіне.