Апошняе каханне апошняга караля Рэчы Паспалітай

У гэты дзень у 1732 годзе нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён быў апошнім каралём Рэчы Паспалітай. Кацярына II дала яму карону, і яна ж яе забрала разам з каралеўствам. Ён ператварыўся ў нішто, у экзатычны экспанат Паўла I.

stanislaw_poniatowski_bacciarelli_portret_1_1.jpg

Элекцыя

Станіслаў Панятоўскі ніколі не стаў бы каралём Рэчы Паспалітай, калі б у трыццацігадовым узросце не здарыўся ў яго двухгадовы (1756–1758) бурлівы раман з Кацярынай, жонкай імператара Пятра III. У Панятоўскага не было ніякіх прычын нават прэтэндаваць на каралеўскі трон — ні волі, ні розуму, ні вышэйшых амбіцый. У лепшым выпадку ён быў бы ў коле невядомых саноўнікаў, дзелячы свой час паміж картамі, музыкай, гутаркамі пра ўладу. Станіслаў Панятоўскі лічыўся сярод вяльможаў бязродным выскачкам.
Ён нарадзіўся 17 студзеня 1732 года ў маёнтку Воўчын у Брэсцкім ваяводстве. Маці Станіслава паходзіла з князёў Чартарыйскіх, і гэта яна забяспечыла сыну падтрымку сваякоў. Але канцлер Міхал Чартарыйскі добра ведаў пляменніка і не меў на яго конт ілюзій.

Глядзіце таксама


Смерць Лізаветы ў 1762 годзе прывяла на трон Пятра III. Пры атрыманні Пятром дзяржаўнай улады адносіны з мужам пачалі пагражаць Кацярыне небяспекай — разводам за шматлікія здрады і, паводле рускай традыцыі, зняволеннем у манастыры. Кацярына арганізавала змову гвардзейцаў, і браты Арловы сілай дамагліся ад Пятра III падпісання Акта адрачэння ад кароны. Праз восем дзён імператар быў задушаны, а маладая ўдава заняла трон.

Кацярына ІІ

Кацярына ІІ


У 1763 годзе смерць караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III дала сігнал да барацьбы за карону. Адразу акцыі Станіслава Антонія Панятоўскага (пры каранаванні ён змяніў сваё імя на Станіслаў Аўгуст) узраслі настолькі, што канцлер Чартарыйскі і Кацярына II вырашылі змагацца за каралеўскае месца. У лісце паслу ў Варшаве Кацярына распараджаецца падтрымліваць кандыдатуру Панятоўскага, таму што «он во время своего пребывания в Петербурге оказал своей родине больше услуг, чем кто-либо из министров Речи Посполитой».
Са свайго боку канцлер Чартарыйскі арганізаваў у Беларусі канфедэрацыю шляхты ў падтрымку свайго пляменніка. На дапамогу канфедэратам увайшлі расійскія войскі. Адна калона ішла на Мінск, з іншай князь Дашкоў пайшоў да Варшавы для аховы Чартарыйскіх на сойме. Панятоўскі, прымаючы дапамогу Кацярыны II, ведаў, што яго чакае. Ён быў таемна азнаёмлены з яе ўмовамі. Вось асноўнае: «Во все время своего государствования интересы нашей империи собственными почитать, их остерегать и им всеми силами по возможности поспешствовать».
У жніўні 1764 года сойм назваў Станіслава Аўгуста каралём. Адразу пасля элекцыі Панятоўскага сойм прызнаў імператарскі тытул Кацярыны і імперскі статус Расіі, ад чаго РП устрымлівалася паўстагоддзя, калі іншыя краіны гэта прызналі.
Расійская казна выдаткавала 4,4 мільёны рублёў на подкуп магнатаў. Гэтыя грошы трэба было адпрацаваць.

Глядзіце таксама

Зарок бясшлюбнасці

Не ўступаючы ў шлюб сама, Кацярына II выставіла такую ж умову і для Панятоўскага. Але не з-за рэўнасці, а па палітычных меркаваннях. Заключэнне дынастычнага саюза паміж Польшчай і якой-небудзь моцнай дзяржавай магло разбурыць шматлікія палітычныя пабудовы, узведзеныя імператрыцай.
І аказалася, што былыя каханкі ўладарылі як удава і ўдавец. У Станіслава Панятоўскага палюбоўніц было не менш за палюбоўнікаў у Кацярыны, але ролю фаварыткі выконвала адна — Эльжбета Грабоўская, якую кароль выдаў замуж за генерал-лейтэнанта, пратэстанта, маршалка слуцкай канфедэрацыі. Ад караля ў Эльжбеты былі дочкі Канстанцыя і Ізабела і трое сыноў — Міхал, Казімір, Станіслаў.
Грабоўскі памёр у 1789 годзе, і тады энергічная Эльжбета, якую да гэтага часу хвароба ператварыла з прыгажуні ў зласлівую гарбунню, дамаглася, каб Станіслаў Аўгуст заключыў з ёй таемны шлюб. Праўда, сам кароль заўсёды адмаўляўся ад гэтага свайго ўчынку.
Тым не менш Эльжбета атрымала палац у Варшаве, 100 тысяч дукатаў і яшчэ штогадовы прыбытак з Гародні ў 1200 дукатаў. Гэта былі немалыя сумы. Напрыклад, гадавая аплата навучання дзяцей Грабоўскай у Рыме складала 250 дукатаў.
Літаральна з той хвіліны, як Станіслаў Аўгуст, прыняўшы таемныя ўмовы, стаў каралём, Кацярына II паслядоўна здзяйсняла тое, дзеля чаго дазволіла свайму былому палюбоўніку надзець карону. Першым такім дзеяннем стала патрабаванне да сойма зраўняць у правах дысідэнтаў (праваслаўных і пратэстантаў) з каталікамі, для чаго стараннямі Кацярыны ў 1767 годзе былі створаны Слуцкая праваслаўная і Торуньская пратэстанцкая канфедэрацыі, узмоцненыя 40-тысячным расійскім войскам.
Панятоўскі выявіў наіўнасць, калі напісаў свайму прадстаўніку пры пецярбургскім двары: «Последние приказания, данные Репнину, ввести диссидентов даже в законодательные учреждения как громом поразили как меня лично, так и страну».
На гэта Кацярына II адказала лістом, у якім прасіла сваю каранаваную марыянетку не перашкаджаць Рапніну рабіць сваю справу. Панятоўскі, не верачы, што зняважаны да ролі нямога выканаўцы, стаў настойваць і атрымаў апошняе папярэджанне: «Мне остается лишь предоставить это дело своей участи… я все сделала для вашего величества и для вашего народа, чтобы не упрекнули меня в том, что я искала в Польше случая применить силу своего оружия...»

Фінал

У жніўні 1772 года была падпісана таемная Канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра першы падзел Рэчы Паспалітай. У верасні сойм ратыфікаваў гэты падзел, хоць частка беларускай шляхты была супраць. Выконваючы таемныя абавязацельствы, Панятоўскі не прамовіў ні слова пратэсту. Ён быў як нямы пры галасаванні аб другім падзеле, як сляпы пры скліканні Таргавіцкай канфедэрацыі і г. д.
Падставай для другога падзелу стала Канстытуцыя 3 мая 1791 года, мэта якой — цэнтралізаваць уладу ў Польшчы, што супала з рэвалюцыяй у Францыі. Панятоўскі галасаваў за прыняцце Канстытуцыі, але хутка ад яе адмовіўся. Ён не ўзяў удзел у паўстанні, чаго патрабаваў ад яго каралеўскі гонар. Правесці другі падзел Польшчы і задушыць паўстанне пад кіраўніцтвам Касцюшкі Кацярына II змагла дзякуючы 22-тысячнаму рускаму войску, узначаленаму Аляксандрам Суворавым, што падышло да Варшавы, якую абаранялі 20 тысяч паўстанцаў.
Пасля захопу Варшавы кароль пад наглядам князя Рапніна быў перамешчаны ў Гародню, дзе 25 лістапада ў каралеўскім замку падпісаў Акт адрачэння ад кароны. Рэч Паспалітая спыніла існаванне. Бяздзейныя паводзіны ператварылі Станіслава Аўгуста ў ганебны знак зніклай дзяржавы. Панятоўскі жыў у Гародні да смерці Кацярыны II. Так яны і не сустрэліся больш на гэтым свеце. Магчыма, ёй не хацелася бачыць слабага чалавека, які не знайшоў у сабе мужнасці ўзначаліць войска і выйсці на поле бітвы, абараняючы асабісты гонар і гонар краіны.
Павел I загадаў прывезці Панятоўскага ў Пецярбург. Праз трыццаць пяць гадоў Панятоўскі зноў убачыў Неўскі праспект, Мармуровы палац, які прапанавалі яму заняць. Па іроніі лёсу вязнем палаца быў Тадэвуш Касцюшка, толькі што вызвалены імператарам Паўлам з турмы.

Глядзіце таксама


Экс-кароль, які здаўся ў палон, волі не атрымаў. Павел абавязаў Панятоўскага ехаць пры ім у Маскву на каранаванне. Уезд Паўла быў прымеркаваны да Вербніцы. Па загадзе імператара ўся мужчынская частка світы была пасаджана ў сядло. У гэтай кавалькадзе вершнікаў карчанеў ад марозу і 65-гадовы былы кароль Рэчы Паспалітай. Станіслаў Аўгуст аказаўся адзіным чужацкім каралём, якога правялі па Краснай плошчы як ваенную здабычу. На яго паказвалі пальцамі маскоўскія разявакі. Гэта была ганьба Панятоўскага, якую ён цярпліва знёс.
Імператар дазволіў экс-каралю трымаць асабістую гвардыю, павялічыў пенсію з 11 да 16,5 тысяч. Былы кароль мог прымаць каго заўгодна, маліцца, але не мог пакінуць Маскву. Ён ператварыўся ў яе экзатычны экспанат. Часам Станіслаў Аўгуст гэта ўсведамляў, і гаротны стогн «Божа мой! Божа мой!» суправаджаў яго жудасныя прасвятленні.

panjatouski_1.jpg

Станіслаў Аўгуст памёр ад апаплексічнага ўдару 12 лютага 1798 года. На пахаванне кампазітар Казлоўскі напісаў Requiem, які затым часта паўтараўся ў канцэртах. Станіслаў Аўгуст быў пахаваны ў Кацярынінскім касцёле, дзе труна яго, пастаўленая ў каменную нішу, знаходзілася да 1938 года.

На чужым месцы

Намерваючыся палепшыць адносіны з Польшчай, Сталін вырашыў у якасці добрага жэсту вярнуць палякам труну з целам апошняга караля. Рэшткі Станіслава Аўгуста былі выняты з нішы, старая труна змешчана ў новую, і цягнік даставіў яе на польска-беларускую мяжу, на станцыю Негарэлае. Аднак Сталін не ўлічыў, што ў Польшчы Станіслаў Аўгуст не карыстаўся павагай, за ім была слава здрадніка краіны. Везці труну караля ў Кракаў, у Вавельскі касцёл, дзе былі пахаваны героі нацыі, не рашыліся і без пашаны змясцілі рэшткі ў касцёле святой Троіцы былога маёнтка Панятоўскіх у Воўчыне.
Так апошні кароль апынуўся на тым месцы, дзе яго некалі хрысцілі. Аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, а затым вайна і атэістычнае разбурэнне святынь прывялі касцёл у запусценне. Толькі ў 1989 годзе беларускія адмыслоўцы паспрабавалі адшукаць у Воўчыне каралеўскія астанкі. Але знайшлі толькі рэшткі дубовай труны, у якой яны былі пахаваны. Тады ж у касцёле працавала экспедыцыя польскіх адмыслоўцаў, якія прасеялі ў крыпце ўсю зямлю. Гэта зямля разам з іншымі астаткамі змешчана ў саркафаг, які ў 1995 годзе ўсталявалі ў Варшаве, у касцёле святога Яна, дзе Панятоўскі быў каранаваны.
Шмат гадоў таму Казімір Свёнтак, кардынал у Беларусі, у інтэрв’ю БТ паведаў, што яму прыходзіў ліст ад вартаўніка воўчынскіх могілак. Той пісаў, што з пачаткам нямецкай акупацыі перанёс цела караля з крыпты на вясковыя могілкі і пахаваў яго пад чужым імем. Свёнтак вырашыў не ўмешвацца ў гэту цёмную гісторыю. Вартаўнік ужо памёр, і магіла застаецца нераскрытай. Так і ляжыць зараз кароль Станіслаў Панятоўскі на могілках у Воўчыне. А дзе ляжыць — невядома.
Гэты артыкул быў упершыню надрукаваны ў «Новым Часе» яшчэ пры жыцці Кастуся Тарасава.