Чатыры сотні гадоў РПЦ забівае святога Язафата Кунцэвіча: Рэтраспектыва
Калі ў 1623 годзе падбухтораны Расійскай праваслаўнай царквой народ у Віцебску забіваў мітрапаліта, ён спадзяваўся, што вырашыць (ці выража) справу з уніятамі. Але забітага пакутніка спрабавалі знішчыць і на працягу наступных часоў, не спыняюцца і сёння.
Пра тое, як быў забіты Язафат Кунцэвіч, мы падрабязна напісалі 12 лістапада. Што падштурхнула натоўп да злачынства, за якое горад быў пазбаўлены Магдэбургскага права, а з цэркваў зьнятыя званы? Адказы глядзіце ў матэрыяле па спасылцы, а мы разгледзім рэтраспектыву далейшага ганеньня.
У 1705 годзе расейскі тыран Пётр І падчас таго, як захапіў наш Полацк, увайшоў у манастыр, уступіў у алтар сьвятога Язафата Кунцэвіча, у размове з папом Феафанам аб яго абразе стукнуў папа кіем, потым даў аплявуху і зьбіў манаха з ног, стаў труціць яго ангельскім сабакам, потым шабляй рассек сьвятара напалову, а потым забіў і другога. У алтары раскідаў па падлозе сьвятыя дары. Калі поп Канстантын стаў іх падбіраць, Пётр І адсек яму вушы і загадаў павесіць за горадам, а потым целы трох гэтых пакутнікаў загадаў спаліць.
Затым, вярнуўшыся ў манастыр, забіў шабляй яшчэ пяцёх манахаў, астатнія разбегліся. Папа Якава Клюшкоўскага катавалі цэлую ноч, а потым павесілі. Калі нейкія жанчыны сталі плакаць над трупамі, вучань Сімяона Полацкага загадаў абрэзаць ім смочкі на грудзях, а вуніяцкую царкву разрабавалі.
А ў 1710 па загаду Пятра І полацкі Сафійскі сабор быў пераўтвораны ў склад з выбухоўкай, якая і зьнішчыла велічны беларускі храм.
Гомельскі сьвятар РПЦ Алексій Хацееў наступным чынам адрэфлексаваў забойства расейскім царом Пятром беларускіх вуніяцкіх сьвятароў:
“Магчыма, камусьці да гэтага часу больш прывабнымі здаюцца паўмітычныя апавяданьні пра пакуты нібыта нявінных вуніяцкіх манахаў, якія самым мірным чынам займаліся ўслаўленьнем Язафата Кунцэвіча — жорсткага ганіцеля праваслаўных часоў насаджэньня вуніі.
Калі сфармавана перадузятасьць у віне кагосьці, тады наўрад ці можна апраўдацца довадамі розуму. Застаецца толькі зварот да гістарычных дакумэнтаў. Гістарычныя сьведчаньні трэба чытаць і параўноўваць паміж сабой. Толькі так можна наблізіцца да праўды. Як бы там ні было, а полацкі інцыдэнт, вядома, не служыць гонару рускага манарха. Але не варты ён і тых злосна-змрочных адценьняў, якія выстаўляюць на выгляд беларускія прыхільнікі вуніі”.
Вось вам і “полацкі інцыдэнт” і “нібыта нявінныя вуніяцкія манахі”.
У сярэдзіне ХІХ ст. расейскі гісторык Сяргей Салаўёў узгадваў у сваіх творах сьвятога Язафата:
“Асьцярогі Кунцэвіча за сваё жыцьцё спраўдзіліся: у лістападзе 1623 года ён быў забіты жыхарамі Віцебска. Лёгка зразумець, якуя пляму гэтая сумная падзея паклала на праваслаўных, якія да гэтага часу маглі казаць: «Пра гвалт наш бок не думае». Лёгка зразумець, што праціўнікі пасьпяшаліся скарыстацца паразай, якую жыхары Віцебска нанеслі свайму боку, пасьпяшаліся разнесьці па каталіцкім сьвеце вестку аб пакутніцтве Кунцэвіча. Папа Ўрбан VIII пісаў пра забойства Кунцэвіча: «Хто дасьць вачам нашым крыніцу сьлёз, каб маглі мы аплакаць жорсткасьць схізматыкаў і сьмерць полацкага арцыбіскупа?.. Дзе такое жорсткае злачынства лямантуе да помсты, пракляты чалавек, які ўтрымлівае меч свой ад крыві!
Такім чынам, наймагутнейшы кароль! Ты не павінен утрымлівацца ад мяча і агню. Ды адчуе ерась, што за злачынствамі ідуць пакараньні. Пры такіх агідных злачынствах міласэрнасьць ёсць жорсткасьць». Папа не здавольваўся лістамі да караля: ён пісаў да многіх біскупаў і сьвецкіх асобаў, патрабуючы ганеньня на праваслаўных біскупаў, пагражаючы бядою, якая паходзіць ад сувязі іх з казакамі”.
У 1896 годзе пратаірэй РПЦ Павел Вікул пісаў:
“Хаця нават успамін аб вуніі як найвялікшым зле, якое выклікала невыказныя бедствы для ўсяго рускага народа, і гідзіцца нашаму праваслаўна-рускаму патрыятычнаму пачуцьцю, але мы перамагаем сябе і спыняем увагу на адной асаблівасьці праэктаванага юбілею ў памяць вуніі, якой вызначаецца мэта і характар вуніяцкай урачыстасьці. Гэтая асаблівасьць складаецца ў празьмернасьці ўшаноўваньня жаласнай памяці вядомага ганіцеля і ката праваслаўных, фанатыка-ізувера Язафата Кунцэвіча, які панёс за свае злачынствы заслужаную кару ад доблесных віцебцаў.
Якія ж павінны быць людзі, выхаваныя ў духу Кунцэвіча? Яны, хоць па паходжаньні і рускія, але, прапітаныя тлятворным духам ганіцеля сваёй веры продкаў, натуральна павінны быць заклятымі ворагамі, падобна яму, усяго рускага і праваслаўнага і супернікамі царства Божага на зямлі.
Культ лаціна-польскага сьвятога пакутніка Язафата, як вядома, распаўсюджваўся на Русі ўсякімі хітрыкамі айцоў базыльянаў. У той сумны час ворагі праваслаўя скарысталіся імём і рэліквіямі гэтага фанатыка-ізувера для сваіх мэтаў — лацінізацыі праваслаўнай царквы і палянізацыі рускага краю.
Ганебнае імя ката, які панёс заслужанае пакараньне за свае злачынствы, праслаўленае паслугачамі рымскай курыі, паслужыла аб'яднаўчым цэнтрам для ўсіх варожых праваслаўю і рускай народнасьці элементаў, ва ўсім заходнерускім краі.
Старанныя
ксяндзоўскія маленьні Язафату Кунцэвічу, якія ўзносіліся не толькі базыльянамі,
але і каталікамі, у мяцежныя трыццатыя і шасьцідзесятыя гады бягучага стагодзьдзя
(ХІХ ст. – «НЧ»), не прынесьлі ні найменшай карысці польскай справе. Не дапамог
злы кат незваротна загінулым задумам палякаў, скіраваным да „будаваньня іх
айчыны“ ні спачатку, ні пасьля, хоць на апошняе паўстаньне супраць рускай
законнай улады мяцежнікі і былі ў Беле блаславёныя паднятай рукой Кунцэвіча
ўяўных парэшткаў у 1863 годзе”.
Вось ён, адчайны крык РПЦ, які вырываецца зь іх горлаў з моманту зьяўленьня грэка-каталіцкай (вуніяцкай) царквы.
У сярэдзіне ХІХ ст. не абы-хто, а мітрапаліт Маскоўскі РПЦ Макарый у сваёй “Гісторыі царквы” піша: “Яшчэ больш нязносным было становішча праваслаўных у Холмскай епархіі. Там вуніяцкім біскупам быў з 1630 года Мяфодзій Цярлецкі, чалавек вучоны, які атрымаў адукацыю ў Венскім універсітэце, але злы фанатык накшталт Язафата Кунцэвіча”.
У пачатку ХХ ст. іншы мітрапаліт РПЦ – Яўлогій (Георгіеўскі), які яшчэ і засядаў у Дзяржаўнай думе Расеі, вырашыў пазмагацца са сьвятым Язафатам:
“Горад Полацк быў у XVII ст. цэнтрам дзейнасьці вядомага вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча. За сваю заўзятую і гвалтоўную, фанатычную прапаганду вуніі ён быў забіты праваслаўнымі і кінуты ў Заходнюю Дзьвіну. З тых часоў каталіцкае і вуніяцкае насельніцтва атачыла яго арэолам сьвятапакутніка і дбайна шанавала яго памяць. Асабліва ўзмацніўся гэты каталіцкі рух, зьвязаны з імём Кунцэвіча, з 1905 года, з часу выданьня ўказа аб свабодзе веравызнаньня.
Паколькі гэты рух бянтэжыў сумленьне праваслаўных і служыў падставай для спакушэньня некаторых, хто вагаўся, то зьявілася думка гэтаму каталіцкаму культу Кунцэвіча супрацьпаставіць шанаваньне прападобнай Эўфрасіньні Полацкай, памяць якой шанавалася ў мясцовым народзе. Па пасадзе чальца Дзяржаўнай думы Расеі мне разам з мясцовымі дэпутатамі прыйшлося ўдзельнічаць у хадайніцтве перад Сьвяцейшым Сінодам аб перанясеньні ў Полацк парэшткаў прападобнай Эўфрасіньні. Урэшце хадайніцтва гэта было задаволенае”.
У 2008 годзе да тагачаснага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі — Макея — зьвярталася раззлаванае грамадзтва ў выглядзе беларускага грамадзкага аб’яднаньня праваслаўных – Русь:
“У суботу, 6 сьнежня, па дзяржаўным тэлеканале "Лад" была паказана праграма "Лабірынты: паміж Чорнай Ганчай і Ласоснай", дзе груба перакручваліся гістарычныя факты ўзаемаадносінаў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у дарэвалюцыйнай Расеі (сцьвярджалася, што каталікоў нібыта сілай заганялі у праваслаўе). А таксама ўсхваляліся ўчынкі зьлейшага ворага Праваслаўнай Веры вуніяцкага арцыбіскупа, вераадступніка і «душахвата» Язафата Кунцэвіча, які, насаджаючы вуніяцтва, крывёй заліў Белую Русь і атрымаў за свае нялюдзкія дзеі назву «крывавы біскуп». За ўчыненыя злачынствы Язафата Кунцэвіча ўсё ж напаткала справядлівая народная кара.
Язафат Кунцэвіч пакінуў самы злавесны сьлед у гісторыі Белай Русі і таму зусім незразумела чаму ў дзень усеагульнага праваслаўнага смутку тэлеканал «Лад» у захопленых танах расказвае пра гэтага сярэднявечнага фашыста? Ці не ёсьць гэтая абраза пачуцьцяў праваслаўных людзей? І хто даў права тэлеканалу "Лад" выпускаць у этэр праграмы, якія ідуць у абуральны разрэз з палітыкай Прэзідэнта, скіраванай на міжканфэсійны мір і міжнацыянальную згоду ў нашай рэспубліцы?”.
Дзесяць гадоў таму, у 2013 годзе, у Віцебску прайшоў “чарговы круглы стол”, які адбыўся ў Сьвята-Праабражэнскім храме (ніжнім храме Віцебскага катэдральнага Сьвята-Успенскага сабору). Тэма яго была: “Супраціў праваслаўных насаджэньню вуніі на нашай зямлі ў першай палове XVII стагодзьдзя”.
Праваслаўныя арганізатары не саромеліся выказваць свае сапраўдныя думкі: “Вунія не памерла ў 1839 годзе (а як жа ім жадалася пахаваць і бэтоннай плітой накрыць гэтую заходнюю чуму!), калі гасудар імпэратар Мікалай Паўлавіч сваім указам вярнуў вуніятаў ва ўлоньне праваслаўнай царквы — інакш чаму ўжо ў нашы дні ўсталяваньне помніка Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію каля сьценаў Сьвята-Успенскага сабору выклікала буру эмоцый у асобных грамадзянаў, на думку якіх, на гэтым месцы павінен быў стаяць манумэнт сумна знакамітаму «душахвату» і «папежніку» Язафату Кунцэвічу”.
На круглым стале ў РПЦ выступіў мясцовы гігант гістарычных ведаў, дацэнт Анатоль Дулаў: “Кунцэвіч не змог адабраць у нашых продкаў іх веру, а сама вунія заклала ў Каралеўстве Польскім тыя канфэсійныя праблемы, якія пасьля сталі адной з прычынаў зьнікненьня гэтай дзяржавы з палітычнай мапы Эўропы”.
Пры чым тут каралеўства Польскае да Вялікага Княства Літоўскага і полацкага арцыбіскупа Кунцэвіча – напэўна ведаюць ілюмінаты і 12 сем’яў, што кіруюць сьветам.
Доктар філязофіі, сын беларускай зямлі Леў Крыштаповіч, які зьяўляецца адным з рупараў прарасейскай прапаганды, на старонках выданьня расейскай жа камуністычнай партыі разважае наступным чынам:
“Самі сэнатары Рэчы Паспалітай, калі гаворка ішла пра этнічную прыналежнасьць карэннага жыхара Белай Русі, ніколі не атаясамлялі яго ні з палякам, ні з ліцьвінам, а заўсёды называлі рускім чалавекам. Вось апісаньне становішча карэнных жыхароў Белай Русі з прашэньня да польскага сейма ў 1623 годзе ад імя ўсяго рускага народа Рэчы Паспалітай. «У тым жа беларускім Полацку, той жа адступнік уладыка полацкі (Язафат Кунцэвіч), каб дапячы тамтэйшым мяшчанам, загадаў вырыць нядаўна пахаваныя каля царквы хрысьціянскія целы памерлых і кінуць на зьядзеньне сабакам, як якую падаль! О бязбожнасьць! Ах невыносная няволя! І падобныя беззаконьні і ўціскі, падобную няволю, горш турэцкай няволі, трываем па ўсіх ваяводзтвах і паветах мы, народ рускі, які не зрабіў нічога дрэннага».
Сваё бачаньне выказвае чалавек пад імём Дзяніс Яськевіч на старонках “Расейскага дагляду Z”:
“Так скончылася жыцьцё і кар'ера жорсткага ганіцеля праваслаўнай царквы Язафата Кунцэвіча. Нават для свайго часу ён быў асобай, якая пераступіла ўсе межы разумнага. Шматлікія злачынствы апантанага вуніята аказаліся марнымі — штучная вера так і не прышчапілася на беларускай зямлі. У 1839 годзе імпэратар Мікалай I канчаткова ліквідаваў няшчасныя наступствы Берасьцейскай вуніі. Мільёны людзей, сілком загнаных у вунію, змаглі вярнуць да праваслаўнай веры сваіх бацькоў”.
У 2021 годзе кіраўнік мясцовай філіі РПЦ мітрапаліт Веніямін распаўсюдзіў наступны ліст, у якім заахвочваў змагацца, змагацца і яшчэ раз змагацца з вуніятамі:
Сабакі брэшуць, а караван ідзе далей.
Сьвяты Язафат Кунцэвіч зьяўляецца галоўным апекуном Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі сёньня.