Жырыноўскі: Лукашэнка сыйдзе, ад яго стамілася нават вышэйшае чынавенства
Кіраўнік фракцыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў Дзярждуме Расіі Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што Лукашэнка сыдзе. Такую выснову ён зрабіў на падставе 4-гадзіннага выступу Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе (УНС).
«Аляксандр Лукашэнка сыдзе. Ад яго стамілася нават вышэйшае чынавенства Беларусі. Паглядзіце, з якімі змрочнымі тварамі яны сядзяць на яго 4-гадзінным выступе», — напісаў расійскі палітык у сваім блогу ў Twitter, перадае REFORM.by.
Яго абурэнне таксама выклікаў слоган УНС — «Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!».
«Яго лозунг “развіццё і незалежнасць”. Незалежнасць ад каго? Ад Расіі? Тады адмоўся ад нашай матэрыяльнай падтрымкі», — рэзюмаваў Жырыноўскі.
Многія эксперты мяркуюць, што лідар ЛДПР выкарыстоўваецца расійскай уладай для агучвання таго, што не прынята казаць услых. Часцяком за клоўнскімі і адкрыта хамскімі заявамі лідара ЛДПР хаваецца незадаволенасць Крамля.
Напрыклад, напачатку пандэміі COVID-19 Жырыноўскі публічна раскрытыкаваў Лукашэнку за спецыфічную рэакцыю на пагрозу і парады лячыць ковід гарэлкай. Лукашэнка вымушаны быў адказваць.