Звышчаканні ад сустрэчы ў Мінску

Падаецца, толькі ў Аляксандра Лукашэнкі не было нейкіх «фундаментальных спадзеваў» на сустрэчу кіраўнікоў Украіны, краінаў Мытнага саюза і ЕС у Мінску, якая адбываецца сёння.



00392766_n5.jpg

Перамовы ў Мінску кіраўнікоў Мытнага саюза і прэзідэнта Украіны, а таксама еўрапейскіх камісараў нарабілі шораху ў аналітычным асяроддзі. Падаецца, пра яе не выказаўся толькі лянівы. Зразумела, ўсё круцілася вакол вайны на Данбасе. І зразумела ж, асноўнымі пунктамі каментароў было тое, ці ўдасца ў ходзе «мінскіх перамоваў» неяк пераламіць гэтую сітуацыю да міру. У асноўным, вынікі чакаюцца ад двухбаковай сустрэчы Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Пётр Парашэнка напярэдадні свайго візіту заявіў, што едзе ў Мінск, каб «дамаўляцца аб міры» на Данбасе. Але, падаецца, што мір на Данбасе хвалюе выключна самога Парашэнку. Уладзімір Пуцін не выказваў ніякіх чаканняў ад гэтай сустрэчы. У Маскве вуснамі кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова запэўнілі, што скіраваныя на «шчырую размову аб урэгуляванні ўкраінскага крызісу па гуманітарных пытаннях» і папярэдзілі, што аніякіх «ультыматумаў» не прымуць. Нямецкі канцлер Ангела Меркель пад час візіту ў Кіеў 24 жніўня паспрабавала падштурхнуць Парашэнку на «федэралізацыю» Данбаса па нямецкім прынцыпе, заявіўшы, што ва Украіне яе называюць «дэцэнтралізацыяй». Карацей, па ейным меркаванні, зрабіла ўсё, каб найхутчэй спыніць вайну ў выніку «мінскага саміту».

Насамрэч, шматлікітя аналітыкі не чакаюць аніякага істотнага выніку ад гэтых перамоваў. І слушна робяць. Таму што галоўнае пытанне Парашэнкі — вывад расійскіх баевікоў з Данбасу. Гэта ніяк не сумяшчаецца з галоўным пытаннем Пуціна — праектам «Наваросіі». Абодва гэтых пытання — супрацлеглыя, бо без Расіі на Данбасе ніякай «Наваросіі» і быць не можа.

Больш за тое, гэта не першыя наўпроставыя перамовы Расіі і Украіны. Да гэтага часу такія сустрэчы праходзілі ў Заходняй Еўропе — зразумела, не на ўзроўнях прэзідэнтаў, але тым не менш. Пасля расійскай анэксіі Крыма міністры замежных спраў дзвюх краін сустракаліся адзін раз у Жэневе і двойчы ў Берліне. Асабістая сустрэча прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з расійскім лідэрам Уладзімірам Пуціным таксама адбылася ў Нармандыі ў пачатку чэрвеня. І ніякіх істотных вынікаў ад гэтага не было.

Так што галоўнае пытанне саміту — Данбас, — так і застанецца не вырашаным. Але, насамрэч, ад гэтых перамоваў чакаць трэба іншага. Данбас — гэта галоўнае пытанне, але асноўнае пытанне перамоваў — усё ж эканоміка. Грошы, сябры, грошы — «толькі бізнэс, і нічога асабістага!»

Гэта тое, пра што неаднаразова казала Еўропа, пра што «дудзелі» пры першапачатчовай задуме сустрэчы. І нагадаем, што гэтыя перамовы адбываюцца ў фармаце «тройка Мытнага саюза — Украіна — тройка еўракамісараў». Каб гэта былі перамовы па Данбасе, хай сабе ў Мінску, не было б чаго на іх рабіць Нурсултану Назарбаеву. Няма чаго было б рабіць на гэтых перамовах і двум асобам з еўрапейскай «тройцы». А канкрэтна: намесніку старшыні Еўракамісіі і еўракамісару па энергетыцы Гюнтэру Этынгеру і члену ЕК па пытаннях гандлю Карэлу дэ Гюхту.

Асноўная мэта гэтых перамоваў — «утрэсці» (ці хацыб пачаць «утрасаць») пытанні імпліментацыі эканамічнай часткі пагаднення Украіны і Еўрасаюза пра асацыяцыю. Украіна і ЕС павінны будуць на гэтых перамовах пераканаць кіраўнікоў краінаў Мытнага саюза, што ўсё будзе добра. Што ніякіх эканамічных небяспекаў пагадненне Украіны пра асацыяцыю з ЕС не нясе, а нясе толькі выгоды. Што імпарт украінскай электраэнергіі ў Беларусь як быў, так і застанецца бесперапынным. Што экспарт з Беларусі «Гомсельмашаўскіх» камбайнаў у «ЕСаўскую» Украіну не спыніцца. Што Украіна ў сувязі з пагадненнем з ЕС не будзе ствараць нейкіх штучных бар’ераў і асаблівых мытных умоваў для тавараў з краінаў Мытнага саюза. А зараз яшчэ — і з краінаў Еўразійскага эканамічнага саюза, які мае запрацаваць з 1 студзеня 2015 года. Калі Расія, Україна, і Казахстан, канешне, ратыфікуюць гэтае пагадненне да азначанага тэрміну.

У сваю чаргу, «ЕСаўская» Украіна чакае і адпаведных крокаў ад сяброў Мытнага саюза. Пытанні мытных пошлінаў, пытанні падаткаабкладання экспарту і гэтак далей — вось тыя асноўныя пытанні, якія павінныя быць хацяб акрэсленыя на гэтай сустрэчы.

Ды й, чорт пабірай, у самым прымітыўным вымярэнні гэтага пытання — павінны ж мы ведаць, колькі цыгарэтаў можна будзе завазіць ва Украіну пасля пагаднення з ЕС: дзьва пачакі, як у ЕС, альбо дзесяць — як зараз? Колькі алкаглю можна будзе набыць у «дз’юці-фры» на мяжы? Пытанні прымітыўныя, але тычацца кожнага, хто перасякае гэтую самую мяжу.

«ЕС мае намер абмяняцца думкамі з Расіяй і Украінай аб рэалізацыі Пагаднення аб асацыяцыі Україна — ЕС, у тым ліку аб глыбокай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю, і яшчэ раз растлумачыць, чаму гэта пагадненне з’яўляецца пазітыўным фактарам для ўсяго рэгіёну», — літаральна напярэдадні сустрэчы яшчэ раз нагадаў ЕС, але ўсё роўна не быў пачуты шматлікімі палітолагамі і аналітыкамі.

Але хто свайго не ўпусціць, дык гэта Аляксандр Рыгоравіч. Падаецца, толькі ён разумее, чаго ад гэтай сустрэчы трэба чакаць. Нездарма кіраўнік «сінявокай» 24 жніўня ў віншаванні Пятру Парашэнку з Днём незалежнасці Украіны заявіў, што ён будзе рады «працягу канструктыўнага дыялогу, накіраванага на далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай».