Зяленскі падпісаў указ аб прыцягненні беларускіх ІТ-спецыялістаў. МЗС Беларусі — супраць

Указ прэзідэнта Украіны "Аб некаторых мерах па прыцягненні прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь" нельга трактаваць інакш як відавочна несяброўскі і дыскрымінацыйны крок украінскага боку, які мяжуе з умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі, перакананыя ў МЗС.

09c1f20b4256422ebfcdcd9c53ae9754_1.jpg


У Міністэрства замежных спраў быў выкліканы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, якому ўручана нота МЗС. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
На думку беларускага МЗСу, прыняцце вышэйзгаданага ўказа падрывае давер у двухбаковых адносінах і ідзе насуперак з палажэннямі Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай, а таксама міжурадавых пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, аб бязвізавых паездках грамадзян і аб працоўнай дзейнасці і сацыяльнай абароне грамадзян абедзвюх краін, якія працуюць за межамі сваіх дзяржаў.
МЗС Беларусі настойліва рэкамендуе украінскаму боку "прыняць меры па выкананні ўзятых на сябе дагаворных абавязацельстваў у адносінах з Беларуссю. Шчыра не жадаючы нанесці шкоду сяброўскім сувязям з украінскім народам, беларускі бок не мае намеру пераходзіць "чырвоныя межы" ў адносінах з Украінай, але пакідае за сабой права на прымяненне, у выпадку апраўданай неабходнасці, мер у адказ па абароне нацыянальных інтарэсаў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі".
Нагадаем, у пачатку кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў Указ "Аб некаторых мерах па прыцягненні прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь". Згодна з указам, Кабінет міністраў падоўжыць да 180 дзён у годзе тэрмін часовага знаходжання на тэрыторыі Украіны грамадзян Беларусі. Гэта тычыцца прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, у прыватнасці спецыялістаў у сферы інфармацыйных тэхналогій і інавацый, іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны, і членаў іх сем'яў.
Указ пачаў дзейнічаць у дзень публікацыі — 4 кастрычніка.