Поле для манеўру
Перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве скончыліся нічым. Аляксандр Рыгоравіч пакінуў «поле бою» моўчкі.
Паводле паведамленняў расійскага боку, «была дасягнутая дамоўленасць пра стварэнне рабочай групы, якая будзе ўзаемадзейнічаць і складацца з прадстаўнікоў урада. Гэтая рабочая група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэнню надзённых пытанняў, якія турбуюць урады нашых краін».
Кажуць, што размова Пуціна і Лукашэнкі доўжылася чатыры гадзіны. Гэта, збольшага, не так. Па-першае, пачалася яна з абеду — гэта гадзіна. Па-другое, кажуць, што Пуцін перарваўся, каб паразмаўляць па тэлефоне з 15-гадовым Арсланам Каіпкулавым, які марыў зняць відэаролік пра борт №1 Расіі — Іл-96-300. Гэта жаданне дзіцяці Пуцін выканаў у рамках валанцёрскага праекта «Мара са мной».
Фантастычны факт у міжнародных адносінах: калі перамовы на вышэйшым узроўні перарываюцца для размовы з падлеткам. І не дзіва, што Лукашэнка выйшаў, ані слова не сказаўшы. Пуцін такім чынам яўна паказаў яму яго месца. Зразумела, гэта не магло не абразіць.
У прынцыпе, кпіць з беларускага кіраўніка, канешне, не выпадае. Але я не магу не ўзгадаць адно з эсэ Віктара Марціновіча. У ім ён пісаў, што ёсць вялікая гістарычная праўда ў тым, што ў нас нязменная ўлада і амаль нязменная эліта. На розных пасадах засталіся тыя, хто напрыканцы мінулага стагоддзя «тапіў» за аб’яднанне з Расіяй, за шчыльную інтэграцыю, за «Саюзную дзяржаву». А зараз яны павінны станавіцца беларускімі патрыётамі, дазваляць канцэрт на стагоддзе БНР, і можа, урэшце, вучыць беларускую мову. Проста дзеля таго, каб захаваць свае пасады і цёплыя месцы.
Вось і Лукашэнка трапіў у пастку, якую стварыў ён сам. Ніхто ж не думаў, што выказванні кшталту «Я на каленях гатовы паўзці ў Расію», «Беларус — гэта рускі са знакам якасці» і зусім нядаўняе «Магілёў — рускі горад», у Маскве ўспрымуць літаральна? А там узялі і ўспрынялі.
Але ж Аляксандр Рыгоравіч не чакаў такой «падставы» ад Уладзіміра Уладзіміравіча. І сам, пэўна, думаў, што пасля спрэчкі пра адзіную валюту і эмісійны цэнтр гадоў 15 таму, пасля «мухі асобна — катлеты асобна» пра «Саюзную дзяржаву» ніхто не згадае.
Але калі на сцяне ў першым акце вісіць ружжо, яно стрэліць у чацвёртым. Прычым, ружжо туды павесіў сам Лукашэнка.
Між тым, гэта ўсё — мінулае. Застаецца пытанне: што нам рабіць далей?
Як ні дзіўна, поле для манеўру ў беларускага кіраўніка ўсё яшчэ засталося. Самы радыкальны варыянт — выйсці з «Саюзнай дзяржавы». Для гэтага патрэбны рэферэндум, а пра рэферэндум у нас размаўляюць даволі даўно. Прафесар, доктар юрыдычных навук і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў прарочыў яго яшчэ пяць гадоў таму, калі ў Беларусі знік Вышэйшы гаспадарчы суд, а згадка пра яго засталася ў Канстытуцыі. А Канстытуцыю можна змяніць толькі на рэферэндуме.
Канешне, невядома, як на пастаноўку пытання пра выхад з СГ падчас беларускага волевыяўлення адрэагуе Масква. Але ў нас ёсць досвед «тэрміновага» рэферэндуму 2004 года, калі яго правялі літаральна за паўтара месяцы. І ёсць Лідзія Ярмошына, якая забяспечыць вынікі. Супрацьстаяць такому сцэнару Масква наўрад ці здолее — занадта мала часу. Але вось што будзе пасля?..
Ёсць яшчэ адзін варыянт — «забаўбатаць» пытанне, бясконца ўдзельнічаючы ў розных «рабочых групах», «саветах па інтэграцыі» і іншых структурах. У такім разе можна неяк падціснуць пазіцыю Расіі і ў гэты час атрымліваць калі не ўсё, што прасілі, дык хаця б нешта. Але наўрад ці Масква не прадугледзела такі варыянт. І тады ўжо не Лукашэнка будзе наракаць, што «Расія тармозіць інтэграцыю», як гэта ён рабіў неаднаразова, а Масква будзе казаць: «Беларусь зрывае аб’яднанне». І беларускі кіраўнік будзе выглядаць кепска.
Можна выставіць Маскве загадзя непрымальныя ўмовы — кшталту тых жа двух эмісійных цэнтраў ці стварэння парламента «Саюзнай дзяржавы» ў прапорцыі 50 на 50. І ўсяляк педаляваць гэтыя праекты, зважаючы на «раўнапраўнае аб’яднанне». Але гэта таксама варыянт праекта «забаўбатаць».
Усе гэтыя рухі могуць даць нам адно — адтэрміноўку ў часе. А час зараз — вельмі каштоўны. Бо ў гэты час можна пачаць рэформу эканомікі. Можна дазволіць прыватызацыю прадпрыемстваў (без удзелу Расіі), можна завабіць сюды інвестараў. Урэшце, эканаміст Леанід Заіка казаў мне неяк, што мы можам ці не імгненна ўступіць у Еўрапейскі саюз. І пытанне тут не ў эканоміцы як такой, а ва ўласнасці. «70 працэнтаў беларускіх прадпрыемстваў — у руках дзяржавы. Калі паказаць любому Гансу, Сільвіё, Серхіа гэткі смачны кавалак, яны рынуцца сюды, не раздумваючы. Я казаў на міжнародных канферэнцыях з нагоды капіталізацыі прадпрыемстваў Беларусі — ад 10 да 50-кратнага. Гэта значыць, на ўкладзеныя 10 тысяч долараў можна атрымаць ад 100 тысяч да бясконцасці», — адзначаў Заіка. А таму, пры адкрыцці Беларусі для інвестыцый, Беларусь ледзь ці не імгненна можа стаць сябрам ЕС.
Трэба толькі спачатку адным указам кіраўніка дзяржавы ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. А пасля — можна пачынаць.
Пытанне ў тым, што тады ад улады Лукашэнкі ў краіне застануцца «рожкі ды ножкі». Але ён увойдзе ў гісторыю як чалавек, які нарабіў шмат памылак, — і тым не менш, адстаяў беларускую незалежнасць.
СМІ паведамляюць, што Лукашэнка і Пуцін да канца года сустрэнуцца яшчэ раз. Пра плён гэтай сустрэчы казаць, напэўна, не выпадае.
Адзінае, што добра, — пэўна, БелАЭС у Астраўцы, пабудаваную Расіяй, усё ж не запусцяць. Было б глупствам у сённяшніх варунках ставіць сябе ў залежнасць яшчэ і ад расійскага ўрану.