Горад, якога баяліся бальшавікі

У 1920–1930-я гады Маладзечна быў адным з найбольш моцных вайсковых фарпостаў Другой Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Заходняй Беларусі. І сёння тут можна знайсці сляды знаходжання польскай арміі.   



На мяжы цывілізацый

«Рыжская» дамова падзяліла Беларусь на два кавалкі. Тады ні Варшаву, ні Маскву не цікавіў лёс беларусаў. Для палякаў галоўнай задачай была абарона сваёй незалежнасці. Разам з тым, у спрыяльных умовах Войска Польскае магло паўдзельнічаць і ў баявых дзеяннях супраць бальшавікоў, тым больш, што палякі былі добра падрыхтаваныя да баявых дзеянняў ва ўмовах «расійскага бездарожжа». У сваю чаргу, СССР на працягу міжваеннага дваццацігоддзя ўзмацняла сваю заходнюю мяжу ў Беларусі, бо разумела, што ў будучай вайне менавіта беларускі накірунак можа стаць галоўным.

rezerv_sti_86_ga_palka_m_nsk_h_stral_co_1930_ja_g_.jpg

Рэзервісты 86-га палка мінскіх стралкоў, 1930-я г.

Паводле разлікаў камандавання Чырвонай Арміі, падчас агульнага наступу на Мінск для польскіх войскаў існавала некалькі накірункаў (з улікам наяўнасці якасных дарог, чыгуначных шляхоў і станцый). Так, з боку Вілейкі часткі Войска Польскага маглі наступаць на Плешчаніцы і далей на Барысаў. Пры гэтым галоўнай задачай для палякаў быў бы захоп чыгуначнага моста праз Беразіну. Удар з боку Валожына і Ракава дазваляў польскай арміі выйсці да Мінска. Наступленне ў бок Койданава — Фаніпаль дазваляла жаўнерам Другой Рэчы Паспалітай абыйсці сталіцу БССР з поўначы і рухацца ў бок Магілёва. Але найбольш небяспечны ўчастак быў з боку Маладзечна, адкуль Войска Польскае па чыгунцы (з выкарыстаннем бронецягнікоў) і па старой Віленскай дарозе праз Заслаўе выхо­дзіла б на подступы да Мінска.

Пры гэтым польскае камандаванне таксама разглядала магчымасць савецкага ўдару ў накірунку на Маладзечна. Паводле абарончага плану «Усход», распрацаванага польскім генштабам у 1930-х гадах, польская Армія «Вільна» павінна былі арганізаваць абарону па лініі «польскай» Беразіны. У выпадку вайны з СССР памежны батальён КАП «Краснае» і эскадрон кавалерыі, пры падтрымцы бронецягніка, роты танкетак ТКС павінны былі ў памежных баях стрымаць першы ўдар Чырвонай Арміі. На дапамогу гэтым часткам павінны былі падыйсці падраздзяленні аператыўнай групы «Ліда». За абарону Маладзечна адказваў 86-ты пяхотны полк, узмоцнены артылерыяй.

Мінскія стралкі

 

Гісторыя гэтай вайсковай адзінкі пачалася падчас польска-бальшавіцкай вайны. Варта пазначыць, што ў гэты час асноўны касцяк палка склалі ўраджэнцы Мінска і ваколіц. Летам 1920-га, падчас Варшаўскай бітвы, мінчукі адзначыліся мужнасцю і гераізмам, за што вайсковая адзінка была ўзнагароджана ганаровым сцягам з сярэбраным арлом. У кастрычніку таго ж года полк удзельнічаў у так званым «мецяжы Жалігоўскага», падчас якога польскія войскі акупавалі Вільна. У 1921 годзе гэтае падраздзяленне атрымала назву Палка Мінскіх стралкоў войска Сярэдняй Літвы. Пасля «афіцыйнага» ўваходжання Вільна ў склад Другой Рэчы Паспалітай, «мінскі полк» быў пераведзены з Вільна ў памежнае Маладзечна. Тады ж ён атрымаў 86-ты нумар. Пры гэтым адзін з батальёнаў палка размясціўся ў Красным, а запасны батальён застаўся ў Новай Вільні.

zha_neri_m_nskaga_palka_na_manjo_rah.jpg

Жаўнеры мінскага палка на манёўрах

Вайсковае камандаванне Другой Рэчы Паспалітай зрабіла стаўку на Маладзечна як на адзін з галоўным сваіх фарпостаў у Заходняй Беларусі. Таму ўжо ў 1924 годзе было прынята рашэнне аб пачатку будаўніцтва вайсковага гарадку ў фальварку Геленава. Тут былі пабудаваны каменныя казармы для радавых, дамы для афіцэраў і іх сем’яў, а таксама іншая, неабходная для вайсковага гарнізону інфраструктура. У сярэдзіне 1920-х гадоў у новым гарнізоне размяшчалася каля 70 афіцэраў і 2200 жаўнераў. Штогод у палку праходзіла службу каля тысячы навабранцаў. У 1929 годзе фальварак увайшоў у склад Маладзечна. У гэтым жа годзе на паўночнай ускраіне горада была пабудавана трыумфальная брама ў гонар Юзафа Пілсудскага. Дарэчы, гэтая пабудова перажыла Другую сусветную вайну і была разбурана па загадзе гарадскіх уладаў ужо савецкага Маладзечна.

teador_varteck_.jpg

Тэадор Вартэцкі

Адным з жаўнераў 86-га палка мінскіх стралкоў быў Тэадор Вартэцкі. Яму давялося праходзіць службу ў толькі што збудаваных у Маладзечна кашарах. Паводле дакументаў, якія захаваліся ў яго блізкіх, мы можам зрабіць выснову, што мінскія стралкі ўвесь час праходзілі вайсковыя зборы і актыўна рыхтаваліся да магчымых вайсковых дзеянняў. Гэтая інфармацыя пацвярджае тое, што Маладзечна было важным стратэгічным цэнтрам усходніх ускраін Другой Рэчы Паспалітай. Часта жаўнераў 86-га палка накіроўвалі на палігон, дзе тыя адпрацоўвалі тактыку барацьбы супраць наступаючых пяхотных і танкавых падраздзяленняў ворага. У 1932 годзе Тэадор Вартэцкі скончыў Падафіцэрскую школу і да верасня 1939 года працягваў службу ў маладзечанскім гарнізоне. Падчас Другой сусветнай вайны Вартэцкі ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць нацыстаў, а пасля вайны жыў у Польшчы, дзе і памёр у 1990 годзе.

Старыя пабудовы

 

У верасні 1939 года 86-ты пяхотны ў ліку іншых злучэнняў Войска Польскага, якія да вайны знаходзіліся ў Заходняй Беларусі, быў перакінуты ў цэнтральную Польшчу. У складзе 19-й пяхотнай дывізіі мінскія стралкі ўдзельнічалі ў абароне Пёрткава-Трыбунальскага. Але фронт хутка каціўся на Усход. Пасля жорсткіх баёў на польскай зямлі астаткі 86-га палка апынуліся пад Гродна, а пазней, пасля пачатку «вызвольнага паходу» Чырвонай Арміі, «мінчукі» склалі зброю.

86_ti_pjahotni_polk_na_manjo_rah.jpg

86-ты пяхотны полк на манёўрах

У Маладзечна да сённяшняга дня недалёка ад будынку чыгуначнага вакзала на вуліцы Таўлая захаваўся дом, пабудаваны ў 1925 годзе па праекту Юліяна Лісецкага ў «закапанскім стыле». Як адзначае беларускі даследчык Уладзімір Садоўскі, гэты дом быў прызначаны для сямей афіцэраў Корпуса аховы памежжа і чыноўнікаў Маладзечанскай гміны. Тут было 14 камфартабельных кватэр. У кожнай былі памяшканні для прыслугі. «Вайсковае» прызначэнне дома выдае бетонны бункер, які знаходзіцца ў двары дома. Гэта былы склад зброі.

budinak_doma_kap_na_vul_ta_laja_1.jpg

Будынак дома КАП на вул. Таўлая

У былым фальварку Геленава (зараз гэта вуліца Чкалава) захаваліся два двухпавярховыя дамы на 12 кватэр для падафіцэраў і іх сем’яў. Як адзначае ўсё той жа Уладзімір Садоўскі, гэта тыповыя пабудовы, спраектаваныя па замове Міністэрства абароны Другой Рэчы Паспалітай. Метраж двухпакаёўкі ў такіх дамах складаў 55 квадратных метраў. Да таго ж для кожнай сям’і прадугледжвалася кладоўка на цокальным паверсе.

У пачатку 1930-х гадоў у Маладзечна ў стылі функцыяналізму пабудавалі два 18-кватэрных дома для афіцэраў і іх родных. Дарэчы, падобныя дамы можна да сённяшняга дня сустрэць і ў Польшчы. Гэта быў тыповы «вайсковы» праект архітэктара Уладзіслава Палкоўскага, які рэалізоўваўся ў шматлікіх гарнізонах Войска Польскага. Каля аднаго з гэтых дамоў знаходзіцца цікавы артэфакт, а менавіта каналізацыйны люк, зроблены ў даваенны час прыватнай польскай фірмай з Грудзёнза. Яго брата-блізнюка сёння можна ўбачыць у цэнтры польскай сталіцы ля аднаго з даваенных дамоў. У двары амаль кожнай з гэтых пабудоў знаходзяцца старыя бомбасховішчы. У іх наяўнасці няма нічога дзіўнага. У 1920–1930-я гады Маладзечна знаходзіўся амаль на самай савецка-польскай мяжы. Ды і ў верасні 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, гэтыя схроны ўратавалі не адно жыццё.

davaenni_kanal_zacijni_ljuk_z_grudzjondza_varshave.jpg

Даваенны каналізацыйны люк з Грудзёндза ў Варшаве

 

kanal_zacijni_ljuk_lja_af_cersskaga_doma_na_masherava_maladzechna_zrobleni_grudzjondzu.jpg

Каналізацыйны люк ля афіцэрсскага дома на Машэрава ў Маладзечна, зроблены ў Грудзёндзу

Недалёка ад гэтага месца знаходзіцца яшчэ адзін цікавы архітэктурны артэфакт, а менавіта будынак былога афіцэрскага клубу, у якім зараз знаходзіцца Мінскі абласны драматычны тэатр. «Kasyno oficerskie» было найбольш папулярным месцам адпачынку афіцэраў мінскага пяхотнага палку. Нарэшце, у міжваенны час у Маладзечна было пабудавана некалькі афіцэрскіх аднатыпных 8-кватэрных дамоў, якія захаваліся да нашага часу.

m_nsk_ablasni_dramatichni_teatr_u_maladzechna_bili_af_cersk_klub_86_ga_pjahotnaga_palka.jpg

Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечна, былы афіцэрскі клуб 86-га пяхотнага палка

Як адзначаюць жыхары некаторых з «панскіх» пабудоў, дамы былі зроблены якасна, і жыць у іх да сённяшняга дня вельмі ўтульна.