19 жніўня 1991-га — «Адчуванне, што цяпер усё вернецца і будзе зноў ванітаваць»
«Мы разумелі, што сістэме — кірдык. Але 19 жніўня было адчуванне, што не: гэта зноў усё цяпер будзе вяртацца», — фатограф Арцём Чарноў прыгадвае «Медузе» жнівень-1991.
Расійскі фатограф Арцём Чарноў у пачатку 1990-х вучыўся на фізфаку МДУ і адначасова заканчваў фотакурсы пры Саюзе журналістаў СССР. Калі 19 жніўня 1991 года ў Маскве пачаўся путч, Чарноў паклаў у сумку фотаапарат і стужку — і выправіўся да Белага дома.
Праз шмат гадоў са здымкаў, зробленых у гэтыя дні, Арцём Чарноў склаў кнігу «Тры дні ў канцы падручніка гісторыі. Жнівень 1991».
Прапануем самыя важныя фотаздымкі з гэтай кнігі. А таксама «Медуза» папрасіла аўтара расказаць, дзе і пры якіх абставінах яны былі зробленыя.
«Відовішча было неймавернае: пасля 70 гадоў савецкай улады танкі на вуліцах — гэта проста фантастыка. Найбліжэйшая асацыяцыя, якая ўзнікала, калі ты бачыў танкі, што ідуць па Садовым кольцы: [Чылійскі дыктатар] Піначэт, ваенная хунта. Было страшна. Было адчуванне, што цяпер усё вернецца і будзе зноў ванітаваць.
Я вучыўся на фізфаку МДУ, гэта было паміж чацвёртым і пятым курсамі. Я вучыўся на курсе, які ўвесь адслужыў у войску. Я адслужыў два гады, і ўсе мае аднакурснікі таксама. Гэта дало нам вельмі істотны вопыт судакранання з сістэмай знутры — і гэта было аднадушнае адчуванне, калі мы вярнуліся і абмяркоўвалі тое, што бачылі ў войску: мы разумелі, што сістэме — кірдык.
Адзін з маіх аднакурснікаў служыў у той частцы СПА, якая прапусціла Маціяса Руста, і ён казаў: "Ды мы проста спалі на матрацах на пасту". Іншы служыў у авіяцыі і распавядаў, як газу злівалі проста ў зямлю. Хто служыў у танкавых частках, распавядаў пра жахлівае п'янства. А я служыў на ядзерным заводзе: у нас там некалькі месяцаў была паваленая частка секцый плота, які гэты ядзерны завод атачаў, і можна было ў прынцыпе ўвайсці. Гэта была сістэма, якая бурылася, распаўзалася — і мы гэта разумелі. Але 19 жніўня было адчуванне, што не: гэта зноў усё цяпер будзе вяртацца.
Я правёў на вуліцах амаль дзве ночы, толькі ў ноч на 20 жніўня сыходзіў паспаць да свайго сябра.
Пазней не было ні пагромаў, ні распраў, усё было вельмі пазітыўна. У 1991-м перамагло адчуванне, што мы ўсё ж такі адзіная краіна і не можам страляць адно ў аднаго.
А цяпер — фотаздымкі.
Танкі — першае, што я ўбачыў ля метро «Парк культуры». Гэтую раніцу 19 жніўня.
А гэта — Новы Арбат. Ваенныя размаўлялі з людзьмі даволі добразычліва, ім прыносілі марозіва, цыгарэты. Гэта значыць, яны не ўспрымаліся як ворагі, ствалы танкаў былі зачыненыя заглушкамі. Самі вайскоўцы былі ў разгубленым, змрочна-здушаным стане, таму што большасць разумела, што іх неяк разводзяць — і што ім рабіць у гэтай сітуацыі, незразумела. Парушыць загад — дрэнна, сваіх ціснуць — дрэнна.
Адна з самых першых барыкад, якую узвялі ўвечары 19 жніўня. Задача была — перагарадзіць праезд да Белага дома для танкаў. Мы калі стаялі ля Белага дома, бачылі людзей, якія прайшлі Афганістан, ім было па 26-28 гадоў — з баявым досведам людзі. Была такая думка, што калі сур'ёзна нас пойдуць штурмаваць, змятуць. Але калі мы пачнём страляць у адказ, пральецца кроў — і нас пазабіваюць. А калі мы, не маючы зброі, стаім — проста на ўсведамленні ўласнай праваты, — нашы пазіцыі мацней. Мы грамадзяне гэтай краіны, мы ў большасці і мы лічым, што павінна быць так.
Пандус Белага дома, людзі слухаюць чыйсьці выступ з акна. З Белага дома з дапамогай мікрафона проста даводзілі да людзей бягучую сітуацыю, там тады сядзелі шмат людзей, якім мы давяралі, пачынаючы ад праграмы "Взгляд" у поўным складзе. Іншых крыніц не было, таму што газеты не выходзілі, Інтэрнэту не было. Даведвацца, што адбываецца, можна было па радыё "Эхо Москвы", але яго перыядычна адсякалі.
Першая ноч ля Белага дома. Народ заставаўся ля вогнішчаў, народу было тысяч 10, і было зразумела, што людзей мала, каб нешта абараняць. У першую ноч можна было прыйсці, арыштаваць усіх і нічога не штурмаваць.
Уздым ад Новага Арбата да Садовага кальца, дзень 20 жніўня. У ачапленні стаялі жанчыны, у іх быў плакат "Салдаты, не страляйце ў маці!". Лічылася, што жанчыны — найбольш мірны складнік [пратэстаў], і мы дэманструем, што мы не пра гвалт. Але да вечара месца жанчын у ланцугах занялі мужчыны, таму што з'явілася адчуванне, што ўсё будзе значна горш. Мы чулі наперадзе стрэлы, і я па арміі ведаў, што гэта "Калашнікаў". У мяне тады ўсё ўнутры ўхнула, таму што была думка, што пачалася грамадзянская вайна. Злева ад мяне стаяў хлопец гадоў 16, яго проста калаціла.
Барыкада з боку амерыканскай амбасады, Белы дом злева. Гэта месца, дзе стаялі барыкады рабочых у рэвалюцыю 1905 года. Людзі, якія будавалі на гэтым месцы барыкады, пастаянна пра гэта гаварылі. Гэта вельмі натхняла ўсіх.
Ноч на 21
Пасля таго, як мы пачулі стрэлы ў ачапленні, мы пайшлі наперад да тунелю, я ўбачыў БТР, тралейбусы, якія былі памятыя, частка з іх гарэла. Людзі ўжо загінулі. Здаецца, БТР спрабаваў яшчэ раз ударыць тралейбус, які перакрываў выезд, але яго ўжо ніхто не спрабаваў спыніць; на асфальце была кроў. І тут настрой вакол мяне памяняўся: было ўжо не страшна — ад адчування, што нас так шмат і мы нейкую рысу перайшлі і гатовыя да ўсяго. І гэта была, вядома, вельмі небяспечная сітуацыя. Калі б [міністр абароны СССР Дзмітрый] Язаў не прыбраў войскі, гэта было б агмянём пачатку грамадзянскай вайны.
Язаў прайшоў вайну, і я лічу, што гэта ў ім гэта перасіліла: гэта мая краіна, мае суайчыннікі — і я не буду іх ціснуць, не буду ў іх страляць. Ён проста плюнуў і сказаў, што выводзіць войскі ў ноч на 21 жніўня, як толькі яму паведамілі, што тры чалавекі загінулі. З таго, што я чытаў, я ведаю, што ён прыняў гэтае рашэнне асабіста: нафіг, армія больш у гэтым не ўдзельнічае. Ніхто не хацеў забіваць. Узровень узаемнай нянавісці быў куды ніжэй, чым цяпер. А людзі загінулі праз блытаніну і высокі градус нервовага напружання.
Грамадзянскае ачапленне вакол будынка КДБ на Лубянцы 21 жніўня. Пасля таго, як танкі адвялі, стала зразумела, што ўсё, канец, і на вуліцы вываліла вялізная колькасць народу. Было адчуванне, што гэта Дзень Перамогі.
Усе былі ў прыўзнятым настроі. Але баяліся пагромаў. Гэтыя хлопцы з соцень, якія былі ў ачапленні Белага дома — і яны ж сюды прыйшлі, каб не грамілі КДБ, таму што ў натоўпе былі правакацыйныя крыкі.
24 жніўня, пахаванне загінуўшых. Іх везлі на грузавіках ад Крамля ці ад Лубянкі па ўсім Новым Арбаце да Белага дома і далей, на Ваганькаўскія могілкі. Ля Белага дома быў мітынг, там якраз Ельцын выступаў. [Мэр Масквы] Гаўрыіл Папоў сказаў: «Галоўнае — каб у народа не адабралі гэтую перамогу». Ён ведаў, пра што кажа, на мой погляд».
Паводле meduza.io
Пераклад НЧ