Заява правацэнтрыстаў: «Cпыніць прыніжальны гандаль беларускай незалежнасцю»

Правацэнтрысцкая кааліцыя заяўляе аб недапушчальнасці здачы незалежнасці Беларусі ў абмен на эканамічныя прэферэнцыі з боку Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве, якую прынялі старшыня АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі: Губарэвіч, Рымашэўскі, Казлоў. Фота: pyx.by

Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі: Губарэвіч, Рымашэўскі, Казлоў. Фота: pyx.by

«Заявы з боку расійскіх чыноўнікаў, прэм`ер-міністра Мядзведзева, дэпутатаў Дзяржаўнай думы змяшчаюць пагрозы акупацыі Беларусі па Крымскім сцэнары, абражаюць нашу краіну і з`яўляюцца недапушчальнымі», — адзначаюць лідары правацэнтрысцкай кааліцыі.
Яны патрабуюць ад беларускага ўрада і МЗС неадкладнай рэакцыі на гэтыя правакацыйныя выказванні прадстаўнікоў расійскіх уладаў.
«Неабходна спыніць прыніжальны гандаль беларускай незалежнасцю і замест гэтага рэструктураваць эканоміку, пазбавіцца ад неэфектыўных метадаў кіравання, спыніць разбурэнне нацыянальнага бізнесу. Сыход ад субсідавання неэфектыўнай беларускай эканомікі праз танныя нафту і газ — шанец для нашай краіны правесці рэформы і пабудаваць канкурэнтаздольную эканоміку. Мы заклікаем беларускі ўрад выкарыстаць гэты шанец і правесці тэрміновыя эканамічныя і палітычныя рэформы з мэтай умацавання беларускай эканомікі і беларускай незалежнасці», — падкрэсліваецца ў заяве.
Правацэнтрысцкая кааліцыя таксама заклікае ўсе дэмакратычныя палітычныя сілы Беларусі да аб`яднання для абароны суверэнітэту і незалежнасці бацькаўшчыны.
Поўны тэкст заявы можна прачытаць на сайтах БХД і АГП
Крыніца: БелаПАН